• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Край Еўропы, канец Еўропы

    Пераклад тэксту найлепшага амерыканскага знаўцы Усходняй Еўропы.

    Крызіс Еўрасаюза мае два бакі. Адзін з іх – палітычны, выражаны ў нястачы дэмакратыі ўнутры еўрапейскіх інстытутаў. Другі – філасофскі, альбо разбурэнне Еўропы як крыніцы і калыскі ўсеагульных каштоўнасцяў. Палітычны крызіс можна назіраць у Германіі ды Грэцыі. Сёння мы бачым бессэнсоўнасць валютнага саюза (зоны еўра) без фіскальнага саюза (у значнай ступені агульнага бюджэту). Фіскальны саюз запатрабаваў бы больш дэмакратыі ў Еўропе дзеля легітымізацыі падаткаабкладання і выдаткаў. Калі было створана еўра, мы спадзяваліся, што агульная валюта абудзіць палітычную салідарнасць, якая паспрыяе развіццю еўрапейскай дэмакратыі, а гэтага проста не адбылося. Грэчаскі крызіс стаўся каменем сутыкнення шматлікіх еўрапейскіх дэмакратый, дзе слабыя мусілі схіліцца перад моцнымі. Грэкі не атрымліваюць той палітыкі, за якую галасавалі, але зноўку, немцы і іншыя еўрапейцы пры адпаведнай магчымасці не сталі б галасаваць за выратаванне Грэцыі. Без агульнага еўрапейскага бюджэту такія крызісы непазбежныя, без еўрапейскай дэмакратыі ва ўсіх рашэннях будзе бракаваць палітычнай легітымнасці.

    Філасофскі крызіс навідавоку ў Расіі ды на ўсходзе Украіны. Украінцы сваёй рэвалюцыяй у 2013-ым прадэманстравалі моцную прыхільнасць да ідэі еўрапейскай інтэграцыі. З пункту гледжання тых, хто рызыкаваў уласным жыццём на Майдане – цэнтральнай плошчы Кіева, якая сталася эпіцэнтрам паўстання – супраца Еўропай неабходна ўкраінскай грамадзянскай супольнасці дзеля выпраўлення карумпаванай украінскай дзяржавы. Сутнасць і галоўная мэта расійскай вайны ва Украіне, з другога боку – знішчэнне Еўрапейскага Саюза як універсалісцкага праекта, да якога можа далучыцца Украіна. Масква жадае заснаваць суперніка ЕС, вядомага як Еўразійскі саюз. Замест паўсюднага прызнання легальнасці дзяржаваў і правоў грамадзянаў еўразійскі праект прапануе расійскую гегемонію на тэрыторыях, якія расійскія лідары лічаць гістарычна сваімі, напрыклад, Украіну. Яго маральна-этычны пасыл у тым, што чальцы Еўрасаюза занядбалі традыцыйную еўрапейскую культуру на карысць “упадку”, і толькі Расія з’яўляецца прадстаўніком цывілізацыі.

    Тым не менш, расійская спроба знішчыць Украіну шляхам вайсковай акупацыі і еўразійскай прапаганды не мае поспеху, прынамсі пакуль што. Вельмі малая колькасць еўрапейцаў насамрэч аддала б перавагу расійскай мадэлі, якую мы назіраем сёння ў Крыме і Данбасе – мільёны ўцекачоў, нефункцыянальная эканоміка, штодзённы гвалт, тысячы смерцяў, агульнае беззаконне. З іншага боку, паколькі вялікая колькасць украінцаў праявіла жаданне рызыкаваць, пакутаваць і гінуць у імя Еўропы – нават улічваючы, што ЕС цяпер перажывае крызіс ідэнтычнасці – мае сэнс спытаць, чаго, на іх меркаванне, яны хочуць дасягнуць.

    У далёкай гістарычнай рэтраспектыве сутыкненне паміж дэзынтэграцыяй з Расіяй і інтэграцыяй з Еўропай – знаёмая сітуацыя для ўкраінцаў. Ва ўкраінскім горадзе Харкаве, менш чым у трыццаці кіламетрах ад расійскай мяжы, жыў мысляр, які паспрабаваў разгледзець гэты доўгі працэс у перспектыве. Для Юрыя Шавялёва (1908-2002), аднаго з выбітных філолагаў ХХ стагоддзя, прафесара Калумбійскага і Гарвардскага ўніверсітэтаў, уся гісторыя стасункаў паміж Украінай і Расіяй была сутыкненнем рызыкоўнага ўніверсалізму з боку Украіны з моцным расійскім правінцыяналізмам. Яго эсэ, апублікаваныя на ўкраінскай мове ў 2013-ым годзе, прапануюць навуковае тлумачэнне гэтай доўгатрывалай з’явы.

    У пачатку ХVIII стагоддзя, у часы, калі рэлігія ўспрымалася сутнасцю культуры, украінскія царкоўныя дзеячы верылі, што яны нясуць універсальнае хрысціянства ў Расійскую імперыю. З пункту гледжання Кіева, хрысціянства было рэлігіяй, якая перажыла мноства крызісаў, і праваслаўе сталася адпаведным вынікам гэтых гістарычных выпрабаванняў. У Кіеве праваслаўе было ўніверсальным, бо ягоныя носьбіты былі людзьмі глыбокай культуры, і ўсёабдымным, бо яны чакалі, што іх разуменне рэлігіі можа распаўсюдзіцца, напрыклад, і на Маскву.  Украінская праваслаўная царква мела традыцыю барочнай адукацыі на лацінскай і польскай мовах, яе духавенства разбіралася ва ўсіх рэлігійных супярэчнасцях, якія раздзіралі Еўропу падчас Рэфармацыі і Контррэфармацыі. Тагачасная Расія не мела падобных інстытутаў, традыцый і кантактаў. Масква прыняла паслугі царкоўнікаў, але змяніла сутнасць іх пасылу на супрацьлеглую: праваслаўная царква мусіць успрымацца як аўтэнтычная, і не таму, што яна прадстаўляе трансцэндэнтную альтэрнатыву свецкім дзяржавам, а толькі таму і ў той ступені, што яна  нарошчвае палітычную моц Расіі. Невыпадкова праваслаўная царква сёння падтрымлівае расійскі мілітарызм.

    Наступны сур’ёзны канфлікт паміж універсальнымі і правінцыйнымі каштоўнасцямі ва Украіне і Расіі, а таксама на памежных з імі тэрыторыях, узнік падчас уздыму камунізму на пачатку ХХ стагоддзя. Жывучы ў Харкаве, Шавялёў назіраў спробу пераўтварэння камунізму ў своеасаблівы глабальны праект асветы народаў. Калі быў заснаваны Савецкі Саюз, Украіна была другой па значнасці рэспублікай (пасля Расіі), а Харкаў быў першай сталіцай савецкай Украіны. Натхнёныя стварэннем Савецкага Саюзу як федэрацыі нацыянальных рэспублік і першапачатковай падтрымкай савецкім кіраўніцтвам нерасійскіх народаў, украінскія камуністы ўсур’ёз успрынялі інтэрнацыянальны характар рэвалюцыі і лічылі, што ўсе народы пройдуць праз змены ў грамадстве і культуры на шляху да сацыялізму. З іх гледзішча, Украіна была адной з безлічы краінаў, якія рабілі гэтую рэвалюцыю і стваралі мадэрнісцкае мастацтва і літаратуру новага, сацыялістычнага веку.

    У 20-ыя гады пад кіраўніцтвам украінскага пралетарскага пісьменніка і паэта Міколы Хвылёвага ўкраінскія камуністы арганізавалі ўзорны саюз культурніцкіх інстытутаў, які прасоўваў эксперыментальную культуру. Галоўная думка Хвылёвага, крытыка і айца новай літаратуры, заключалася ў тым, што Украіна можа скокнуць наперад і стаць, па ягоных словах, “псіхалагічнай Еўропай” пры дапамозе новай высокай украінскай культуры, якая смела даследавала ўсе аспекты сучаснага жыцця. “Стаць Еўропай”, паводле яго, – прыняць культуру Еўропы і паспрабаваць пераўзысці яе жанры. Ён лічыў гэта годнай задачай для ўкраінскай і рускай літаратуры паасобку, ды адкідаў ідэю, што руская культура мае формы, якія выходзяць за межы еўрапейскіх і могуць служыць арыенцірам для ўкраінскіх пісьменнікаў. Некаторыя з найлепшых раманаў згаданага перыяду, напрыклад, “Місто” Валерыяна Підмагільнага, апісваюць сацыялізм у вялікіх гарадах Украіны. Хвылёвы пісаў пра жыццё ў Харкаве так, што яго цяжка было назваць рамантычным: «На дальньому костьолі горить огонь і теж творить поему. Я мовчу. Марія мовчить».

    Але потым, піша Шавялёў, прыйшоў Іосіф Сталін і разам з ім новая ідэалогія – расійскі правінцыяналізм. Савецкі сацыялізм перастаў быць універсальным праектам, які мог пачынацца ў краінах, што стваралі новую еўрапейскую культуру, а ператварыўся ў строга цэнтралізаваную эканамічную трансфармацыю пад кіраўніцтвам Масквы. У правале гэтай трансфармацыі можна было абвінаваціць краіны-спадарожнікі, у першую чаргу Украіну. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі, якая разгарнулася ў 30-ыя гады, мусіла ператварыць сельскія паселішчы на тэрыторыях, кшталту Украіны, у сучасныя пралетарскія супольнасці. Сяляне савецкай Украіны, пазбаўленыя сваёй зямлі і яе пладоў у выніку калектывізацыі і рэквізіцый, адпраўлялі дзяцей у вялікія гарады жабраваць. Міліцыя Харкава штодня лавіла па дзве тысячы галодных дзяцей з вуліц у пачатку 1933-га. Хвылёвы і іншыя ўкраінскія пісьменнікі бачылі гэта на ўласныя вочы.

    Сталін звінаваціў украінскі нацыяналізм у правале калектывізацыі і пакараў лідараў новага ўкраінскага авангарду. У сакавіку 1933-га Хвылёвы скончыў жыццё самагубствам. У 1934-ым сталіцай савецкай Украіны стаў Кіеў. У 1937-ым і 1938-ым Харкаў стаў адным з цэнтраў вялікага сталінскага тэрору. Супрацоўнікі НКУС забілі цэлае пакаленне мастакоў і пісьменнікаў, уключна з пісьменнікам Підмагільным. Пасля ўварвання Савецкага Саюзу на тэрыторыю Польшчы ў 1939-ым польскіх палонных прывозілі ў Харкаў на расстрэл. Ідэя камунізму як сусветнага вызвалення была замененая сталінскай канцэпцыяй камунізму як спецыфічнай сістэмы палітычнага кіравання пад кантролем Масквы.

    У гэтым кантэксце лягчэй зразумець, чым для многіх украінцаў з’яўляецца іх апошняя рэвалюцыя 2013-2014 гадоў. Для ўкраінцаў перспектыва Еўропы заключаецца не толькі ў агульным рынку для ўкраінскіх тавараў і паскарэнні палітычных рэформ. Гэта яшчэ і ўзаемнае прызнанне еўрапейскіх дзяржаваў і грамадзянскіх супольнасцяў, якія маглі б выцягнуць Украіну з багны расійскага правінцыяналізму. Аднак рэвалюцыя канцэнтравалася на Майдане ў Кіеве, нягледзячы на тое, што актывісты прыязджалі з усяе краіны. У пасляваенныя дзесяцігоддзі Кіеў быў савецкай сталіцай, у паслясавецкія дзесяцігоддзі Кіеў можа ганарыцца сваім статусам еўрапейскага мегаполіса. Усходні горад Харкаў, дзе саветызацыя азначала правінцыяналізацыю пасля 1930-га, захаваў значна больш посткаланіяльную атмасферу. Падчас рэвалюцыі меркаванні ў Харкаве вельмі моцна падзяліліся, вялікая колькасць людзей далучылася да “Антымайдану” – руху супраць еўрапейскай інтэграцыі. Гэта было сутыкненне ў тым ліку паміж гвалтоўнымі і негвалтоўнымі метадамі пратэсту. “Антымайдан” жа быў вядомы збіццём і прыніжэннем палітычных апанентаў. Вядомаму харкаўскаму пісьменніку і паэту Сяргею Жадану антыеўрапейцы зламалі чэрап напачатку 2014 года.

    Пасля перамогі Майдана і расійскага ўварвання вясной 2014-га настроі ў Харкаве незаўважна змяніліся. Гарадскі помнік Леніну быў нарэшце знесены ў верасні 2014-га. На пастаменце вісіць шыльда “Вядуцца будаўнічыя работы”, хоць насамрэч ніякіх працаў там няма. (Магчыма, маецца на ўвазе будаўніцтва культурнага ці палітычнага характару). Харкаўскія лідары агулам супрацьстаялі Майдану, але, калі надышоў час, супрацьстаялі і сепаратызму і расійскай агрэсіі. На вуліцах правыя ваенізаваныя фармаванні набіраюць добраахвотнікаў для абароны Украіны ад Расіі, нягледзячы на тое, што агульнае меркаванне аб вайне яшчэ не склалася. У лютым падчас дэманстрацыі жыхароў Харкава ў гонар гадавіны Майдана нехта падарваў бомбу, загінула чацвёра людзей. Гарадскія аўтобусы пафарбаваны ў блакітны і жоўты – колеры нацыянальнага сцяга, з аптымістычным слоганам “Адна краіна” на ўкраінскай і рускай мовах. Нядаўнія спробы ўшанаваць памяць Шавялёва адкрылі існыя супярэчнасці. Мемарыяльная шыльда ў Харкаве на будынку, дзе ён жыў і працаваў, была знішчаная людзьмі, якія сцвярджалі, што яны бароняць горад ад “фашызму”.

    Адным з тых, хто спрабаваў аднавіць памяць аб Шавялёве ў Харкаве, быў Сяргей Жадан, той самы, якога летась збілі антымайданаўцы. Найбольш вядомая тэма яго твораў – гэта жыццё ў вялікіх гарадах у постсавецкія часы. У вялікім зборніку прозы “Гімн дэмакратычнай моладзі”, апублікаваным за некалькі гадоў да Майдана, ён апісвае першыя гады постсавецкага перыяду гісторыі Харкава. Першае апавяданне зборніка “Уладальнік найлепшага гей-клуба” не варта ўспрымаць як пратэст супраць афіцыйнай гамафобіі ў Расіі і агульнага непрыязнага стаўлення да геяў, якое пануе ва Украіне. Сутнасць апавядання хутчэй не ў асаблівасцях гомасексуальнага досведу ў Харкаве ці трагікамедыі тых, хто робіць на гэтым грошы – апавяданне хутчэй аб прыродзе кахання. У фінале мы даведваемся, што галоўны герой, уладальнік найлепшага гей-клуба, былы вулічны бандыт, таемна верыць, што толькі геі насамрэч разумеюць, што такое секс. Урэшце і гэта атрымліваецца не так проста. Апавяданне сублімуе асаблівасці правінцыйнага постсавецкага Харкава ва ўніверсальнае пытанне: ці зможа каханне паміж двума людзьмі стацца адказам на невыносную адзіноту ў грамадстве, якое праходзіць праз глыбокую трансфармацыю. Гэты тонкі і па-майстэрску выкананы аўтарам ход на фоне камічнай сітуацыі пакідае ў чытача жаданне чытаць далей.

    У далёкім 1920-ым камуністычны лідар Хвылёвы таксама пісаў пра складанасці, праз якія праходзіць жарсць у сучасным горадзе, апрача шматлікіх іншых тэмаў, якія ён закранаў у кантэксце новай універсалісцкай будучыні. Першапачаткова можа падацца, хоць гэта і надта відавочнае заключэнне, што Жадан, народжаны ў 1974-ым, проста працягвае храналагічнае апісанне павольнага заняпаду горада Хвылёвага і яго місіі. Верагодна, насамрэч Жадан імкнецца – ключом да гэтага разумення з’яўляецца яго жаданне рызыкаваць жыццём дзеля Еўропы – да таго, што Хвылёвы назваў “псіхалагічнай Еўропай”: прызнанне агульнапрынятых нормаў, праца над тым, каб іх пераўзысці, абсалютная неабходнасць свабоды і годнасці для такога намагання. Бандыты зламалі яму галаву, бо ён адмаўляўся яе схіліць. Апошняя работа Жадана, зборнік паэзіі «Життя Марії», апублікаваны сёлета раней – гэта кніга аб вайне ва Украіне і летапіс выжывання аўтара: «Ти бачиш – я вижив, у мене два серця, зроби що-небудь із ними обома».

    Разважанні ў кнізе робяцца ўсё больш рэлігійнымі, вершы часам прымаюць форму размоваў з лірычнай гераіняй – Марыяй. Ніхто ва ўсходнеславянскай культуры, ні дзесьці яшчэ не спалучаў у лірычным героі вобразы зухаватага хлопца і блюзнера гэтак, як гэта робіць Жадан. Ён спявае гімны рэчытатывам.

    Месцамі вершы ў зборніку «Життя Марії» нагадваюць творы Чэслава Мілаша, польскага паэта, які жыў і тварыў у ХХ стагоддзі. Ён таксама шукаў Еўропу ў глабальным і лакальным сэнсе: “Я хацеў усяму даць імя”. Мілаш быў выбітным паэтам памежжа, толькі памежжа літоўска-беларуска-польскага (і габрэйскага), на поўнач ад Харкава, а не ўкраіна-расійскага (і габрэйскага). Яго погляды не моцна адрозніваліся ад поглядаў Жадана – ён лічыў, што сутнасць Еўропы – на перыферыі, што няпэўнасць і рызыка – больш важныя перажыванні, чым банальнасць і пэўнасць. І сапраўды, апошні раздзел «Життя Марії» прысвечаны жаданаўскім перакладам вершаў Мілаша. Жадан пачынае з двух вершаў Мілаша – “Песня аб канцы свету” і “Бедны хрысціянін глядзіць на гета”. Гэтыя творы задаюць пытанні наўпрост – што рабілі еўрапейцы цягам XX стагоддзя, і што яны маглі і мусілі зрабіць замест гэтага. Другі верш перадае боль і цяжар ад бачання Халакоста і спробаў вынесці з яго нейкі ўрок, што было, прынамсі калісьці, галоўнай ідэяй еўрапейскага праекта. Першы верш паказвае, амаль бестурботна, але без сумневаў страху, як можа выглядаць катастрофа Еўропы. Ён заканчваецца так:

     «А ті, що чекали блискавиць і громів,
    Розчаровані.
    А ті, що чекали знаків і архангельських труб,
    Не вірять, що вже починається.
    Доки сонце й місяць угорі,
    Доки джміль навідує троянду,
    Доки народжуються рожеві немовлята,
    Ніхто не вірить, що вже починається.
    Лише сивочолий старий, котрий міг бути пророком,
    Але не є пророком, бо має інші заняття,
    Говорить, підв’язуючи помідори:
    Іншого кінця світу не буде,
    Іншого кінця світу не буде».

    Мілаш пісаў па-польску, што ў старога былі іншыя справы, Жадан піша па-ўкраінску, што прарокаў было ўжо даволі. Можа быць і так. Праеўрапейскія ўкраінцы карыстаюцца магчымасцю, а не патрабуюць будучыні. Яны таксама назіраюць за грэчаскім крызісам, і часам крытыкуюць больш востра за заходніх еўраскептыкаў. Справа не ў дакладнасці, а ў магчымасці.  Жадан мог памерці за еўрапейскую ідэю, многія ўкраінцы ўжо памерлі за яе. У той жа час рызыка, на якую пайшоў паэт як фізічна, гэтак і ў літаратуры, не мае нічога агульнага з канкрэтнымі палітычнымі мэтамі. Многія яго эсэ і вершы – гэта спробы зразумець людзей, з якімі ён не згодны. Ён адкрыта крытыкуе ўрад сваёй краіны. Як Мілаш, які называў Еўропу “сямейнай”, альбо Хвылёвы, які ўжываў слова “псіхалагічная”, Жадан шукае прасвятлення, эксперыментуе ў пошуках адчування “Еўропы”, якое патрабуе сувязі з непераадольным мінулым, а не стварэння гістарычнага міфа і спажывання яго. “Свабода – гэта добраахвотнае вяртанне ў канцэнтрацыйны лагер”, – піша Жадан у «Житті Марії».

    Невядома, куды прывядзе такое бачанне Еўропы, і ў гэтым увесь сэнс. Але мы ведаем, што дзеля існавання Еўропы як такой яна мусіць існаваць у больш шырокіх інстытутах. Многія ўкраінцы гэта разумеюць, і таму зрабілі Еўропу цэнтральнай ідэяй сваёй рэвалюцыі. Гэтыя інстытуты мусяць быць палепшаныя, вось чаму мы ўсе гаворым аб Грэцыі. Еўропа можа пацярпець паразу і ў Грэцыі, і ва Украіне, вось чаму на гэтым тыдні расійскія медыі заўчасна святкуюць крах Еўрасаюза. Пасыл расійскай прапаганды ў тым, што працаваць на Еўропу ўнутры Еўрасаюза ці за яго межамі бессэнсоўна, бо дэмакратыя і свабода – гэта крывадушнасць паміраючага рэжыму, а гісторыя не дае ніякіх урокаў, апрача ўрокаў моцы. Расійскі нігілізм толькі рады еўрапейскаму нарцысізму.

    Безумоўна, Еўрапейскі Саюз перажыве абодва крызісы, прынамсі на пэўны час. Аднак, у ніводным з іх ён не даў годнага адказу на ўласныя дэмакратычныя і экзістэнцыяльныя праблемы.  Украіна заслугоўвае дапамогі, але збольшага ігнаруецца, бо не з’яўляецца чальцом Еўрасаюза; рэкамендацыі грэкаў па інстытуцыйных рэформах застаюцца без увагі. Пакуль еўрапейскія лідары намагаюцца даць вызначэнне Еўропе, карысней ці прынамсі прыемней чытаць змрочных харкаўскіх універсалістаў, чымся назіраць за самазадаволенымі правінцыяламі ў Маскве.

    ПаказацьСхаваць каментары