Калі вы думаеце, што на вашым старым фатэлі нельга зарабіць, а старую кватэру лепш пакінуць проста так, бо каму яна патрэбная, то вы не ў тэме. Тое, што непатрэбнае вам спатрэбіцца камусьці іншаму. Гэта і называецца эканомікаю абмену, якая за некалькі гадоў змяніла бізнес развітых краінаў і ўжо робіць першыя крокі ў Беларусі.
Напрыклад, праз міжнародны партал airbnb можна здаць хату ў вёсцы эксцэнтрычным турыстам. Пакуль вы радуецеся свайму заробку, а вашыя госці захапляюцца аўтэнтычнасцю беларускай вёскі, стваральнікі airbnb за 6 гадоў ператварыліся з беспрацоўных студэнтаў у мільярдэраў.
Што гэта і як гэта працуе
Ідэя сумеснага спажывання, або эканоміка абмену, засноўваецца на прынцыпе, што людзі дзеляцца, зразумела, за грошы, рэсурсамі, якімі самі не карыстаюцца. Звычайна гэта арэнда або сумеснае спажыванне, а аб’ектамі могуць быць кватэры, машыны або проста непатрэбныя рэчы, напрыклад, малаток. Тэрмін “эканомікі абмену” з’явіўся ў сярэдзіне 2000-х, калі новыя бізнес-структуры, натхнёныя сацыяльнымі тэхналогіямі адчулі, што тэмп росту спажывання не адпавядае колькасці магчымых рэсурсаў.
Ёхай Бэнклер, прафесар Гарвардскага ўніверсітэту, сфармаваў падставы канцэпцыі ў 2002 годзе. Галоўная ідэя ў тым, што калі мы ўсе дзейнічаем выключна для асабістай карысці, мы знясільваем агульныя неаднаўляльныя рэсурсы планеты, патрэбныя для якасці нашага жыцця. Калі кожны жыхар планеты хоча мець аўтамабіль і будзе лічыць гэта сваім жыццёвым правам, то на гэтай планеце больш не будзе месца для людзей. Такім чынам, паўстала альтэрнатыўная сацыяльна-эканамічная мадэль паляпшэння дабрабыту пры мінімальным спажыванні рэсурсаў.
Некаторым, асабліва жыхарам постсавецкай прасторы, ідэя эканомікі абмену можа падацца ўтопіяй. Але такая мадэль бізнесу насамрэч вельмі прыбытковая, і дапамагае зарабіць звычайным людзям, а тым хто выступае спажыўцамі – ашчадзіць грошы. Звычайна гэта адбываецца праз Інтэрнэт, сайты і рэсурсы, якія дазваляюць найбольш хутка і эфектыўна злучыць тых, хто мае патрэбу і тых, хто прапаноўвае паслугі.
Як змяніўся рынак нерухомасці і транспарту
Airbnb дазваляе людзям здаваць у арэнду свае дамы, кватэры, а нават і замкі для падарожнікаў. Ідэальны варыянт – здаць сваю кватэру на час падарожжа, што робіць выдаткі на вандроўкі блізкімі да нулю. Старт-ап заснаваны ў Каліфорніі шэсць гадоў таму. Цяпер яго вартасць набліжаецца да лічбы $ 11 млрд ‑ гэта болей за кошт 57-гадовай сусветнай сеткі бізнес-гатэляў Hyatt.
Таксама ёсць сэрвісы homeexchange, homeforexchange, ihen, seniorshomeexchange. Падобныя, але менш паспяховыя і папулярныя сервісы датычаць камунальнага жылля (co-housing), сумеснай працы ў адным месцы (collaborative workspace, coworking), сумеснага саду і агароду (garden sharing), а таксама арэнды розных відаў нерухомасці. Можна зняць нават жытло для хатняй жывёлы.
Эканоміка сумеснага карыстання закранула і транспартную сістэму. Існуюць сэрвісы абмену і арэнды ровараў, пошук спадарожнікаў (carpool), магчымасць дамовы пра карыстанне аўтамабілям, знаходжанне дадатковых пасажыраў у рэжыме рэальнага часу, падзел аплаты на таксі. Большая частка сэрвісаў працуюць праз мабільныя дастасаванні.
Самым вялікім і паспяховым сэрвісам стаў Uber, пра які “Ідэя” пісала раней. Заснаваны ў 2009 годзе ў Каліфорніі, сэрвіс “таксовак” ацэньваецца на болей за $ 15 млрд і прапаноўвае свае паслугі ў больш чым 45 краінах.
Ад сумеснай выпечкі да Белага Дому
З’явіліся новыя сістэмы фінансавання праз сацыяльныя медыі ‑ crowd funding. Таксама праз платформы сумеснай эканомікі можна знайсці працу, дзяліцца з суседзямі інтэрнэтам або нейкімі гаспадарчымі прыладамі, пазычаць грошы, пячы і прадаваць пірагі і нават абменьвацца кнігамі і адзеннем.
Праз эканоміку абмену дзейнічаюць некамерцыйныя арганізацыі, якія з дапамогаю платформаў супрацоўніцтва пашыраюць свае праекты – такія як Indiegogo і Kickstarter. Гэтыя сайты ўяўляюць сабою платформы для збору грошай на запуск грамадскіх праектаў.
Новая эканоміка спрыяе пашырэнню празрыстасці ўлады на ўсіх узроўнях для сумеснага карыстання дзяржаўным бюджэтам і маёмасцю. Як прыклад, ініцыятыва Белага дому на адкрытым урадзе (White House initiative on Open Government) і праект адкрытага бюджэту Оўклэнду (city of Oakland’s Open Budget Project). Праз яго жыхары гораду адсочваюць куды і на што накіроўваюцца грошы ў рэжыме рэальнага часу. Гэта асабліва актуальна ў краінах, дзе карупцыя застаецца вялікаю праблемаю.
Заваяванне Беларусі
Эканоміка абмену знайшла сваіх першапраходцаў у нашай краіне. З’яўленне месцаў для сумеснай працы, крэатыўных прастораў, сумесных роварных майстэрняў і ‘анты-кавярняў’ паказвае, што беларусы адгукаюцца на сучасныя трэнды. Беларусы мяняюцца старым адзеннем і непатрэбнымі рэчамі, абменьваюцца кніжкамі, музыкаю і нават прадметамі інтэр’еру. Больш за тое, былі створаныя сэрвісы пошуку і арэнды некаторых больш экзатычных аб’ектаў і нават платформы краўд-сорсінгу.
Акрамя гэтага, не варта забываць пра больш “традыцыйныя” рэсурсы, такія як газета “Из рук в руки”, kufar.by, кватэры “на суткі”, лецішчы і катэджы на больш працяглы тэрмін. Тым не менш, адносна ўсёй колькасці насельніцтва гэта мала. Было б добра, каб жыхары вялікіх гарадоў больш свядома ставілася да размеркавання рэсурсаў.
Сёння большасць з гэтых платформаў, асабліва больш “традыцыйных”, абумоўленая недахопам фінансавых рэсурсаў і жаданнем падзарабіць. Для паспяховага развіцця эканомікі абмену неабходна, каб прыбытак з такога натуральнага абмену інвеставаўся, а не ішоў на ўтрыманне ўладальнікаў.
Эканоміка сумеснага спажывання працуе лепш за ўсё ў вялікіх гарадах з высокаю шчыльнасцю насельніцтва. З высокім узроўнем урбанізацыі Беларусі, вялікай колькасцю смартфонаў і развіццём ІТ-тэхналогіяў гэта можа мець сапраўды вялікі ўплыў. Сумесная эканоміка пашырыць давер паміж людзьмі, зменшыць негатыўны экалагічны ўплыў і дазволіць людзям плаціць менш.