• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як зрабіць новую Беларусь: гайд па эканамічным рэфармаванні

    Для адных краін рэформы – гэта поспех, пазітыўныя змены, а для другіх наадварот. Што ж патрэбна, каб увайсці ў клуб паспяховых дзяржаў?

    Выглядае, што паспяховае правядзенне рэформаў з’яўляецца нашай адзінай магчымасцю выйсці з тупіка, у які мы патрапілі 20 год назад. Пры тым, што для паспяховага рэфармавання краіны не трэба шукаць “Грааль” – лепш за ўсё звярнуцца да досведу тых краін і асобаў, якія ўжо прайшлі шлях паспяховых рэформаў. Марэк Дамброўскі, адзін з аўтараў польскіх рэформаў, кажа, што для поспеху рэформаў перадусім патрэбнае «акно палітычных магчымасцяў» і ўменне скарыстацца імі своечасова.

    Час надзвычайнай палітыкі

    Разбурэнне старой сацыяльнай мадэлі дае грамадству і палітыкам перыяд для правядзення рэформаў – “акно магчымасцяў”, альбо “час надзвычайнай палітыкі”. Гэта перыяд, калі грамадства дае элітам крэдыт даверу на правядзенне рэформаў. Час надзвычайнай палітыкі не працягваецца доўга, таму галоўная задача рэфарматараў – паспяхова выкарыстаць зручны момант для правядзення рэформаў і па магчымасці прадоўжыць гэты перыяд.

    Для нашага рэгіёна “акном магчымасцяў” быў час разбурэння СССР, але гэту магчымасць рэфармавання грамадства ды эканомікі Беларусь страціла. Іншым фарматам “акна” з’яўляецца рэвалюцыя, якая стварае магчымасці для правядзення рэформаў. Праўда, чакаць гэтага ў сучаснай Беларусі не даводзіцца.

    Таксама ў некаторых выпадках змена кіраўніцтва дэмакратычным шляхам можа падштурхнуць для правядзення рэформ, як гэта адбылося ў Грузіі. І яшчэ геапалітычная канкурэнцыя стымулюе краіны на рэформы, але наша краіна не з’яўляецца ні звышдзяржавай, ні нават прэтэндэнтам у гэты клуб, таму геапалітыка не стане рухавіком рэформаў у Беларусі.

    Трыгерам для рэформаў у Беларусі, хутчэй за ўсё, можа быць таксама глыбокі сацыяльны і эканамічны крызіс.

    Гэта і ёсць нашае сённяшняе “акно магчымасцяў”.

    Партрэт паспяховага рэфарматара

    Рэфарматар – гэта ў першую чаргу чалавек, які бачыць магчымасці і мае кампетэнцыі і кіраўніцкія здольнасці. Канешне, гэта ўвогуле ўмовы эфектыўнага кіраўніка, але падчас рэформаў роля кіраўніцкіх здольнасцяў павялічваецца.

    Рэфарматары павінны не толькі распазнаць «час надзвычайнай палітыкі» – яны павінны здолець ім скарыстацца. Бо ў час крызісу ёсць вялікая спакуса заняцца прыняццем папулісцкіх рашэнняў на карысць кароткатэрміновага поспеху і страціць магчымасць правесці своечасовыя стратэгічныя рэформы.

    Ад якасці лідарства залежыць, ці не прапусцім мы час на правядзенне рэформ, якога праз год ужо можа і не быць.

    Эфектыўнае лідарства – гэта таксама ўменне прымаць непапулярныя захады, браць на сябе адказнасць і палітычныя рызыкі, а таксама ўменне супрацьстаяць розным лобі. Найлепшы прыклад тут – гэта пастаянны ціск на Нацыянальны банк Беларусі з боку прамысловага лобі з мэтай зніжэння ставак па крэдытах.

    Такім чынам “паспяховы рэфарматар” павінен быць якасным лідарам, а таксама чалавекам, які гатовы прыняць на сябе крытыку за непапулярныя захады і не баяцца прайграць на наступных выбарах.

    Вонкавы чыннік як умова поспеху рэформаў

    Ёсць некалькі гістарычных прыкладаў, калі каланіяльныя альбо акупацыйныя рэжымы дапамагалі ў працэсе мадэрнізацыі. Гэта прыклады Заходняй Германіі і Японіі пасля Другой сусветнай вайны. З другога боку шмат якія каланіяльныя рэжымы прывялі да запавольвання эканамічнага і сацыяльнага развіцця ў такіх краінах, як  Індыя альбо краіны Афрыкі.

    Удзел у эканамічных блоках таксама стварае магчымасці для правядзення паспяховых рэформ.

    У гэтых выпадку дзяржавы маюць прымаць умовы тых, да каго яны далучаюцца, атрымліваючы ад іх гатовыя інстытуцыйныя і рэгулятыўныя стандарты. Аднак пры гэтым трэба разумець, што далучэнне да слабых альбо адсталых блокаў можа прывесці да дэградацыі. Уступленне ў эканамічныя блокі таксама дазваляе значна прадоўжыць час рэфармавання грамадства.

    Чалецтва ў розных міжнародных арганізацыях кшталту Еўрапейскага Саюза, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Міжнароднага валютнага фонду ці нават НАТО накладае на чальцоў патрабаванні аб змене некаторых канстытуцыйных, прававых, эканамічных і палітычных умоў.

    Рэформы ў аўтарытарным грамадстве

    Існуюць прыклады паспяховага эканамічнага развіцця ў грамадствах з аўтарытарнымі рэжымамі (Еўропа XVIII–XIX ст.ст., Чылі ў часы Піначэта, Сінгапур). Аднак разам з гэтым мы бачым шматлікія папулісцкія аўтарытарныя рэжымы ў краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

    На першым этапе ў некаторых выпадках аўтарытарная ўлада можа праводзіць паспяховыя эканамічныя пераўтварэнні. Але гэта адбываецца толькі пры ўмове поўнай прыхільнасці да якасных змен і стварэння незалежных прававых інстытутаў, скіраваных на абарону інтарэсаў грамадзянаў і бізнесу, а не на захаванне ўлады.

    Пры аўтарытарным рэжыме таксама вялікая рызыка згортвання рэформаў у любы момант.

    Гэтак прыкладзеныя намаганні не прывядуць да вынікаў – і краіна пойдзе шляхам папулізму. Найлепшы прыклад – гэта Расія пасля распаду СССР. Распачатыя Гайдарам рэформы былі згорнутыя і, як следства, яны прывялі да належных вынікаў.

    Болей за тое, нягледзячы на некаторыя прыклады, трэба зазначыць, што правядзенне эканамічных рэформаў і рост дабрабыту прывядзе да попыту на дэмакратыю.

    Беларускі “час надзвычайнай палітыкі”?

    Сённяшні эканамічны крызіс выглядае для нас пэўным “акном магчымасцяў”.

    Старая мадэль па факце разбурылася і мы маем нешта падобнае да пачатку 90-ых гадоў пасля заняпаду СССР.

    Грамадства таксама чакае пераменаў і, галоўнае, мы маем досвед краін-суседзяў, якія прайшлі шляхам паспяховага рэфармавання.

    Паўстае пытанне пра наяўнасць лідараў, якія змогуць правесці неабходныя рэформы. Ледзь не адзіным варыянтам тут выглядае, каб Беларусь пайшла шляхам Чылі ў часы Піначэта. Для гэтага ўладзе патрэбны свае «чыкагскія хлопчыкі» (група чылійскіх эканамістаў, якія атрымалі адукацыю ў ЗША і працавалі ў апараце Піначэта), а таксама рашучасць даверыць ім эканоміку краіны.

    ПаказацьСхаваць каментары