Напярэдадні другой сустрэчы праекта “Новыя ідэі для Беларусі” краіну наведаў прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Сума Чакрабарці. Зноў пачаліся размовы пра магчымасць новых крэдытаў і падтрымкі эканомікі. Нацыянальны менеджар ЕБРР Дзяніс Шаўрук, які прачытаў лекцыю ў межах праекта “Ідэі”, запэўніў 24 лютага, што разлічваць на шчыльную супрацу з ЕБРР улады Беларусі змогуць толькі тады, калі пачнуць сапраўдную прыватызацыю. Пакуль жа ЕБРР працягвае ігнараваць дзяржаўны сектар і імкнецца дапамагчы прыватнаму бізнесу.
Крэдытаванне, асабліва для малога бізнесу, ужо традыцыйна з’яўляецца цяжкім пытаннем для Беларусі. Эканамічная сітуацыя не дазваляе ўладам прапанаваць бізнесоўцам крэдыт пад прывабны працэнт, што забівае магчымасці для росту эканомікі. У такіх умовах на дапамогу прыходзяць міжнародныя фінансавыя інстытуты. У Беларусі адным з іх з’яўляецца Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які быў створаны ў 1991 годзе, каб дапамагаць краінам былога СССР хутчэй перайсці да рынкавай эканомікі.
Дапамога ажыццяўлялася пераважна праз супрацу з мясцовымі банкамі дзеля наладжвання спрошчанага крэдытавання малога і сярэдняга бізнесу. Сёння інвестыцыі ЕБРР – гэта каля $ 150 млн. у год, а працэнт невяртання – 2% – адзін з самых маленькіх у параўнанні з іншымі 20 краінамі, дзе працуе банк. Аднак з ростам досведу банкаў у працы з малым бізнесам ЕБРР усё больш адыходзіць ад прамога крэдытавання і пераходзіць да якаснай падтрымкі бізнесу, прычым не столькі грошамі, колькі ведамі.
Адмыслова для гэтага ў 2011-ым годзе была створана праграма дапамогі малому бізнесу, якой ужо скарысталіся больш за 100 кампаній. Галоўная мэта – прывучыць малы бізнес звяртацца да прафесійных кансультантаў дзеля распрацоўкі стратэгій развіцця кампаніі. Часта ўласнікі шкадуюць на гэта грошы – у выніку бізнес пачынае стагнаваць і перастае прыносіць прыбытак. Пры гэтым досвед ЕБРР паказвае, што толькі аптымізацыя вытворчасці можа прынесці 50% росту вырычкі ў год. Каб бізнес ахвотней ішоў на супрацу, ЕБРР не толькі прапаноўвае кансалтынгавыя агенцтвы, але і гатовы пакрыць палову выдаткаў. Разглядзім два прыклады такой супрацы.
Mark Formelle
Супраца пачалася ў 2011-ым годзе. Кампанія займалася вытворчасцю вопраткі, якая добра прадавалася, але ніхто не ведаў чаму. Кансультант настойваў на распрацоўцы падрабязнай маркетынгавай стратэгіі. У выніку кампанія пачала ператварацца з аптовай у рознічную. Дзеля гэтага “Mark Formelle” старыў уласную маркетынгавую службу і правёў поўны рэбрэндынг. Маркетынгавая стратэгія аптымізавала аддзел продажаў, былі адчынены рознічныя крамы.
Вынікі:
– Працягласць супрацы з ЕБРР – 3 гады
– агульны памер падтрымкі ЕБРР – 100 000 еўра
– рост продажаў на 100%
– колькасць магазінаў да 16
– рост долі рознічных продажаў з 26 да 50%
У канцы супрацы кампанія атрымала пазнавальны брэнд, які шмат хто лічыць італьянскім. Бізнес пачаў ператварацца ў франчайзінгавую сетку, гатовую канкураваць з замежнымі вытворцамі.
Сушы-бар Манга
Для кампаніі было распрацавана адно з першых у Беларусі мабільнае дастасаванне па дастаўцы ежы з рэстарана. Была нанятая беларуская ІТ-кампанія, якая зрабіла прадукт за два месяцы.
Вынікі:
– Рост продажу на 30%
– рост анлайн-продажаў у два разы
– па прыкладу было распрацавана дастасаванне для піцэрый гэтага ўласніка
– кансультант перанакіраваў свой бізнес на распрацоўку дастасаванняў
– унёсак ЕБРР – 7 000 еўра
Такі рост выручкі быў дасягнуты без ніякай рэкламы і прасоўвання. Пасяліўшыся ў смартфонах наведвальнікаў, цяпер бізнес можа працягваць зарабляць грошы нават пры напалову пустым рэстаране. Праект таксама быў адзначаны міжнароднай прэміяй за дасягненні ў кансалтынгу (Кіеў, 2014-ты год).
Прыклады ЕБРР паказваюць, што падчас крызісу галоўнае – праца над эфектыўнасцю. Самымі слабымі пунктамі для малога бізнесу з’яўляюцца адсутнасць маркетынгавых стратэгій і не выкарыстоўванне ІТ-тэхналогій. У той час як ноў-хаў і інавацыі могуць стаць рухавіком значна лепшым за крэдыт.
Ужо хутка аб’явім падрабязнасці трэцяй сустрэчы «Ідэі». Сачыце за абвесткамі!