падтрымаць нас

Грамадства

Электронны ўрад у Беларусі як неад’емная частка будучыні

Электронны ўрад у Беларусі як неад’емная частка будучыні
Як дзяржаўныя паслугі ў анлайне спросцяць жыццё беларусам у афлайне.

Новы міністр інфарматызацыі і сувязі Канстанцін Шульган нядаўна заявіў, што Беларусі трэба развіваць электронны ўрад. Тое, што беларускія чыноўнікі пра гэта публічна кажуць, – ужо пазітыўна. Бо акрамя таго, што гэта будзе добра для людзей, рэалізацыя гэтага праекта таксама дапаможа заашчадзіць грошы і зрабіць дзяржаву больш эфектыўнай.

Калі сцісла, электронны ўрад – гэта выкарыстанне электронных прыладаў ды інтэрнэту для аказання паслуг грамадзянам і іншым людзям у краіне. Напрыклад, сюды можа ўваходзіць падача дакументаў у школу ці ўніверсітэт, рэгістрацыя бізнесу, галасаванне на выбарах – і ўсё гэта анлайн.

І што важна, многія паслугі могуць быць даступныя 24 гадзіны цягам 7 дзён у тыдзень. Хочаш змяніць прапіску альбо атрымаць новы пашпарт – дастаткова дома сесці зручна ў крэсла і мець камп’ютар пад рукой.

Што да Беларусі, то згодна з сусветнымі рэйтынгамі, у нас усё няблага.

Кожныя два гады ААН публікуе e-Government Development Index, у якім ацэньваецца ўзровень прасоўвання электроннага ўрада ў 193 краінах свету. У 2018-ым годзе Беларусь апынулася на 38-ым месцы, у параўнанні з 49-ым у 2016-ым і 55-ым у 2014-ым годзе. Хоць, калі параўнаць з іншымі краінамі Еўропы, Беларусь знаходзіцца на ўзроўні ніжэйшым за сярэдні па рэгіёне.

Для таго, каб наблізіцца да сусветных лідараў, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. У той час, як Данія, якая займае першае месца ў рэйтынгу, рэалізуе ўжо сваю пятую (пачаўшы ў 2000-ым годзе) стратэгію развіцця электроннага ўрада, у Беларусі аб гэтай сферы сур’ёзна пачалі задумвацца ўсяго некалькі гадоў таму.

У 2016-ым годзе была прынятая Стратэгія развіцця інфарматызацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2022 гады, якая прадугледжвае развіццё электроннай эканомікі, электроннай аховы здароўя, электроннага навучання і іншых сфер.

Але ўсё гэта застаецца збольшага пакуль толькі на паперы. І калі будзе рэалізавана – невядома. У гэты час іншыя краіны ўжо даўно “ў тэме”.

Данія ў сферы электроннага ўрада – гэта як мадрыдскі “Рэал” у футболе. У ёй нават на заканадаўчым узроўні замацавана, што больш за сто розных дзяржаўных паслуг аказваюцца толькі анлайн (хоць ёсць выключэнні для пэўнай катэгорыі людзей). І гэта не дзіўна пры ўзроўні пранікнення інтэрнэту ў 96,3 % (для параўнання ў Беларусі гэта толькі 70 %).

Таксама ў Даніі 90,6 % насельніцтва ад 15 гадоў і старэйшых маюць спецыяльныя электронныя адрасы, на якія атрымліваюць афіцыйную інфармацыю ад дзяржавы з дапамогай правайдара Digital Post. Што такое папяровыя канверты, там, напэўна, ужо амаль забыліся.

Ды што казаць, калі ў Даніі нават аб крадзяжы можна заявіць у паліцыю анлайн.

Пералік паслуг электроннага ўрада можа быць велізарным. Вось, напрыклад, тры з іх, якія могуць быць у прыярытэце ў беларускіх чыноўнікаў.

Адзіны дзяржаўны партал

Такі партал аб’ядноўваў бы інфармацыю пра найбольш важныя дзяржаўныя ўстановы і паслугі, якія яны аказваюць. Там можна было б знайсці адказы на многія пытанні, напрыклад, як можна атрымаць новы пашпарт альбо як аплаціць штраф за перавышэнне хуткасці.

Добрым прыкладам можна ўзгадаць Вялікабрытанію, дзе быў створаны сайт Gov.UK, які станоўча ўспрымаецца за прастату дызайну, выразнасць напаўнення і зручнасць навігацыі. Ён змяшчае поўную інфармацыю аб дзейнасці сотняў дзяржаўных інстытутаў і іх паслугах.

Электронная рэгістрацыя бізнесу

Вельмі файна было б, калі б беларусы мелі магчымасць зарэгістраваць бізнес, а таксама атрымаць пэўныя звязаныя з гэтым паслугі анлайн (напрыклад, пошук інфармацыі аб кампаніях краіны і змяшчэнне поўнай інфармацыю пра іх).

Добрым прыкладам з’яўляецца Арменія, дзе можна вельмі проста адкрыць уласны бізнес. Увесь працэс займае літаральна 20 хвілін.

Адразу ж у сістэме можа быць аплачана дзяржаўная пошліна. На жаль, у Беларусі па-ранейшаму дзеля гэтага трэба хадзіць па кабінетах.

Е-рэгістрацыя будзе вельмі карыснай для краіны, бо не толькі дасць беларускаму бізнесу новыя магчымасці, але таксама павысіць бізнес-прывабнасць краіны.

E-Tax

Магчымасць электроннай падачы падатковай дэкларацыі можа істотна спрасціць жыццё плацельшчыкам падаткаў і ўладзе. У гэтым выпадку кожная фізічная альбо юрыдычная асоба будзе ў стане гэта зрабіць, выкарыстоўваючы электронны подпіс.

І ўжо не трэба будзе марнаваць час для наведвання падатковай і адстойвання там у чэргах. Увесь працэс будзе займаць хвіліны. У добра вядомым прыкладзе Эстоніі 95 % падатковых дэкларацыяў запаўняецца анлайн.

Электронны ўрад закранае вельмі шмат розных сфераў і можа сапраўды спрасціць жыццё як звычайным беларусам, так і чыноўнікам. Справа ў тым, што многія людзі нават на падазраюць, наколькі іх жыццё можа быць больш якасным. І менавіта таму дзяржава мусіць быць лакаматывам рэформы гэтай сферы.