падтрымаць нас

Артыкулы

Дык колькі беларусаў з’ехала?

Дык колькі беларусаў з’ехала?

Абапіраючыся на дасяжныя статыстычныя звесткі, Генадзь Коршунаў шукае адказ на адно з балючых беларускіх пытанняў.

Нашыя рэлакаваныя IT-кампаніі – у топе літоўскіх падаткаплатнікаў, у самой Беларусі не хапае больш за 10 тыс. медычных працаўнікоў, а ў пошуках вырашэння праблем на рынку працы (амаль як у тым анекдоце пра мышэй) дайшлі ўжо да ідэяў рэкрутавання пенсіянераў.

Гэта ўсё праявы комплекснай праблемы, у якой адным з галоўных чыннікаў з’яўляецца падвышаная пасля 2021-га і 2022-га гадоў эміграцыя з краіны. Прычыны вядомыя. Невядомыя памеры гэтай міграцыі, хаця імпульс ад асэнсавання яе памераў, відавочна, працяў вертыкаль рэжыму да самага верху.

У свой час прадстаўнікі ўлады і цалкам афіцыйна, і паўафіцыйна называлі пэўныя лічбы эміграцыі з Беларусі. Так, у прыватнасці, характарызуючы яе памеры цягам 2021-2022 гадоў, начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун адзначыў: “больш за 200 тыс.” А сумнавядомы намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў у верасні 2023-га года  акрэсліў агульныя памеры палітычнай міграцыі ў 350 тыс. чалавек. Меркаванні на гэты конт выказвалі і незалежныя даследнікі, у прыватнасці “Палітычная сфера” (гл. тут) і BEROC (гл. тут). Глыбока ў тыя справаздачы мы занурвацца не будзем, бо яны агрэгуюць звесткі толькі да 2022-га года ўключна, а цяпер ужо ёсць некаторыя дадзеныя за 2023-і год.

Давайце паглядзім, што гэтыя дадзеныя нам кажуць.

Дзякуючы афіцыйным польскім крыніцам мы ведаем, што на люты 2024-га года ў сістэме ZUS (аналаг нашага ФЗСН) зарэгістравана амаль 130 тыс. беларусаў, а рознага кшталту дазволы на пражыванне мелі таксама каля 130 тыс. чалавек. Вядома, што ў 2020-ым годзе беларусаў, якія мелі дазволы на пражыванне ў Польшчы, было крыху меней за 17 тыс. Такім чынам атрымліваем памер новай міграцыі  ў Польшчу – гэта 113 тыс. чалавек.

Цэлая Ворша ці Мазыр

Насамрэч колькасць у 113 тыс. чалавек можна лічыць толькі базавай, бо сапраўдны памер міграцыі будзе вышэйшы – як мінімум праз тую частку беларусаў, якія яшчэ знаходзяцца ў працэсе атрымання “дазволаў-дэцызій” на легальнае пражыванне. Гэтая дадатковая доля можа складаць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Гэткая выснова напрошваецца і з прычыны вялікай колькасці заяў, што зацягвае час разглядання справаў у адпаведных дзяржаўных установах, і праз тое, што цяпер Польшча з’яўляецца рэцыпіентам не толькі беларусаў з Беларусі, але і з іншых краін, дзе стаўленне да беларусаў пагаршаецца.

Адной з такіх краін, дзе назіраецца пэўнае пагаршэнне ў адносінах да беларусаў, з’яўляецца Літва. Прычына гэтага крыецца не столькі ва саўдзеле Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну ў 2022-ім годзе, колькі распачатая ў 2023-ім кампанія беспадстаўнага абвінавачання беларусаў у “агрэсіўным ліцвінізме”. Як бы там ні было, на люты 2024-га года дазвол на пражыванне ў Літве мелі 63 тыс. беларусаў, афіцыйна працавалі – 48 тыс., а на канец 2020-га года ў Літве жыло меней за 18 тыс. беларусаў. Такім чынам, памер новай міграцыі беларусаў у Літву складае каля 45 тыс. чалавек. І гэта таксама хутчэй мінімальная планка.

Трэцяй краінай ЕС па колькасці выдадзеных беларусам першасных дазволаў на пражыванне ў 2022-ім годзе была Нямеччына. Апроч таго, летась яна пачала больш інтэнсіўна даваць беларусам і візы, і дадатковую абарону. Праз тое можна чакаць павелічэння беларускай міграцыі ў гэтую краіну, але пакуль колькасць беларусаў, якія атабарыліся там пасля 2020-га года, не перавышае, хутчэй за ўсё, 6-8 тыс. чалавек.

Збольшага вядомая і колькасць беларусаў, якія перабраліся ў Ізраіль. На 2022-і год гэта як мінімум 3,6 тыс. тыс чалавек. Здаецца, што за кошт 2023-га года гэтую лічбу можна павялічыць на пару тысяч.

Яшчэ адна краіна, адносна якой ёсць больш-менш здавольныя звесткі аб памеры беларускай міграцыі, – гэта Грузія. На канец 2023-га года там знаходзілася крыху болей за 11 тыс. беларусаў. Інфармацыі пра тое, што да апошняга часу ў Грузіі існавала значная беларуская дыяспара, – няма. Праз тое амаль усіх беларусаў, якія цяпер знаходзяцца там, можна аднесці да міграцыі апошніх гадоў. Гэта таксама дае нам 10-11 тыс. чалавек.

З іншымі краінамі больш складана, але, абапіраючыся на колькасць тых жа першасных дазволаў, можна з пэўнай імавернасцю спрагназаваць, што ў краіны ЕС (за выняткам Польшчы, Літвы і Нямеччыны) цягам гэтых гадоў пераехала дзесьці 20-25 тыс. беларусаў.

Калі падсумаваць прыведзеныя вышэй лічбы, то атрымаем наступнае: Польшча – блізу 120 тыс. грамадзянаў Беларусі, Літва – каля 50 тыс., Нямеччына – блізу 8 тыс., астатнія краіны ЕС – 25 тыс., Грузія – 11 тыс., Ізраіль – 5 тыс.

Агулам – каля 220 тыс.

Гэта без уліку еўрапейскіх краін, што не ўваходзяць у ЕС, без уліку краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, дзяржаваў Цэнтральнай Азіі. Ну, і зразумела, без Украіны ды Расеі. Апошняя можа з’яўляцца галоўным рэцыпіентам. Праз асаблівасці статыстычных падлікаў і спецыфіку беларуска-расейскіх дачыненняў падлічыць маштабы беларускай эміграцыі ў гэтым кірунку амаль немагчыма. Нават афіцыйныя інстанцыі ў межах аднаго інтэрвалу часу могуць даваць вельмі розныя лічбы адносна таго, колькі беларусаў працуе ў РФ. Так, звесткі толькі за 2022-і год могуць адрозніваюцца ў разы: Дэпартамент працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) называе лічбу ў 174 305 беларусаў, а Галоўнае ўпраўленне па пытаннях міграцыі МУС РФ – 430 тыс. Адзінае, што можна сказаць больш-менш упэўнена, – эміграцыя з Беларусі ва ўсходнім кірунку можа быць цалкам супастаўная ў памерах з кірункам заходнім.

Такім чынам, падаецца, што на пачатак 2024-га года будзе абгрунтаваным падлічыць агульную колькасць беларускай міграцыі прыкладна ў 500-600 тыс. чалавек.

Гэта недзе 6-7% ад усяго намінальнага/афіцыйнага памеру насельніцтва краіны, згодна з Белстатам

Альбо амаль Горадня і Берасце разам.

Фота: Наста Уткіна / MOST