Ёсць тры прычыны, чаму змены на энергетычным рынку – гэта актуальная тэма. Па-першае, значэнне нафты і газу выходзіць далёка за паліўна-энергетычны комплекс. У Беларусі 97 % спажываных першасных энергарэсурсаў прыходзіцца на нафту і газ, але іх значэнне для эканомікі не толькі ў гэтым. Кошты на нафту і газ моцна ўплываюць на Расію, а беларускі экспарт па-ранейшаму моцна звязаны з гэтай краінай і сама Беларусь з’яўляецца экспарцёрам нафтавых прадуктаў.
Па-другое, на саміх рынках нафты і газу адбываюцца рэвалюцыйная змены. Слова “рэвалюцыя” я буду ўжываць не раз і яго сэнс у тым, што змены настолькі істотныя, што сталыя ўдзельнікі рынку яшчэ не навучыліся адэкватна іх ацэньваць.
І трэцяя прычына – у ацэнцы рынку трэба кіравацца рэальнымі крытэрамі, а не міфамі. А ў мяне пасля кантактаў з чальцамі ўрадаў шмат якіх постсавецкіх краінаў ёсць уражанне, што гэтыя міфы дагэтуль жывыя.
Чаму цэны абваліліся не тры гады таму?
На гэтым графіку бачна, што ЗША ў мінулым годзе сталі лідарам па здабычы нафты ў свеце. Што важна – рост здабычы пачаўся не ў мінулым годзе. Рэвалюцыя сланцавай нафты адбылася раней.
Нягледзячы на рост здабычы нафты ў ЗША, назіраць за дынамікай росту коштаў на нафту было дзіўна. Цана і валацільнасць былі стабільнымі. Чаму так адбылося?
Проста выпадкова атрымалася, што за апошнія тры з паловай гады, рост здабычы нафты ў ЗША кампенсаваўся змяншэннем здабычы ў іншых краінах. Кошты маглі абваліцца раней, але магіі тут няма – гэта адбылося выпадкова. У 2014-ым гэты баланс парушыўся. З пункту гледжання попыту, нічога не змянілася. Змянілася прапанова.
Ці абавязкова цэны пры такой сітуацыі мусілі абваліцца? Не. Да лістапада 2014-га многія аналітыкі чакалі ад Саудаўскай Аравіі і краінаў АПЕК працягу традыцыйнай палітыкі рэгулявання коштаў шляхам змяншэння здабычы.
Як бачна, у 2012-м годзе, калі кошты на нафту ўпалі на $ 30, Саудаўская Аравія ў аднабаковым парадку скараціла здабычу на мільён барэляў у суткі. Гэта дазволіла збалансаваць рынак і стабілізаваць цэны на нафту. Тэарэтычна такая магчымасць была і ў лістападзе 2014-га, але краіны-гандляры пайшлі іншым шляхам і абралі захаванне нішы на рынку ды нават павялічылі колькасць здабычы нафты. Усе дзяржавы АПЕК пачалі здабываць яшчэ на мільён барэляў у дзень больш.
Здавалася, што гэта ірацыянальнае рашэнне. Да апошняга лічылася, што рынак нафты нізкаэластычны з пункту гледжання попыту па кошце. У кароткатэрміновай перспектыве для захавання экспартных прыбыткаў Саудаўскай Аравіі было прасцей скараціць здабычу і захаваць кошты на ўзроўні блізкім да $ 100. Але варта разумець – рашэнне нарошчваць аб’ёмы не было выпадковым. Справа ў тым, што, па маіх падліках, стратэгія скарачэння прывяла б да неабходнасці скарачаць здабычу з кожным годам і ўжо праз чатыры гады гэта было б менш выгадным.
Калі краіны не змяншаюць здабычу нафты, а Зямля не экспартуе яе на іншыя планеты, нафту трэба дзесьці захоўваць. Іншага месца, апроч сховішчаў нафты, няма.
Рэвалюцыя, якую мы прапусцілі
На гэтым графіку бачны рост запасаў нафты ў развітых краінах. Гэта рэкордны ўзровень. Зразумела, што нафтасховішчы маюць фізічныя абмежаванні. І калі вы дасягаеце мяжы, нешта будзе адбывацца з рынкам нафты.
Гэта нешта, як правіла, звязана з цаной.
У правай частцы слайда можна назіраць тое, як агенты рынку дагэтуль не ў стане адэкватна рэагаваць на змены. Цэны падалі з лістапада 2014-га, а ў сакавіку пачалі расці. Гэта адбылося таму, што рынак чакаў традыцыйнасці – змяншэнне колькасці буравых установак у ЗША павінна было зменшыць здабычу нафты.
Магло падавацца, што Саудаўская Аравія дамагаецца сваёй мэты: рынак у ЗША змяншаецца, цэны стабілізуюцца. Але як бачна, здабыча не змяншалася прапарцыйна змяшэнню колькасці ўстановак. І вось гэтая дынаміка на графіку – гэта тое, што будзе ўплываць на цэны на рынку. Калі АПЕК прымаў рашэнне аб павелічэнні здабычы, здавалася, сярод іншага, што гэта робіцца для таго, каб выціснуць з рынку дарагіх пастаўшчыкоў. Мелася на ўвазе сланцавая нафта з ЗША. Лічылася, што самаакупнасць здабычы знаходзіцца на ўзроўні $ 80-85, і калі кошты ўпадуць ніжэй, то рынак сланцавай нафты ў Злучаных Штатах разваліцца.
Але гэтая ацэнка аказалася няправільнай. Справа ў тым, што здабыццё сланцавай нафты – гэта і ёсць рэвалюцыя, якая змяняе нашыя традыцыйная ўяўленні.
І перадусім гэта рэвалюцыя тэхнічная. І многія людзі пабачылі, што нават пры цане ў $ 45 здабыча сланцавай нафты крыху скарацілася, але знаходзіцца на вышэйшым узроўні, чым у мінулым годзе.
І самае важныя – памеры гэтага супрацьстаяння рынкавай цаны і сабекошту здабычы застаюцца дагэтуль невядомымі. Людзі звычайна цяжка ўспрымаюць далягляды тэхнічных інавацый. Усё, што мы можам сказаць на сёння, – прадукцыйнасць здабычы нафты ў ЗША з 2007-га вырасла ў сем разоў.
І пакуль гэтая лінія накіраваная ўгару. І кожны тыдзень адбываюцца змены, якія змяншаюць сабекошт здабычы. І паколькі гэтыя змены адбываюцца на рынку ЗША, гэта будзе пытанне здабытчыкаў сланцавай нафты – якая цана на рынку іх задаволіць.
На рынку засталіся эфектыўныя кампаніі – тое змяншэнне колькасці ўстановак азначала сыход кампаній з нізкаэфектыўнай вытворчасцю. Але з пункту гледжання сусветнага рынку важна тое, што гэтыя кампаніі могуць стаць яшчэ больш эфектыўнымі.
Сабекошт можа змяншацца за кошт тэхналогій і агульнай тэндэнцыі на змяншэнне капітальных выдаткаў. Гэта ўсё стварае сітуацыю, калі сусветны рынак, па вялікім рахунку, яшчэ не разумее, як ацэньваць гэтыя змены на рынку ЗША.
Можна падлічыць, што пры захаванні цяперашняй цаны ў раёне $ 50 рынак збалансуецца толькі ў трэцім квартале 2016-га года. Да гэтага часу, нягледзячы на рост попыту, прапанова ўсё адно будзе павялічвацца, перадусім з прычыны запасаў нафты, якія павялічыліся.
Таму ў бліжэйшыя месяцы можна чакаць новых зменаў у цэнах на нафту і не выключана, што яны будуць ніжэйшымі за цяперашні ўзровень.
Калі глядзець на больш доўгую перспектыву, то варта разумець: тое, што адбываецца сёння з інвестыцыямі на рынку, закладае больш высокія цэны на нафту праз 5-7 гадоў. Большая частка рынку па-ранейшаму застаецца традыцыйнай, а там паміж інвестыцыяй і выхадам прадукту на рынак праходзіць менавіта столькі часу. Напрыклад, у гэтым годзе інвестыцыйныя кампаніі скарацілі ўкладанні ў галіну на 20 %, а гэта значыць, што праз 5-7 год на рынак выйдзе менш нафты і кошты будуць расці.
Таму сёння дзве рэчы вызначаюць магчымыя змены – мяжа тэхналагічнай рэвалюцыі і плацежны баланс Саудаўскай Аравіі. Сёння праблемы нарастаюць, таму не выключана, што ўлады Саудаўскай Аравіі зменяць рашэнне. Сёння яны маюць рэзервы на 5-6 год.
Сінхранізацыя рынкаў і яшчэ адна старая рэвалюцыя
Газ – таксама важны для нашай часткі свету. Згодна з прагнозам BP да 2035 года, чакаецца, што здабыча газу будзе расці найхутчэй у параўнанні з іншымі відамі паліва.
Яшчэ да таго, як у ЗША адбылася рэвалюцыя сланцавай нафты, тут адбылася рэвалюцыя сланцавага газу. ЗША ўжо ў хуткім часе з імпарцёра прыроднага газу ператворацца ў экспарцёра. Гэта будзе змяняць сітуацыю на рынку вельмі істотна.
На рынку з’яўляецца новы буйны гулец і гэта не можа не ўплываць на канкурэнцыю. Другая рэвалюцыйная змена на рынку – рост колькасці звадкаванага газу, які цягам наступных дзесяці гадоў падвоіцца. Гэта важна таму, што традыцыйна былі тры рынкі спажывання газу – Еўропа разам з СНД, ЗША і Ціхаатлантычны рэгіён. Кошты былі рознымі, але цяпер рэгіянальныя рынкі сінхранізуюцца хутчэй. І нягледзячы на тое, што сланцавы газ на рынак у Еўропу яшчэ не пастаўляецца, змянілася структура амерыканскага рынку, з-за якой Расія ўжо пачала скарачаць здабычу.
Як? Газ пачаў выціскаць вугаль з рынку ЗША, і гэты вугаль выйшаў на еўрапейскі рынак, дзе ён знізіў кошты на газ і, між іншага, зменшыў рынак газу. І варта разумець, што ў будучыні на рынак Еўропы можна прыйсці яшчэ і звадкаваны газ з ЗША.
Таму закрываць вочы на рэвалюцыйныя змены нельга. У нашых краінах вельмі доўга закрывалі на гэта вочы, думаючы, што гэта піяр, рэкламны ход. Але аказалася, што гэта была памылка.