падтрымаць нас

Палітыка

Ці патрэбная шатландцам незалежнасць?

Ці патрэбная шатландцам незалежнасць?
Шатландцы ўзважваюць кошты і карысці выйсця з Аб’яднанага каралеўства. І першыя, і другія выглядаюць агромністымі.

Нацыяналізм ажывае ў Еўропе. Каталонцы змагаюцца за права правесці рэферэндум аб незалежнасці, які канстытуцыйны суд ужо прызнаў неправамерным. Прачнулася Венецыя, дзе мясцовыя ўлады абмяркоўваюць законапраект аб рэферэндуме. Скрайнеправыя атрымалі вялікую падтрымку на выбарах у Еўрапарламент, а Віктар Орбан замацаваўся на пасадзе прэм’ера Вугоршчыны. У такой сітуацыі заклікі прэм’ера Шатландыі распачаць «новую эру нацыі» і прагаласаваць за незалежнасць Шатландыі на рэферэндуме 18 верасня выглядаюць натуральнымі.

Толькі незалежнасць паставіць інтарэсы Шатландыі перадусім

У Шатландскім парламенце, які аднавіў сваё існаванне ў 1999 годзе, мясцовыя нацыяналісты перамаглі ўжо ў 2007 г. Пасля выбараў 2011 году, аб’яднаўшыся ў кааліцыю з Партыяй зялёных, яны атрымалі парламенцкую большасць і паабяцалі правесці рэферэндум адносна незалежнасці краіны.

Аднак, лёс кампаніі за незалежнасць (Yes Scotland) шмат у чым абумовіла выпадковасць. Адныя з самых старых чальцоў Шатландскай нацыянальнай партыі Колін і Крыс Вэйры выйгралі ў 2011 годзе $ 271  млн. у латарэю EuroMillions. Пасля такога шчасця яны ахвяравалі $ 1,6 млн. самой партыі і яшчэ амаль $ 6 млн. перадалі кампаніі за аддзяленне ад Брытаніі. Гэта выратавала нацыяналістаў, бо агулам яны назбіралі толькі $ 7,3 млн., а кампанія апанентаў Better Together нават без вялікіх ахвяраванняў сабрала больш за $ 6,6 млн.

Акрамя такога нечаканага павароту, спрыяе правядзенню рэферэндуму і агульнапалітычная сітуацыя ў Каралеўстве. Сёння Вялікай Брытаніяй кіруюць кансерватары, якіх шатландцы не любяць больш за ўсіх. На карысць нацыяналістаў грае і дзяржаўная эканамічная палітыка, якая выклікае яшчэ больш негатыўнае стаўленне да існых уладаў. І гэта пры тым, што ў свеце захоўваюцца даволі высокія кошты на нафту і газ, а менавіта гэтых рэсурсаў багата ў Шатландыі. У выніку шмат у якіх шатландцаў ствараецца ўражанне, што гэта яны кормяць астатнюю Брытанію.

Дэбаты пра размеркаванне нафтадолараў фармуюць усю кампанію аддзялення. Аб гэтым сведчаць і апытанні, дзе выбарнікі паведаляюць, што менавіта сфера эканомікі цікавіць іх у першую чаргу. Усведамляючы гэта нацыяналісты робяць ухіл на эканамічны складнік. Яны сцвярджаюць, што на працягу апошніх 32 гадоў Шатландыя давала больш падаткаў з грамадзяніна, чым любы іншы рэгіён Злучанага каралеўства. А незалежнасць папоўніць бюджэт краіны на дадатковыя $ 10 млрд, якія раней ішлі ў Лондан.

Гэтыя грошы ўлады збіраюцца накіраваць на стварэнне больш справядлівага грамадства. Нацыяналісты плануюць адмяніць частку падаткаў, падвысіць пенсіі і выплаты пры нараджэнні дзяцей. Яны дэкларуюць стварэнне новых працоўных месцаў, падтрыманне ўніверсітэтаў і вывядзенне ядравай зброі з тэрыторыі краіны.

Сапраўды, калі паглядзець, то ўжо цяпер у разліку ВУП на чалавека Шатландыя саступае толькі Лондану і паўднёваму ўсходу краіны. А магчымая сталіца Эдынбург разам з нафтаваю сталіцаю Абэрдынам ‑ нешматлікія гарады краіны, дзе апошнія некалькі гадоў стабільна павышаецца ўзровень заробкаў.

Эфект аддзялення балюча адгукнецца ў эканоміцы краіны

Аднак пры больш глыбокiм разглядзе сiтуацыя выглядае не так сонечна. Дэфіцыт бюджэту Шатландыі ў апошнія гады без уліку нафты складаў 11% ВУП. Гэта самы вялікі паказнік у Еўропе, які апярэджвае нават Грэцыю і Іспанію. Такім чынам усе прыбыткі ад нафты пойдуць на пакрыццё бюджэтных дзірак. Сітуацыя ўскладняецца тым, што апошнія пяць год памер рэнты ад нафты паменшыўся амаль у два разы і працягвае зніжацца. Калі такая дынаміка захаваецца, то ў 2017 Шатландыя атрымае толькі $ 5,6 млрд. нафтавых падаткаў.

З аддзяленнем адразу ўзнікне пытанне доўгу краіны, які Шатландыі дастанецца ад Злучанага Каралеўства. Сёння дзяржаўны доўг Вялікай Брытаніі складае амаль $ 3 трлн. Гэтае пытанне яшчэ будзе вельмі горача абмяркоўвацца ў выпадку аддзялення, але звычайна ў такіх сітуацыях памер дзяржаўнага доўгу разлічваецца ў адпаведнасці з доляю насельніцтва. Такім чынам Шатландыя атрымае ў спадчыну ад Брытаніі каля $ 237 млрд., з якіх амаль $ 40 млрд. трэба будзе выплаціць ужо ў першы год.

Гэткія ж праблемы чакаюць новую краіну і ў галіне гандлю. З аддзяленнем краіна адразу выйдзе з Еўрапейскага Саюзу, а значыць згубіць гандлёвыя прэферэнцыі. Нягледзячы на заявы нацыяналістаў, што «Англія, Уэльс і Паўночная Ірландыя заўсёды будуць нашаю сям’ёю» відавочна, што захаваць існыя памеры гандлю не атрымаецца. Сёння больш за палову экспарту Шатландыі ідзе ў Злучанае Каралеўства, што падтрымлівае мільён працоўных месцаў. Гэта вельмі істотны адсотак для пяцімільённай краіны, дзе змяншацца колькасць працаздольнага насельніцтва, расце доля пенсіянераў, а прадукцыйнасць працы на 11% ніжэй за сярэдні паказнік у Вялікай Брытаніі.

Вярнуцца ў ЕС таксама будзе не проста. Барозу запэўніў, што паважае любы выбар Шатландыі, але папярэдзіў, што далучэнне да Еўрапейскага Саюзу вельмі праблематычнае. Для гэтага краіне неабходна будзе атрымаць згоду кожнага чальца ЕС. Ці падтрымае шатландцаў Іспанія, у якой хутка можа ўзнікнуць падобная сітуацыя, застаецца адкрытым пытаннем.

Нягледзячы на вонкавае падабенства, Шатландыя не здолее пераўтварыцца ў квітнеючую Нарвегію. Пасля вельмі кароткага ўздыму краіну можа чакаць сур’ёзны эканамічны заняпад. Але пры любым выніку рэферэндуму абвастрэнне пытання незалежнасцi ўзмацнiць пазiцыi шатландскiх палiтыкаў. Гэтак iм будзе значна прасцей выгандляваць у Лондана дадатковыя прэференцыi i пашырэнне аўтаномii.