Калі Беларусь выйдзе з эканамічнага крызісу
Цяпер пытанне ў тым, наколькі хутка беларуская эканоміка зможа пераналадзіцца на іншыя рынкі і наколькі хутка расійскі ды ўкраінскі рынкі змогуць ажывіцца. Наконт апошняга ў мяне вялікі скепсіс. Пакуль не праглядаецца ніякіх умоваў, каб расійская эканоміка альбо ўкраінская пачалі расці. Ці зможа беларуская эканоміка перабудавацца на іншыя рынкі? Давайце глядзець.
Беларуская эканоміка складаецца з дзвюх частак: гэта прыватны сектар – даволі дынамічны ды цікавы, а таксама дзяржаўны – постсацыялістычны. Вялікае пытанне выклікае перабудова гэтага сектара, які знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем.
Там мала матывацыі і мала кваліфікаваных менеджараў – ім даволі складана перабудоўвацца, хоць урад шмат робіць дзеля пошуку новых рынкаў для гэтых кампаніяў.
Але некаторыя з іх ужо проста неканкурэнтаздольныя.
А шматлікія прыватныя кампаніі пачынаюць разведваць шляхі выйсця з крызісу, шукаючы новыя рынкі, хэджаванне ад сітуацыі падзення валютных курсаў альбо новыя сегменты на старых рынках.
На вялікі жаль, беларуская дзяржава не стварае інфраструктуру падтрымкі экспарту ў іншыя краіны. Існуе шэраг інструментаў, якія стымулююць экспарт. Напрыклад, экспартныя банкі, калі крэдыт атрымлівае не беларуская кампанія, а замежная, якая набывае беларускую прадукцыю.
Таму ўсё знаходзіцца ў такім даволі жорсткім свабодным рынку і некаторыя кампаніі з гэтым справяцца з той прычыны, што беларускае мысленне наладжанае на долары, а не рублі, і беларусы ведаюць, што заўтра крызіс і трэба да яго рыхтавацца.
Як хутка мы выйдзем з крызісу? Мне тут цяжка прагназаваць: прыватны сектар перабудуецца цягам двух гадоў, а дзяржаўны – гэта будзе залежаць ад палітыкі дзяржавы.
Пра трансфармацыю эканомікі
У 90-ых была памылковая канцэпцыя, як трансфармаваць сацыялістычную эканоміку, якая прадугледжвала дзве рэчы. Па-першае, патрэбна прыватызаваць дзяржаўныя кампаніі, бо яны дрэнна працуюць – каб яны пачалі добра працаваць, трэба змяніць кіраванне. Па-другое, меркавалася, што трэба зняць бар’еры ў развіцці бізнесу і ўсё адбудзецца аўтаматычна.
Я думаю, што гэта было даволі наіўнае ўяўленне. Сацыялістычныя прадпрыемствы дрэнна працавалі, бо яны былі зробленыя для таго, каб дрэнна працаваць, таму змена менеджменту не заўсёды дапамагае.
І мы бачым, што сёння найбольш эфектыўнымі постсацыялістычнымі эканомікамі з’яўляюцца тыя краіны, напрыклад, Польшча і Эстонія, дзе ў ВУП высокая доля новага прыватнага сектара, а не прыватызаванага сектара. Адносна другой парадыгмы, зняцця бар’ераў, – гэта, безумоўна, вельмі важна, і Беларусь дасягнула тут вялікіх поспехаў. Мы – 44-ыя сёлета ў Doing business. Але гэтага недастаткова, патрэбныя яшчэ дзве рэчы.
Па-першае, трэба, каб было што канвертаваць у прадпрымальніцкую дзейнасць. Патрэбныя навуковыя даследаванні, каб ствараць сучасныя прадпрыемствы, а не толькі сектар абслугоўвання ўнутранага рынку, таму што менавіта экспартаарыентаваныя прадпрыемствы для нас будуць лакаматывамі развіцця.
Дзеля гэтага трэба генераваць большыя інвестыцыі дзяржавы ў адукацыю і навуку – калі гэтага няма, то працэс заглухне.
Тое, што было зроблена ў Савецкім Саюзе, вычэрпваецца, і патрэбныя новыя штуршкі.
Па-другое, на пэўным узроўні вельмі важным элементам становіцца здольнасць бізнесу да супрацы паміж сабой дзеля стварэння асацыяцыяў, арганізацыі супольных дзеянняў, у фармаванні кластараў у эканоміцы, то бок у забеспячэнні галінаў інфармацыяй, сумеснай працай ў дачыненні да дзяржавы.
Сацыялізм забівае такія здольнасці, бо ў сацыялізме і КДБ, і “Штазі” хутка вучылі, што любая несанкцыянаваная актыўнасць з’яўляецца апазіцыйнай дзейнасцю. Мы не ўмеем дзейнічаць супольна. Таму зняцце бар’ераў – важная рэч, але недастатковая. Пасля таго, як мы знізілі бар’еры, неабходны наступны набор дзеянняў, які б стымуляваў развіццё прыватнага сектара.
Пра свой шлях Беларусі
Ніводная краіна не можа быць прыкладам для Беларусі, бо трэба знаходзіць уласныя рашэнні ў сваёй краіне для ўласнага народа. Гэта, як у асабістым жыцці, – вы можаце мець нейкія ідэалы, але гэта вашае жыццё, вашае асяроддзе і вашая сітуацыя. Трэба шукаць уласнае развязанне.
Ні ў бізнесе, ні ў палітыцы не існуе “таблетак ад смерці”. Калі ў кагосьці нешта некалі добра атрымалася, гэта не азначае, што, калі вы будзеце рабіць гэтаксама, то ў вас добра атрымаецца.
Таму поспех можна знайсці толькі тады, калі ты шукаеш уласнае рашэнне ў межах тых рэсурсаў, якія табе даступныя, і тых сацыяльных, палітычных і эканамічных абмежаванняў, якія ёсць. Гэта заўсёды індывідуальная задача.
Жыццё змяняецца, умовы змяняюцца. А мы будзем прапаноўваць рашэнне, якое з 60-ых ці з 70-ых? Гэта з мінулага, а мінулае прайшло, яно не існуе.
Трэба ствараць будучыню тут, а будучыня – гэта тваё асабістае вырашэнне тваіх асабістых праблем.
Мы маем уласную траекторыю развіцця – так гістарычна выйшла, і гэта дадзенасць.
Мяне больш за ўсё раздражняе пазіцыя, маўляў, у гэтай краіне нічога немагчыма зрабіць. Чаму? Мы рабілі канферэнцыю па краўд-эканоміцы. Краўд-эканоміка – гэта калі людзі самі, без дзяржавы, вырашаюць свае праблемы. Я апублікаваў пост у “Фэйсбуку”, што будзе такая канферэнцыя, і атрымаў зусім нечаканыя адказы: што ў гэтай краіне магчыма зрабіць?
Мы не верым у сваю краіну, мы дагэтуль у “саўку”, сядзім на кухні і кажам: усё лайно, мы нічога не можам зрабіць. Хто сказаў? Паспрабуйце.
Важна шукаць рашэнні, апіраючыся на любоў да сваёй краіны, на адданасць уласнай зямлі і на разуменне адказнасці перад сваёй краінай. Я думаю, што калі ты любіш краіну, і ты ліберал, то ты павінен любіць тую камуністычную бабулю, якая цябе ненавідзіць, бо гэта ўсё ж твая краіна.