падтрымаць нас

Палітыка·Эканоміка/Бізнес

Марэк Дамброўскі тлумачыць, чаму эканамічныя рэформы патрабуюць дэмакратыі

Марэк Дамброўскі тлумачыць, чаму эканамічныя рэформы патрабуюць  дэмакратыі
Польскі рэфарматар і міжнародны эканамічны дарадца кажа, што прарынкавы аўтарытарызм – гэта міф. У практыцы эканамічныя рэформы найлепш праходзяць ва ўмовах дэмакратыі.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў спалучэння ліберальнай эканомікі і недэмакратычных рэжымаў. Перадусім гэта датычыць часоў ранняга капіталізму, кіравання Піначэта ў Чылі, азіяцкіх краінаў як Кітай, В’етнам, Сінгапур ці нават Казахстан.

Аднак супастаўленне Індэксу эканамічнай свабоды Heritage Foundation і Індэксу свабоды ў свеце Freedom Housе яскрава паказвае, што ў сённяшнім свеце існуе ўзаемасувязь паміж палітычнымі і эканамічнымі свабодамі. (Хоць і існуюць адхіленні ў выглядзе недэмакратычнага Сінгапуру з рынкавай эканомікай або дэмакратычнай Аргентыны з папулісцкай эканамічнай палітыкай). 

Калі абмежавацца толькі постсавецкім і ўсходнееўрапейскімі рэгіёнамі, то карэляцыя паміж рынкам і дэмакратыяй будзе яшчэ больш заўважнай. Як бачна на інфаграфіцы: чым большай будзе эканамічная свабода, тым вышэй будзе і палітычная – і наадварот.

Дзяржавы ў левым верхнім вугле (як Эстонія ці Чэхія) хутка прынялі дэмакратычную мадэль і дасягнулі большых поспехаў у эканамічным рэфармаванні.

Але на прыкладзе такіх краінаў, як Беларусь ці Узбекістан, бачна, што аўтарытарызм нанёс вялікую шкоду эканамічным рэформам.

Сацыяльнай базай уладаў замест грамадства былі чыноўнікі, сілавікі і “чырвоныя” дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэтыя групы кансалідаваліся, замарожвалі палітычныя працэсы ў краіне, што часта прыводзіла да ізаляцыі на міжнароднай арэне.

Аўтарытарныя постсавецкія дзяржавы ўсё болей умешваліся ў рынкавыя працэсы, паразітавалі на бізнесе і з цягам часу якасць прапанаваных асноўных публічных дабротаў пагаршалася. Гэта сведчыць, што правядзенне эканамічных рэформаў у постсацыялістычных краінах нашага рэгіёна патрабуе дэмакратыі.

Якім чынам адыход ад аўтарытарнай мадэлі дапамагае развіццю рынкавай эканомікі?

  • Паўстае сістэма стрымлівання і супрацьвагі (парламент і суд кантралююць выканаўчую ўладу);
  • Грамадскі кантроль з боку медыяў і грамадзянскай супольнасці спрыяе барацьбе супраць карупцыі і захопу ўлады лабісцкімі групамі;
  • Адбываецца ратацыя палітычных элітаў;
  • Грамадскія свабоды спрыяюць эканамічным;
  • Дэмакратычная легітымнасць аблягчае правядзенне цяжкіх эканамічных рэформаў.

Нягледзячы на тое, што эканамічныя рэформы і дэмакратыя дапамагаюць адно аднаму, спалучэнне рынку і аўтарытарызму магчымае. Аднак патэнцыял такой мадэлі выглядае абмежаваным.

Паводле першага сцэнара, недэмакратычныя ўлады прывядуць да абмежавання эканамічных свабодаў – такім чынам развіваліся падзеі ў Расіі пасля 2003-га года. Такія ж краіны, як Казахстан ці Азербайджан, паказваюць, што існуюць межы эканамічнага рэфармавання пры адсутнасці дэмакратыі.

Аўтарытарныя рэжымы не ў стане пайсці на глыбокія інстытуцыйныя змены – напрыклад, на судовую ці праваахоўную рэформы.

Існуе і другі сцэнар, калі свабодны рынак будзе вымушаць улады дэмакратызаваць палітычную прастору. Праз рынак расце запатрабаванне на вяршэнства права, якім аўтарытарызм звычайна грэбуе. Штораз большы сярэдні клас дзякуючы дабрабыту становіцца незалежным ад дзяржаўнага апарату і ў стане ад яго болей вымагаць.

Таму рынак і аўтарытарызм, хоць і могуць часова спалучацца, насамрэч з’яўляюцца хутчэй адзін аднаму ворагамі, чым сябрамі.

А для сапраўдных эканамічных рэформаў патрэбная дэмакратыя.

Даведка: Марэк Дамброўскі – сузаснавальнік і былы кіраўнік даследчага інстытута CASE. Ён з’яўляецца прафесарам Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве і даследчыкам у найбуйнейшым эканамічным аналітычным цэнтры Еўропы Bruegel. Марэк Дамброўскі быў першым намеснікам міністра фінансаў Польшчы Лешка Бальцэровіча ў 1989-1990 гадах і выконваў функцыі дарадцы ў правядзенні эканамічных рэформаў у больш чым 20 краінах.