• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці вартая адукацыя грошай?

    Пакуль беларускія студэнты прагульваюць пары, амерыканцы робяць бухгалтэрыю сваёй адукацыі. Няправільны выбар навучання можа зрабіць выпускніка даўжніком на ўсё жыццё. 

     
    Амерыканская вышэйшая адукацыя гэта не той рай на зямлі, пра які мрояць многія людзі. Навучанне ва ўніверсітэце з’яўляецца другой прыступкай да амерыканскай мары, але дазволіць сабе гэта могуць далёка не ўсе. The Economist тлумачыць, чаму многія спецыяльнасці гэта марнаванне грошай.

    Выпускнікі ўніверсітэтаў ва ўзросце ад 25 да 32 гадоў, якія працуюць поўны дзень, зарабляюць прыкладна на $17 500 штогод больш, чым іх аднагодкі з дыпломам сярэдняй школы. Калі ж улічваць кошт адукацыі, то вынік будзе зусім іншы. За чатыры гады навучання можна заплаціць ажно $240 000, таму пасля заканчэння ўніверсітэту многія выпускнікі апынаюцца ў горшым фінансавым становішчы, чым калі б яны пачалі працаваць у 18 год.

    Натуральна, што прыбытак адрозніваецца ў залежнасці ад абранай спецыяльнасці. Інжынер-выпускнік добрага універсітэту пасля 20 гадоў працы можа разлічваць на прыбытак на амаль $1,1 млн большы, чым той, хто ніколі не трапіў ва ўніверсітэт. Аднак са 153 кірункаў гуманітарных факультэтаў у 46 выпадках прыбытак з інвестыцыі ў адукацыю горшы, чым калі б гэтыя грошы былі інвеставаныя ў 20-гадовыя казначэйскія аблігацыі. У 18 выпадках прыбытак праз 20 год усё яшчэ меншы за нуль.

    Кошт навучання ва ўніверсітэце ў ЗША вырас амаль у пяць разоў хутчэй, чым ўзровень інфляцыі з 1983 года. Студэнцкі доўг сёння можа быць настолькі вялікім, што спыняе многіх ад таго, каб набыць дом, пачаць бізнес альбо завесці дзяцей. 15% пазычальнікаў пасля таго, як яны пачынаюць выплочваць крэдыт праз тры гады дэкларуюць дэфолт. Студэнцкія пазыкі ў ЗША складаюць $1,1 трлн – больш, чым пазыкі па ўсіх крэдытных картах Злучаных Штатаў.

    Таму, нягледзячы на часам дастаткова вялікую фінансавую падтрымку з боку ўніверсітэту для самых разумных, міраж амерыканскай мары ўжо менш актуальны. Пры паступленні неабходна аб’ектыўна ўзважваць прыбытак бацькоў, рэйтынг універсітэту, кошт адукацыі, абраны кірунак і развіццё рынку.

    Белы дом спрабуе знізіць кошт адукацыі. У мінулым годзе сайт адміністрацыі Барака Абамы апублікаваў спіс паказнікаў каледжаў “College Scorecard”. Дэталёвы аналітычны партал дапаможа аб’ектыўна ацаніць, ці варты універсітэт і спецыфічная праграма навучання вашых інвестыцый. Партал змяшчае інфармацыю пра кошт навучання, пазыкі і іншыя фінансавыя дэталі курсу ў любым універсітэце ЗША. Акрамя гэтага, у будучыні ўніверсітэты павінны будуць  публікаваць заробкі іх выпускнікоў.

    Беларуская платная адукацыя: яна таго вартая?

    Больш за ўсё ў БДУ каштуе навучанне па спецыяльнасці “міжнароднае права” на факультэце міжнародных адносін, а таксама “правазнаўства” і “эканамічнае права” на юрыдычным факультэце – 17,94 млн рублёў за год. Адпаведна, гэтыя прафесіі лічацца самымі перспектыўнымі. Кошт навучання ў аспірантуры – 51,5 млн б.р. ($5200), завочнай аспірантуры – 10,4 млн б.р. ($1100). Але ці ёсць магчымасць гэта адэкватна ацаніць? БДУ не падае ніякай статыстыкі працаўладкавання сваіх выпускнікоў і не робіць прагнозаў рынку.

    Нягледзячы на тое, што абсалютныя кошты адукацыі ў ЗША непараўнальна вышэйшыя за беларускія, варта паглядзець на адносныя лічбы. Сярэдні кошт адукацыі ў беларускім універсітэце адносна сярэдняга заробку за год займае прыкладна такую ж частку бюджэту, як і амерыканскі ўніверсітэт.

    Менавіта таму беларускім універсітэтам варта цікавіцца лёсам сваіх выпускнікоў па-за межамі прымусовага размеркавання і вызначаць прафесіі, у якіх знаходзяць сябе маладыя спецыялісты. Паколькі непасрэдна па прафесіі ў Беларусі працуюць амаль адзінкі, беларускім універсітэтам трэба было б пераасэнсаваць палітыку прапановы спецыяльнасцяў.

    Варта задумацца пра стварэнне аналітычнага цэнтру дапамогі па працаўладкаванні для выпускнікоў, дзе таксама маглі б параіць, ці варта абіраць тую ці іншую спецыяльнасць, яе перспектыўнасць, а таксама тэндэнцыі рынку. Сёння гэта часта існуе ў састарэлай форме сеансаў прафесійнай арыентацыі. Калі БДУ жадае выпускаць сусветна канкурэнтаздольных выпускнікоў, варта пачаць надаваць больш увагі патрэбнасцям і тэндэнцыям рынку і своечасова адаптоўваць праграму навучання.

    ПаказацьСхаваць каментары