падтрымаць нас

Палітыка

Навошта Кітай масава садзіць чыноўнікаў

Навошта Кітай масава садзіць чыноўнікаў
Камуністычныя ўлады Кітая пакаралі ўжо 100 тысяч хабарнікаў, але справа не толькі ў карупцыі.

Самы вядомы карупцыянер Паднябеснай Чжоў Юнкан і яшчэ 300 яго памагатых, якія разам маглі скрасці да $ 15 млрд., трапілі ў турму ў 2014-ым годзе. Раней Чжоў Юнкан трымаў пад кантролем паліцыю і суды Кітая. Цяпер за хабарніцтва, сувязі з прастытуткамі і разгалашэнне дзяржаўных сакрэтаў яму пагражае расстрэл.

Акрамя Чжоў Юнкана, яшчэ каля 700 вядомых чальцоў кіроўнай у Кітаі Камуністычнай партыі страцілі свае пасады. Такія вынікі дае антыкарупцыйная кампанія, якую ў канцы 2012-га пачаў новы лідар Кампартыі Паднябеснай Сі Цзіньпін. За гэты час улады правялі каля 80 тыс. расследаванняў.

xijinping_tiger-flies_adolfo-arranz

Буйных партыйных чыноўнікаў у Кітаі называюць “тыграмі”, а дробных – “мухамі”. На карыкатуры Адольфа Аранса лідар Кампартыі Кітая супрацьстаіць і тым, і другім.

Нярэдка абвінавачаны яшчэ да суда сканчае жыццё самагубствам. Гэтак ён ратуе сям’ю ад ганьбы і не выдае іншых партыйцаў, замешаных у справе. У 2014-ым афіцыйная кітайская прэса паведаміла аб прыкладна 50 такіх суіцыдах.

Хабарніцтва і казнакрадства – не навіна для Кітая і наогул для любой краіны, дзе няма апазіцыі і незалежных медыяў. У Кітаі, каб весці бізнес, паступіць ва ўніверсітэт або пераехаць з вёскі ў горад, трэба дамаўляцца з партыйнымі чыноўнікамі. Цягам 2000-ых гадоў Кітай быў больш карумпаваным, чым 60-70% іншых краін свету. Так сцвярджаюць індэксы Worldwide Governance Indicators, якія складаюць адмыслоўцы звязаныя з Сусветным банкам і Brookings Institution.

Менш карупцыі – больш народнай падтрымкі і асабістай улады

Але калі карупцыя ў Кітаі нікога не здзіўляе, то чаму менавіта цяпер Сі Цзіньпінь гэтак заўзята за яе ўзяўся?

Па-першае, паляванне на хабарнікаў можа дапамагчы Кампартыі адцягнуць увагу ад таго, што развіццё Паднябеснай замаруджваецца. Амаль 20 гадоў эканамічны рост у ёй вымяраўся двухзначнымі лічбамі. Але ў 2015-ым годзе, як прагназуе Сусветны банк, ВУП Кітая вырасце толькі на 6-7%. А брытанскае даследчае агенцтва Capital Economics пасля вывучэння спадарожнікавых фатаграфій кітайскіх партоў заявіла, што ўжо ў 2014-ым эканамічны рост краіны запаволіўся да 5,7%.

china_rural_poverty

Большасць кітайцаў жыве адносна бедна, асабліва сяляне. ВУП на душу насельніцтва, згодна з дадзенымі МВФ за 2014 год, – $ 7 589

Велізарныя эканамічныя поспехі з’яўляюцца галоўным апірышчам цяперашняга кітайскага рэжыму. Ідэалогія камунізму, роўнасці і братэрства ўжо нікога не натхняе. Затое кітайскія законы абараняюць прыватную маёмасць. Яшчэ 30 гадоў таму, у пачатку кітайскіх рынкавых рэформаў, іх ідэолаг Дэн Сяопін казаў, што багацце – вартае павагі.

Кіроўныя колы Кітая не могуць забяспечыць хуткі рост дабрабыту. Аднак праз антыкарупцыйную кампанію Кампартыя паказвае, што яна яшчэ здольная справядліва размеркаваць багацце паміж кітайцамі. І пытанне сумленнасці чыноўнікаў насамрэч хвалюе насельніцтва. Гэтак у 2006-ым Акадэмія сацыяльных навук Кітая прызнала, што ў краіне штогод праходзяць да 90 тыс. масавых пратэстаў, большая частка якіх выкліканая хабарніцтвам чыноўнікаў у рэгіёнах і раскраданнем уласнасці.

Другая версія таго, што адбываецца, звязаная з разборкамі ўнутры партыйнай эліты Кітая і ўмацаваннем асабістай улады Сі Цзіньпіна. Эксперты кажуць, што карупцыйныя чысткі пакуль што сур’ёзна не закранулі “прынцаў”, дзяцей першага пакалення камуністаў, якія прыйшлі да ўлады разам з Мао Цзэдунам або падчас яго кіравання.

chinese_leader_header1

Бацька Сі Цзіньпіна быў адным з такіх паплечнікаў Мао і лічыўся прыхільнікам рынкавых рэформ у 80-ых гадах

Абапіраючыся на гэтую касту, Сі Цзіньпін мог пачаць антыкарупцыйную кампанію, каб стаць аднаасобным правадыром Камуністычнай партыі Кітая. Цяпер ён можа кантраляваць нязгодных чальцоў партыі, адпраўляючы іх у турму за хабар. Дарэчы, афіцыйная заява Вярхоўнага суда Кітая аб арышце Чжоў Юнкана кажа пра яго “пазапартыйную палітычную актыўнасць”. Гэта можна разглядаць як абвінавачванне ў падрыхтоўцы перавароту.

Беларусь і Кітай: падобныя праблемы – аднолькавыя вырашэнні?

З 10 па 12 мая Сі Цзіньпін прыляціць развіваць “стратэгічнае партнёрства” ў Мінск. У параўнанні з кітайскім лідарам кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сутыкнуўся з куды горшай эканамічнай сітуацыяй. Праўда, з-за баёў ва Украіне некаторыя беларусы аддаюць перавагу аўтарытарнай стабільнасці, забываючы пра тое, што ім абяцалі заробак у $ 1000. Але вайна ва Украіне заціхае, а жыць на штосьці трэба.

Таму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў цалкам лагічнымі выглядаюць гучныя антыкарупцыйныя справы накшталт арыштаў 19 працаўнікоў Ашмянскай мытні. Такім чынам рэжым дэманструе простым беларусам свой “клопат” і “чысціню”, а чыноўнікам і нязгодным – свой недатыкальны аўтарытэт.

Тым не менш, і беларускія, і кітайскія антыкарупцыйныя намаганні наўрад ці дадуць доўгатэрміновы эфект. Хутчэй за ўсё яны скончацца, як толькі будуць дасягнутыя канкрэтныя мэты ўладаў, якія хочуць узмацніцца. Ні беларускі, ні кітайскі рэжымы проста не могуць стварыць патрэбныя інстытуты (напрыклад, незалежны парламент) для сталага, а не разавага кантролю за карупцыянерамі. Акрамя таго, такія інстытуты могуць гарантаваць адкрыты судовы разбор у рэзанансных справах накшталт нядаўняга арышту Віктара Пракапені, знакамітага бізнесоўца, які стаяў ля вытокаў беларускага IT-сектара.

rchina_antigraft_skit

Актывісты ў Шэньчжэні высмейваюць прагнасць палітыкаў да грошай і сексуальных уцех. Праўда, такія флэш-мобы застаюцца небяспечнымі

Антыкарупцыйная ініцыятыва знізу ў закрытых краінах дагэтуль караецца, а не ўхваляецца. У 2014-ым за пратэсты супраць утойвання чыноўніцкіх прыбыткаў Кітай арыштаваў трох актывістаў руху “Новыя грамадзяне”. Два з іх атрымалі па 6,5 гадоў турмы, яшчэ адзін – у два разы меней.

Падобная рэакцыя зусім не дзіўная. Аўтарытарны рэжым існуе, пакуль прыдворная эліта, якая яго падтрымлівае, можа (амаль) беспакарана ўзбагачацца.