Свежае “Апытанне ЕС-28”, праведзенае Еўрапейскай радай па міжнародных дачыненнях (ЕРМД) сярод палітыкаў і экспертаў з усіх 28 краінаў ЕС, пралівае святло на ўзаемаадносіны паміж Францыяй і Нямеччынай у рамках Еўрапейскага саюзу.
Можна сказаць, што гэтыя краіны партнёрства маюць паміж сабой найбольш важнае двухбаковае партнёрства ўнутры ЕС і яны надалей належаць да ліку тых, хто найхутчэй рэагуе на розныя выклікі.
Апытанне паказвае, што дзяржавы-чальцы ўзаемадзейнічаць з Нямеччынай і Францыяй часцей, чым з якой-небудзь іншай еўрапейскай краінай, і ўспрымаюць іх як краіны, што маюць большы ўплыў ўнутры ЕС, чым любы іншы саюзнік.
Такія вынікі апытання наўрад ці каго-небудзь здзівяць, але цікава звярнуць увагу на тое, як Парыж і Берлін выкарыстоўваць свой індывідуальны і супольны ўплыў цяпер, калі напружанні ўнутры ЕС, як здаецца, дасягнулі беспрэцэдэнтна высокага ўзроўню. Апытанне дазваляе шмат чаго даведацца пра патэнцыял гэтых краінаў, каб дасягнуць большай лучнасці сярод іншых дзяржаваў-чальцоў па ключавых напрамках палітыкі ЕС; з другога боку, яно таксама выяўляе абмежаванні гэтых дужа важных двухбаковых дачыненняў.
На паверхні выглядае, што Францыя і Нямеччына маюць моцнае пачуццё супольных інтарэсаў: як французскія, так і нямецкія рэспандэнты давалі зразумець, што супольных падыходаў паміж іхнімі краінамі нашмат больш, чым паміж іншымі чальцамі ЕС. Еўрапейцы наогул успрымаюць Парыж і Берлін як найбольшых прыхільнікаў больш глыбокай еўраінтэграцыі, пры тым, што Францыя ўспрымаецца як больш рашучая за Нямеччыну ў крочанні ў напрамку “больш Еўропы”.
З часоў апошняга аналагічнага апытання ЕРМД, што мела месца ў 2016 г., рэспандэнты пачалі схіляцца да ўспрымання менавіта Францыі як “краіны найбольш перакананай у сваёй еўрапейскасці”, а не Бельгіі і Нямеччыны (краіны, якія лідзіравалі ў гэтай пазіцыі два гады таму). Гэта, несумненна, вынікае з выразна праеўрапейскай платформы прэзідэнта Эмануэля Макрона, які задаваў тон публічным дэбатам ва ўсёй Еўропе цягам апошніх месяцаў.
“Эфект Макрона” можа таксама азначаць, што палітыкі і эксперты, якія бралі ўдзел у апытанні, жадаюць больш выразнага лідарства.
Апытанне ЕРМД 2018 г. у большай ступені, чым папярэдняе, канцэнтравалася на узаемаадносінах паміж Францыяй і Нямеччынай. У прыватнасці, яно змяшчала новы набор пытанняў, які падштурхоўваў рэспандэнтаў з гэтых дзвюх краінаў да больш глыбокага аналізу стану кансенсусу паміж Парыжам і Берлінам, а таксама магчымых разыходжанняў.
Апытанне ЕС-28 - гэта апытанне, дзе рэспандэнтамі з'яўляюцца эксперты; яно праводзіцца кожныя два гады аналітычным цэнтрам ЕРМД ў 28 краінах Еўрапейскага саюзу. Гэтае даследаванне мае характар вывучэння прэферэнцыяў і падыходаў да супрацоўніцтва сярод спецыялістаў па еўрапейскай палітыцы, якія працуюць ва ўрадавых структурах, палітычнай сферы, аналітычных цэнтрах, акадэмічных установах і СМІ. Мэтай ёсць выяўленне патэнцыялу для кааліцыяў сярод краінаў ЕС. У 2018 г. апытанне ЕС-28 праводзілася з 24 красавіка па 12 чэрвеня 2018 г. Колькасць рэспандэнтаў, якія запоўнілі апытальнік па тэме, што абмяркоўваецца ў гэтай частцы, склала 548 чалавек. Поўныя вынікі апытання, уключна з дадзенымі і інтэрактыўнай візуалізацыяй, будуць апублікаваныя ў кастрычніку 2018 г. Вынікі папярэдняга даследавання, якое праводзілася ў 2016 г., можна пабачыць тут.
Што тычыцца фіскальнай палітыкі і кіравання ў еўразоне (а гэта тыя сферы, дзе поспех рэформаў асабліва моцна залежыць ад паразумення паміж Францыяй і Нямеччынай), рэспандэнты бачаць вялікі патэнцыял для сумеснага французска-нямецкага дзеяння на найбліжэйшыя два гады. У той жа час многія рэспандэнты адзначылі, што гэта тыя сферы, дзе існуе найбольшая верагоднасць узнікнення міждзяржаўных рознагалоссяў і дзе наяўны ўзровень паразумення між Парыжам і Берлінам з’яўляецца або сярэднім, або нізкім (ацэнкі тут размеркаваліся амаль пароўну).
Гэтыя дадзеныя сведчаць аб тым, колькі цяжкасцяў “французска-нямецкі рухавік” павінен будзе прайсці на шляху дасягнення паразумення наконт рэформы еўразоны.
Але яны таксама паказваюць, што кожны з бакоў добра разумее пазіцыю іншага боку, што ў сваю чаргу сведчыць аб сталасці іх двухбаковых адносінаў.
Па трох іншых ключавых сферах – міграцыя, уцекачы і палітыка прызнання прытулку; інтэграцыя і структуры еўрапейскай абароны; інстытуцыйная рэформа ЕС – карціна менш ясная. Погляды рэспандэнтаў на гэтыя справы разыходзіліся ў большай ступені, чым погляды на фіскальную палітыку і кіраванне ў еўразоне.
Большасць рэспандэнтаў лічыць, што існуе сярэдні ўзровень кансенсусу паміж Францыяй і Нямеччынай па пытаннях міграцыі, уцекачоў і прызнання прытулку. Немцаў аказалася больш, чым французаў, у ліку тых, хто лічаць, што па гэтых пытаннях мае быць выразны кансенсус. Магчыма, гэтыя дадзеныя ілюструюць тэндэнцыю немцаў выдаваць жаданае за рэальнае.
Паколькі крызіс уцекачоў закрануў іх больш, чым Францыю, яны схільныя рабіць большы акцэнт на сумесны падыход у гэтай сферы.
Аналагічная карціна складваецца і па пытанні еўрапейскай абароны. Амаль роўная колькасць нямецкіх і французскіх рэспандэнтаў акрэслілі ўзровень кансенсусу ў гэтай сферы як “сярэдні”. Больш немцаў, чым французаў, акрэсліла кансенсус як “моцны”, тым часам як такая ж колькасць французскіх рэспандэнтаў назвала яго ўзровень “нізкім”.
Хоць гэтыя дадзеныя могуць быць чарговым адлюстраваннем жадання немцаў узмацніць еўрапейскую абарону ў сітуацыі новых выклікаў у сферы бяспекі як унутры, так і вакол Еўропы, можа быць таксама так, што французы з’яўляюцца з большага скептычнымі наконт рашучасці Нямеччыны ў гэтых справах. Магчыма і іншае тлумачэнне: французскія рэспандэнты сумняюцца наконт здольнасці ЕС быць рамкамі для еўрапейскай супрацы ў галіне абароны.
Новае апытанне ЕРМД таксама сведчыць, што Францыя і Нямеччына адносна лёгка могуць знайсці паразуменне наконт супрацы ў галіне супольнай лічбавай і кліматычнай палітыкі, і ў сферы памежнай/берагавой аховы. Ва ўсіх гэтых абшарах як французскія, так і нямецкія рэспандэнты лічаць, што існуе значны патэнцыял для далейшай еўрапейскай інтэграцыі на працягу бліжэйшых двух гадоў, а рознагалоссі паміж Парыжам і Берлінам у гэтых справах невялікія.
Але дзеля яснасці зазначым: Парыж і Берлін знаходзяцца пад прэсінгам чакання, што яны дасягнуць вынікаў па-за адносна простымі пытаннямі і прадэманструюць сваю сумесную рашучасць у вядзенні ЕС у цэлым.
Асабліва гэта тычыцца далейшага рэфармавання еўразоны і пытанняў еўрапейскай бяспекі.
Хоць, як сведчаць дадзеныя ЕРМД, Францыя і Нямеччына маюць моцнае пачуццё стратэгічнай адказнасці за ўтрыманне ЕС на плыву і пагаджаюцца наконт таго, што ім трэба сумесна пракладваць шлях, гэтага агульнага ўсведамлення мэты не будзе дастаткова, каб паспяхова весці ЕС у наступныя гады. Настаў час, каб Парыж і Берлін ажыццявілі “скачок веры”.
Гэты артыкул з'яўляецца часткай "Пераасэнсаванне: Праект Еўропы" - ініцыятыва ЕРМД, падтрыманая Фондам "Mercator", якая прапануе пляцоўку для абдумвання і абмеркавання стратэгічных выклікаў для Еўропы. Для атрымання дадатковай інфармацыі аб Апытанні ЕС-28 і Даследаванні кааліцыйнага патэнцыялу ЕС, інструмента для прадстаўлення вынікаў экспертнага апытання, перайдзіце да www.ecfr.eu/eucoalitionexplorer.