У сярэдзіне 2000-ых усе паспяховыя і няўдалыя выступленні супраць дыктатараў пачыналі моладзевыя рухі. Але што рабіць, калі “місія” выкананая? Маладыя актывісты станавіліся простымі чальцамі партый, часам палітычнымі лідарамі, а хтосьці аддаваў перавагу бізнесу або журналістыцы. Звычайныя гісторыі. Аднак студэнцкія правадыры з Сербіі, Грузіі ды Украіны здолелі вылучыцца і пасля паспяховых пратэстаў у сваіх краінах.
Сербскі “Адпор!”: Бульдозерная рэвалюцыя
“Адпор!” (серб. супраціў) зрабіў рэвалюцыю брэндам, стылем жыцця. Графіці, улёткі, перформансы і нават прасоўванне сваіх ідэй на цырымоніях MTV – з 70 тысячамі прыхільнікаў “Адпор” проста не мог прайграць.
“Я проста жыў “Адпорам” нейкі час. Я быў супраць Мілошавіча ўсё сваё жыццё і шукаў нейкі спосаб больш эфектыўна змагацца супраць яго палітыкі, – распавёў “Ідэі” Сініша Шыкман – Я ведаў, што нам трэба адзінства, і таму ўступіў у арганізацыю, якая мела патэнцыял спачатку аб’яднаць усіх студэнтаў”.
На адной з акцый “Адпору”
Цяпер Сініша выкладае ў CANVAS – Цэнтры прыкладных негвалтоўных дзеянняў і стратэгій. Гэтая сербская няўрадавая арганізацыя вучыць актывістаў з усяго свету негвалтоўна змагацца за свае правы. Гэтак асаблівую папулярнасць сербскія актывісты набылі пасля Арабскай вясны, бо CANVAS удзельнічаў у падрыхтоўцы егіпецкіх рэвалюцыянераў.
Галоўнай зоркай CANVAS сёння з’яўляецца Сржда Паповіч, адзін з заснавальнікаў і лідараў “Адпору”. Як належыць сапраўднаму тэарэтыку-прапаведніку, ён раз’язджае з лекцыямі аб негвалтоўнай барацьбе па лепшым універсітэтах свету і ўжо паспеў стаць спікерам TED Talks. Паповіч нават запусціў разам з Гарвардскім універсітэтам анлайн-курс для дэмакратычных актывістаў. Праўда, ягоны кошт недэмакратычны – $ 1800.
Сржда Паповіч падчас TEDx Kraków
CANVAS не “экспартуе” рэвалюцыі, а толькі дае кансультацыі ахвотным іх рабіць. Гэтыя кансультацыі могуць быць і гульнявымі, прычым літаральна, бо чальцы цэнтра таксама стварылі камп’ютарны сімулятар негвалтоўнага супраціву.
Грузінская “Кмара”: Рэвалюцыя руж
“Кмара” (груз. хопіць) стала адлюстраваннем “Адпору”. Падобныя нават іх лагатыпы – белыя сціснутыя кулакі на чорным фоне. А перад самай Рэвалюцыяй руж, якая паклала канец праўленню Эдуарда Шэварнадзэ ў лістападзе 2003-га, больш за 20 прыхільнікаў і лідараў “Кмары” здзейснілі навучальны візіт у Сербію.
Адным з іх стаў Гіга Бакерыя. Бакерыя быў сярод найбольш блізкіх паплечнікаў Міхаіла Саакашвілі і таму ў 2010-ым “даслужыўся” да пасады сакратара Савета нацыянальнай бяспекі Грузіі – установы, якая павінна ў тым ліку і перадухіляць рэвалюцыі.
Калі Саакашвілі страціў уладу ў 2013-ым, Бакерыя ператварыўся ў ключавую фігуру “Адзінага нацыянальнага руху”, партыі Саакашвілі. Але ж сёння Бакерыю, як і яго сяброў па Рэвалюцыі руж больш за палітыку клапоціць тое, як застацца на волі. У мінулым годзе Гіга Бакерыя быў выкліканы на допыт па справе растратаў у прэзідэнцкім фондзе. А менш за месяц таму за краты трапіў сябра Бакерыі, таксама прыхільнік “Кмары”, былы мэр Тбілісі Гігі Угулава.
“Каляровыя” рэвалюцыі атрымліваліся там, дзе ішла барацьба палітычных і эканамічных кланаў (падрабязней – напрыклад, тут). Таму былыя рэвалюцыянеры сутыкнуліся з помстай старых і новых ворагаў.
Украінская “Пара!”: Аранжавая рэвалюцыя
Калі Бакерыя яшчэ толькі можа трапіць пад следства, то былы малады рэвалюцыянер з Украіны Уладзіслаў Каськіў ужо даўно цікавіць следчых. У 2004-ым Каськіў лічыўся адным з лідараў і заснавальнікаў “Пары”. Актывісты руху зладзілі лагер у цэнтры Кіева, паклаўшы пачатак стаянню прыхільнікаў Юшчанкі супраць несумленнай перамогі Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах.
Былыя ворагі апынуліся за адным сталом
Але, як ні парадаксальна, менавіта пры ўладзе Януковіча Каськіў здабыў найбольшую славу, уплыў і нават багацце. Праўда, як аказалася, багацце ён зарабіў несумленна.
З 2010-га па 2014-ты Каськіў узначальваў Дзяржаўнае агенцтва па інвестыцыях і кіраванні нацыянальнымі праектамі Украіны, але цяпер ён хаваецца ў Аўстрыі. Сярод яго знакамітых і, вядома ж, нерэалізаваных праектаў – зімовая алімпіяда ў Букавелі і “паветраная” электрычка паміж Кіевам і Барыспалем. Мяркуецца, што Каськіў мог скрасці некалькі мільярдаў грыўняў – не меней за некалькі сотняў мільёнаў долараў па сённяшнім курсе.
Дэмакратычны камсамол: новыя формы са звыклымі вынікамі
Канешне, маладзёны, які рабілі “каляровыя” рэвалюцыі, апантана верылі, што яны змяняюць гісторыю да лепшага. Але ж толькі лідары “Адпору” засталіся вернымі ідэалам і па-ранейшаму маюць уплыў на палітычныя працэсы, прычым цяпер ужо на глабальным узроўні. Менавіта “Адпор!” узнік цягам барацьбы студэнтаў супраць Мілошавіча. Барацьба доўжылася ўсё 90-ыя ў жорсткіх умовах грамадзянскай вайны. Немагчымыя ўмовы для нармальнай палітыкі сталі добрай падставай для братэрства і шчырай гатоўнасці ўсё ж такі дасягнуць свабоды.
А вось зробленыя пад сітуацыю “Кмара” і “Пара!” зніклі раптоўна і бясследна. Яны чымсьці падобныя на камсамол, які адкрываў спрытным дзялкам шлях на вяршыні палітыкі, а потым і бізнесу.