падтрымаць нас

Артыкулы

Ці трэба супрацоўнічаць з расейскай апазіцыяй у замежжы? Дадзеныя сацыялагічнага апытання

Ці трэба супрацоўнічаць з расейскай апазіцыяй у замежжы? Дадзеныя сацыялагічнага апытання

Ці камунікуюць паміж сабой беларусы і расейцы ў замежжы? Якія ёсць міжасабовыя стасункі ў беларускіх і расейскіх НДА? Ці будзе карысць ад магчымай супрацы беларускіх дэмакратычных сілаў і расейскай апазіцыі? Генадзь Коршунаў шукае адказы на гэтыя пытанні ў дадзеных анлайн-даследавання, праведзенага сёлета ў верасні разам з ініцыятывай “Ёсць пытанне”.

Як мы памятаем, 1-га жніўня адбыўся вялікі абмен зняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду, у выніку чаго на волі аказаўся шэраг знакавых расейскіх апазіцыянераў. Гэта падзея справакавала не толькі дыскусію аб стратэгіях вызвалення беларускіх палітзняволеных, але і спробы пэўнага “падключэння”  расейскіх апазіцыйных палітыкаў да беларускага прадэмакратычнага ці дыяспаральнага наратыву.

Пакуль гэта кропкавыя з’явы. Тут перш за ўсё маюцца на ўвазе спробы расейскага палітыка Іллі Яшына “прамацваць” тэму беларускіх палітзняволеных – размовы пра іх вызваленне ў абмен на запчасткі для самалётаў “Белавіі” і словы пра размовы с польскім МЗС пра спрыянне абмену расейскіх і беларускіх палітвязняў. Улічваючы некаторыя трэнды, якія існуюць сярод заходніх палітыкаў і экспертаў, мяркую, што пытанні аб тых ці іншых варыянтах супрацы беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў будуць так ці інакш прамацвацца ці нават стымулявацца.

Ці трэба супрацоўнічаць з расейскай апазіцыяй у замежжы? Дадзеныя сацыялагічнага апытання
Фота: nashaniva.com

Калі сыходзіць з імавернасці такіх перспектываў, было б добра ведаць, што на гэты конт думаюць беларусы, як мінімум беларуская дыяспара. Менавіта апошняя мае магчымасці стасавацца з прадстаўнікамі расейскай дыяспары, у якую пасля 2022-га года ўліліся значныя антываенныя і апазіцыйныя сілы. Пошуку адказаў на гэтае пытанне (і не толькі на гэтае) прысвечаны праект “Новыя дыяспары Усходняй Еўропы” [1], дзякуй якому ў супрацы з ініцыятывай “Ёсць пытанне” праводзілася адпаведнае колькаснае апытанне [2].

Праект яшчэ не скончаны, але папярэднія дадзеныя ўжо ёсць. Дык што яны кажуць наконт супрацы з расейскай дыяспарай увогуле і з расейскай апазіцыяй у прыватнасці?

Пачаць варта з таго, што прадстаўнікі беларускай дыяспары сапраўды маюць магчымасці даволі шчыльна камунікаваць з расейскай дыяспарай. Пра тое, што ў новых краінах пражывання беларусаў побач ёсць шмат расейцаў, кажуць ад 35% да 70% апытаных у залежнасці ад краіны. Адзінае выключэнне – Польшча. Тут, хутчэй, кажуць, што расейцаў “няшмат” (34%), альбо “я не сустракаў” (46%).

Але магчымасць мець зносіны і сапраўды камунікаваць – не адно і тое ж. Так, калі агулам 52% апытаных пазначылі, што ў месцах іх пражывання ёсць тая ці іншая колькасць расейцаў, то пра досвед камунікацыі з імі казалі агулам амаль у 2,5 раза меней: “камунікуем досыць часта” – 8%; “камунікуем, але параўнальна рэдка” – 14%.

Заканамерна, што чым большы ў рэспандэнтаў досвед міграцыі, тым шырэйшае ў іх і кола кантактаў з прадстаўнікамі расейскай дыяспары. Таму найчасцей з расейцамі камунікуюць беларусы, якія з’ехалі ў 2020-ым годзе. Сярод іх доля тых, хто “часта” і “рэдка” камунікуе, складае 43%. А, напрыклад,  сярод тых, хто з’ехаў пасля 2022-га года, падтрымліваюць такую камунікацыю толькі 13%.

Выглядае на тое, што параўнальна невысокі ўзровень асабістай, персанальнай камунікацыі адбіваецца і на іншых камунікатыўных узроўнях, напрыклад, калі мы пераходзім на ўзровень дыяспаральных суполак. Насамрэч тут узровень супрацы, паводле меркаванняў рэспандэнтаў, нават ніжэйшы. Больш за 2/3 апытаных нічога не змаглі сказаць наконт такой супрацы (праз адсутнасць камунікацыі з прадстаўнікамі расейскіх дыяспар), а амаль кожны пяты кажа, што ніякай супрацы няма.

А ці трэба такая супраца? Гэта складанае пытанне. 21% апытаных адзначаюць, што тэарэтычна супрацоўніцтва паміж беларускай і расейскай дыяспарамі можа быць “вельмі” (5%) ці “хутчэй” (15%) карысным.

Падобная сітуацыя назіраецца і тады, калі спытаць пра супрацу дыяспар на ўзроўні больш арганізаваных структур грамадскай супольнасці – НДА/НКА. Пра нейкую супрацу беларускіх і расейскіх НДА нешта ведаюць каля 6% (тут веды датычыцца галоўным чынам супрацы праваабарончых арганізацый). Нічога не могуць сказаць на гэты конт – 84%. Ці варта развіваць такое супрацоўніцтва? 23% кажуць, што тэарэтычна, можа, і варта (“дакладна варта” – 5%), а яшчэ 59% не ведаюць, што адказаць на такое пытанне.

І адносна развіцця зносін з расейскай апазіцыяй – ці будзе карысна? Меркаванні на гэты конт раздзяліліся такім чынам: за тое, што тэарэтычна такое супрацоўніцтва магло б прынесці плён (дакладна ці хутчэй за ўсё), выказаліся 21,4%; тое, што такая супраца будзе не вельмі карыснай, а то і шкоднай для беларусаў, адзначылі 20,8%.

Слова “тэарэтычна” выкарыстана вышэй мэтанакіравана, бо веды аб нейкай супрацы дыяспар калі і ёсць, то яны абмяжоўваюцца лічанымі выпадкамі сумесных акцый ці імпрэз. Прыкладаў сістэматычнай сумеснай працы рэспандэнты не ведаюць – гэта адзін  момант.

Другі момант: не зусім зразумела, з кім з расейскага боку кантактаваць. Калі на асабістым узроўні кантакты неяк існуюць і з часам развіваюцца, то на ўзроўні суполак альбо НДА ўсё нашмат складаней (выключэнне існуе ў праваабарончай сферы). А на палітычным узроўні – увогуле праблема.

“Праблема ў тым, што ў расейскай апазіцыі няма цэнтра, з якім можна было б дамаўляцца. У беларусаў гэта Ціханоўская, а ў расейцаў няма. Быў Навальны, але Навальнага ўжо няма. І ніхто не бярэ на сябе гэтую адказнасць, і з кім размаўляць незразумела ўвогуле”.

Па-трэцяе: агулам амбівалентнае стаўленне да расейскіх суб’ектаў. З аднаго боку, сярод беларусаў ёсць меркаванне:

“…усе мы людзі, расейцы таксама ад чагосьці ўцяклі і нельга ж за грахі бацькоў караць іхніх дзяцей, скажам так. Але сапраўды гэтак жа я магу зразумець і стаўленне ўкраінцаў да расейцаў і нежаданне мець з імі штосьці агульнае”.

А вось іншая думка:

“Маё меркаванне, што ў расейцаў не атрымліваецца будаваць нейкія партнёрскія адносіны раўнапраўныя. Яны заўсёды будуць кшталту “мы старэйшы брат”, і гэта ўсё размывае наш удзел, нашу ідэнтычнасць, нашу культуру, нашы праблемы, нашы запыты”.

Здаецца, агулам беларусы не супраць (су)працы. Бо праца, як слушна ў свой час адзначыў Валянцін Акудовіч, гэта дом беларуса. Таму мы не супраць супрацы – тэарэтычна. Але на практыцы заўсёды ўзнікаюць пытанні. І здаецца, мы пачынаем разумець, што адказы на гэтыя пытанні трэба шукаць як мінімум на кансэнсуснай базе, а як максімум – на сваю карысць.


[1] This project has been produced with the financial assistance of the EU („Support for Advanced Learning and Training – EU4Belarus-SALT II”). The content of this project are the sole responsibility of the Henadz Korshunau and can under no circumstances be regarded as reflecting the position of the EU.

[2] Анлайн-апытанне (CAWI) праводзілася ў верасні 2024-га года, памер дасягнутай выбаркі – 532 чалавекі. Асаблівасць выбаркі – перакос у бок прадэмакратычных поглядаў.

Ці трэба супрацоўнічаць з расейскай апазіцыяй у замежжы? Дадзеныя сацыялагічнага апытання

Подписывайтесь на рассылку, чтобы каждую неделю новый выпуск «Что думают беларусы» приходил прямо на почту!

* indicates required

Intuit Mailchimp