падтрымаць нас

Бяспека·Грамадства

Калі дзеці бяруць у рукі зброю: гісторыя непаўналетніх салдатаў

Калі дзеці бяруць у рукі зброю: гісторыя непаўналетніх салдатаў
Замест таго, каб быць на занятках па пісьменнасці і матэматыцы, дзеці-салдаты вучацца страляць, ставіць міны і рыхтаваць выбухі.

На пачатку ліпеня ад імя тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава” ў інтэрнэт быў выкладзены чарговы відэазапіс забойства палонных салдат сірыйскага ўрадавага войска. Відэа са старажытнага горада Пальміра шакавала не столькі традыцыйнай жорсткасцю, колькі ўзростам забойцаў – у патыліцу прынамсі аднаму вайскоўцу страляў хлопчык 12-13-ці гадоў. Беларускія дзеці ў гэтакім узросце ходзяць у сёмы клас ды вучаць напамяць урывак з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”.

Аднак гэты сірыйскі хлопчык выглядае дарослым на фоне дзяцей з агітацыйнага роліка ІД, распаўсюджанага ў лютым. Журналісты вызначылі, што наймалодшым хлопчыкам было ўсяго каля пяці гадоў. Тым не менш, яны нароўні з іншымі праходзяць трэнаванні ў лагеры для завербаваных салдатаў – вывучаюць канструкцыю зброі, практыкуюць тэхнікі барацьбы, моляцца са сваімі выкладчыкамі перад скрыжаванымі аўтаматамі.

Хлопчыкі – на вайну, дзяўчынкі – нараджаць салдатаў

У лік дзяцей-салдатаў уваходзяць як хлопчыкі, гэтак і дзяўчынкі. У кожнага свае функцыі: хлопцаў рыхтуюць для баявых дзеянняў – нападаць, забіваць, падрываць. Ніхто не чакае, пакуль хлопчык падрасце. Найменшым таксама знаходзяцца задачы – ахоўваць лідараў, прыкрываючы іх сваімі целамі ад патэнцыйных замахаў, правяраць (зноўку ж, сабою), ці не закладзеныя міны, шпіёніць. Дзяўчат таксама могуць скіроўваць у выведку альбо адпраўляць на заданне ў якасці смяротніц, аднак часцей яны становяцца наложніцамі.

Паводле маніфеста “Жанчыны ў Ісламскай дзяржаве”, ісламісты могуць браць у наложніцы любую дзяўчынку, якой споўнілася 9 гадоў. Калі дзяўчына альбо яе бацькі не хочуць добраахвотна здзяйсняць “секс-джыхад”, гэта расцэньваецца як крок супраць Божай волі і жорстка караецца.

Па прыкладных ацэнках ААН (і гэтая лічба не змяняецца ўжо шмат гадоў), дзецьмі-салдатамі (да 15 гадоў) ёсць каля 300 тыс. чалавек. Аднак дакладныя падлікі зрабіць складана, бо ААН засяроджваецца на тых рэгіёнах, якія абмяркоўваюцца Радай бяспекі. Да таго ж забяспечыць доступ экспертаў у многія гарачыя кропкі практычна немагчыма.

Шматнацыянальная вайна за веру

Праваабаронцы заяўляць, што прысутнасць дзяцей-салдатаў зафіксавана ў больш як 30-ці канфліктах у розных краінах свету. Найбольшая колькасць дзяцей змагаецца ў розных ваенізаваных групоўках у Цэнтральнай ды Усходняй Афрыцы, у Лацінскай Амерыцы (найперш Калумбіі), у Сірыі ды Іраку.

saldaty_hlopcy2 (1)

Чатыры гады блізняты Джоні і Лютар Хту (на здымку ім 12-ць гадоў) — прадстаўнікі хрысціянскай народнасці карэн  — вялі ўзброеную барацьбу супраць ураду Бірмы, арганізаваўшы ваенізіраваны атрад са сваіх раўналеткаў і дарослых салдатаў.
(Фота Associated Press)

Калі ў Афрыцы ды Лацінскай Амерыцы збольшага ваююць мясцовыя жыхары, у ліку малалетніх салдатаў “Ісламскай дзяржавы” шмат дзяцей з-за мяжы. Апошні год асаблівую руплівасць у забеспячэнні ісламістаў дзецьмі-салдатамі праяўляюць прыхільнікі ІД з краін Сярэдняй Азіі – Казахстана, Узбекістана,

Кыргызстана.Часта родныя таты  альбо іншыя сваякі па мужчынскай лініі прывозяць сыноў літаральна на смерць, каб тыя праславілі сям’ю. Дарэчы, у многіх краінах Афрыкі дзяцей-салдатаў выкарыстоўваюць як атрады паўстанцаў, так і ўрадавыя войскі.

Камусьці – вайна за Алаха, а некаму – за кавалак хлеба

У выпадку мясцовых жыхароў дзеці часта ідуць на вайну ад безвыходнасці, калі паселішча разбуранае, сям’я знішчаная, і няма куды вяртацца. Часам вяртацца проста нельга — нярэдка ўжываецца стратэгія, калі дзіця пад руляю аўтамата прымушаюць забіць кагосьці са сваякоў альбо супляменнікаў, і ён пасля гэтага адразу становіцца ворагам усёй радні альбо вёскі. Таксам пры вербаванні могуць выкарыстоўвацца наркотыкі альбо алкаголь, якія істотна змяншаюць супраціў ахвяраў.

Да таго ж некаторыя дзеці ўспрымаюць гэта як захапляльную гульню, а для многіх любы дарослы мужчына – ужо аўтарытэт. Папулярны метад – выкраданне дзяцей падчас нападаў, асабліва часта так захопліваюць дзяўчат. Відавочна, многія паддаюцца на спакусы лёгкага хлебу ці вядомасці. Ну, і канешне, рэлігійны фанатызм – пры гэтым неабавязкова ісламскі. У 2000-ыя гады шырокую вядомасць набылі 9-гадовыя блізняты з Бірмы – Джоні і Лютар Хту, якія стварылі правую радыкальную хрысціянскую групоўку “Войска Бога”, падпарадкаваўшы сабе нават дарослых вайскоўцаў.

Рэлігійны фундаменталізм больш уласцівы падлеткам, чым малодшым дзецям. Не ўмеючы ні пісаць, ні чытаць, такія падлеткі становяцца няздольнымі самастойна засвойваць рэлігійныя кнігі і вымушаныя задавольвацца інтэрпрэтацыямі радыкальных лідараў.

Дзеці-салдаты як бомба запаволенага дзеяння

Асноўныя спрэчкі вядуцца наконт пытанняў “вяртаць да мірнага жыцця альбо не?” і “судзіць альбо не?”. Шэраг міжнародных арганізацый праводзяць працу па дэмілітарызацыі дзяцей-салдатаў, аднак вычапіць іх з рук вайсковых камандзіраў – гэта не самае складанае. Куды больш праблематычна вярнуць дзяцей у роднае паселішча, дзе іх можа чакаць хуткая расправа з боку сваіх жа; прыдумаць ім занятак замест штодзённых вайсковых дзеянняў (школ у крызісных рэгіёнах катастрафічна мала) і забяспечыць хаця б мінімальным жытлом і ежаю.

Дылема, як ацэньваць гэтых дзяцей – як злачынцаў ці ахвяраў – таксама пакуль застаецца без адказу. Многія лічаць, што вярнуць да паўнавартаснага жыцця дзяцей, якія штодня бачаць забойствы і кроў, гуляюцца з адрэзанымі галовамі забітых ворагаў, немагчыма ды і небяспечна. Зрэшты, іх апаненты маюць свой моцны аргумент – так, такія дзеці небяспечныя, аднак куды большую пагрозу нясуць дарослыя, якія з гэтых дзяцей хутка вырастуць.