падтрымаць нас

Палітыка

Чэкліст рэвалюцыі. Чаму ў Беларусі яшчэ доўга не будзе палітычных зменаў

Чэкліст рэвалюцыі. Чаму ў Беларусі яшчэ доўга не будзе палітычных зменаў
Нават калі б эканамічны крызіс быў у разы мацнейшы, то ён бы ўсё адно не прывёў да змены ўладаў.

Калі б Вы былі не-беларусам і пачулі пра еўрапейскую (няхай і аўтарытарную) краіну, якая ўжо некалькі гадоў дэградуе, а ўлады бавяцца ў з’езды ў стылі КПСС, то ў Вас бы ўзнікла лагічнае пытанне: чаму народ не змяняе ўладу?

Падобнае мысленне, што эканамічны крызіс ці санкцыі Захаду могуць прывесці да змены ўлады, мантрамі паўтараецца ў Беларусі. Але насамрэч падобныя знешнія ўмовы маюць маргінальнае значэнне для палітыкі ў аўтарытарных краінах. Даследаванне Freedom House паказвае, што адзіным чыннікам, які істотна спрыяе поспеху апазіцыі, з’яўляецца цэнтралізацыя дзяржаўнай сістэмы, якая ў Беларусі акурат прысутнічае.  

Аднак, справа ў тым, што значэнне маюць здольнасці апазіцыйнага руху, а не вонкавыя ўмовы.

Кажучы прасцей, апазіцыя б перамагла Лукашэнку, калі б умела, а крызісы ці санкцыі не граюць асаблівай ролі.

Даследчыкі Міжнароднага цэнтра негвалтоўных канфліктаў стварылі чэкліст з трох здольнасцяў і трох трэндаў, які дапамагае вызначыць, ці мае апазіцыйны рух шанцы на перамогу ў барацьбе з аўтарытарным рэжымам.

Шэсць рэчаў, без якіх рэвалюцыя маларэальная

Здольнасць аб’ядноваць людзей. Гаворка не толькі пра ўнутранае адзінства прадстаўнікоў апазіцыі, але здольнасць аб’ядноўваць розныя сацыяльныя пласты. Безумоўна, руху патрэбны лідар, які падабаецца грамадству, але таксама і людзі з розных класаў і рэгіёнаў, якія ўмеюць будаваць кааліцыі.

Разумнае планаванне. Выбар тактыкі барацьбы з’яўляецца адной з найскладанейшых рэчаў, якія мае прадумаць апазіцыйны рух. Напрыклад, польская “Салідарнасць” амаль не пратэставала на вуліцах, а свае акцыі праводзіла на працоўных месцах, дзе знаходзілася ў большай бяспецы. І акурат пры планаванні істотнае значэнне мае выкарыстанне ўмоваў, як сённяшні эканамічны заняпад у Беларусі.

Негвалтоўнасць. Іншае даследаванне Эрыкі Чэнаўэт і Марыі Стэфан паказвае, што ў 1990-2006 гг. негвалтоўны супраціў быў у два разы больш эфектыўным, чым гвалтоўны. Таму апазіцыйны рух павінен трымацца як мага далей ад самой ідэі гвалту, якая пужае людзей, не прыносіць выніку і легітымізуе сілавыя метады рэжыму.

Такім чынам, праціўнікі Лукашэнкі, якія выкарыстоўваюць гвалт, абслугоўваюць інтарэсы ўладаў.

А прыклад Сірыі паказвае, што ад негвалтоўнасці не варта адмаўляцца нават калі сілы дзейнага рэжыму значна змяншаюцца і з’яўляецца спакуса вырашыць пытанне гвалтам. Гэтак зрабілі праціўнікі Башара аль-Асада і замест бліцкрыга атрымалі доўгую крывавую вайну.

Рост грамадскага ўдзелу ў супраціве. Папулярнасць апазіцыйнага руху павінна выйсці за яго электаральную базу, а няздольнасць гэта зрабіць тлумачыць, чаму праваліліся студэнцкія пратэсты ў Кітаі ў 1989-ым ды Іране ў 2009-ым.

Пратэсты ў Кітаі ў 1989-ым былі студэнцкімі, таму не мелі шанцаў перамагчы
Пратэсты ў Кітаі ў 1989-ым былі студэнцкімі, таму не мелі шанцаў перамагчы

Аб’яднанне абсалютна розных групаў (такіх, БХД і ЛГБТ-рух) пад адным пасланнем можа стварыць вобраз адзінства і выклікаць падзел унутры ўладных элітаў ды зменшыць рэпрэсіі.

Змяншэнне ўплыву рэпрэсій. Задачай апазіцыйнага руху з’яўляецца стварэнне новага тыпу пратэсту, які не будзе цягнуць за сабой рэпрэсіі. Напрыклад, у Чылі апазіцыя заклікала людзей у адзін дзень працаваць павольна, а а 20:00 гадзіне пачаць грукатаць рондалямі і патэльнямі. Хоць у беларускіх умовах, калі нават бязрукія людзі атрымліваюць штрафы за плясканне ў ладкі, прадумванне бяспечных формаў пратэсту застаецца даволі складаным.

Раскол унутры рэжыму. Хоць у Беларусі існуе пэўнае супрацьстаянне паміж “рэфарматарскімі” і “рэтраграднымі” чыноўнікамі адносна эканомікі, гэтыя дэбаты пакуль ніякім чынам не датычаць лаяльнасці да кіраўніка дзяржавы. Тым болей, што для поспеху негвалтоўнага руху патрэбная нейтральнасць “сілавікоў”, якой апазіцыйны рух мае дамагацца і кветкамі для міліцыянтаў у часе пратэстаў, і тайнымі перамовамі са спецслужбамі.

Чэкліст – не навігатар па змене рэжыму

Выглядае, што ўсе рухі, якія супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, пазбаўленыя ледзь не ўсіх гэтых здольнасцяў. Таму не дзіва, што чакаць зменаў у Беларусі не прыходзіцца.

Болей за тое, нават выкананне ўсіх умоваў не дае гарантыі, што грамадскі рух пераможа аўтарытарны рэжым і тым болей, не можа служыць кіраваннем да дзеяння, бо ў жыцці ўсё складаней за шэсць пунктаў. Але прынамсі пра гэтыя рэчы магла б думаць апазіцыя, пакуль Аляксандр Лукашэнка гуляецца ў з’езды КПСС.