Гэты тэкст з’яўляецца кароткім пераказам дыскусіі ЦНІ, падчас якой беларускія эканамісты і сацыёлагі абмеркавалі змены, якія адбыліся ў беларускім грамадстве з пераважна эканамічнага пункту гледжання. Зыходным пунктам дыскусіі стала меркаванне знакамітага балгарскага палітолага Івана Красцева аб імітацыйным характары рэформаў, разгорнутых у былых сацыялістычных краінах. Адзін са спікераў дыскусіі адзначыў, што Беларусь стала выключэннем у шэрагу постсацыялістычных дзяржаваў, таму што не праводзіла імітацыйных рэформаў.
З адсутнасцю імітацыйных рэформаў і прыватызацыі ўсталявалася наступная паспяховая мадэль беларускага бізнесу: абсалютная арыентаванасць на экспарт, нізкі ўзровень залежнасці ад лакальных рэсурсаў, мінімальная публічнасць і грынфілды, пад якімі маецца на ўвазе кіроўная практыка па стварэнні новай інфраструктуры і праектаў з нуля. Пацвярджае тэзіс пра беларускі бізнес, які спадзяецца пераважна на ўласныя рэсурсы і тое, што, паводле Сусветнага банка, Беларусь мае адзін з самых нізкіх паказнікаў унутранага крэдытавання прыватнага сектара ў ЦУЕ.
Каштоўнасці
Што тычацца ўплыву такой паспяховай мадэлі на каштоўнасці грамадства, то ён таксама відавочны. Эксперты прыводзілі прыклады мінулых апытанняў, паводле якіх атрымліваўся партрэт беларуса, які спадзяецца на ўласныя намаганні, а не на дзяржаву. Таксама значная колькасць беларусаў разглядае свой дабрабыт, здароўе і занятасць як рэчы, якасць якіх залежыць толькі ад іх. Больш за тое, ключавую функцыю дзяржавы яны бачаць у тым, каб яна забяспечвала прыязныя ўмовы для таго, каб зарабляць (прыклады дадзеных – пасля тэксту).
Яшчэ адзін прыклад – гэта стаўленне беларусаў да прыватнай уласнасці. Так, паводле Атласу еўрапейскіх каштоўнасцяў, беларусы знаходзяцца на трэцім месцы пасля датчанаў і албанцаў у прызнанні перавагі прыватнай уласнасці над дзяржаўнай (глядзець private ownership versus government ownership map). Эксперты адзначылі, што такі паказнік добра адлюстроўвае наступнае: з павелічэннем долі прыватнага сектара ў эканоміцы, змяняліся і эканамічныя каштоўнасці беларусаў. Жыхары Беларусі паступова павышалі патрабаванні да дзяржавы, бо прыходзілі да разумення, што маюць патэнцыял для больш дынамічнага і паспяховага развіцця.
Пры гэтым экспертамі адзначалася: нягледзячы на тое, што такая характарыстыка не можа быць дадзеная ўсяму насельніцтву, на сучасным этапе грамадскага развіцця вялікая колькасць беларусаў ужо будуе сваё жыццё паводле такіх каштоўнасцяў. Больш за тое, такія сацыяльныя працэсы, як змена пакаленняў і лічбавізацыя, уласцівыя для любога сучаснага грамадства, верагодна будуць спрыяць умацаванню такіх каштоўнасцяў.
Роля дзяржавы ды імітацыйныя сацыялістычныя рэформы
Падчас дыскусіі эксперты звярнуліся і да тэмы ролі дзяржавы ў працэсе стварэння запрапанаванай паспяховай мадэлі развіцця бізнесу. Адзін з пунктаў гледжання быў наступным: насамрэч у Беларусі адбыліся не імітацыйныя капіталістычныя рэформы, а імітацыйныя сацыялістычныя рэформы. Сацыялістычны характар рэформаў быў па той прычыне, што актары, якімі распрацоўвалася эканоміка незалежнай Беларусі, не мелі ніякага іншага досведу, акрамя савецкага.
Але ж наколькі правільна называць тыя эканамічныя трансфармацыі, якія адбываліся ў Беларусі цягам яе незалежнай гісторыі, сацыялістычнымі рэформамі? Калі лічыць, што рэформы былі насамрэч сацыялістычнымі, то чаму ў рэчаіснасці ў краіне існуе працоўнае права, якое сур’ёзна абмяжоўвае шэраг правоў працаўнікоў? Напрыклад, у выпадку звальнення працаўнік можа ўвогуле не атрымаць дапамогі па беспрацоўі. Пры гэтым памер той дапамогі цяпер і так з’яўляецца занадта нізкім.
Таксама дадавалася, што адсутнасць іншага досведу ў дзяржавы спрыяла развіццю паспяховай бізнес-мадэлі. У тых абласцях, дзе не прысутнічала дзяржава, грамадства знаходзіла шляхі для самаразвіцця. Такім чынам, грамадства навучалася таму, што ў сацыялогіі называецца “суб’ектнасць” (здольнасць вырашаць самастойна).
Будучыня
Якія эканамічныя рэформы патрабуюцца для таго, каб ва ўмовах дэмакратыі краіна і грамадзяне паляпшалі якасць жыцця і ўзровень развіцця? Для правядзення будучых эканамічных рэформаў важная гатоўнасць насельніцтва да эканамічных трансфармацый. Эксперты адзначылі, што ў адрозненні ад іншых краін рэгіёна, насельніцтва якіх адразу пасля савецкага досведу не было падрыхтавана да рэформаў, якія апісваюцца як імітацыйныя, беларускае грамадства на сучасным этапе дэманструе імкненне да падобных рэформаў.
Між тым гучала і скептычнае меркаванне аб глыбіні вышэйназваных каштоўнасцяў. Іншымі словамі, падкрэслівалася: няма гарынтый, што ў выпадку непаспяховасці рэформаў не адбудзецца татальнага расчаравання сярод жыхароў краіны. Але гэта магчымы сцэнар у любым грамадстве, дзе праводзяцца рэформы.
* Даследаванне каштоўнасцяў насельніцтва Беларусі праводзілася Даследчым цэнтрам ІПМ у красавіку-траўні 2018.
Фота: Павел Крычко