падтрымаць нас

Артыкулы

Чаму беларусы выбіраюць Расію, а не Еўропу?

Чаму беларусы выбіраюць Расію, а не Еўропу?

На базе звестак сацыялагічнага апытання Генадзь Коршунаў спрабуе разабрацца, з чаго складаецца аргументацыя тых, хто выбірае саюз з Расіяй, і тых, якія за Еўропу.

Гэты артыкул выходзіць у межах рассылкі “Што думаюць беларусы”. Падпісвайцеся.

У гэтым матэрыяле аналізуем стаўленне да Расіі: колькі там гісторыі, эканомікі і пры чым да Расіі Еўропа. У наступным артыкуле паглядзім, чым людзі аргументуюць станоўчае стаўленне да Еўропы.

Што выбіраюць беларусы – Расію ці Еўропу? Гэтаму пытанню столькі ж гадоў, колькі і незалежнай Беларусі. Адказы на яго шмат у чым залежаць ад таго, у якой форме задаецца пытанне і з якой колькасці варыянтаў можна выбраць свой адказ. Я ўжо некалькі разоў разважаў на гэты конт – летась у верасні і сёлета ў красавіку. Можна пацікавіцца па спасылках.

А цяпер прапаную занурыцца ў крыху іншае, але вельмі блізкае пытанне – у матывацыю, то бок паглядзець: не што, а чаму беларусы выбіраюць той ці іншы геапалітычны бок. За аснову разважанняў возьмем базу адказаў на адкрытае пытанне: “Чаму Вы выбралі той ці іншы геапалітычны саюз?” (красавік 2022 г., Chatham House). Тут важна, што на адкрытае пытанне людзі не выбіраюць той ці іншы варыянт адказу, а пішуць самі, сваімі словамі, – праз гэта можна непасрэдна зразумець, якім чынам яны аргументуюць свой выбар. І на якой мове гэтыя адказы даюцца.

Для разумення сітуацыі: у красавіку ў адказ на пытанне “ў якім геапалітычным саюзе лепей знаходзіцца беларускай дзяржаве?” саюз з Расіяй выбралі 36 %, саюз з аб’яднанай Еўропай – 16 %, па-за межамі любых саюзаў – 21 % і сяброўскія стасункі з Усходам і Захадам – 27 %.

Хочацца спадзявацца, што гэтая інфармацыя будзе карыснай для беларускіх медыяў, якія працуюць з той часткай беларускай аўдыторыі, што засталася ў Беларусі. Прыдасца гэта і тым блогерам, якія шчыра распавядаюць беларусам пра іх славутую гісторыю і даносяць праўду пра “гістарычныя стасункі з братэрскай Расіяй”. Спатрэбіцца гэта і тым ініцыятывам, якія прыкладаюць неймаверныя высілкі для папулярызацыі беларускай мовы…

Дык чаму беларусы выбіраюць прарасійскую арыентацыю?

Наканаванасць лёсу

Насамрэч узнікае адчуванне, што добрая частка прыхільнікаў Расіі яе наўпрост не выбірае, бо нельга выбіраць тады, калі ўсё прадвызначана. Так, яны лічаць, што быць разам з Расіяй, – гэта наканаванне Беларусі, прадвызначанае агульным славянскім паходжаннем і самой гісторыяй ці геаграфіяй. Так, міфалагема пра “братэрскія народы” дагэтуль працуе.

  • – Мы славяне, мы одних корней. Мы издревле жили вместе.
  • – Исторически мы всегда были вместе. Европа для нас чужая.
  • – Это ближайшая к нам страна, наш сосед. У нас много общего.

Хібы ды ідэалагічнасць беларускай гістарычнай палітыкі, спецыфічнасць нашай школьнай адукацыі і антыбеларуская прапаганда даводзяць сітуацыю да таго, што ў некаторых галовах сапраўды няма адрозненняў паміж беларусамі і рускімі, адбываецца іх змяшэнне ў нешта адзінае, у адзін рускі народ, у адну славянскую нацыю.

  • – Мы – славяне, единый народ, один язык.
  • – Русский, украинский и белорусский народ – это единая нация.
  • – Россия и мы – славяне, мы едины. А Евросоюз не оправдал себя. Им правит США ради своих интересов.

Геапалітычнае супрацьстаянне

“Славянства” такія людзі часцяком разумеюць выключна ў межах “усходняй групоўкі”, пакідаючы па-за межамі сваёй увагі славян і заходніх, і паўднёвых. Славянскую еднасць яны бачаць не столькі як моўную, этнічную ці гістарычную супольнасць, колькі як палітычную фармацыю. Цалкам у рэчышчы “рускага міру” сэнс гэтай фармацыі палягае для іх у супрацьстаянні каланізатарскай ці капіталістычнай агрэсіі з боку Захаду (прычым не столькі з боку Еўропы, колькі ад Злучаных Штатаў).

  • – Славяне – украинцы, белорусы и русские – должны держаться вместе.  Янки радуются, они своего добились, стравили славян, все готовы убивать друг друга.
  • – Славянские народы, против которых сплотились и ЕС, и США, и Великобритания, должны быть едины.
  • – Мы один народ с Россией, за Россией правда! А европейцы и США – сраные капиталисты!
  • – Россия – единственная страна, которой можно доверять. Только Россия сдерживает всю “нечисть”.

Супрацьстаянне з Захадам не абавязкова выглядае як нешта выключна агрэсіўнае. Тут ёсць пэўны спектр меркаванняў – ад нашай незаўважнасці, марнасці для Захаду да сапраўднай ваенна-тэрытарыяльнай пагрозы з боку заходніх краін.

  • – В Европе некоторые даже не знают о существовании Беларуси.
  • – Для ЕС мы страна третьего мира. А для России мы друзья.
  • – Беларусь без России не выдержит натиска ЕС и США.

Да гэтага зрэдку дадаецца і пэўная крыўда на заходнія краіны (за палітычны ціск, эканамічныя санкцыі, нават за памежны плот), недавер да ЕЗ і расчараванне ў ім.

  • – Они от нас забором не отгораживаются в отличие от ЕС. Наши предприятия работают друг на друга. Россия не советует нам как жить!!!
  • – Не могу доверять ЕС в ходе последних событий.
  • – ЕС слишком себя дискредитировал. Ему мы не нужны.

Слабая Беларусь і “Магутная” Расія

У прарасійскай логіцы Беларусь выступае ў якасці маленькай краіны, ад якой нічога не залежыць. Нават сваім існаваннем яна абавязаная выключна Расіі. Гэта якраз тое, што называецца “комплекс малодшага брата” альбо “вывучаная бездапаможнасць”.

  • – Мы никому, кроме России, не нужны.
  • – Россия – великая страна, наша старшая сестра. Только в союзе с Россией мы будем жить в мире и покое
  • – Ни для кого это не секрет, что если не станет Российской Федерации, то Беларусь расхватают поляки и литовцы.

Між тым у некаторых ёсць спадзеў і на сапраўдную роўнасць знешнепалітычных стасункаў менавіта з Расіяй.

  • – С Россией у нас равноценное партнерство, общий менталитет, духовность.
  • – В союзе с Россией мы равные, в союзе с EC, мы инструмент для достижения целей англосаксов в развязывании войн для уничтожения России и Китая.

Пэўная распаўсюджанасць дэкларацый пра сваю другаснасць разам з неабходнасцю супрацьстаяць Захаду арганічна надае стасункам з Расіяй такую накіраванасць. Праз гэта шмат хто робіць акцэнт на моцы Расіі, на яе магутнасці і “велізарных” памерах.

  • – …У России больше возможностей, во всем. Это самое большое государство. Беларусь без России не выдержит натиска ЕС и США.
  • – Это сильнейшая страна с мощной армией и оружием.
  • – Россия великое государство, всемогущее. Страна победителей.

Асаблівы акцэнт робіцца на слогане “Вместе – мы сила!” Часам яго можна сустрэць нават з вялікім шэрагам клічнікаў.

Існыя сувязі

Неабходнасць саюза з Расіяй таксама тлумачыцца спасылкамі на аб’ектыўныя сувязі, якія існуюць паміж Беларуссю і Расіяй. Тут пераважае эканоміка: танныя рэсурсы, вытворчыя ланцужкі, вялікі рынак і г.д.

  • – С Россией у нас союз между государствами на протяжении долгих лет дружбы и товаро-рыночных отношений.
  • – … (Россияне) продают нам товары и энергоресурсы за очень приемлемую цену, я думаю, что все белорусы это суждение мое поддержат.
  • – Простой прагматизм: газ, нефть и возможность сбыта белорусской продукции в России.

Рэспандэнты адзначаюць, што адной эканомікай сувязі Беларусі з Расіяй не абмяжоўваюцца. Эканамічная база вельмі важная, але спектр стасункаў паміж краінамі шырэйшы.

  • –     Много общего у нас: и родственные связи, и язык, и религия.
  • –     В России многие живут родственники, и работают там, и многие беларусы ездят туда, чтобы заработать деньги.
  • –     Россияне продают нам товары и энергоресурсы за очень приемлемую цену.
  • –     Почему? Потому что – нефть, газ и  родственные души.

“Народжаныя ў СССР”

Напрыканцы дадамо яшчэ адзін момант: дасюль не знікла і пэўнае шкадаванне па Савецкім Саюзе. Яно мае і эканамічнае, і палітычнае, і псіхалагічнае вымярэнні. Гэта не проста пасіўны рэсентымент, часам ён увасабляецца ў надзеі на ўзнаўленне Саюза.

  • –     Мы едины, нас насильно разъединили, разбили наши семьи. Если бы не было развала СССР,  то не было бы сейчас и войны!
  • –     Потому что я хочу жить в границах Отечества 1945 года, за эти границы мои дедушки и бабушки отдавали свои жизни.
  • –     А вообще неплохо было бы возродить СССР.

Калі казаць пра колькасную прадстаўленасць усіх гэтых матываў, то на першым месцы (з вялікім адрывам ад астатніх) знаходзіцца менавіта апеляцыя да гістарычна-славянскага адзінства ці братэрства, якое патрэбнае перш за ўсё для змагання з Захадам. На другім месцы – вобраз Расіі як вялікай дзяржавы, якая мае шмат рэсурсаў і заўсёды абараняе сваіх “сяброў”. На трэцяе месца ставяцца эканамічныя меркаванні, пасля чаго ўжо ідзе савецкі рэсентымент.

Вось што атрымліваецца ў выніку – арыентацыя на Расію мае скіраванасць у мінулае, яна падтрымліваецца страхам перад неакрэсленасцю будучыні і ўпэўненасцю ва ўласнай другаснасці.

Фота: Reuters