• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму EPAM Systems такі танны?

    Беларускія праграмісты саспелі да стварэння ўласнага прадукта.

    Анэксія Крыму ўдарыла не толькі па расейкаму бізнэсу, але і беларускаму. Каціроўкі амерыкана-беларускага EPAM Systems, якая мае свае буйныя прадстаўніцтвы як ва Ўкраіне, так і ў Расеі, абваліліся за апошні месяц амаль на 30%. Абвастрэнне сітуацыі ў Крыму каштавала рэзідэнту беларускага Парка высокіх тэхналогій $ 500 млн, а ягоная капіталізацыя зменшылася да 1,5 млрд.

    Гэткі абвал акцый выкрывае фундаментальны недахоп кампаніі: EPAM Systems не мае ўласнага прарыўнога прадукта, а прадстаўляе сабой звычайны (хоць і вялікі) зборачны цэх. Агромісты завод, які хутка і якасна можа выканаць тваю замову, але не можа прапанаваць нічога ўнікальнага. Усе ж бягучыя зоркі ІТ-індустрыі, з іх невялікімі маладымі камандамі, характарызуюцца не прыбыткам, а менавіта наяўнасццю свежых ідэй.

    Кантраст EPAM з Viber ці Whatsapp адразу кідаецца ў вочы. Дыназаўр індустрыі з беларускімі каранямі быў заснаваны ў ЗША ў 1993 годзе, а галоўныя вытворчыя цэнтры ў сваю чаргу сканцэнтраваны ва Ўсходняй ды Цэнтральнай Еўропе. Штат складае больш за 9000 чалавек, а сярод кліентаў значацца такія гіганты, як Paypal, Barclays ці Citigroup.

    Галоўным бізнэсам кампаніі з’яўляецца распрацоўка праграмных прадуктаў. Калі буйным карпарацыям неабходна стварыць уласны софт, то ім прасцей перадаць функцыі распрацоўкі знешняму выканаўцу, у якога ўжо ёсць прафесійная каманда, тэхналогіі і інфраструктура – усе элементы, неабходныя для хуткай арганізацыі эфектыўнай працы. За кошт маштабу, ЕРАМ здольны забяспечыць, з аднаго боку якасць, а з другога адносна невысокія цэны.

    З гэтай задачай лідэр беларускага Парку высокіх тэхналогій выдатна спраўляецца, дэманструючы зайздросную дынаміку. Па версіі Forbes, EPAM Systems заняў шостае месца сярод 25 самых дынамічных тэхналагічных кампаній 2013 году (першыя тры належаць LinkedIn, Facebook, Apple), а таксама другое месца ў ТОП-20 амерыканскіх малых кампаній ІТ сектару.

    Аднак, нягледзячы на поспех і 40% рост капіталізацыі за апошні год, не варта ўпадаць у эйфарыю. Гэта тэндэнцыя характэрна для ўсяго ІТ сектара, каціроўкі якога апошнія гады растуць у два разы хутчэй за астатнія рынкі. А індэкс тэхналагаічных кампаній – Nasdaq Composite – упэўнена набліжаецца да ўзроўню легендарнага часу «доткомаў», мыльнага пузыра пачатку 2000-ых. Дні, калі старт-апы з дзесяткам праграмістаў каштавалі некалькі сот мільёнаў, падаецца нікуды і не сыходзілі.

    Дастаткова ўзгадаць апошнюю пакупку Марка Цукенберга у $ 19 млрд. – мабільнае дастасаванне Whatsapp. У гэтым кантэксце капіталізацыя EPAM Systems выглядае зусім смешнай. І гэта не адзіны выпадак, рынак спазнаў шэраг меншых паглынанняў: Nest Labs, Supercell, 20-мільярдны выкуп акцый Dell. Адзначыўся на гэтым полі і іншы гонар беларускіх праграмістаў – мабільны мэсэнджэр Viber, які быў куплены на пачатку года за $ 900 млн. Варта параўнаць памеры і сумы. З аднаго боку, амаль 1 млрд $ за праграму для тэлефонаў, якая нават не прыносіць пакуль прыбытку, створаную камандай у 50 чалавек. З іншага, 1,5 млрд за транснацыянальную кампанію з 9304 высокаякаснымі працаўнікамі і гадавым абаротам больш за 500 млн $.

    Таму неабходнасць распрацоўкі сваёй унікальнай прапановы робіцца відавочнай. Big Data i воблачныя сервісы могуць быць ідэальнымі накірункамі для стварэння такога прадукту. Для гэтага EPAM мае ўсе перадумовы – у іх ёсць буйныя кліенты, яны ведаюць што гэтым кліентам патрэбна і маюць армію прафесіяналаў, якая здольная гэта рэалізаваць. Улічваючы павялічэнне канкурэнцыі на рынку аўтсорсынгавых паслуг, асабліва з боку Індыі, распрацоўка свайго прадукта робіцца ключом для выбуховага росту капіталізацыі кампаніі і яе схаванаю магчымасцю.

    Ад таго, як кампанія здолее справіцца з гэтым выклікам, залежыць будучыня EPAM Systems.

    ПаказацьСхаваць каментары