падтрымаць нас

Артыкулы

“Ідэя” святкуе 5-годдзе і перарастае ў Цэнтр новых ідэй

“Ідэя” святкуе 5-годдзе і перарастае ў Цэнтр новых ідэй
У нас вялікія змены і не меншыя планы – і мы ўжо гатовыя падзяліцца некаторымі з іх.

Час прызнаць відавочнае: “Ідэя” – не проста сайт. Пасля таго, як мы правялі процьму івэнтаў і пачалі ездзіць з лекцыямі па краіне, навыпускалі матэрыялаў усіх магчымых фарматаў, якія можна толькі прыдумаць, правялі ментарскую праграму для журналістаў, называць сябе толькі анлайн-часопісам прынамсі дзіўна.

Таму настаў час рэформаў – “Ідэя” становіцца Цэнтрам новых ідэй.

Мы ствараем унікальную арганізацыю, якая спалучыць найлепшыя практыкі медыя-платформы, публічнага форуму, адукатара, даследчай арганізацыі і групы па адвакатаванні. Гучыць як bullsh*t bingo, але мы сыходзім з таго, што вам не трэба класічнае НДА – ды і нам таксама.

Калі казаць крыху менш абстрактна, то мы хочам данесці кожнаму беларусу, чаму нам патрэбныя рэформы і якімі яны павінны быць.

Калі яшчэ менш абстрактна, то вось наш план на бліжэйшы год.

  • Запусціць сайт Цэнтра новых ідэй. Дарэчы, адрас новага дамена вы даведаецеся, калі паглядзіце ролік з канферэнцыі #reshape2017. Працэсам транзіту ад “Ідэі” да Цэнтра новых ідэй будзе кіраваць наш дырэктар Антон Раднянкоў (дарэчы, дырэктар у нас болей не проста выдуманая пасада, а юрыдычны факт, пра гэта нават айчынны ФСЗН ведае).

  • Выдаць некалькі хвацкіх відэа-праектаў, над якімі мы ўжо пачалі працу. Першы з іх – гэта “Рэформы F.A.Q.”. Я разам з Алесем Аляхновічам паспрабую адказаць на восем самых важных пытанняў, якія часта задаюць беларусы пра рэформы. Выпусцім у студзені-лютым.
  • Пачаць збіраць фрагменты праграмы рэформаў “Новая Беларусь”. У гэтым годзе мы ўжо выпусцілі дробны пробнік гэтай праграмы, прысвечаны рэформам рэгіёнаў. Будзе больш і лепш.
  • Аб’ехаць усе абласныя цэнтры Беларусі з нашымі лекцыямі. Калі атрымаецца, то паедзем яшчэ і далей (то бок у гарады паменш). Год таму мы бывалі ў Гомелі, Магілёве і Віцебску, таму вясной пачнем з Брэста і Гродна.
  • #reshape2017 не выпадкова меў у назве 2017 – ад цяпер гэта нашая штогадовая канферэнцыя.
  • Ужо ў лістападзе выйдзе першы матэрыял з праекту “91”. Гэта не толькі год нараджэння апошняй версіі Беларусі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якую мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў. І ўсё дзеля таго, каб зразумець нашую краіну.
  • Пачаць блогі на іншых сайтах. Праўда ў тым, што мы ніколі не імкнуліся даганяць наведвальнасць TUT.by, таму куды больш сэнсу бачым у тым, каб паставіць нашыя мэты вышэй за ўласны сайт.
  • Прарвацца ў тыя сацсеткі, дзе ў нас не ўсё так добра, перадусім Ok.ru i VK. (Між іншым, мы з’явіліся ў Telegram – падпісвайцеся).

Насамрэч зменаў будзе столькі, што цяжка пра іх усё напісаць. І брацца за іх балюча, бо працы наперадзе шмат, а яе плён пакуль тэарэтычны.

Але лепш рызыкоўная стратэгія, чым безнадзейная.

Таму мы зашываем інавацыйнасць у ДНК нашай арганізацыі і будзем усяляк змяняць змест ды інструменты дзейнасці, абы гэта было на карысць Беларусі. Ад сённяшняга дня вы зможаце  назіраць, як крок за крокам мы будзем нешта паляпшаць.  (Дарэчы, мы не можам прыдумаць усе змены самі  – пішыце, калі ласка, што яшчэ нам трэба зрабіць).

Пяць гадоў таму, калі мы запускалі студэнцкі праект з самапальным дызайнам (aka “Ідэя”), я ўявіць сабе не мог, да чаго мы дарасцем. Дзякуй усім, хто быў з намі столькі часу,  – гэта было крута.

А ў будучыні будзе яшчэ лепш.