падтрымаць нас

Грамадства

Каманда “Ідэі” раіць найлепшыя ў свеце падкасты

Каманда “Ідэі” раіць найлепшыя ў свеце падкасты
15 падкастаў, якія слухаюць аўтары нашага сайта.

Падкасты гэта медыйная рэвалюцыя, якая яшчэ не дайшла да Беларусі. У Злучаных Штатах падкасты слухае ўжо кожны пяты чалавек, на падкастах вырастаюць агромністыя кампаніі з адпаведнымі рэкламнымі прыбыткамі. Хоць за падкастамі будучыня, у Беларусі яны маюць кволую папулярнасць, таму мы асуджаныя слухаць пераважна англамоўныя выданні.

Калі вы думаеце зацікавіцца гэтай новай “маніяй” альбо шукаеце дадатковых падкастаў, то глядзіце ніжэй выбар трох нашых аўтараў. Спасылкі на падкасты мы падаем на iTunes, але наагул падкасты даступныя і на многіх іншых платформах, just google it.

Глеб Мартынаў

Каманда “Ідэі” раіць найлепшыя ў свеце падкасты

The Economist: Editor’s Picks найлепшы спосаб спажывання найбольш цікавых артыкулаў славутага The Economist. Кожны тыдзень The Economist публікуе некалькі эпізодаў працягласцю 5-10 хвілін. Некаторыя эпізоды адлюстроўваюць актуальныя справы (напрыклад, Трамп і выведка ЗША), іншыя распавядаюць пра нечаканыя месцы ці тэмы (напрыклад, пра шоу-бізнес Конга). Тое, што патрэбна, калі чакаеш грамадскі транспарт ці ідзеш на працу.

Fresh Air адна з найвядомейшых перадач амерыканскага радыё і выдатны падкаст, які робіць NPR амерыканскае Нацыянальнае публічнае радыё. NPR нон-профіт, таму можа дазволіць сабе канцэнтравацца на няпростых тэмах. Fresh Air гэта інтэрв’ю з амерыканскімі інтэлектуаламі ды публічнымі персонамі, а таксама культурныя агляды (кіно, музыка і г.д.). Між іншым гэта яшчэ і галоўны культурны сімвал амерыканскіх дэмакратаў, пазіцыя якіх  злева ад палітычнага цэнтра.

99% Invisible неабыякавы падкаст пра дызайн, архітэктуру ды элементы публічнай прасторы, якія на першы погляд незаўважныя, але ўплываюць на нашае штодзённае жыццё. А таксама шмат цікавых момантаў з гісторыі дызайну як добрага, гэтак і дрэннага.

The Message / LifeAfter два забаўляльныя аўдыёблокбастары. The Message фантастычны саспэнс пра прышэльцаў, LifeAfter антыўтапічны, але вельмі цікавы падкаст пра магчымую будучыню штучнага інтэлекту ў стылі Black Mirror.

Рыгор Астапеня

Каманда “Ідэі” раіць найлепшыя ў свеце падкасты

Кожная жаба хваліць сваё балота, таму спачатку пра беларускае. Хоць у нас гэта не зусім падкасты, а хутчэй перадачы.

“Эканоміка на пальцах”, якую я стаў радзей слухаць, бо яе няма ў iTunes, але не сумняюся, што Сяргей Чалы ўсё яшчэ стаіць на стражы ліберальнай эканамічнай думкі.

“Праскі акцэнт”  радыё “Свабода” Юры Дракахруст запрашае прыстойных гасцей ды і сам задае добрыя пытанні. Дарэчы, у “Свабоды” шмат каналаў у iTunes і яны загружаюць усе файлы на Soundcloud, таму там, без сумневаў, знойдзецца нешта вартае, каб паслухаць, прынамсі раз на тыдзень.

З замежных падкастаў вушы адданыя наступнай тройцы:

Hard Talk легендарная праграма, таму я нават не ведаю, што тут пісаць.

The Weeds/The Ezra Klein Show падкасты Vox нават лепшыя, чымся сам сайт. У Weeds тры асноўныя героі сайта абмяркоўваць палітыку ў сэнсе policy, а не politics. А вось Ezra Klein Show папрасцей і падушэўней гэта больш чым гадзінныя размовы з вядомымі амерыканцамі.

Political Gabfest журналісты выпіваюць і абмяркоўваць сур’ёзныя тэмы. Ён чымсьці падобны да The Weeds, але куды весялейшы, але пры гэтым такі ж інтэлектуальна грунтоўны.

Марыя Русак

Каманда “Ідэі” раіць найлепшыя ў свеце падкасты

Цяжка быць апошняй, але з ужо згаданых падкастаў падтрымаю 99 % Invisible, The Weeds, The Ezra Klein Show і Fresh Air. З таго, што абмінулі, параю:

Freakonomic Radio гэта лекцыі ды падкасты, якія распавядаюць, што і якім чынам прымушае рухацца сучасны свет вакол нас. Падкаст працягвае тэму бестселера Freakonomics, які атрымаў незлічоныя ўзнагароды за тое, што змог патлумачыць звычайным людзям складаныя штодзённыя рэчы. Падкаст карыстаецца папулярнасцю асабліва за нестандартныя парады пра тое, як перамагчы сістэму ў любым яе выглядзе.

Internet Explorer падкаст Buzzfeed пра ўсё, што вы мусіце (і не мусіце) ведаць пра інтэрнэт. Для тых, хто хоча быць у тэме, яшчэ да таго, як гэта стане тэмай. Падкаст мае своеасаблівую аўдыторыю 20-30 гадовых міленіялаў заходняга ўзбярэжжа ЗША, але пасуе і тым, хто хоча зазірнуць у будучыню, але не валодае ўпэўнена інтэрнэт-слэнгам. Эпізоды зробленыя з гумарам, падымаюць складаныя тэмы і тлумачаць, як онлайн-культура ды інтэрнэт змяняюць сённяшняе жыццё.

Women of the Hours яшчэ адзін падкаст Buzzfeed, з рэжысёркай і прадзюсаркай серыяла Girls Ленай Дунхам. Падкаст пра women power, які праз серыі інтэрв’ю з класнымі жанчынамі разглядае пытанні працы, кахання, палітыкі, жыцця і штодзённасці. Удзельніцы падкаста вядомыя пісьменніцы, палітыкі і актрысы, уключаючы Эму Стоўн, Зайдзі Сміт і інш.

The Urbanist крыху больш спецыфічны, для тых, хто цікавіцца развіццём гарадоў, горадабудаўнічымі праектамі і будучымі трэндамі. Будучы часткай радыё Monocle, падкаст даследуе працэс эвалюцыі сучасных гарадоў, а таксама размаўляе з людзьмі, якія стаяць за гэтымі зменамі. Штотыднёвы выпуск разглядае гарады з розных бакоў: ад тэмы вады і ўзроўню злачынстваў да таго, чаму і як у гарадах сёння будуюцца пачварныя будынкі. Варта слухаць тым, хто задумваецца пра тое, што такое гэтая “ўрбаністыка”.