• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму так склалася ў беларуска-ўкраінскіх стасунках, што мы не ведаем адно аднаго?

    Па выніках розных абмеркаванняў, якія тычацца беларуска-ўкраінскіх стасункаў, Генадзь Коршунаў дзеліцца сваімі ўражаннямі аб вытоках заганных схем ва ўзаемным бачанні беларусаў і ўкраінцаў.

    Гэты артыкул выходзіць у межах рассылкі “Што думаюць беларусы”. Падпісвайцеся.

    Мінулы тыдзень нечакана стаўся багатым на розныя імпрэзы, аб’яднаныя агульнымі тэмамі – беларуска-польскімі і беларуска-ўкраінскімі дачыненнямі. Зразумела, больш насычанай была тэма адносінаў беларусаў і ўкраінцаў. Пры гэтым асноўным было пытанне, хутчэй, не пра тое, як беларусы і ўкраінцы ставяцца адно да аднаго (тут варыянты больш-менш відавочныя, прынамсі з украінскага боку).

    Галоўнае пытанне – чаму так склалася? Калі канкрэтызаваць, то чаму з боку ўкраінцаў ідзе хейт да беларусаў, якія пацярпелі ад Лукашэнкі? Чаму замест таго, каб яднацца супраць фактычна агульнага ворага, мы бачым хвалі нянавісці ад нашых паўднёвых суседзяў? Вось што сабралася і крыху сістэматызавалася па выніках розных абмеркаванняў і разваг (калі прыбраць з аналізу аб’ектыўныя прычыны ў выглядзе ракет, самалётаў і тых “Шахедаў”, што ляцяць з Беларусі).

    Мая асноўны тэзіс: мы не ведаем адно аднаго.

    Хоць мы і суседзі, хоць і маем сваякоў па розныя бакі мяжы, хоць і разам жылі ў Савецкім Саюзе… Але ж менавіта праз гэта мы і не ведаем адно аднаго па-сапраўднаму, бо прывыклі меркаваць, што ўсё ж з суседам зразумела і ўсё відавочна, няма ў чым разбірацца. Гэта пастка відавочнасці, якая будуецца на шэрагу стэрэатыпаў. Прычым як новых, так і старых.

    Адзін з галоўных стэрэатыпаў савецкага кшталту – гэта беспадстаўная вера ў нашае падабенства і адзінства, бо мы ж, маўляў, “з аднаго кораня і трыадзіны народ”. Шкоднасць такога погляду палягае не толькі ў тым, што гэтае “трыадзінства” аўтаматычна прымушае прыгадваць пра “старэйшага брата” і падпарадкоўвацца яму, але і ў тым, што губляецца неабходнасць бачыць і разумець тое, чым мы адрозніваемся. Бо “мы ж аднолькавыя” і ацэньваем другога выключна паводле сваіх шаблонаў.

    Чаму беларускія Плошчы не былі падобныя да ўкраінскіх Майданаў? Чаму беларускі мірны пратэст не быў падобны да таго, што рабілі ўкраінцы? Чаму беларусы ставяцца да расіян не так, як да тых ставяцца ўкраінцы? Авохці, а, можа, проста таму, што беларусы – не ўкраінцы?! Беларусы – гэта беларусы, і яны не мусяць быць ні да каго падобнымі! У беларусаў свой шлях, беларускі!

    Дарэчы, да 2022-га года стаўленне звычайнага ўкраінца да Расіі было ці не лепшым, чым у шараговага беларуса (мо неяк наступным разам распавяду пра гэта). І яшчэ – тое, што расіяне не здолелі цвяроза ацаніць стан грамадскай думкі Украіны на пачатку 2022-га года – гэта вынік той жа сляпой веры ў “адзінства і падабенства”.

    Калі казаць пра больш сучасныя стэрэатыпы, то тут на першым месцы мусіць быць вобраз Лукашэнкі як выдатнага гаспадара і “крэпкага хазяйственніка”. Ён жа прамысловасць не разваліў, алігархам жыцця не даў, дарогі цудоўныя і розны іншы “парадачак”. Нібыта і сапраўды ўсё гэта, нават чысціню на вуліцах, зладзіў менавіта Аляксандр Рыгоравіч.

    У гэта сапраўды вераць людзі старэйшага ўзросту ад Кішынёва да Казані (насамрэч нават шырэй)і. Працуе і прапаганда, і незадаволенасць сітуацыяй у сваёй мясцовасці. Праз гэта і фармуецца ідэя, што дзесьці ёсць той самы амаль сацыялістычны рай, у які верылі ў маладосці. І разбірацца, што там сапраўды робіцца ў Беларусі, ніхто не будзе, бо няма ні часу, ні ахвоты.

    Гэта прыкладна тое ж самае, як меркаванні добрай часткі беларусаў пра Украіну – алігархі, карупцыя, западэнцы-бандэраўцы, ціск на рускую мову і “гэтавосьусё”. Гэта калі агулам. А калі пачнеш распытваць падчас размовы, то ўсё можа аказацца ўжо і не такім дрэнным. Раптам і пра палітычную свабоду людзі прыгадваюць, і пра развіццё малога бізнесу, і пра ўздым сельскай гаспадаркі, ды й пра іншыя добрыя рэчы…

    І ў даважку да гэтага дадамо ўплыў расійскай прапаганды “рускага міру”, якая хоць і нязграбна, і без фантазіі, але ж працуе. І, на жаль, яшчэ пэўны час будзе працаваць. Бо абапіраецца яна на тыя ж стэрэатыпы, якія жывуць самі па сабе. Яна іх толькі раздзьмухвае і карэктуе ў патрэбным сабе кірунку.

    Прычым і пад прапагандай, і пад “рускім мірам”  тут трэба разумець не толькі ток-шоу і выпускі навінаў. Ёсць і глыбінныя пласты – літаратура, мастацкія фільмы, серыялы. Паспрабуйце прыгадаць, як там выглядаюць украінцы і беларусы. Я дапамагу: украінцаў малююць як, хутчэй, недалёкіх і лянівых альбо як карупцыянераў і мафіёзі. А як беларусаў? А нас збольшага ніяк не малююць. Пасля партызанства ў часы Другой сусветнай нас і няма для іх як асобных персанажаў. Ну хіба тэрыторыя наша можа ўзгадвацца як нешта “такое”. А беларусы – не, гэта “тыя ж рускія”.

    Гэтак на старыя, яшчэ савецкія стэрэатыпы накладаюцца “новыя” прапагандысцкія штампы, і ўсё гэта добранька так міксуецца ў прасторы прарасійкай культуры – і мастацкай, і масавай, і экспертнай. Мы глядзім адно на аднаго праз крывыя шыбы ў пабудаваных іншымі агароджах.

    Што рабіць?

    Цікавіцца. Думаць. Самастойна меркаваць. Паважаць сябе, шанаваць іншых. І размаўляць, слухаючы іншага і распавядаючы сваё.

    Без ведаў мы спрачаемся. З досведам мы супрацоўнічаем.

    Фота: Getty Image

    ПаказацьСхаваць каментары