падтрымаць нас

Грамадства

Беларускія дыяспары: як і навошта з імі супрацоўнічаць?

Беларускія дыяспары: як і навошта з імі супрацоўнічаць?
Мігранты – гэта не безадказныя дэзерціры, а патэнцыйная крыніца сусветнага досведу.

Беларусь можа атрымаць неілюзорныя прыбыткі, калі пачне стратэгічна супрацоўнічаць з беларускімі дыяспарамі. І выглядае, што беларускае Міністэрства замежных справаў гатовае зрабіць вялікі крок да гэтага ў 2017-ым годзе, на З’ездзе беларусаў свету.

Суайчыннікі з’язджаюць шукаць лепшай долі і дасягаюць поспеху па ўсёй Зямлі гэта не бяда, а звычайная практыка ў шматлікіх краінах. Варта вывучыць іх досвед, каб выбудаваць годную стратэгію беларускага МЗС па супрацы з беларускімі дыяспарамі.

Супраца МЗС з беларусамі замежжа: час стратэгіі надышоў

Сёння ў Беларусі няма стратэгіі па супрацы з дыяспарамі. Кантакты існуюць, аднак яны больш нагадваюць спантанную камунікацыю.

Напрыклад, суполкам беларусаў замежжа могуць адпраўляць нацыянальныя строі ці традыцыйныя музычныя інструменты.

Аднак пры гэткай вялай падтрымцы няма аналізу патрэбаў саміх дыяспар ды пошуку адказу на галоўныя пытанні: навошта наогул супрацоўнічаць з дыяспарай, якія мэты тут можа ставіць перад сабой Беларусь?

Пытанне выпрацоўкі такой стратэгіі плануецца ўздымаць на сёмым З’ездзе беларусаў свету, які традыцыйна арганізуе грамадскае аб’яднанне “Бацькаўшчына”. Адчуванне, што наспеў час сістэматызаваць адпаведную працу, ужо з’яўляецца як у прадстаўнікоў дыяспар, гэтак і ў беларускага МЗС.

Раней жа, як узгадваюць прадстаўнікі “Бацькаўшчыны”, з боку дзяржавы не было відаць такога імкнення. Наадварот, калі прымалі Закон “Аб беларусах замежжа”, адчуваўся пэўны супраціў чыноўнікаў, якія не жадалі абцяжарваць сябе дадатковай нагрузкай.

Але цяпер кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заяўляе, што падрыхтоўка і правядзенне з’езду “стане адным з галоўных напрамкаў працы ў сферы ўзаемадзеяння з суайчыннікамі. На гэтым з’ездзе павінны быць прынятыя сапраўды важныя рашэнні, якія дадуць магчымасць актывізаваць дзейнасць беларусаў замежжа”. Аднак справа не толькі ў адсутнасці альбо наяўнасці палітычнай волі беларускага МЗС, бо  супрацу дзяржавы з беларускімі дыяспарамі ўскладняюць і іншыя бар’еры.

“Змагары”-эмігранты альбо абыякавыя скептыкі

Паводле падлікаў “Бацькаўшчыны”, беларускія дыяспары – гэта прыкладна 3,5 млн чалавек у 70 краінах, і толькі ў 25 з іх беларусы неяк арганізаваныя ў суполкі. Дакладным падлікам перашкаджае ўмоўнасць крытэраў прыналежнасці да дыяспары і нязграбная беларуская статыстыка.

Паводле Закона “Аб беларусах замежжа”, да іх адносяцца тыя, хто “пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфiкуе сябе як беларуса”. Як слушна адзначае старшыня савета нідэрландскага The Network University, адмысловец у справах дыяспар Герд Юннэ, адчуванне асабістай нацыянальнай прыналежнасці – суб’ектыўная справа, якая можа змяняцца некалькі разоў за жыццё чалавека.

Статыстыка ж часцяком не бачыць беларусаў-мігрантаў, якія могуць лічыць, што выехалі часова, не інфармаваць пра свой выезд дзяржаўныя ўстановы альбо выкарыстоўваць два пашпарты, распавядае Алена Макоўская, кіраўніца “Бацькаўшчыны”. У выніку маем кейсы накшталт канадскага: мясцовыя службы лічаць, што цягам 2000-ых гадоў да іх пераехала 5 тыс. беларусаў, у сваю чаргу айчынная статыстыка заўважае толькі 1 тыс.

Агулам можна вызначыць тры хвалі беларускай міграцыі. Старая – гэта паваенныя суполкі ў Брытаніі і ЗША ды іх нашчадкі. Дарослая – мігранты 1990-ых, якія яшчэ не сутыкнуліся са зменай пакаленняў. І маладая хваля – мігранты, што з’ехалі з Беларусі за апошнія 10 гадоў. Сярод усіх гэтых груп, і асабліва сярод маладых ды часткі старых, распаўсюджаныя вельмі апазіцыйныя палітычныя погляды, якія памнажаюцца на эмігранцкі радыкалізм. З такімі “змагарамі” МЗС супрацоўнічаць не імкнецца.

Да таго ж эмігранты з’язджаюць з Беларусі не дзеля таго, каб пра яе клапаціцца. Адчуванне сябе як беларуса губляецца, а праблемы гістарычнай радзімы могуць не кранаць. Нават Маша Чаракова, суаўтарка праекта “Гэта Беларусь, дзетка!”, раней прайшла праз этап: “Я хачу быць мясцовай, не размаўляйце са мной па-руску”. Такіх беларусаў замежжа супрацай не асабліва зацікавіш.

І наогул дыяспары патрэбныя сваёй краіне ў большай ступені, чымся яна – дыяспарам.

Аднак карысці ад дыяспар і наладжанай супрацы з імі можа быць шмат.

Япі, go home

У сучасным глабалізаваным свеце бессэнсоўна змагацца з уцечкай мазгоў. Аднак цалкам магчыма атрымаць бонусы ад вяртання мігрантаў з новым досведам ці ад міжнароднай сеткі спецыялістаў, якія не забываюць пра свае нацыянальныя карані.

Напрыклад, Ірландыя (краіна, якая гістарычна мае велічэзную дыяспару) стварыла камітэт па працы з ірландцамі замежжа, арганізуе сустрэчы рэгіянальнай сеткі прадстаўнікоў дыяспар. Існуе “Глабальная сетка ірландцаў” – 300 самых уплывовых прадстаўнікоў ірландскіх дыяспар, якія супрацоўнічаюць з урадам дзеля развіцця ірландскай эканомікі, культурнага ды турыстычнага патэнцыялу на ключавых рынках.

У Індыі створанае “эканамічнае грамадзянства” для індусаў дыяспары, якое дазваляе за $ 100 атрымаць эканамічныя правы звычайных грамадзянаў і пяцігадовыя візы. У выніку тысячы мігрантаў, якія вярнуліся, паспрыялі ўздыму IT-сектара ў Бангалоры, які цяпер канкуруе з беларускім ПВТ.

І гэты сусветны трэнд. Калі раней эмігрантаў успрымалі як безадказных дэзерціраў ды палітычных ворагаў, то дыяспары ў новым тысячагоддзі – гэта доступ да сусветнага досведу, крыніца знешняга фінансавання і новых ведаў.

Стагоддзі таму эміграцыя звычайна была адным рашэннем на ўсё жыццё, а сёння яна можа лёгка адбывацца па коле.

Адукаваны япі з міжнародным досведам вандруе па свеце і працуе там, дзе ёсць попыт, у тым ліку – і на гістарычнай радзіме.

Таму імкненне беларускага МЗС стратэгічна супрацоўнічаць з беларусамі замежжа – добрая ідэя. Цяпер галоўнае – годна яе рэалізаваць, выкарыстоўваючы паспяховы міжнародны досвед.