Адзін з паказнікаў, якім карыстаюцца эканамісты, каб ацаніць, наколькі краіна багатая ці бедная, – гэта валавы ўнутраны прадукт (ВУП). Краіны могуць мець розную колькасць насельніцтва, цэны, таму ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці (ППЗ) прымае пад увагу гэтыя адрозненні і дазваляе дакладней параўноўваць краіны між сабой.
Каб паглядзець, на колькі гадоў Беларусь адстае, я ўзяў беларускі ВУП на душу насельніцтва па ППЗ у 2018-ым годзе і праверыў, у якім годзе іншая краіна ці рэгіён мелі падобны паказнік. Даведацца, на колькі Беларусь апярэджвае некага, таксама можна, калі параўнаць той жа самы беларускі ВУП у 2018-ым з прагнозамі МВФ па краінах і рэгіёнах.
Большасць рэгіёнаў свету (па класіфікацыі МВФ) апярэджвае Беларусь: Група сямі (G7) – на 29 гадоў, Еўрапейскі Саюз – на 22, Усходняя Еўропа – на 7. Паводле прагнозаў МВФ, Блізкі Усход і Паўночная Афрыка дасягнуць ВУП Беларусі (узроўню 2018-га года) толькі праз 3 гады, а Паўднёвая Амерыка праз 6.
Беларусь – гэта Швейцарыя 36 гадоў таму. Менавіта столькі гадоў таму назад, у 1982-ым годзе, ВУП на душу насельніцтва па ППЗ Швейцарыі раўняўся беларускаму ў 2018-ым годзе. Беларусь – гэта Іспанія 21 год таму назад, Літва і Польшча 9 гадоў таму. Паводле прагнозаў МВФ, Сербія дасягне ўзроўню Беларусі 2018-га года праз 2 гады – у 2020, Азербайджан – праз 3, а Македонія – праз 5.