• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Любоў да дакументаў. Ці будуць улады рэалізоўваць сваю стратэгію-2030

    Што добра і дрэнна ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця.

    Пры разглядзе стратэгіі развіцця Беларусі да 2030 года ствараецца ўражанне, што рэформам быць. Дакумент выглядае шматабяцальным і дае падставы меркаваць, што лібералы ў беларускім кіраўніцтве ёсць і яны займелі рэальны ўплыў.

    Хоць насамрэч і мінулыя стратэгіі стваралі такое ж уражанне. Першы падобны дакумент урад прыняў у 1997-ым годзе.

    Што чарговы раз абяцаюць улады

    У кірунку развіцця інстытутаў улады ды іх удзелу ў эканоміцы плануецца павышэнне ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

    Прадугледжана развіццё электроннага ўраду – да 2020-га плануецца перавод усіх адміністрацыйных працэдур у электронны фармат.

    Інфляцыю плануецца давесці да 5 % у год, што дазволіць дзяржаве цалкам ліквідаваць льготнае крэдытаванне.

    Бюджэт будзе прафіцытны, а за кошт прафіцыту плануецца зніжэнне вонкавага доўгу. Таксама плануецца аб’яднаць усе пазабюджэтныя фонды на адзіным рахунку з рэспубліканскім бюджэтам. Улады абяцаюць перайсці да трохгадовага планавання бюджэту, што дасць магчымасць прадумваць доўгатэрміновыя стратэгіі ды больш дакладна бачыць эфект ад дзяржаўных выдаткаў.

    Шмат увагі надаецца фармаванню магчымасцяў для малога і сярэдняга бізнесу, перадусім спрашчэнню адкрыцця і закрыцця бізнесу, увядзенню інстытута падатковых кансультантаў і інш.

    У сферы турызму нас чакаюць візавыя паслабленні, праўда, пакуль у адносінах да гасцей краіны, але хацелася б, каб і для нас зрабілі такі падарунак у іншых краінах.

    Асаблівую ўвагу нададуць развіццю рэгіёнаў за кошт стварэння там прадпрыемстваў і хуткаснай інфраструктуры паміж Мінскам ды “новымі эканамічнымі цэнтрамі”.

    У энергетычнай сферы плануецца дасягнуць энергетычнай незалежнасці, сфера адукацыі абяцае нам новыя прафесіі, кошты на паслугі ЖКГ вырастуць і нас, магчыма, чакае часткова назапашвальная сістэма пенсіі і частковая медыцынская страхоўка.

    І пасля выканання ўсіх пунктаў нам абяцаюць якасна новую дзяржаву з высокім узроўнем жыцця і развітай грамадзянскай супольнасцю.

    Што ёсць добрага ў стратэгіі і чаго ёй не стае

    Стратэгія насамрэч не такая і дрэнная, напрамак развіцця выглядае даволі рэфарматарскім і рынкавым. Але калі нават уявіць, што праграма будзе рэалізоўвацца, то застаюцца чатыры пытанні.

    Па-першае, шмат гаворыцца пра акцэнт на развіццё прыватнага сектара, але ёсць пэўныя галіны эканомікі, удзел прыватнага сектара ў якіх замоўчваецца. У сферы медыцыны няблага было б пашыраць прыватную практыку. Тое, што мы будзем аплачваць 100 % паслуг ЖКГ, – гэта добра, але няма празрыстасці ў вызначэнні коштаў.

    Дзеля таго, каб пазбегнуць маніпуляцый коштамі, варта было б павялічыць прысутнасць прыватнага бізнесу і ў гэтай галіне гаспадаркі.

    Па-другое, у сферы рэгулявання ёсць шмат няясных пунктаў. Вельмі мала сказана пра канкрэтныя крокі для спрашчэння сістэмы адкрыцця і ліквідацыі кампаніі. Няма таксама і пунктаў пра змены ў дзяржаўным рэгуляванні гандлю і сферы паслуг, што выклікае насцярожанасць.

    З аднаго боку дзяржава кажа пра развіццё малога і сярэдняга бізнесу, з другога – няма яснага разумення, чаго чакаць у сферы рэгулявання.

    Па-трэцяе, няма яснасці ў падаткаабкладанні. Ідзе гаворка пра зніжэнне дзяржаўных выдаткаў, але няма нават згадкі пра зніжэнне падаткаў.

    Па-чацвёртае, няма разумення таго, як будуць рэфармаваць сістэму сацыяльнага забеспячэння (пенсіі, медыцына, беспрацоўе). Амаль нічога не гаворыцца пра медыцынскае страхаванне (акрамя таго, што яно плануецца на дабравольнай і частковай аснове), тая ж самая сітуацыя і з пенсійным забеспячэннем.

    Магчымасці і перашкоды праграмы

    Тыя крокі, якія плануецца зрабіць, гэта насамрэч шмат на шляху да рынкавай эканомікі. І наагул праграма сведчыць пра тое, што ўлады прыслухоўваюцца  да меркавання незалежных эканамістаў і ААН, якая прасоўвае стварэнне падобных стратэгіяў.

    Але выклікае насцярожанасць, ці магчымыя рэформы праз ціск з боку ўплывовай “старой гвардыі” ва ўладзе. Таксама пужаюць штомесячныя выказванні кіраўніка краіны, што рэформаў у Беларусі не будзе.

    Ці магчыма выкананне такой праграмы ўвогуле? Падаецца, што адказ станоўчы, бо там няма прапагандысцкіх ці ідэалагічных пунктаў. Больш за тое, мы маем перад вачыма паспяховы досвед суседзяў, якія, выкарыстоўваючы падобныя інструменты, дасягнулі поспеху (напрыклад, Польшча).

    Але для паспяховага выканання праграмы патрэбная шырокая дыскусія, а таксама празрыстасць зменаў, інфармаванасць грамадства і стварэнне рэальнай магчымасці ўплываць на правядзенне рэформаў.

    І яшчэ трэба, каб улады захацелі рэалізоўваюць сваю ж стратэгію.

    ПаказацьСхаваць каментары