падтрымаць нас

Артыкулы

Новы румынскі ўрок для постаўтарытарнай Беларусі

Новы румынскі ўрок для постаўтарытарнай Беларусі

Адмена перамогі кандыдата-папуліста з антыеўрапейскімі поглядамі ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі вымушае задумацца пра тое, ці можа дэмакратыя абараняцца любымі сродкамі. А таксама ставіць пытанне, як зрабіць несправядлівы перагляд электаральных вынікаў максімальна складаным у новых дэмакратыях.

Рызыкоўная мера з шырокай геаграфіяй

Адмяняючы перамогі сваіх праціўнікаў на выбарах, улады рызыкуюць сутыкнуцца з сур’ёзнымі наступствамі. Па-першае, праапазіцыйныя выбарцы, натуральна, не схільныя верыць афіцыйным прычынам, чаму не прызнаюцца першапачатковыя вынікі галасавання. Яны могуць выйсці на пратэсты, патрабуючы вярнуць ім скрадзеную перамогу. 

Дзясяткі тысяч малдаван пратэставалі летам 2018-га года, калі суд адмяніў перамогу кандыдата на выбарах мэра Кішынёва. Гэта здарылася толькі праз адзін пост у Facebook, які палітык размясціў на сваёй старонцы ўжо пасля заканчэння дазволенага перыяду агітацыі. Тады аўтарытарны і алігархічны рэжым у Малдове здолеў справіцца з крызісам, але праз год пасля гэтых падзеяў пацярпеў канчатковую паразу на парламенцкіх выбарах. 

Фота: Vladislav Culiomza / Reuters

Змірыцца з паразай давялося і партыі Рэджэпа Эрдагана ў Турцыі ў 2019-ым годзе. Спачатку, аднак, яна дамаглася правядзення паўторных выбараў мэра Стамбула, аспрэчыўшы перамогу апазіцыйнага кандыдата. Але ж, як паказвае свежае даследаванне, такія паводзіны толькі раззлавалі многіх яе прыхільнікаў, якія на перавыбарах вырашылі падтрымаць апазіцыянера.

Гэта гісторыі са “шчаслівым канцом”, але гэта не азначае, што прыхільнікі апазіцыі заўсёды могуць абараніць сваю перамогу або прыцягнуць на свой бок выбарцаў з іншага лагера. Апошнія падзеі ў Румыніі, акрамя таго, паказваюць, што ад адмены вынікаў выбараў не застрахаваныя нават краіны, якія, здавалася б, ужо прайшлі транзіт ад аўтакратыі да дэмакратыі.

Румынская палітычная драма

Прэзідэнцкія выбары ў Румыніі, якая ўваходзіць у ЕС і НАТА, прайшлі ў снежні мінулага году. Нягледзячы на прагнозы сацыёлагаў, перамогу ў першым туры атрымаў незалежны кандыдат Кэлін Джарджэску з вынікам у 23%. Аднак праз некалькі дзён Канстытуцыйны суд Румыніі нечакана пастанавіў пералічыць галасы выбарцаў цягам сутак і адклаў пацвярджэнне вынікаў. Працэдуру пераліку нават не паспелі скончыць, калі ўсё той жа Канстытуцыйны суд усё ж прызнаў законнымі вынікі першага тура.

Але другі тур так і не адбыўся паводле плана. За два дні да пачатку вырашальнага галасавання Канстытуцыйны суд беспрэцэдэнтна ануляваў вынікі выбараў і вырашыў, што кампанію трэба правесці ўвогуле з нуля.

Рашэнне было заснаванае на справаздачы румынскіх спецслужбаў. У ёй сцвярджалася, што кампанію Джарджэску скаардынавана падтрымалі тысячы фэйкавых акаўнтаў у TikTok, ён сам атрымліваў фінансаванне, хоць афіцыйна задэклараваў нулявыя выдаткі на кампанію, а дзяржаўныя ўстановы падпалі пад кібератакі падчас выбараў. Дакумент нават намякаў на вонкавае ўмяшанне нейкай дзяржавы ў выбары.

Новы румынскі ўрок для постаўтарытарнай Беларусі

Фота: Robert Ghement / EFE

Адмену вынікаў выбараў раскрытыкавалі як апазіцыйныя палітыкі, так і некаторыя эксперты. Пастановы Канстытуцыйнага суда – значыць, і зацвярджэнне вынікаў першага тура – з’яўляюцца канчатковымі. Тады ўзнікае пытанне, ці мог суд увогуле прыняць пазнейшае рашэнне аб перавыбарах. Больш за тое, яно было прынятае ў апошні момант, калі галасаванне ў другім туры ўжо распачалося на ўчастках за мяжой.

Усёй сітуацыі не хапае празрыстасці. Можна зразумець, напрыклад, пытанні да фінансавання кампаніі Джарджэску. Але ў справаздачы спецслужбаў не хапае доказаў таго, што палітыка падтрымлівала Расія ці іншая дзяржава, і таго, што ён неяк звязаны з акаўнтамі ў TikTok, якія папулярызавалі яго. Алгарытмы сацсетак, боты і кібератакі на дзяржаўныя ўстановы з’явіліся не ўчора, яны ўплываюць на электаральныя працэсы па ўсім свеце гадамі, але выбары адбываюцца.

Таму немагчыма дакладна сказаць, ці рашэнне Канстытуцыйнага суда Румыніі сапраўды цалкам справядлівае і законнае, ці яно з’яўляецца спробай існай сістэмы абараніцца ад пагрозы – папуліста-еўраскептыка з вельмі правымі поглядамі. Адсюль жа ўзнікае пытанне: ці можа дэмакратыя абараняць сябе недэмакратычнымі метадамі? Незалежна ад матывацыі анулявання, яно мае наступствы. Пакуль рашэнне не прывяло да масавых пратэстаў, але дакладна паўплывае на ход паўторнай прэзідэнцкай кампаніі і саміх выбараў, якія прызначылі на травень. Згодна з апытаннем, у першым туры за Джарджэску гатовыя прагаласаваць больш за 40% румынаў. А ў выпадку, калі яму не дазволяць балатавацца, можна чакаць як вулічныя акцыі, так і масавую падтрымку іншых правапапулісцкіх кандыдатаў.

Новы румынскі ўрок для постаўтарытарнай Беларусі

Фота: https://zerkalo.az/

Архітэктура выбараў у будучай Беларусі

Канфлікт паміж падыходамі “ніякай свабоды ворагам свабоды” і “дэмакратыя – улада дэмакратаў” мае непасрэдны ўплыў на электаральныя сістэмы. Можна ўявіць сабе перанос гэтай спрэчкі на архітэктуру выбараў у постаўтарытарнай Беларусі. Тады галоўнай размежавальнай лініяй стане пытанне зменаў у дзейным электаральным заканадаўстве.

З аднаго боку, нават сённяшняя сістэма дазваляе перадухіліць прыйсце да ўлады патэнцыйных аўтакратаў і “новых лукашэнак”. Так, ЦВК мае шырокія паўнамоцтвы дзеля кантролю за крыніцамі фінансавання патэнцыйных кандыдатаў, рыторыкай агітацыйных матэрыялаў і складам перадвыбарчых камандаў. У сваю чаргу, кандыдаты і іхныя каманды мусяць мець грамадзянства Беларусі, а выбарчыя фонды мусяць быць строга абмежаваныя ў памерах і крыніцах папаўнення. Нават публічны капітал журналістаў нельга сканвертаваць у капітал выбарчы, паколькі падчас кампаніі афіляваным супрацоўнікам СМІ забаронена весці перадачы і публікаваць свае матэрыялы. 

Калі недэмакратычны кандыдат усё ж такі будзе абраны, наваствораны Усебеларускі народны сход (уявім, што ён застанецца пасля дэмакратызацыі) можа цягам пяці дзён прызнаць выбары нелегітымнымі. Нават калі патэнцыйны аўтакрат здолее падмануць “народнае веча”, нішто не забараняе парламенту адразу ж пасля інаўгурацыі абвесціць наступныя выбары ў найбліжэйшыя месяцы, паколькі мінімальных тэрмінаў прызначэння выбараў не існуе. 

Падаецца, што ў беларускім выпадку больш пужаюць неймаверныя паўнамоцтвы па ўмяшанні ў выбарчы працэс (у тым ліку праз адмену электаральных вынікаў) ужо існых ва ўладзе палітычных сілаў. Каб захаваць пэўны кантроль за выбарчым працэсам, але разам з тым зменшыць магчымасці маніпуляцый, падаюцца вартымі разгляду наступныя крокі:

1. Надаць Канстытуцыйнаму суду дадатковыя паўнамоцтвы.

Так, можна звярнуцца да досведу Мексікі і дазволіць Канстытуцыйнаму суду абіраць чальцоў і старшыню ЦВК у выпадку адсутнасці кансэнсусу ў парламенце. Вынікам гэтага стала б узмацненне ролі ЦВК у сістэме прыняцця рашэнняў і падвышэнне даверу да яе пастаноў, у тым ліку ў аспекце канчатковага зацвярджэння электаральных вынікаў.

2. Пашырыць абарону кандыдатаў.

Так, забарона на арышт і адміністратыўнае затрыманне кандыдатаў на час выбарчай кампаніі і перанос разгляду спрэчных пытанняў датычных статусу кандыдатаў з ЦВК да судовай сістэмы пашырыла б шанцы незалежных кандыдатаў пазбегнуць адміністратыўнага ціску.

3. Заканадаўча замацаваць прымат голасу выбарцаў над рашэннямі кантрольных ці судовых органаў.

Факт таго, што людзі прагаласавалі за асобу ці партыю, мусіць прызнавацца легітымацыяй іхніх дзеянняў, няхай і спрэчных, і не можа быць адрынуты.

Галоўнае фота артыкула: AP nuotr.