падтрымаць нас

Палітыка

“Адсутнасць адзінага кандыдата — самая сур’ёзная памылка беларускай апазіцыі”

“Адсутнасць адзінага кандыдата — самая сур’ёзная памылка беларускай апазіцыі”
Шведскі палітык Герд Арансан апавядае, што ў Беларусі ёй нагадвае нацысцкую Германію, чаму яна не змагла б тут жыць, і што беларусы могуць пераняць ад шведаў.

Герд Арансан, мэр невялікага шведскага гарадка Сёдэрчопінг, а ў мінулым – няня ў радзільным доме, якая даглядала немаўлят, народжаных заўчасна. Палову свайго жыцця яна належыць да Сацыял-дэмакратычнай партыі Швецыі і ўжо больш за дзесяць гадоў курыруе праект супрацы з беларускімі сацыял-дэмакратамі.

Спадарыня Арансан, Вы даўно працуеце з Беларуссю. Чаму Вы пачалі гэтую працу?

З Усходняй Еўропай сацыял-дэмакраты Сёдэрчопінга працуюць даўно. Мы супрацоўнічалі з Латвіяй да яе ўступлення ў ЕС у 2004-ым годзе. Пасля з’явілася ідэя супрацы з Беларуссю. Мы знайшлі зацікаўленых сацыял-дэмакратаў у Бабруйску, наведалі гэты горад і ўбачылі, што людзі там гатовыя працаваць. Гэтак мы пачалі ладзіць першыя навучальныя семінары ў пытаннях дэмакратычных прынцыпаў. Мы тады ўпершыню сутыкнуліся з Беларуссю, і праект нам здаваўся вельмі цікавым і шматабяцальным.

Чаго Вы чакалі і ці апраўдаліся Вашыя чаканні ад супрацы?

Тады мы лічылі, што дэмакратыі як такой у Беларусі не існуе. І таму мы думалі, што беларусам шмат што дасць, калі мы падзелімся сваім досведам. Але мэты, якія мы ставілі, аказаліся досыць нерэалістычнымі. Мы хацелі бачыць Беларусь дэмакратычнай еўрапейскай краінай, але гэтага дасягнуць немагчыма ў кароткі тэрмін, тут патрэбныя гады. У той жа час інфармацыя пра тое, як працуе дэмакратычнае грамадства ў Еўропе, у прыватнасці, у Швецыі, дайшла да людзей. Тыя, хто навучаліся ў нас на семінарах, нясуць атрыманыя веды ў масы ў Беларусі, і гэтыя звесткі разыходзяцца, як колы па вадзе.

Што Беларусь можа пераняць ад Швецыі? Якія канкрэтныя праявы дэмакратыі?

Перш за ўсё, беларусы маглі б навучыцца адкрытасці грамадства і прыняццю людзей такімі, якімі яны ёсць. Напрыклад, у Швецыі дазволены шлюбы паміж людзьмі аднаго полу. Гэтыя сужэнствы маюць юрыдычную моц, і людзі глядзяць на гэта станоўча. Гэты пазітыўны прыклад мог бы быць пераняты і Беларуссю.

“Ні ў якім разе апазіцыя не павінна вылучаць 10 кандыдатаў”

Як палітык з сур’ёзным досведам, у тым ліку, з вопытам працы ў апазіцыйнай партыі, як Вы ацэньваеце сітуацыю, што складваецца ў Беларусі перад выбарамі? Наколькі моцная, на Ваш погляд, апазіцыя?

Мне вельмі спадабаўся план бабруйскіх сацыял-дэмакратаў, каб вылучаць адзінага кандыдата, пачынаючы “з нізоў”, ад мясцовых партыйных ячэек. І паступова на абласных, а затым і на агульнарэспубліканскім узроўнях абраць аднаго, але надзвычай добра падрыхтаванага кандыдата. Ні ў якім разе апазіцыя не павінна вылучаць дзесяць кандыдатаў, ды і не шэсць. Мусіць быць адзін, моцны, які можа супрацьстаяць існай уладзе. Што апазіцыя не здолела да гэтага прыйсці, лічу самай сур’ёзнай памылкай.

Што можа змяніць сітуацыю ў Беларусі?

Магчыма, эканамічны крызіс, што зараз развіваецца, прывядзе да таго, што людзі пачнуць актыўна выказваць сваю незадаволенасць. Але я бачу, што беларусы занадта цярплівыя і запалоханыя, таму нават вельмі глыбокі крызіс можа не прывесці да сур’ёзных пратэстаў. Але сітуацыя не безнадзейная. Таму мы працуем з Беларуссю, вучым людзей. І калі нешта зменіцца, а зменіцца абавязкова, мы ўпэўненыя, што ўдзельнікі нашага праекта падрыхтаваныя. Ну а Швецыя дапаможа пабудаваць дзяржаўны апарат, што будзе дэмакратычна функцыянаваць.

“Парад 9 траўня нагадаў фільмы пра нацысцкую Германію”

Вы былі ў Беларусі. Якія ў Вас захаваліся ўражанні ад нашай краіны?

Я наведвала Беларусь двойчы – у 2004-ым і 2005-ым гадах. Мы былі ў мястэчку Мір ды глядзелі там замак. Яго архітэктура мне вельмі нагадала скандынаўскія, шведскія матывы. Для мяне нязвыклым было, што Беларусь – вельмі раўнінная краіна. Памятаю, калі мы ехалі з Мінска ў Бабруйск, навокал была суцэльная раўніна, без якіх-кольвечы ўзвышшаў.

Больш за ўсё запомніўся вайсковы парад 9 траўня ў Мінску. Як урачыста маршавалі салдаты, высока падымаючы ногі. Мне гэта нагадала фільмы з часоў нацысцкай Германіі, якія я бачыла – там гэтак жа маршавалі жаўнеры. Мае адчуванні на парадзе былі не самымі прыемнымі, нагадвалі пра вайну, можа, бо мы ў Швецыі не прызвычаіліся да такога.

Пасля парада мы пайшлі ў парк, там людзі працягвалі святкаваць, і было вельмі шмат п’яных. Я думала: як яны могуць піць так шмат ды як яны раніцаю пойдуць на працу. У нас у Швецыі гэта вельмі нязвыкла, каб людзі пілі ў нядзелю ўвечары, перад працоўным тыднем.

Нічога дрэннага са мной у Беларусі не здарылася, успаміны засталіся толькі добрыя. Але пасля аповедаў беларусаў пра моцны кантроль КДБ, які шмат за кім сочыць, асабліва за замежнікамі, у мяне часта было адчуванне, што за мной назіраюць.

“Калі б я жыла ў Беларусі, хутка аказалася б у міліцыі”

Што добрага ёсць у Беларусі, на Ваш погляд?

У мяне ў памяці засталася чысціня беларускіх гарадоў. Вельмі прыгожая прырода. Але мне цяжка сабе ўявіць, што я змагла б жыць у Беларусі. У мяне такі характар, што я прывыкла выражаць сваё меркаванне і апаніраваць. Думаю, з такімі поглядамі я б вельмі хутка аказалася ў міліцыі.

Мяне прынялі ў Беларусі з сардэчнай гасціннасцю, мне няма на што скардзіцца. Але ў той жа час мне цяжка ўявіць жыццё ў краіне, дзе за табой сочаць і заўсёды абмяжоўваюць.

Думаю, людзям няпроста жыць у Беларусі. Я заўважыла, што беларусы шмат жартуюць, іранізуюць з таго, што адбываецца ў краіне. Але ў той жа час яны змушаныя падпарадкоўвацца, іншага выйсця ў іх, здаецца, няма. Тыя ж, хто хоча дыскутаваць і выказваць свае погляды, робяць гэта са значнымі высілкамі і рызыкай. Гэта ненармальна.

Вы б хацелі яшчэ раз наведаць Беларусь?

Так, але я не ўпэўненая, што не знаходжуся ў “чорных спісах” беларускіх уладаў. У нашым праекце супрацы ёсць людзі, што трапілі ў такі спіс. У аднаго латыша былі праблемы падчас выезду з Беларусі. Яму паставілі ў пашпарце штамп, што ён неўязны ў Беларусь. Я б не хацела рызыкаваць.