Выпускнікі – адзін з галоўных рэсурсаў універсітэта, але беларускія ВНУ гэтым рэсурсам пакуль амаль не карыстаюцца. Патэнцыйна выбудова супольнасці выпускнікоў і праца з імі могуць паспрыяць вырашэнню асноўных праблем беларускай вышэйшай адукацыі: ад недахопу фінансаў да адарванасці акадэмічных праграм ад практыкі.
Аднак пакуль выбудова працы з выпускнікамі выглядае пячорна, і на тое ёсць фундаментальныя прычыны.
Свае людзі з тоўстымі гаманцамі
Супольнасці ды клубы выпускнікоў – alumni (алюмні) – існуюць па ўсім свеце вакол больш-менш вядомых навучальных устаноў. Ствараюць свае алюмні і вялікія кампаніі (накшталт Deloitte) ды фонды з праграмамі (такія, як DAAD). Алюмні функцыянуюць як грамадская сетка, якая дазваляе знаходзіць “сваіх людзей” па ўсім свеце ці прынамсі ў пэўнай сферы. З іх дапамогай ладзяцца сустрэчы рознага фармату: ад акадэмічных канферэнцый да адпачынку за куфлем піва.
Аднак універсітэты найбольш цікавіць здольнасць алюмні не забывацца пра сваю alma mater ды падтрымліваць фінансава ўніверсітэт, які калісьці дапамог устаць на ногі і дасягнуць кар’ерных вяршыняў. Грошы выпускнікоў могуць ісці як на заснаванне адмысловых стыпендый, так і на наўпроставыя трансферты грошай у эндаўмент універсітэта (асабісты капітал у мэтавым фондзе). Прага ўстаноў адукацыі да грошай выпускнікоў часам можа прымаць нават гіпертрафіраваныя формы.
Брытанская прэса абвінавачвае Оксфард і Кембрыдж у тым, што яны шпіёняць за выпускнікамі, каб знайсці дадатковых ахвярадаўцаў.
Відаць, не трэба даходзіць да такіх скрайніх метадаў, аднак павучыцца на сусветным досведзе ды пачаць сістэмна працаваць з алюмні беларускім універсітэтам не зашкодзіла б.
Інтэрнэт-тролі як гонар БДУ
Першыя адпаведныя крокі ВНУ Беларусі ўжо робяць. Так, існуюць клубы выпускнікоў Наргаса, Медуніверсітэта альбо Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Аднак гэтай працы катастрафічна не стае сістэмнасці ды якасці. Універсітэты не выкарыстоўваюць магчымасцяў big data – масіваў звестак пра выпускнікоў, якія ўжо ёсць у навучальнай установы і якія трэба рэгулярна актуалізаваць.
Напрыклад, каб уступіць у клуб выпускнікоў БДМУ, трэба спампаваць адмысловы бланк і запоўніць актуальную інфармацыю пра сябе, уключна нават з пашпартнымі дадзенымі. Згодна з тэкстам бланка, ён чамусьці прызначаны толькі для замежнікаў, аднак пры гэтым нават на англамоўнай старонцы існуе выключна на рускай мове. Раздзел “Мерапрыемствы” не абнаўляўся з 2015 года, аднак і ў той перыяд большасць імпрэзаў тычылася дзейсных навучэнцаў з іншых краін – накшталт “Иностранные студенты БГМУ на балу православной молодёжи”.
Не лепшая сітуацыя і ў галоўным універсітэце краіны – БДУ. Асацыяцыя выпускнікоў БДУ на афіцыйным сайце не дае аніякай інфармацыя пра сваю дзейнасць, акрамя закліку “Выпускнікі БДУ, яднайцеся!” Таксама трэба асабіста запаўняць рэгістрацыйную форму і, выглядае, што гэта адзіны шлях папаўнення базы інфармацыі пра выпускнікоў, якая да таго ж ніяк не верыфікуецца.
Праз базу выпускнікоў на сайце БДУ немагчыма знайсці інфармацыю, што яго скончыла Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Затое там напісана, што ў 1921 годзе БДУ скончыў Іваноў Іван Іванавіч з Бангладэша, які цяпер працуе “вялікім начальнікам” – вандалізм троля ніхто не мадэраваў і не чысціў. А ўся інфармацыя пра іншых выпускнікоў, у тым ліку хатнія адрасы, ляжыць у адкрытым доступе.
Яшчэ ў Беларусі існуе “Банк дадзеных адоранай і таленавітай моладзі” – фактычна алюмні спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама алімпіяднікаў і некаторых іншых таленавітых маладых людзей. Як лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі я ўключаны ў гэты банк і ведаю, як ён працуе: фактычна ніяк.
Раз на год мне тэлефануюць і пытаюцца, дзе я зараз вучуся альбо працую. На гэтым актыўнасць алюмні заканчваецца.
Досвед па кавалках не пераймаецца
Рэкамендацыя здаровага чалавека выглядае наступным чынам: беларускім універсітэтам варта пачаць мэтанакіравана выбудоўваць працу з алюмні. Трэба апрацаваць папяровыя архівы з дадзенымі па выпускніках мінулых гадоў і аб’ядноўваць іх са штогадовымі базамі новых выпускнікоў. База алюмні мусіць быць электроннай ды актуальнай, то бок трэба сачыць за кар’ерамі былых студэнтаў (ці прынамсі найлепшых з іх).
З паспяховымі, зорнымі выпускнікамі можна і трэба працаваць індывідуальна: запрашаць чытаць лекцыі і праводзіць майстар-класы, прапаноўваць, каб яны рэкламавалі alma mater ды ахвяроўвалі грошы на адукацыйную дзейнасць.
Аднак, пра немагчымасць ствараць энадаўменты ў беларускіх умовах мы ўжо ўзгадвалі. Адсутнасць інстытуцыйнай аўтаноміі, якая перашкаджае ўніверсітэтам назапашваць фінансавую падушку бяспекі, з’яўляецца глыбінным фактарам, які шкодзіць і іншай сістэмнай працы з алюмні. Універсітэт у Беларусі – не самадастатковая карпарацыя студэнтаў ды прафесараў, а падначаленая структура Мінадукацыі, убудаваная ў вертыкаль улады.
Безумоўна, у выпускнікоў усё роўна застаюцца светлыя ўспаміны з маладосці, аднак вольнага духу першых еўрапейскіх універсітэтаў тут няма.
Таму наладжваць кантакт з выпускнікамі і рабіць асобныя карысныя крокі ў духу алюмні беларускія ўніверсітэты могуць, і гэта ім патрэбна. Аднак цалкам скапіяваць гэты элемент заходняй адукацыйнай мадэлі і дапасаваць яго да беларускай рэчаіснасці без іншых сістэмных рэформаў – не атрымаецца. Зрэшты, гэта аргумент не адносна алюмні, а адносна сістэмных рэформаў.