Беларускі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў у нядаўнім артыкуле акрэсліў шляхі развіцця беларускай адукацыі. Сярод прыярытэтаў большая набліжанасць адукацыі да вытворчасці і стварэнне новай сістэмы “агульных ведаў”. Але пакуль улады прыдумваюць прыгожыя словы, беларуская вышэйшая адукацыя стала дэградуе. Вось нашыя сем простых прапановаў, каб развярнуць трэнд.
Зісера ў аўдыторыю
У паспяховых універсітэтах сёння выкладчык – гэта не асобная прафесія, дзе варта мець педагагічны досвед, а прафесіянал у сваёй сферы, які мае што распавесці новай генерацыі. Большасць выкладчыкаў прэстыжных універсітэтаў з’яўляюцца практыкамі, як у тэхнічных, гэтак і ў гуманітарных галінах. Відавочна, што чалавек, які сам працуе над сваім праектам ці мае рэальны досвед выкарыстання акадэмічных ведаў у індустрыі, здолее распавесці больш актуальныя рэчы, чым самыя лепшыя, але састарэлыя падручнікі.
Напрыклад, у Стэнфардскай бізнес-школе абсалютная большасць выкладчыкаў – гэта людзі са сферы прыватнага бізнесу ці кіроўных дзяржаўных пасадаў.
Практыка заходніх універсітэтаў паказвае, што навучанне больш эфектыўнае і цікавае для абодвух бакоў, калі выкладчык разглядае сваіх студэнтаў як рэсурс, а не як школьную групу.
Студэнты маюць магчымасць дапамагчы ў даследаванні і прыўнесці новыя ідэі, а ў адказ атрымаць першасныя веды рэальнага досведу.
Кожнаму свой расклад
Міністр кажа, што студэнтаў варта “навучыць вучыцца”, але пры гэтым універсітэты, а не студэнты павінны вызначаць баланс прадметаў і заняткаў.
Варта адштурхоўвацца ад самых паспяховых мадэляў навучання, дзе студэнты самі абіраюць прадметы як на сваім факультэце, гэтак і на іншых. Зразумела, варыянтаў вырашэння існуе шмат – павінна быць выбудаваная прадметная сетка, у якой будзе акрэсленая колькасць прафесійна неабходных прадметаў, а іншыя, так званыя “агульныя веды” студэнты змогуць абіраць самі.
У сённяшнім свеце даступнай інфармацыі абсалютна не ўсе мусяць ведаць біяграфіі нямецкіх сацыёлагаў пачатку ХХ стагоддзя, тым болей калі няма матывацыі вучыцца. Такая сістэма таксама павысіць узровень адукацыі, бо
выкладчыкі непасрэдна канкуруюць з калегамі і павінны зацікавіць студэнта як матэрыялам, гэтак і стылем выкладання.
Больш інтурыстаў
Для паспяховага развіцця беларуская адукацыя павінна стаць прывабнай для больш вялікай колькасці студэнтаў з усяго свету. Гэтаму паспрыяе пераход на міжнародную сістэму кваліфікацыяў і крэдытаў, больш прадметаў на англійскай мове і даступнай інфармацыі пра паступленне для замежнікаў. Больш замежных студэнтаў і студэнцкіх абменаў паспрыяе дыверсіфікацыі навучальнага працэсу, а таксама пранікненню новых ідэяў у застаялае беларускае акадэмічнае асяроддзе.
Беларускія студэнты праз навучанне за мяжою змогуць атрымаць унікальны досвед іншай адукацыі і культуры, а таксама даведацца пра новыя шляхі аплікацыі ведаў і прафесійныя магчымасці. Такі досвед будзе карысным і пры вяртанні дадому. Пры большай міжнароднай арыентаванасці варта было б таксама запрашаць замежных выкладчыкаў, якія змогуць зрабіць беларускую адукацыю канкурэнтаздольнай на сусветным рынку.
Залікоўка ў айфоне
Беларуская адукацыя ўсё яшчэ існуе ў папяровым свеце бюракратыі. Для руху наперад варта было б прыбраць усе бюракратычныя дакументы як залікоўкі, журналы, лісты наведвальнасці. Паспяховыя ўніверсітэты даўно існуюць на ўзроўні зачыненых анлайн-платформаў, праз якія ўдакладняецца расклад, матэрыял прадмета, ідзе абмеркаванне і дыскусія паміж студэнтамі.
Такія платформы таксама выкарыстоўваюцца для здачы хатніх працаў ды іспытаў, там можна знайсці матэрыялы лекцыяў і відэазапісы, паглядзець адзнакі і паразмаўляць з лектарам.
Такім чынам, сучасныя ўніверсітэты яднаюць як персанальны досвед знаходжання ў аўдыторыі, так і віртуальны, найбольш пашыраны ў сучасным свеце анлайн-камунікацыяў. Беларусь з вельмі развітай ІТ-індустрыяй магла б прапанаваць унікальнае новае праграмнае забеспячэнне для ўніверсітэтаў, якое б выкарыстоўвалася як у Беларусі, так і за яе межамі.
Студэнтаў на заводы
Міністр адукацыі Беларусі піша, што неабходна выпрацаваць баланс паміж акадэмічнымі ведамі і патрабаваннямі эканомікі ды грамадства. Але ён не ўзгадвае размеркавання, якое па змаўчанні лічыць беларускіх студэнтаў неканкурэнтаздольнымі.
Насамрэч адукацыя павінна адбывацца разам з практыкай у прафесійнай сферы, але не прымусовай і міфічнай, якая існуе сёння.
Праца падчас летніх вакацыяў, нават бясплатныя стажыроўкі ў буйных фірмах – важная частка стварэння рэзюмэ ў сучасным свеце.
Гэта магло б дапамагчы студэнтам зразумець, як выглядае іх абраная сфера на практыцы, і таксама прынесці новыя ідэі ў індустрыю.
Беларускім універсітэтам варта разбудоўваць стасункі з прыватнымі кампаніямі і прадпрыемствамі, запрашаць да партнёрства, а не да прымусовага прадстаўлення працоўных месцаў. Адпаведна, прафесійны досвед будзе павышаць каціроўкі студэнта на рынку працы як у Беларусі, так і за мяжой, і дазволіць раней вызначыцца з прафесійнымі амбіцыямі.
Універсітэт як інкубатар ідэй
Універсітэт – гэта таксама дух студэнцтва, які сёння амаль адсутнічае ў Беларусі. Каб зрабіць універсітэт паспяховым, варта стварыць атмасферу, якая б спрыяла крытычнай дыскусіі, радыкальна новым ідэям ды інавацыям. Паспяховы ўніверсітэт – гэта своеасаблівы бізнес-інкубатар з прымяненнем акадэмічных ведаў.
Для гэтага ў Беларусі ўніверсітэты мусяць атрымаць максімальную палітычную і фінансавую аўтаномію, а студэнцкае самакіраванне мусіць быць сапраўдным.
Рэктары ўніверсітэтаў павінны прэзентаваць акадэмічны, а не палітычна свет, і павінны выбірацца на сваю пасаду.
У сваю чаргу, акадэмічныя і адміністрацыйныя павіннасці мусяць быць строга размежаваныя і не маюць уплываць на паспяховасць студэнта.
Заробак Абламейкі анлайн
Каб зрабіць і адміністрацыю, і адукацыю больш эфектыўнымі, дзяржаўныя ўніверсітэты мусяць публікаваць адкрытыя бюджэты на сваіх сайтах. Гэта павялічыць празрыстасць фінансавання і прывядзе да паляпшэння якасці адукацыйнага менеджменту. Варта задумацца пра адпаведны баланс паміж заробкамі выкладчыкаў і адміністрацыі, змяншаючы долю адміністрацыі.
Беларускія ўніверсітэты павінны перагледзець фінансаванне тэхнічных лабараторыяў, абсталявання і адпаведных матэрыялаў, каб праз празрысты бюджэт можна было пабачыць рэальны стан навукі. Прыярытэтнасць размеркавання рэсурсаў павінна адпавядаць запросам індустрыі і эканомікі, а таксама сусветнага рынку, дзе спецыяльнасці STEM (дакладныя навукі, тэхналогіі, інжынерыя, матэматыка) граюць вялікую ролю ў паспяховасці краіны.