падтрымаць нас

Бяспека

Сто твітаў пра беларускае войска

Сто твітаў пра беларускае войска

Прыкладна дзесяць гадоў таму я апынуўся ў войску і вось 100+ фактаў, назіранняў і гісторый пра беларускую армію 2009-га.

1. Я сапраўды хаваўся ад войска, і мяне сапраўды шукалі. У выніку за два дні да заканчэння прызыву і без прызыўной камісіі я апынуўся ў кайданках у мінскім абласным ваенкамаце. Вядома, ноччу. Пакінулі аднаго на першым паверсе, на ўваходзе ў памяшканні пасадзілі двух супрацоўнікаў міліцыі.

2. Спадзяваўся, што яны заснуць і я выскачу ў акно. У кішэні ляжалі 100$, на вуліцы ездзілі таксоўкі. Хацеў падлавіць момант і выскачыць у акно — кратаў не было, яно адчынялася. Супрацоўнікі міліцыі пачыналі драмаць.

Але падлога, падлога была вельмі рыпучая, да немагчымага. Яны адразу прачыналіся.

3. Потым было БТ, супрацоўнікі ў цывільным і вайсковы ўазік з часткі, дзе мне трэба было служыць. Дзе яна знаходзіцца, я яшчэ не ведаў. Пасадзілі ў кайданках у машыну і павезлі. На кальцавой перасадзілі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў з шасцю дужымі мужчынамі.

4. Апынуўся ў частцы 06405, войскі СПА, у вайсковым гарадку Межыца, там жыло прыкладна 300-400 чалавек. Гэта 30 кіламетраў ад Лепеля, Віцебская вобласць. Вакол лясы, рака Ула і шмат снегу. Усё адбывалася ў студзені.

5. Перш за ўсё ў войску стрыгуць нагала — лепш гэта зрабіць самому загадзя. Потым вядуць у лазню. Ты здымаеш цывільную вопратку, назад вяртаюць ужо вайсковую форму. Потым вядуць у сталовую, санчастку, выдаюць астатнія вайсковыя штучкі (іх не шмат).

6. Першы дзень вельмі нервовы і незразумелы, супакоіцца і сабрацца з думкамі можна толькі пасля адбою. Ён у 22:00. Перад гэтым трэба прышыць каўнерык да формы (штодзённая працэдура), пагаліцца, паглядзець “Вячэрнюю панараму”, пастаяць на праверцы, скласці рэчы ля тумбачкі.

7. Усе прызыўнікі аказваюцца ў “карантыне” і будуць знаходзіцца там да прысягі. Гэта два-тры тыдні. Астатнія жаўнеры жывуць у асобных казармах, кантакты з імі мінімальныя. У “карантыне” знаходзіцца некалькі жаўнераў старэйшых прызываў на адзін узвод (30-50 чалавек).

А 22:00 быў адбой, у 22:05 я заплакаў. Ніхто спецыяльна не даносіць лічбу 547, але з першай секунды ўсе яе ведаюць — столькі дзён доўжыцца служба ў УС РБ, гэта 18 месяцаў. Плакаў нядоўга, праз хвілін пяць нас паднялі, і мы апраналіся на час. Гэта паўтаралася некалькі разоў за ноч.

8. Такія пад’ёмы забароненыя статутамі і ў 99% выпадкаў з’яўляюцца дзедаўшчынай. Можна смела не ўставаць. Тады я гэтага не ведаў, але здагадваўся.

Пытанне было не ў ведах, а ў сілах супраціўляцца.

Іх асабліва не было.

9. Але ў “карантыне” гэта практычна адзіная праява дзедаўшчыны, з якой можна сутыкнуцца. Дзедаўшчыну трэба прыняць, гэта робіцца “са згоды” і ўжо пасля прысягі. Першыя тыдні ўсё вельмі строга, жорстка і крыкліва, але ў межах статутаў.

10. Самае галоўнае навучыць жаўнера хадзіць шыхтам, бо на прысязе трэба будзе ідэальна прайсці шыхтавым маршам. Таму на хаджэнне па асфальтаванай пляцоўцы сыходзіць некалькі гадзін раніцай, некалькі гадзін пасля абеду. Занятак так сабе.

11. Першыя дні хаджэння шыхтам небяспечныя.

Прызыўнікі грукаюць пяткамі па асфальце, а потым могуць сікаць з крывёй: проста пашкоджваюцца ныркі.

Гэта тлумачыцца ўсім, але не ва ўсіх атрымліваецца адразу наступаць на насок. Так, хадзіць шыхтам гэта яшчэ і шыхтавыя песні, крыкі “ўра”, манеўраванне.

12. Акрамя таго, што гэта самыя напружаныя і незразумелыя дні, у “карантыне” моцна абмежаваныя магчымасці кантактаваць з вонкавым светам: наведванні і тэлефоны забаронены, лісты перадаюць вельмі рэдка і неахвотна.

13. Прысяга — гэта першая магчымасць убачыць родных і блізкіх, у некаторых частках гэта амаль гарантаваная звальняльная (магчымасць пакінуць частку да канца дня). Усе чакаюць хатнюю ежу, дзяўчат і тэлефоны. Пасля двух тыдняў шоку і ізаляцыі вельмі прыемныя моманты.

14. Першыя дні ў войску — гэта яшчэ дакладнае разуменне, што такое армія. А значыць і першыя спробы ад войска адкасіць. Бачыў, як паспяхова сімулявалі энурэз і эпілепсію. Гэта значыць, лекары разумелі, што гэта сімуляцыя, але настойлівасць адправіла некалькіх рабят дадому адразу пасля прысягі.

15. Яшчэ адна хітрая схема — калі паведаміць аб цяжарнасці жонкі да прызыву, то атрымліваеш адтэрміноўку і праз нейкі час зноў можаш быць прызваны. А калі паведаміць аб цяжарнасці ў першы дзень службы? Так, з дакументамі. Гэта камісаванне з войска і ніякіх больш прызываў.

16. Яшчэ перад прысягай абавязкова трэба пастраляць з аўтамата. Наогул, гэта ўсё раней называлася КМБ — курс маладога байца. Для шмат каго гэта першы і адзіны раз, калі ёсць магчымасць выпусціць пару куль (дакладней, гэта заўсёды 8 куль, калі размова аб аўтамаце Калашнікава).

17.

За ўсю службу я страляў тройчы. Гэта нядрэнны паказчык.

Акрамя стральбы і шыхтавай падрыхтоўкі, ёсць тэарэтычныя заняткі з канспектамі (!). Трэба вывучыць званні, трохі мясцовых парадкаў і звычаяў (статуты, іх тры).

18. У войска заклікаюць усіх, хто падыходзіць па здароўі і ўзросту (да 27).

Але на справе ў войска заклікаюць не самых удачлівых людзей.

Маладыя хлопцы з невялікіх населеных пунктаў без вышэйшай адукацыі складаюць большасць прызыўнікоў. Сустрэць некага старэйшага за 23 вялікая рэдкасць.

19. Склад і ўзровень адукацыі вельмі моцна спрыяюць “дзедаўшчыне”. Яна пачынаецца з першага дня пасля прысягі, калі ты, уласна, апынаешся ў дывізіёне/роце. Там стараслужачымі прапануюць “жыць па статуце” альбо “па дзеду”.

20. Для многіх “дзедаўшчына” зразумела і прымальна — гэта і традыцыі (бацькі, дзяды, браты, сябры жылі “па дзедаўшчыне”), і магчымасць арганізаваць службу (як піраміда: шмат працуеш першыя паўгады, сярэдне другія і наогул не працуеш апошнія).

21. І вядома, гэта магчымасць пазбегнуць самага ганебнага — статутнай службы, жыцця паводле статуту, гэта значыць па закону. Зразумела, што пэўная тлумачальная праца праводзіцца тымі сяржантамі, якія навучаюць прызыўнікоў у карантыне. Яны зацікаўлены ў працягу “дзедаўшчыны”.

22. Ці ёсць людзі, якія адмаўляюцца?

Так, у маёй частцы гэта было 1-2 чалавека (з 220).

Статутнага жыцця на самой справе няма — яны атрымліваюць здзекі, горшыя ўмовы (сяржанты прымаюць рашэнні) і часцяком дыскрымінуюцца афіцэрамі, якія таксама падтрымліваюць “дзедаўшчыну”.

23. Прычым, калі “духі” атрымліваюць здзекі і дыскрымінацыю ў першыя паўгады, над “статутнікамі” здзекваюцца ўсе 12-18 месяцаў службы. Так, “духаў” б’юць, “статутнікаў” хутчэй не. Але плюнуць у чалавека — звычайная справа. Ён жа “не з намі” і жыве паводле статуту.

24. “Духі, душары” — маладыя прызыўнікі, першыя шэсць месяцаў службы. Фізічныя здзекі, шматлікія абмежаванні, грашовыя паборы, дэлегаванне амаль усіх працоўных абавязкаў. “Сланы” — другія шэсць месяцаў службы. Іх задача — кантраляваць “духаў”, збіваць іх.

25. У “сланоў” ёсць абмежаванні, яны ў меншай ступені схільны нападкам, гэта злучаючае звяно паміж “духамі” і “дзядамі”. У некаторых частках, напрыклад, “духі” не могуць наогул звяртацца да “дзядоў”.

26. “Дзяды” — апошнія паўгады службы. У кожнага “дзеда” ёсць свой “дух” (не заўсёды, бо часам фізічна заклікаюць менш людзей).

Задача “духа” — выконваць працу “дзеда”, забяспечваць яго цыгарэтамі, ежай і грашыма.

27. У маёй частцы ў 2009-ым годзе гэта былі нязначныя сумы. Тэхналогіі адставалі, людзі ў беднаце. Таму, быць “духам” азначала ахвяраваць пачкам цыгарэт у дзень, усімі пасылкамі ад сваякоў і 8-10$ у месяц (заробак жаўнера складаў 8$).

28. Б’юць, забіраюць грошы, даручаюць працу. Якія яшчэ могуць быць абмежаванні? У першую чаргу, адзенне. Шчыльна зацягнуты рэмень, нацягнутая шапка, самая кароткая фрызура, зацягнутыя боты і шмат усялякіх нюансаў, прыкметных толькі ваеннаслужачаму.

29. Далей — больш. Могуць забараняць карыстацца шампунем, паліць пасля ежы, насіць пантофлі, пісаць лісты, хадзіць у бібліятэку, займацца спортам. Усе даручэнні старэйшых — толькі бегам. І элементы калектыўнай адказнасці — адзін “дух” не зрабіў, але за правіннасці атрымаў кожны.

30. Класічнае “атрымаў” — усіх “духаў” збіраюць у цёмным калідоры і прабіваюць “ласёў” — скрыжаваўшы рукі на ілбе/грудзёх, па іх наносіцца ўдар. Так не застаецца слядоў.

31. Сляды правяраюць, ёсць агляды. Але і біць умеюць без слядоў, а ўсе сляды без прызнанняў — гэта проста “упаў”, “гуляў у футбол” і г.д

У маёй частцы чалавек атрымаў ЧМТ, але сказаў, што паслізнуўся ў цемры.

Яму не паверылі, але даказваць адваротнае таксама ніхто не стаў.

32. “Дзедаўшчына” здаецца як бы не патрэбна афіцэрам. Раней за “дзедаўшчыну” ў роце нес адказнасць камандзір — ёсць факты, няма новага звання. Таму ўсё замоўчвалася і хавалася. Потым гэтую адказнасць прыбралі, але практыку не так проста памяняць.

33. Як можна паведаміць аб “дзедаўшчыне” падчас важных вучэнняў? Падводзіш войскі, дрэнны афіцэр, дапусціў і не ўсачыў. Вучэнні, праверкі, чарговыя званні і дні часткі — армія так пабудавана, што зручнага часу для таго, каб паведаміць пра “дзедаўшчыну” проста не існуе.

34. Для дрэннага афіцэра і прапаршчыка “дзедаўшчына” нават выгодная — не трэба знаходзіць падыход да кожнага жаўнера, трэба размаўляць з некалькімі асноўнымі “дзядамі”.

На жаль, у маёй брыгадзе гэта працавала: чым мацней была “дзедаўшчына”, тым лепш, напрыклад, спартовыя паказальнікі дывізіёна.

35. І цыклічнасць: гучны выпадак, суіцыд/забойства/інваліднасць — праверкі і арышты, а потым некалькі гадоў “дзедаўшчына” адваёўвае пазіцыі, усё забываецца і зноў гучны выпадак, суіцыд/забойства/інваліднасць.

36. У маёй частцы як раз нешта адбылося за некалькі гадоў да майго прызыву, на мой прызыў прыйшоўся пік “дзедаўшчыны” — і скончыўся: 12 крымінальных спраў, турэмныя тэрміны і дысцыплінарны батальён.

37. Дысбат — гэта вайсковая частка ў Мінску. Цяпер ужо расфармавана і жаўнераў адпраўляюць проста ў турмы. Дык вось, гэта накшталт як “звычайная служба” ў вельмі строгіх умовах (там гамон).

Гэта не лічыцца судзімасцю, максімальны тэрмін — два гады.

Потым жаўнер вяртаецца і даслужвае.

38. Я не жыў па “дзедаўшчыне”, мне нават не прапаноўвалі. У маім дывізіёне мы наладзілі пратэст, і два навабранцы выбралі “дзедаўшчыну”.

Стараслужачыя абураліся — яны ўклаліся ў першыя паўгады і не атрымалі дывідэнды.

Два “духа” не маглі забяспечыць іх грашыма, цыгарэтамі і працаваць за ўсіх.

39. Дзень у войску пачынаецца а 6-ай раніцы (у нядзелю ўздым а 7-ай). Трэба хутка падняцца, апрануцца і пашыхтавацца для зарадкі. Потым запраўка ложкаў, галенне, падрыхтоўка формы, а 7-ай раніцы сняданак. Да 8:30 шыхтаванне, дзе становіцца зразумела, чым ты будзеш займацца цэлы дзень.

40. Згодна з раскладам, пасля шыхтавання пачынаюцца тэарэтычныя заняткі. Потым перапынак на абед, а пасля альбо тэарэтычныя заняткі, альбо стральба, альбо арыентаванне на мясцовасці, альбо інжынерная, медыцынская ці спартовая падрыхтоўка. Увогуле, насычаны дзень у войску “на паперы”.

41. На самой справе, у нас былі толькі ідэалагічныя заняткі (адзіныя заняткі ў навучальным класе), і нават не для таго, каб прапагандаваць — проста афіцэр быў адказны. Заняткі праводзіць складаней, чым проста даць заданне па прыборцы тэрыторыі.

42. Так, у войску ёсць яшчэ і іспыты (пры такой-та колькасці заняткаў), і зноў жа адзіным іспытам была ідэалогія.

Пытанні: колькасць абласцей (банальная памылка амаль усіх — 7, як нумарныя знакі), прозвішчы міністра абароны і прэм’ер-міністра, плошча Беларусі.

43. Калі працягнуць пра ідэалогію, то ўвечары абавязковы прагляд выпуску навін дзяржаўнага тэлебачання. Так, гэта запісана ў распарадку дня і аб’яўляецца голасам днявальнага, правяраецца дзяжурным па дывізіёне.

44. У нас усё выглядала гэтак жа сама, як на фота @SiarheiHudzilin. Нікому да навінаў справы няма, афіцэрам таксама. Пры першай магчымасці ўключаюцца кліпы.

Сто твітаў пра беларускае войска

45. Афіцэраў жаўнеры называлі “шакаламі”, жаўнераў і сяржантаў кантрактнай службы — “кантрабас”.

Так, прапаршчыкаў называлі прапаршчыкамі.

Гэта адсылка да фільма “ДМБ”. Яго я ўпершыню паглядзеў як раз у войску. Месцамі надзіва праўдзіва.

46. На фотаздымку людзі сядзяць перад тэлевізарам. Месцы бліжэй — для “дзядоў”, у сярэдзіне “сланы”, у самым канцы “духі” (у школе роўна наадварот было б, але тут наперадзе тэлебачанне з кліпамі і пульт (!), а не настаўнік). Сам пакой называецца “ленінка” (раней “ленінская бібліятэка”).

47. Месцы ў войску распавядаюць пра цябе і тваім статусе: калі ты “дзед”, то ты ходзіш у прыбіральні для “дзядоў” (у нас гэта было тры прыбіральні для 15-20 “дзядоў” і “сланоў”, адзін для ўсіх астатніх 20 навабранцаў, асобны душ і стол у сталовай). У сталовую і лазню ты заходзіш першым.

48. Сталовая — гэта заўсёды тры разы на дзень (можна прапусціць абед у нядзелю), лазня раз у тыдзень (а значыць гарачая вада раз у тыдзень), змена бялізны/ануч у суботу, прыборка казармаў і тэрыторыі па суботах.

Ой, прыборка, вядома, кожны дзень, а вось кожны сантыметр з мылам — гэта толькі ў суботу.

49. Паўгады жаўнеры носяць майткі і майкі (тыдзень), паўгады вось такія ўборы. У адмыслова халодны час — гэта двайныя такія ўборы.

Сто твітаў пра беларускае войска

50. Усё жахліва старое і рвецца (“дзяды”, дарэчы, атрымліваюць першымі і лепшай якасці). Але дрэнная якасць часам ратуе жыццё.

Адзін з навабранцаў сабраўся павесіцца — кальсоны проста парваліся.

Застаўся жыць, другой спробы не прадпрымаў.

51. У лазні адбываецца важны рытуал помсты: “дух” лічыць да 18, пакуль “дзед” стаіць пад ледзяной вадой. Гэта апошняя “лазня” для стараслужачага.

Лік да 18 зацягваецца і да 10 хвілін.

А лічыць службу “лазнямі” зручна (раўназначна тыдням).

52. Так, каманда “адбой” даецца толькі “сланам” і “дзядам”. “Дзяды” асобна павінны сказаць “адбой” “духам”, а тыя адказаць нешта накшталт “дзякуй родны”. У апошнюю ноч правам “дазволіць спаць” надзяляюцца “духі”, а “дзяды” наадварот чакаюць дазволу. Таксама здараюцца гісторыі з сапраўднай помстай.

53. Дзіўна, “духі” развітваюцца з “дзядамі” з сумам, абдымаюцца і больш як быццам не трымаюць крыўдаў. Сканчаецца этап службы і наваспечаныя “сланы” у першыя два дні трохі губляюцца — іх больш ніхто не б’е і не кантралюе. Наперадзе пара тыдняў без “духаў”, яны яшчэ ў “карантыне”.

54. Каб стаць “сланом” недастаткова часу. “Духаў” “пераводзяць”. Гэта выдасканаленае збіццё (напрыклад, спражкаю па голаму азадку, зэдлікам па спіне) і салідная грашовая сума — яна патрэбна, каб адзначыць ДМБ, уласна. У мой час гэта было 20-40$ (ЗП жаўнера ў месяц 8$).

55. “Дзед” не становіцца “дэмбелем” проста так. Трэба забіць “сотку” — падстрыгчыся нагала і даць нейкі зарок (!) на сто дзён да загаду аб звальненні (яшчэ месяц-два да ДМБ) — у гэтыя сто дзён “дзяды” адмаўляюцца ад масла (і аддаюць “духам”), кідаюць паліць, больш займаюцца спортам.

56. У войску ўсе без перапынку паляць цыгарэты. За гэтым мала сочаць — усе маладыя і неразумныя, таму ўбачыць жаўнера з цыгарэтай у зубах перад прабежкай і падцягваннямі — звычайная справа.

Папаліць — заўсёды жалезная нагода для пяціхвіліннага перапынку раз у гадзіну (плюс дайсці да курыльні).

57. Шмат паляць — многа недапалкаў, гэта вораг жаўнера, якія ў нарадах і павінны прыбіраць тэрыторыю. Улетку прыбіраюць пясок і пыл, якія патрапілі на асфальт (!), восенню — лісце (іх ёсць сэнс страсаць з дрэў), зімой снег, вясной недапалкі, якія вылазяць з-пад снегу.

58. Самае вялікае здарэнне за маю службу: жаўнер выпіў бутэльку гарэлкі, збег з нарада (са зброяй, штыкавым нажом), па дарозе скраў ровар, выкінуў яго і аўтаспынам дабраўся да Віцебска. Там яго і ўзялі.

Тры крымінальныя справы — уцёк з часткі, уцёк з часткі са зброяй і крадзёж.

59. Але справа ішла да “Захад-2009”, шуміха нікому не патрэбна. Інфармацыю ў вайсковую пракуратуру не перадалі, дзеду вярнулі ровар (і ён папрасіў не садзіць хлопца), а жаўнера вырашылі пакараць гаўптвахтай.

60. Гаўптвахта знаходзіцца ў Мінску, яна адна для 30 тысяч жаўнераў, і патрапіць туды не так проста. Там могуць знаходзіцца чалавек 30-40.

Афіцэры давалі хабары афiцэрам, каб адправіць туды жаўнераў, якія сапраўды правініліся.

Хабары ў выглядзе гарэлкі альбо выкрадзенай саляры.

61. Дык вось жаўнера павезлі ў Мінск (на сваёй машыне) і трапілі ў аварыю. Акрамя машыны ніхто не пацярпеў. Вярнуліся ў частку. Праз месяц павезлі паўторна і… патрапілі ў аварыю. Больш спроб не было, а Лёва (так яго клікалі) пазбег трох крымінальных спраў і гаўптвахты за ўцёкі з часткі.

62. Цікава, што праз пару месяцаў ён стаў скардзіцца на праблемы з сэрцам, зрабілі абследаванне і камісавалі: з такім захворваннем наогул не павінны былі прызываць. Так, а мог адправіцца ў калонію на некалькі гадоў за злачынствы, якія ўчыніў у статусе ваеннаслужачага.

63. Звычайная практыка. Прызыўныя камісіі так-сяк абследуюць прызыўнікоў, потым нешта здараецца і незразумела, як быць. Прызвалі чалавека з алкагалізмам (дыягназ), усё было ок, але ён пайшоў у адпачынак, напіўся і здзейсніў пару злачынстваў. Як яго судзіць, калі прызвалі незаконна?

64. Пра алкаголь у войску. Вядома, п’юць.

У нас у частцы прыдумалі геніяльнае. Піць масава. Усім дывізіёнам.

Стараслужачыя налівалі маладым. Калі лавілі, то адразу шыхтаванне і праверка ўсёй часткі. І 40-50 п’яных (з 220). Усіх пакараць складана, таму агульнае пакаранне было мяккім.

65. А секс? Ніколі не чуў пра гомасексуальны досвед у войску (але ён павінен быць!). Гэта вельмі і вельмі небяспечна ў такім калектыве — проста задзяўбуць. Таму ўсе моцна хаваецца (павінна хавацца).

Сто твітаў пра беларускае войска

66. Я ўжо пісаў, што ўсе маладыя, таму прызнацца ў мастурбацыі ніхто не мог (наогул, ніхто ніколі не мастурбаваў, дааа). Але ложкі парыпвалі, а ўначы ты адзін, поле, неба над галавой і тэлефон у руцэ…

67. На кожным тэлефоне было порна. Быў інтэрнэт. А тэлефоны былі ў модзе з антэнай і вялікім, па тых часах, экранам. Так, тэлефон з антэнай. Можна было лавіць тэлеканалы і глядзець іх.

68. Секс з дзяўчатамі? У адпачынку, звальненнях так. А астатнія 527 дзён? Прыязджаюць на КПП, але там няма месца… Але каля дзіркі ў плоце капцёрка (ёсць такое слова), у кагосьці аказваецца ключ, звычайны вайсковы ложак і пачынаецца канвеер. Хуткі, секс ўсё-ж гэта 5-7 хвілін (прабачце).

69. Наогул, дзяўчыны — прычына вечных пакут жаўнераў (і наадварот, вядома).

Вялікае выпрабаванне для адносін, шмат слёз, расчараванняў і суіцыдаў.

У мяне была дзяўчына, але мы з ёй рассталіся праз паўгады арміі. І хутчэй па маёй ініцыятыве.

70. Суіцыды і смерці. Гэта ёсць у кожнай арміі і іх колькасць у нашай з кожным годам падае, гэта праўда. Але ці поўнасцю сумленныя вышэйшыя афіцэры?

Не, шмат важных дэталяў хаваецца, “дзедаўшчына” прызнаецца толькі ў скрайніх выпадках.

Яна частая прычына смерцяў у мірны час.

71. Пра ўсе гэтыя выпадкі “дзедаўшчыны” вядома, робяцца агульныя сходы, дзе ўсё падрабязна распавядаецца і называюцца прычыны. Але змагаюцца з абстрактнай “дзедаўшчынай” у іншых частках, а не рэальнай — у сваёй.

72. З тэлефонамі ў 2009-ым змагаліся больш старанна. Чуў, што цяпер сітуацыя ўсё роўна сумная — афіцыйна можна карыстацца смартфонам некалькі гадзін у выхадныя і без доступу ў інтэрнэт. Але гэта афіцыйна. Раней гэта было проста забаронена. Тэлефоны забіралі і жаўнераў каралі.

73. Мяне, дарэчы, менавіта за тэлефон адправілі на гаўптвахту. Гісторыя чума. Ляжаў я падчас вучэнняў і глядзеў порна. Мастурбаваў. Скончыў. Мяне захапілі ў палон праз хвілін 5. Забралі тэлефон, здалі майму камандаванню. Мне выпісалі 7 сутак арышту. Ці хваляваў мяне арышт?

74. Мяне хвалявала пытанне, ці бачылі афіцэры ПДВ акт мастурбацыі маладым жаўнерыкам на летнім зялёным лузе (так, падчас тактычных вучэнняў — усе ж людзі)).

75. Па легендзе нашу частку атакавалі, гэта былі афіцэры ПДВ. Жаўнерам дазволена было ўступаць з імі ў фізічны канфлікт, а значыць, можна было стукнуць афіцэра. Гэта і адбылося!

76. Жаўнер, які зрабіў гэта, хваліўся, што не проста спаў з жонкай афіцэра, але і змог ударыць афіцэра (розных, вядома).

77. Спаць з жонкай афіцэра — такое бывае. У вайсковым гарадку некалькі сотняў чалавек, афіцэры могуць з’язджаць у камандзіроўкі, месячныя вучэнні. А тут вялікая колькасць маладых жаўнераў. Так, ёсць яшчэ дзяўчаты-падлеткі.

Два разы клікаць жаўнера не трэба.

78. Дык вось, атрымаў я сем сутак гаўптвахты ў агульнай камеры. Паколькі я размаўляў на беларускай мове, то мяне вырашылі адправіць у адзіночку, ад граха падалей. Гэты крок ледзь не каштаваў пасады начальніку гаўптвахты — самастойна памяняць рашэнне камандзіра дывізіёна нельга.

79. А паколькі на гаўптвахту і так чарга, а начальніка вельмі пакаралі, жаўнераў з маёй часткі на “губу” больш проста не прымалі — зноў жа, ад граха падалей.

80. За адзін раз можна атрымаць 10 сутак арышту, на месцы могуць павялічыць тэрмін у два разы. Пасля 30 сумарных сутак можа быць распачата крымінальная справа за сістэматычнае парушэнне вайсковай дысцыпліны.

Суткі арышту не ідуць у тэрмін службы.

81. Адзіночная камера на гаўптвахце — так сабе месца. Чытаць даюць 1 старонку статута, яе трэба вывучыць і некалькі разоў у суткі дэкламаваць пры праверцы. Гэта частка пра дысцыпліну. І гэта парушэнне: давалі бы ўвесь статут, і ўсе б вычыталі, што іх павінны забяспечваць газетамі і радыё.

82. І пісьмовымі прыладамі, кнігамі з бібліятэкі і г.д Гэта б кардынальна ўсё памяняла. А так, бетонная камера 3 на 1, акно зачынена, святло гарыць круглыя суткі, ложак адшпільваецца, спіш на бетоне так, каб рукі былі бачныя канваіру. Прыбіты да падлогі зэдлік. Пад’ём у 5.

83. Нельга нічога. Пустата. Гадзіннікі забаронены. У камеру зазірае часавы, прыкладна раз у паўтары-дзве хвіліны.

Раз у суткі трэба выйсці на калідор і распрануцца да гала.

Адзін раз памыць падлогу ў камеры анучай 1 на 1 см. Два разы на суткі туалет, ёсць гадзінны шпацыр. Так, неба ў клетку!

84. Але самае страшнае не гэта — за кожны не такі гук могуць даць дадатковыя 10 сутак. У суседняй камеры хлопец сядзеў дзясяты апошні дзень. Выклікалі на калідор, чытаў услых статут. Запнуўся. Часавы накінуў яму 10 сутак.

Ён сказаў “Ёсць”, але я фізічна адчуў яго боль.

85. Карацей, сядзелася страшна, у галаве было пуста. Адзін раз я разбіў сабе нос — спадзяваўся на лекараў, іх не паклікалі. А ў астатні час лічыў да 10 тысяч, потым зноўку лічыў да 10 тысяч і адціскаўся (так, каб канваір не бачыў — нельга).

86. На гаўптвахце нельга паліць. Гэта быў здаровы тыдзень для мяне. Там ёсць яшчэ агульныя камеры — у асноўным, яны чытаюць статут услых. Адзін кажа, пяць-шэсць чалавек паўтараюць. Так, гэта не самы прыемны фон, такіх камер некалькі. Але з агульных камер могуць вывозіць на працы ў Мінск.

87. Вось так я выглядаў у лютым 2009-га. Дзе мае 65 кг?

Сто твітаў пра беларускае войска

88. Я служыў з Дзмітрыем Канавалавым, якога расстраляюць за выбух у мінскім метро. Мы былі аднаго прызыву, ён спаў на суседнім ложку.

Быў адэкватным сяржантам, супраць “дзедаўшчыны”, не катаваў у нарадах.

Фотаздымак у нашай бытоўцы, дзе жаўнеры ашалёўваюць каўнерыкі альбо спяць у нарадах.

Сто твітаў пра беларускае войска

89. Неяк Канавалаў прапанаваў пракаціцца ў Мінск — ён сімуляваў варыкознае пашырэнне вен (і яму зрабілі (!) аперацыю), я ўсё скардзіўся на алергію. Мне зрабілі тэсты і адправілі служыць далей, бо я здаровы.

90. Праз паўгады мяне прывязуць у Мінск, пакажуць некалькім лекарам і праз тры дні адправяць дадому. З-за алергіі (на войска, ахах). А на самой справе з-за пастаянных петыцый, лістоў і пратэстаў. Проста іх дастала, а я выцягнуў сябе сам з войска і апынуўся дома на 10 месяцаў раней.

91. Я скардзіўся на ўсе парушэнні: тэмпературу ў казармах, якасць вады (жалеза ў дзесяць разоў больш за норму), стан будынку, адсутнасць практычных і тэарэтычных заняткаў. А неяк жаўнеры з суседняга дывізіёна знайшлі лічынкі мух у катлетах і папрасілі скласці петыцыю.

92. Мы сабралі 40 подпісаў з 60 на той момант жаўнераў у частцы (астатнія былі на “Захад-2009”). Я напісаў скаргу ў санэпідэмстанцыю так, каб яе не прачыталі цэнзары — прыехала нечаканая праверка (такога ў войску не бывае).

Аказалася, такую ежу як у сталовай есці нельга.

93. Так, гэта было балюча. Нас назвалі здраднікамі і публічна пракліналі на пляцы перад усёй часткай, калі яны вярнуліся. Начальніка сталовай звольнілі. У частку накіравалі некалькі праверак з Міністэрства абароны.

У сталовай зрабілі шведскі стол, з’явілася пасудамыйка.

94. У вайсковым гарадку пачалі будаваць станцыю ачысткі вады, казармы абяцалі адрамантаваць. Мяне камісавалі з войска, нічога з абяцанага не выканалі. Частку праз пару гадоў закрылі.

95. З плюсаў: рэжым сну, харчавання, шмат фізічнай актыўнасці. З’яўляецца жаданне чытаць кніжкі. Вучышся шыць, прыбіраць і падманваць. З мінусаў: не вучышся ваяваць, ізаляцыя, можаш стаць ахвярай “дзедаўшчыны”. Ці трэба гэта за бюджэтныя грошы і 18 месяцаў? Думайце самі.

96.

Так, я ведаю, што пасля 2014-га ў войску вырашылі менш займацца фікцыямі, а пасля 2017-га — па-сапраўднаму змагацца з “дзедаўшчынай”.

97. І ці можна перамагчы карупцыю з такімі заробкамі ў афіцэраў? Як кралі ў нас у частцы: танк выкарыстоўвае вельмі шмат саляры, сотні літраў. Фармальна яе спісваюць, бо жаўнераў вучаць ездзіць на ПЗРК.

На справе ўсё зліваецца. Вялікія грошы.

Выправіць гэтых афіцэраў будзе цяжкавата.

98. Жаўнеры, дарэчы, таксама крадуць. Гэта ўсё вельмі камічна. Дзяжурыць другі дывізіён — паліва зліваюць у першага, дзяжурыць першы — зліваюць у другога.

99. Яшчэ ў сувязі з Расіяй хочацца сказаць, што ў войску ёсць такія склады недатыкальнага запасу, на выпадак вайны. Там стаіць новая тэхніка, зброя. Дык вось часам пад капотамі пуста — усё скралі.

100. Але праз дзесяць гадоў негатыўных успамінаў мала. Вось маладыя хлопцы а 7-ай раніцы бягуць без маек па лесе, удалечыні ўзыходзіць сонца, на вуліцы вясна. Гэта нават тады было прыгожа і цешыла.