Рэйтынг беларускіх гарадоў 2022

паказвае шматгранную рэчаіснасць беларускіх гарадоў у чатырох вымярэннях

Мы не імкнемся прысароміць найгоршыя гарады і пахваліць найлепшыя – Цэнтр новых ідэй хоча, хутчэй, павялічыць зацікаўленасць грамадства рэгіянальнымі праблемамі і ўзмацніць экспертную дыскусію.

  • дэмаграфічная ўстойлівасць

  • стан эканомікі

  • якасць жыцця

  • грамадска-палітычныя практыкі

Методыка

Ідэя найлепшага горада

У 2023-ым годзе мы сумняваемся, што ідэя "найлепшага горада Беларусі", вакол якой мы і рабілі гэты рэйтынг раней, працуе. Ва ўмовах штораз мацнейшых рэпрэсій, эканамічнага спаду, саўдзелу Беларусі ў расійскай вайне супраць Украіны канцэпцыя "найлепшага горада", хутчэй, ператварылася ў "горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцця, калі не хочаш эміграваць". Гэта балюча для нас як для даследчыкаў і для беларусаў, але, ацэньваючы гэты рэйтынг, кожны з чытачоў мусіць памятаць пра гэты нюанс.

Найлепшым горадам, "куды можна перабрацца", для нас – у нашай жа метадалогіі і аналізе – усё яшчэ з'яўляецца горад з найбольш устойлівым, але адначасова дынамічным жыццём. Гэта горад, у якім – зыходзячы з мноства фактараў – людзям прасцей гадаваць дзяцей. Або сюды можна прыехаць, каб здабыць вышэйшую адукацыю.

І пры гэтым тут пры неабходнасці можна лёгка атрымаць сацыяльныя і медыцынскія паслугі. І, вядома, важна быць упэўненым, што ты можаш паўплываць на рашэнні мясцовай улады. Ці хаця б мець поўную інфармацыю аб яе дзейнасці. І зарабляць годныя грошы.

Метад вылічэнняў

Натхненнем для падрыхтоўкі гэтага рэйтынга паслужылі глабальныя прыклады, прыклады суседніх краін і Рэйтынг гарадоў Беларусі, складзены дзесяцігоддзе таму. Усе яны даследуюць, па вялікім рахунку, тыя ж рэчы, што і Рэйтынг беларускіх гарадоў, хоць заходнія прыклады ўсё ж у стане ахапіць больш сфераў і валодаюць большым масівам статыстычных звестак.

Хоць падобныя індэксы змяншаюць бачны памер інфармацыі, у практыцы ўнутры рэйтынга знаходзіцца вялікая колькасць статыстычных дадзеных, якія ўрэшце і вызначаюць месца кожнага горада ў рэйтынгу. Ніжэй мы падаем тлумачэнні выбару ўсіх паказнікаў паводле чатырох вымярэнняў.

Кожнае вымярэнне (не індыкатар) мае аднолькавую вагу ў агульным выніку – і гэта, безумоўна, спрашчэнне. Аднак мы свядома ідзем на яго, каб забяспечыць празрыстасць і яснасць нашага даследавання, тым болей, што ўрэшце ўсе аспекты важныя, каб вызначыць сапраўды найлепшы горад.

Вынікі па большасці паказніках выраўненыя па шкале ад 0 да 100 балаў паводле формулы y=(x−min)/(max−min), дзе

  • x – гэта канкрэтны паказнік (напрыклад, памер заробку ў гэтым горадзе);
  • min – мінімальны паказнік сярод усіх гарадоў;
  • max – максімальны паказнік сярод усіх гарадоў;
  • y – гэта адпаведны вынік па шкале ад 0 да 100, які і ўносіўся ў рэйтынг.

Выключэннем з’яўляюцца вынікі экспертнага рэйтынга па славутасцях Беларусі і па паказніках у межах вымярэння “Грамадска-палітычныя практыкі”. У ім вынікі прадстаўленыя паводле трох- (0–50–100) і чатырохпрыступкавай шкалы:

  • 100 – калі неабходная інфармацыя прадстаўленая цалкам,
  • 75 – калі неабходная інфармацыя прадстаўленая з невялікім недахопам,
  • 50 – калі неабходная інфармацыя прадстаўленая напалову,
  • 25 – калі маецца толькі трохі неабходнай інфармацыі,
  • 0 – калі неабходная інфармацыя не прадстаўленая.

Паглядзіце, як робіцца шкала, на прыкладзе:

Натуральны прырост у 2019-ым годзе

(дадзеныя за 2020–2021 гады не былі апублікаваныя)
  • На 1000 чалавек
  • Вынік паводле формулы

У адрозненні ад мінулых гадоў, вымярэнні (не індыкатары) маюць розную вагу. Цяпер вымярэнні стану эканомікі і якасці жыцця даюць кожнае па 30 % выніковага бала, а дэмаграфічная ўстойлівасць і грамадска-палітычныя практыкі – па 20 %. Мы пайшлі на гэты крок, каб даць большы прыярытэт эканамічным умовам і якасці жыцця, бо гэта часцей уплывае на нашае адчуванне найлепшага горада. Дэмаграфічная ўстойлівасць і ўзровень грамадскага ўдзелу хоць і ўплываюць на перспектывы горада, але не адбіваюцца наўпрост на жыццях гараджанаў. Гэта, безумоўна, спрашчэнне, аднак мы свядома ідзем на яго, каб забяспечыць празрыстасць і яснасць нашага даследавання.

Амаль ва ўсіх выпадках мы выкарыстоўвалі звесткі за адзін год (за апошні з даступнымі дадзенымі). Адзіным выключэннем з’яўляюцца інвестыцыі ў асноўны капітал. Іх узровень у гарадах часта змяняецца згодна з прыярытэтамі ўладаў, таму ў гэтым выпадку мы выкарыстоўвалі сярэдні паказнік за апошнія пяць год.

Пэўнай праблемай пры стварэнні рэйтынга беларускіх гарадоў быў статус блізу паловы гарадоў – яны маюць статус гарадоў раённага падпарадкавання (а не абласнога), таму некаторыя дадзеныя ў іх збіраюцца на ўзроўні ўсяго раёна, а не горада. Мы доўга думалі, якім чынам кампенсаваць гэты недахоп, але ў практыцы ручное выпраўленне дадзеных магло б зменшыць празрыстасць даследавання. Таму мы проста дадаем адзнаку, калі выкарыстоўваем дадзеныя па раёне, каб Вы бралі гэта ў разлік пры вывучэнні вынікаў рэйтынга.

Дапамажыце нам

Стварэнне такіх камбінаваных індыкатараў, як гэты рэйтынг, – гэта заўсёды пэўны кампраміс у методыцы даследавання. На жаль, сёлета мы не здолелі знайсці ўсе кампрамісы, якія мы б хацелі пабачыць, таму не ўсе пажаданыя індыкатары трапілі ў рэйтынг. Некаторыя з былых індыкатараў у выніку апошніх грамадска-палітычных падзей згубілі актуальнасць. Магчыма, нам не хапіла Вашых ідэй, таму мы вас ласкава просім адказаць на некалькі пытанняў (адказваць на ўсе з іх неабавязкова).

Перайсці да гугл-формы

Беларускія гарады падчас крызісу

Праца над гэтым Рэйтынгам ішла найбольш складана ў параўнанні з усімі мінулымі. Некаторыя дадзеныя больш не публікуюцца, некаторыя перасталі адлюстроўваць рэальнасць і сталі фікцыяй, некаторыя сэрвісы ўжо проста не працуюць у Беларусі. Таму мы зменшылі колькасць вымярэнняў і ўпершыню пачалі па-рознаму ўзважваць паказнікі.

Пры ўсім пры гэтым гарады застаюцца асноўнымі драйверамі развіцця, месцамі грамадскага жыцця. Будуць расці і іх адрозненні, а ў дзяржавы будзе ўсё менш сродкаў на “ўраўнілаўку” і захаванне аднолькавага ўзроўню жыцця паўсюль.

Цікавым чынам мы заўважылі і адлюстраванне крызісу на саміх гарадах.

Год разладу нацыі, страху і безнадзейнасці

Ціск на НДА (нават на самыя “траваедныя”, якія займаюцца выключна грамадскай дзейнасцю, кшталту “Аховы птушак бацькаўшчыны”), закрыццё многіх ініцыятыў, ціск на актыўнасці дваровых чатаў і рэпрэсіі ў цэлым ствараюць адчуванне страху ў грамадстве, падрываюць жаданне людзей да любой кааперацыі.

У значнай меры гэта разрывае сацыяльныя сувязі паміж людзьмі, робячы грамадства атамізаваным. Мы прыходзім да грамадства адзіноты, "грамадства кухоннай культуры", у якім сацыяльныя сувязі заканчваюцца на тых, каго мы можам паклікаць пасядзець на кухні – і тое, пры ўключаным водным кране, каб ніхто іншы не пачуў.

Ускосным паказнікам зніжэння грамадзянскай актыўнасці з'яўляюцца дадзеныя платформы "Голас" за 2020-ы і 2022-і год. Адбылося падзенне актыўнасці больш чым у 10 разоў. Беларусы ніколі не баяліся так моцна і не адыходзілі ад агульнай справы, як у мінулым годзе.

Падзенне ўзроўню злачыннасці

Мы назіраем зніжэнне колькасці злачынстваў (у пераліку на 1000 чалавек у гарадах). Для кожнага з гарадоў гэтае зніжэнне невялікае: у сярэднім 2-3 працэнтныя пункты, аднак яно назіраецца практычна ва ўсіх гарадах рэйтынга. Можна было б меркаваць, што зніжэнне злачыннасці ў раённых цэнтрах абумоўлена эканамічнай міграцыяй насельніцтва ў абласныя цэнтры. Аднак пры гэтым у буйных гарадах – абласных цэнтрах – росту колькасці злачынстваў не назіраецца, адпаведна, зніжэнне колькасці злачынстваў нельга растлумачыць міграцыяй унутры краіны.

Анамальнае маладзенне гарадоў

Даўно вядома, што беларусы – нацыя, якая старэе, і доля насельніцтва ў пенсійным узросце павялічваецца з года ў год. Аднак у гэтым рэйтынгу мы назіраем зніжэнне долі насельніцтва ў пенсійным узросце ў кожным з даследаваных гарадоў. Гэта зніжэнне дастаткова невялікае: у сярэднім 4-6 працэнтных пунктаў па кожным з гарадоў, аднак такая дынаміка тым не менш з'яўляецца незвычайнай.

Мы мяркуем, што гэтае зніжэнне – ускосны паказнік уплыву эпідэміі ковіда на беларусаў. Калі казаць дакладней, то, як вядома, смяротнасць ад ковіда значна вышэйшая сярод людзей пажылога ўзросту. А калі мы назіраем такую незвычайную дынаміку, то, хутчэй за ўсё, яна з'яўляецца наступствам нейкай знешняй падзеі. І ковід – тут найбольш адпаведнае тлумачэнне.

Восем тыпаў беларускіх гарадоў

Цісніце на групу, каб даведацца пра яе болей

Параўнанне 40 беларускіх гарадоў па трынаццаці паказніках у чатырох вымярэннях (дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця, грамадска-палітычныя практыкі) дазваляе разбіць іх на восем груп.

Падрябязней пра методыку рэйтынга

Рэшткі былога росту

Летась мы вызначылі тры асноўныя драйверы росту беларускіх гарадоў: заходняя мяжа, турысты і сталіца.

Турыстычны патэнцыял пацярпеў найбольш. Саўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны фактычна забіў паняцце турыстычнай прывабнасці нашай краіны. Красамоўна аб гэтым сведчыць той факт, што базавыя для турыста паслугі (браніраванне жылля на Booking.com і Airbnb.com) больш недаступныя для Беларусі. Абсалютная большасць заходніх авіякампаній таксама не лётае да нас. Мала які турыст паедзе ў краіну, у якой ён нават не можа зняць для сябе начлег па звыклай схеме, куды перасталі лятаць самалёты і няма ўпэўненасці, што будуць працаваць банкаўскія карты.

Колькасць замежных турыстаў у 2021-ым зменшылася ў параўнанні з 2019-ым у шэсць разоў, а доля турыстаў з краін ЕС з амаль 25 % упала да мізэрных 3 %. Некаторы час аб'ём турызму ў Беларусі будзе трымацца за кошт расійскіх наведнікаў, для якіх Беларусь і курорты Расіі цяпер з'яўляюцца найбольш даступнымі напрамкамі для адпачынку. Параметр, які быў бустарам развіцця заходніх беларускіх гарадоў у мінулым Рэйтынгу, дэ-факта знік.

Заходняя мяжа у меншых памерах, але будзе даваць свой эфект, у тым ліку дзякуючы "турыстам" з Польшчы і Літвы, якія па факце турыстамі не з'яўляюцца. Бязвізавы рэжым, верагодна, павялічыць паток тых, хто прыязджае з Літвы і Польшчы, аднак, паводле многіх сведчанняў, гэта не турысты ў традыцыйным разуменні, але, хутчэй, замежнікі, якія прыязджаюць у Беларусь па танныя прадукты і аўтамабільнае паліва.


Сталічная агламерацыя – Мінск з гарадамі-спадарожнікамі – будзе заставацца эканамічным цэнтрам краіны. Мы бачым, што пазіцыі такіх гарадоў, як Дзяржынск і Смалявічы, толькі ўзмацняюцца. Гэта маладыя і дынамічныя гарады, куды ідуць інвестыцыі, а, адпаведна, і працоўныя кадры.

Пра стваральнікаў

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Рыгор Астапеня

Антон Раднянкоў

дырэктар Цэнтра новых ідэй. Антон нарадзіўся ў Гомелі, вывучаў стратэгічныя камунікацыі ў Каралеўскім каледжы Лондана. Раней кіраваў праектамі ў сферы ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, узначальваў аддзел высокіх тэхналогій на Мінскім гадзіннікавым заводзе, саўладальнік прыватнага бізнесу. Падчас кампаніі 2020-га года адказваў за стратэгію і камунікацыю ў камандзе дэмакратычных сілаў.

Яго электронная пошта: radniankou@newBelarus.vision

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Андрэй Сушко

Аляксандр Аўтушка-Сікорскі

малодшы даследчык Цэнтра новых ідэй. Аляксандр вывучаў паліталогію ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, атрымаў ступень магістра ў Цэнтральна-Еўрапейскім уіверсітэце. Працаваў аналітыкам ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў. На дадзены момант займаецца бiзнес-аналітыкай у сферы страхавання.

Яго электронная пошта: alex.avtushko@gmail.com

Асаблівая падзяка

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Рыгор Астапеня

Рыгор Астапеня

дырэктар па даследаваннях Цэнтра новых ідэй. Рыгор з’яўляецца кіраўніком праграмы па Беларусі ў Chatham House ды абараніў доктарскую дысертацыю ў Варшаўскім універсітэце. Ён з’яўляецца стваральнікам першага Рэйтынга беларускіх гарадоў Цэнтра новых ідэй і кансультаваў пры стварэнні сёлетняга выпуску.

Яго электронная пошта: astapenia@newBelarus.vision

І ўсім людзям, якія выдаткавалі хоць мінімум свайго часу, каб абмеркаваць гэтае даследаванне. Без вас гэты рэйтынг быў бы горшым.