Барометр беларускіх гарадоў 2023

Гэта наш пілотны праект, у якім мы ствараем рэйтынгі населеных пунктаў Беларусі, у адпаведнасці з меркаваннямі іх жыхароў і жыхарак.

Галоўная яго ідэя палягае ў тым, каб зрабіць структураваную карціну ацэнак беларускіх гарадоў з боку іх насельнікаў (як своеасаблівы дадатак да статыстычных звестак, на якіх пабудаваны “Рэйтынг беларускіх гарадоў”).

Барометр 2023

Агульная ідэя Барометру

Барометр беларускіх гарадоў варта разглядаць як своеасаблівы суб’ектыўны дадатак да аб’ектыўнага Рэйтынгу беларускіх гарадоў. Калі апошні складаўся са звестак статыстычнага характару, то Барометр будуецца на падставе суб’ектыўных меркаванняў жыхароў і жыхарак беларускіх гарадоў. Ён паказвае, як мы самі ўспрымаем тыя гарады і мястэчкі, у якіх жывём: ці падабаюцца нам умовы жыцця, ці ганарымся мы сваім месцам жыхарства, ці бачым перспектывы, каб заставацца там.

Падаецца, што ва ўмовах утойвання ўладамі значнай часткі статыстычнай інфармацыі даныя Барометра будуць мець дадатковую вартасць. Асабліва ўлічваючы, што тое, як мы ўспрымаем і ацэньваем рэчаіснасць, часцяком мае большую матывацыйную моц, чым аб'ектыўныя лічбы.

Метады вылічэнняў

Барометр беларускіх гарадоў ствараўся паводле даных сацыялагічнага апытання, што ладзілася Цэнтрам новых ідэй і “Народным апытаннем”. Даследаванне праводзілася метадам анлайн-апытання з 20 па 23 траўня 2023 года. Агулам у апытанні ўзялі ўдзел 1966 чалавек. Асаблівасцю выбаркі, як і ва ўсіх даследаваннях “Народнага апытання”, з’яўляецца перакос у бок прапратэснай, прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства.

На вялікі жаль, у бягучых умовах цягам аднаго даследавання не было магчымасці апытаць неабходную колькасць рэспандэнтаў(так) у кожным беларускім горадзе. Таму мы былі вымушаныя пайсці шляхам групіравання гарадоў:

  • паасобна даныя прадстаўленыя для буйных гарадоў Беларусі, колькасць жыхароў(рак) у якіх болей за 100 000 чалавек;
  • гарады сярэдніх памераў — то бок з колькасцю жыхароў меней за 100 000, але болей за 20 000, згрупаваныя па абласцях, адказы іх жыхароў(рак) лічыліся разам (спісы па абласцях даюцца ў табліцах);
  • у групу невялікіх населеных пунктаў, альбо мястэчак, трапілі гарады з колькасцю жыхароў і жыхарак меней за 20 000 чалавек. Гэтыя групы таксама прапісаныя па абласцях; разлікі па іх таксама рабіліся супольныя.

З метадычнага пункту погляду, выніковы індэкс Барометра беларускіх гарадоў складаецца з двух субіндэксаў:

  • субіндэкса ўмоў жыцця ў горадзе;
  • субіндэкса ўспрымання гораду.

Субіндэкс умоў жыцця збіраўся па адказах рэспандэнтаў(-так) на пытанні шасці блокаў:

  • жытло і праца;
  • лагістыка;
  • ахова здароўя;
  • умовы для дзяцей (у тым ліку адукацыя);
  • сацыяльная сфера;
  • культура, адпачынак, спорт.

Субіндэкс успрымання гораду складаўся з адказаў на наступныя пытанні:

  • Як Вы ставіцеся да свайго гораду? Ці падабаецца Вам у ім жыць?
  • Ці можна сказаць, што Вы ганарыцеся сваім горадам?
  • Як Вы ацэньваеце перспектывы свайго гораду?
  • Ці хацелі б Вы змяніць сваё месца жыхарства ў межах Беларусі?

Методыка разлікаў

Адказы на ўсе пытанні мелі пяціскладнікавую стурктуру:

Праз такую агульную струкутру ўсе прамежкавыя індэксы разлічваліся па адной методыцы:

Індэкс = ( А + Б×0,5 − В×0,5 − Г ) ÷ 100

Значэнне індэксу змяняецца ад “+1” (максімальна станоўчае стаўленне) да “−1” (максімальна адмоўнае стаўленне).

Усе індэксы маюць аднолькавую вагу і збіраюцца ў некалькі блокаў. Паказнікі па блоках разлічваюцца як сярэдняе для індэксаў, што ўваходзяць у блок.

Чатыры сегменты беларускіх гарадоў

Каб аднамернасці простых рэйтынгаў дадаць глыбіні, мы спалучылі паказнікі двух індэксаў на адным графіку. Атрымалася двухмерная сістэма каардынат, дзе кропкай перасячэння восяў сістэмы каардынат сталі сярэднія значэнні па гарадах па кожнаму з індэксаў.

Такім чынам, усе гарады Беларусі падзяліліся на чатыры сегменты:

Барометр і Рэйтынг беларускіх гарадоў

Калі параўнаць вынікі сацыялагічнага Барометра з высновамі статыстычнага Рэйтынгу, то мы ўбачым, што:

ТОП-3 гарадоў, якія вылучыліся ў Барометры, фактычна супадаюць з лідарамі Рэйтынга беларускіх гарадоў (так званая “Найвышэйшага ліга”). Адрозненне ў месцах: калі ў Рэйтынгу гэта Мінск, Гродна і Брэст, то ў Барометры мы маем адваротны парадак: Брэст, Гродна і Мінск.

  • Што стала галоўнымі перавагамі Брэста? Па-першае, яго жыхары і жыхаркі задаволеныя ўмовамі для баўлення вольнага часу: якасцю працы музеяў і выстаў, кафэ і бараў, спартовых клубаў і пляцовак. Па-другое, яны ўпэўненыя ў тым, што ў горада ёсць перспектывы развіцця.
  • Моцнымі бакамі Гродна (што было чакана) апынуўся патрыятызм яго жыхароў: іх любоў да свайго гораду, замілаванне ім і нежаданне з яго з’яжджаць кудысьці.
  • Пры агулам даволі высокіх ацэнках, Мінск "праваліў” такія паказнікі, як задаволенасць працай школ і дзіцячых садкоў (таксама і дзіцячых пляцовак у дварах) і “гонар за свой горад”.

За межамі групы лідараў відавочнасць губляецца, бо суб’ектыўны фактар лакальнага патрыятызму гуляе ў розныя бакі. Так, напрыклад, Салігорск, Жодзіна, Наваполацк, Мазыр і Жлобін у Рэйтынгу вылучаныя ў групу “Прамысловыя монагарады”. Але ў Барометру яны апынуліся раскіданымі па ўсіх чатырох сегментах: Мазыр і Жлобін трапілі ў лік “гарадоў для жыцця”, Жодзіна класіфікавалася як “горад для энтузіастаў”, Салігорск быў ацэнены як “горад-расчараванне”, а Наваполацк – “месца роспачы”.

Тое ж самае датычыцца і любых іншых груп гарадоў.

Трэці момант, на які мы хацелі звярнуць увагу, – загадка параўнальна высокіх месцаў гарадоў сярэдніх памераў усходу Беларусі (у першаю чаргу – Магілёўшчыны). Тут можна высунуць гіпотэзу, што так спрацаваў фактар “побач вайна”, які значна занізіў планку патрабаванняў да ўмоў жыцця. На нашу думку, менавіта праз гэта задаволенасць гарадской інфраструктурай, якая ёсць і як-неяк працуе, а не зруйнаваная расейскімі вайскоўцамі, ва ўмоўных Горках ці Круглым ацэньваецца вышэй, чым у тым жа Мінску ці Гродна з Брэстам.

Генадзь Коршунаў

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй. Мае ступень PhD сацыялагічных навук, спецыялізуецца на аналізе грамадскай думкі. Асноўныя напрамкі даследаванняў: сацыяльныя структуры, працэсы і інстытуты, сацыялогія рэвалюцыі, працэсы нацыянальнага будаўніцтва, дынаміка медыяпрасторы.

Цэнтр новых ідэй — аналітычны цэнтр, дзейнасць якога прысвечаная магчымасцям развіцця і адказам на выклікі, якія стаяць перад Беларуссю ў ХХІ стагоддзі. Нашая місія ў тым, каб дапамагчы палітычным і грамадскім арганізацыям пабудаваць больш адкрытую, заможную і ўстойлівую Беларусь.