Восем тыпаў беларускіх гарадоў
Цісніце на групу, каб даведацца пра яе болей
паказвае шматгранную рэчаіснасць беларускіх гарадоў у пяці вымярэннях
Мы не імкнемся прысароміць найгоршыя гарады і пахваліць найлепшыя – Цэнтр новых ідэй хоча, хутчэй, павялічыць зацікаўленасць грамадства рэгіянальнымі праблемамі і ўзмацніць экспертную дыскусію.
дэмаграфічная ўстойлівасць
стан эканомікі
якасць жыцця
грамадска-палітычныя практыкі
турыстычная прывабнасць
Для нас найлепшым горадам з’яўляецца той, жыццё ў якім адначасова ўстойлівае і дынамічнае. У ім нараджаецца больш дзяцей, чалавек мае большыя шанцы на атрыманне вышэйшай адукацыі, на знаходжанне высокааплатнай працы, на карыстанне сацыяльнымі паслугамі высокай якасці, а яго актыўнасць і меркаванне аб развіцці роднага краю будуць пачутыя мясцовымі ўладамі. Грамадска-палітычны крызіс, які ўзнік пасля жніўня 2020-га года істотна паўплываў і ўплывае на шматлікія сферы развіцця нашых гарадоў. Тым не менш мы перакананыя, што Рэйтынг дазваляе выявіць тыя з іх, у якіх сапраўды жывецца лепей ды нават хочацца правесці ўсё жыццё.
Наіўна кажучы, найлепшы горад — гэта такі, у якім хочацца правесці ўсё жыццё
Абраныя шаснаццаць паказнікаў рэйтынга адлюстроўваюць, безумоўна, нашае ўяўленне пра найлепшы горад. Пры гэтым некаторыя паказнікі не знайшлі свайго адлюстравання ў рэйтынгу, напрыклад, стан інфраструктуры ці стан экалогіі, бо мы не знайшлі адпаведнага колькаснага індыкатара для ўсіх гарадоў. Але, нягледзячы на ўсе праблемы, мы імкнуліся стварыць якасны і празрысты рэйтынг.
У наш рэйтынг увайшлі 40 гарадоў Беларусі, якія маюць ад 19 тысяч да 2 млн насельнікаў, — у іх жыве дзве траціны беларускага насельніцтва і яны з’яўляюцца значнымі палітычна-эканамічнымі актарамі. Гэта не значыць, што гарады з 10 тысячамі жыхароў ці вёскі не могуць быць добрымі месцамі для пражывання, але іх роля ў Беларусі невялікая і будзе рабіцца ўсё меншай, таму яны выключаныя з рэйтынга.
Натхненнем для падрыхтоўкі гэтага рэйтынга паслужылі глабальныя прыклады, прыклады суседніх краін і Рэйтынг гарадоў Беларусі, складзены дзесяцігоддзе таму. Усе яны даследуюць, па вялікім рахунку, тыя ж рэчы, што і Рэйтынг беларускіх гарадоў, хоць заходнія прыклады ўсё ж у стане ахапіць больш сфераў і валодаюць большым масівам статыстычных звестак.
Хоць падобныя індэксы змяншаюць бачны памер інфармацыі, у практыцы ўнутры рэйтынга знаходзіцца вялікая колькасць статыстычных дадзеных, якія ўрэшце і вызначаюць месца кожнага горада ў рэйтынгу. Ніжэй мы падаем тлумачэнні выбару ўсіх паказнікаў паводле пяці вымярэнняў.
Кожнае вымярэнне (не індыкатар) мае аднолькавую вагу ў агульным выніку – і гэта, безумоўна, спрашчэнне. Аднак мы свядома ідзем на яго, каб забяспечыць празрыстасць і яснасць нашага даследавання, тым болей, што ўрэшце ўсе аспекты важныя, каб вызначыць сапраўды найлепшы горад.
Вынікі па большасці паказніках выраўненыя па шкале ад 0 да 100 балаў паводле формулы
Выключэннем з’яўляюцца вынікі экспертнага рэйтынга па славутасцях Беларусі і па паказніках у межах вымярэння “Грамадска-палітычныя практыкі”. У ім вынікі прадстаўленыя паводле трох- (0–50–100) і чатырохпрыступкавай шкалы:
Паглядзіце, як робіцца шкала, на прыкладзе:
Вынікі ж вымярэнняў падаваліся паводле сярэдняй лічбы ўсіх паказнікаў у межах гэтага вымярэння, а агульны рэйтынг з’яўляецца сярэдняй лічбай усіх вымярэнняў.
Амаль ва ўсіх выпадках мы выкарыстоўвалі звесткі за адзін год (за апошні з даступнымі дадзенымі). Адзіным выключэннем з’яўляюцца інвестыцыі ў асноўны капітал. Іх узровень у гарадах часта змяняецца згодна з прыярытэтамі ўладаў, таму ў гэтым выпадку мы выкарыстоўвалі сярэдні паказнік за апошнія пяць год.
Пэўнай праблемай пры стварэнні рэйтынга беларускіх гарадоў быў статус блізу паловы гарадоў – яны маюць статус гарадоў раённага падпарадкавання (а не абласнога), таму некаторыя дадзеныя ў іх збіраюцца на ўзроўні ўсяго раёна, а не горада. Мы доўга думалі, якім чынам кампенсаваць гэты недахоп, але ў практыцы ручное выпраўленне дадзеных магло б зменшыць празрыстасць даследавання. Таму мы проста дадаем адзнаку, калі выкарыстоўваем дадзеныя па раёне, каб Вы бралі гэта ў разлік пры вывучэнні вынікаў рэйтынга.
Стварэнне такіх камбінаваных індыкатараў, як гэты рэйтынг, – гэта заўсёды пэўны кампраміс у методыцы даследавання. На жаль, сёлета мы не здолелі знайсці ўсе кампрамісы, якія мы б хацелі пабачыць, таму не ўсе пажаданыя індыкатары трапілі ў рэйтынг. Некаторыя з былых індыкатараў у выніку апошніх грамадска-палітычных падзей згубілі актуальнасць. Магчыма, нам не хапіла Вашых ідэй, таму мы вас ласкава просім адказаць на некалькі пытанняў (адказваць на ўсе з іх неабавязкова).
Перайсці да гугл-формыБудучыня належыць гарадам. У іх ужо жыве больш за палову насельніцтва Зямлі, менавіта гарады (а не краіны) усё часцей канкуруюць за інвестараў. Гарадскія адміністрацыі маюць выдатныя магчымасці вырашаць многія сацыяльныя праблемы – ад беднасці да адукацыі – паколькі бачаць іх бліжэй і лепш разумеюць.
Было б хлуснёй сказаць, што ўсё гэта датычыць Беларусі. Але таксама наіўна верыць, што нашыя гарады не канкуруюць паміж сабой, напрыклад, за памер дзяржаўных інвестыцый. Болей за тое, “пад вадой” адбываюцца некантраляваныя дзяржавай змены. Дадзеныя паказваюць: нягледзячы на тое, што ўлады стрымліваюць свабоду гарадоў і канкурэнцыю паміж імі, гарады развіваюцца па-рознаму. Асабліва заўважна гэта ў рэгіёнах.
Дзяржаўная палітыка ўраўнавання ўсіх спрыяе таму, што наша мысленне пра беларускія гарады можа адставаць ад рэчаіснасці. Часта колькасць жыхароў успрымаецца як адзнака пэўнай моцы горада, абласныя гарады як роўныя паміж сабой, а калісьці дынамічныя гарады, як Орша, дагэтуль успрымаюцца як важныя для эканомікі.
Развіццё рэгіёнаў даўно з'яўляецца галаўным болем і для ўладаў, і для беларусаў, якія ў іх жывуць. Асаблівасцю дадзенага рэйтынга было тое, што ён рыхтаваўся падчас найбуйнейшага грамадска-палітычнага крызісу ў гісторыі краіны. Палітычныя праблемы накладваюцца на эканоміку, на дэмаграфію, на астатнія сферы грамадства, эскалююць тыя пытанні, якія і без таго стаялі перад беларусамі. Крызіс і маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў адносінах да нязгодных прывялі да сур'ёзных зрухаў і ў гарадах. Праз пандэмію каранавіруса і не самыя ўдалыя дзеянні ўладаў катастрафічна знізіўся ўзровень турызму, прафесійныя кадры пакідаюць краіну, а айчынныя ВНУ адчуваюць недабор студэнтаў па шматлікіх спецыяльнасцях — маладыя людзі едуць вучыцца за мяжу.
Насамрэч колькасць насельніцтва Гомеля ці Магілёва не ставіць гэтыя гарады на другое і трэцяе месцы. Многія буйныя гарады, як Бабруйск ці Баранавічы, выразна адстаюць у развіцці. А абласныя гарады не роўныя паміж сабой – Гродна і Брэст відавочна больш дынамічныя і ўстойлівыя за Гомель, Магілёў і Віцебск. Гэта не значыць, што розніца паміж “абласнікамі” як паміж раем і пеклам, але яна існуе і, хутчэй за ўсё, будзе павялічвацца.
Нам неабходна пазбавіцца стэрэатыпаў, якімі мы заўжды кіраваліся пры ўспрыняцці нашых гарадоў. У рэшце рэшт Рэйтынг беларускіх гарадоў не мае на мэце паказаць, як трэба рэфармаваць рэгіёны, а павялічыць нашае разуменне іх дынамікі.
Цісніце на групу, каб даведацца пра яе болей
Параўнанне 40 беларускіх гарадоў па шаснаццаці паказніках у пяці вымярэннях (дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця, грамадска-палітычныя практыкі, турыстычная прывабнасць) дазваляе разбіць іх на восем груп.
Беларускія гарады ў пытаннях развіцця часта не маюць той жа незалежнасці пры прыняцці рашэнняў, якой карыстаюцца шматлікія гарады Заходняй Еўропы ці Амерыкі. Залежнасць ад датацый з цэнтра, геаграфічная дэтэрмінаванасць і такія “класічныя” драйверы развіцця, як існаванне развітага прамысловага сектара, з’яўляюцца тут больш істотнымі фактарамі, якія вылучаюць тыя або іншыя гарады. У беларускіх рэаліях усё яшчэ шмат залежыць і ад Мінска. Гэта і найбольшы лагістычны цэнтр, менавіта тут засяроджана большасць ВНУ краіны, навуковыя, даследчыя, камерцыйныя ды забаўляльныя ўстановы і структуры.
Геаграфічная блізкасць да сталіцы ці нават афіцыйны статус горада-спадарожніка (Дзяржынск, Смалявічы) дазваляюць пэўным гарадам развівацца больш хуткімі тэмпамі, атрымліваць больш датацый з бюджэту, эканоміць на ўвядзенні шматлікіх відаў паслуг, якія жыхары могуць атрымліваць пры візітах у Мінск.
Выяўляецца і патэрн “захад-усход”: гарады, бліжэйшыя да мяжы з Еўрасаюзам, дэманструюць істотна вышэйшую дынаміку развіцця. Наяўнасць актыўных суседзяў прымушае нават заскарузлыя ў бюракратычнасці прыняцця рашэнняў мясцовыя ўлады варушыцца, займацца шматлікімі пытаннямі ўдасканалення роднага горада, не баяцца пераменаў ды не цурацца вучыцца ў іншых. Гродна і Брэст трапілі ў тройку лідараў нашага рэйтынга, а Ліда, Пінск, Кобрын, Слонім, Смаргонь ды Івацэвічы размясціліся ў ТОП-20. Чым далей рухацца на ўсход краіны, тым больш бачны трэнд на паніжэнне ў выніковай табліцы.
Нечаканым фактарам развіцця гарадоў з’яўляюцца і турысты. Пасля з’яўлення каранавіруса, санкцый і спынення актыўнасці айчынных аэрапортаў у заходнім кірунку, а таксама ў існых грамадска-палітычных абставін ацаніць па стане на 2021-ы год сітуацыю стала значна цяжэй. Але трэнды апошніх гадоў, якія мы назіралі пры зборы статыстыкі, сведчаць: развіццё турызму і візіты замежных гасцей у нашыя гарады стымулююць да пераменаў не толькі гарадскія адміністрацыі. Мясцовы бізнес ахвотней інвестуе ў адкрыццё новых забаўляльных устаноў, рэстаранаў ды кавярняў. Мясцовыя ўлады актыўней супрацоўнічалі з грамадскай супольнасцю ў Гродне, Брэсце, Полацку ці Магілёве, чым у Бабруйску, Оршы ці Крычаве.
Прэзідэнцкія выбары ў жніўні 2020-га і магутны пратэсны рух нязгодных з яго афіцыйнымі вынікамі змянілі Беларусь і яе гарады надзвычайна. Прыхільнікі пераменаў масава рэгістраваліся на анлайн-платформе “Голас”, каб стварыць альтэрнатыўную і больш празрыстую сістэму падліку галасоў. Жыхары гарадоў станавіліся валанцёрамі, актывістамі лакальных чатаў і суседскіх супольнасцяў, папаўнялі шэрагі недзяржаўных арганізацый самага рознага характару.
У адказ на ўзрослы ўзровень палітызацыі беларусаў ды беларусак дзяржава адказала звышжорсткімі рэпрэсіямі. Тысячы людзей у выніку прайшлі праз затрыманні, допыты, ператрусы, пераслед па адміністратыўных і нават крымінальных справах. Паводле праваабаронцаў у Беларусі ўжо амаль дзевяцьсот адных толькі афіцыйна прызнаных палітычных зняволеных.
Усё гэта праявілася і ў статыстыцы. Так, сталіца і абласныя гарады былі відавочна больш актыўныя ў выражэнні сваёй пазіцыі, але статыстыка па палітычных зняволеных у Магілёве ці Віцебску разам амаль у тры разы меншая за Брэст. Вядома ж, вялікая колькасць палітзняволеных можа тлумачыцца яшчэ і жаданнем асобных сілавых структур вылучыцца перад сваім кіраўніцтвам, але ж трэнд заўважны.