centr_novih_idey_logo-07
Галоўная
Пра Цэнтр

Як павялічыць колькасць жанчын у палітыцы і топ-менеджменце

Жанчыны-лідаркі лета 2020-га абудзілі грамадства. Беларусь мусіць гэтым скарыстацца.
Леся Руднік
ВЫКЛІК

Жанчыны маюць слабое прадстаўніцтва і ўплыў у беларускім топ-менеджменце.

РАШЭННЕ

Улады і грамадзянская супольнасць мусяць развіваць і стымуляваць жаночае лідарства ў Беларусі.

Пакуль з вуснаў кіраўніка Беларусі гучыць “Канстытуцыя не пад жанчын”, а старшыня ЦВК выпальвае мізагінічнае “варыце боршч”, жанчыны змяняюць беларускую палітыку. Беларусь праходзіць праз гістарычны момант, звязаны з выбарамі 2020-га года, і адзін з важных аспектаў – гэта прыкметнасць і ўплывовасць жанчын. Ці насамрэч у Беларусі мінулі часы, калі жанчынам не было месца ў палітыцы і топ-менеджменце? Як выкарыстаць жаночае лідарства выбарчай кампаніі-2020 для дасягнення гендарнай роўнасці ў Беларусі? 

Забеспячэнне гендарнай роўнасці з’яўляецца адной з мэтаў устойлівага развіцця, абвешчаных ААН.

Урады розных краін, у тым ліку Беларусі, узялі на сябе абавязак усяляк спрыяць дасягненню гэтай мэты і фармальна нават робяць гэта.

Сусветная практыка паказвае, што краіны, у кіраванні якімі актыўна задзейнічаныя жанчыны, дасягаюць значнага прагрэсу ў дэмакратычных і эканамічных пераўтварэннях. Беларусь дэкларуе вялікія поспехі ў забеспячэнні гендарнай роўнасці, але колькасць жанчын на кіроўных пасадах у краіне па-ранейшаму застаецца малой. Развіццё жаночага лідарства, можа, і мае стаць адной з прыярытэтных задач дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.

Беларусь знаходзіцца на 29-ым месцы ў свеце ў Індэксе гендарнага разрыву. Гэта даволі някепскі паказнік у параўнанні з іншымі краінамі-суседкамі. А калі паглядзець на ўдзел жанчын у эканоміцы паводле гэтага Індэкса, то сітуацыя ў Беларусі выглядае яшчэ лепей – краіна займае 5-ае месца ў свеце. 

Палітыка – не жаночая справа?

За апошнія дзесяць гадоў паказнік прадстаўленасці беларускіх жанчын у  парламенце ды мясцовых Саветах амаль дасягнуў скандынаўскага ўзроўню: 33 % жанчын у парламенце, у мясцовых выканаўчых органах жанчыны складаюць 48%, а ў органах дзяржаўнага кіравання – 30 %.  

Аднак такое “дасягненне” стала вынікам не справядлівых выбараў, а “ручнога кіравання” працэсам забеспячэння патрэбных людзей у заканадаўчых структурах. У публічных заявах прадстаўнікоў улады жанчыне ўсё яшчэ адводзіцца роля найперш “захавальніцы хатняга агменю”, маці ды добрай жонкі.

Па палітычнай рэалізацыі правоў жанчын, паводле Індэкса гендарнага разрыву, Беларусь займае толькі 81 месца сярод усіх краін свету. Заняць высокую палітычную пасаду для жанчыны ў 2,5 раза складаней, чым мужчынам. У Беларусі адзінай жанчынай-міністрам з’яўляецца сёння толькі Ірына Касцевіч. 

Марыяна Шчоткіна, Наталля Качанава, Лілія Ананіч, Ірына Касцевіч і Лідзія Ярмошына – нешматлікія жанчыны на высокіх палітычных пасадах за ўсю гісторыю Беларусі. Толькі тры жанчыны (Таццяна Караткевіч, Святлана Ціханоўская, Ганна Канапацкая) вылучалі сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта краіны.

Назваць палітыку ў Беларусі дасягальнай для жанчын вельмі цяжка.

Ды і дзяржава не зацікаўленая ў стымуляванні ўдзелу жанчын у палітычным жыцці краіны, улады нават не адсочваюць колькасці сродкаў, выдаткаваных на забеспячэнне гендарнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцяў для жанчын. 

Беларускі праявілі сябе падчас пратэснага руху і сталі адным з галоўных сімвалаў дэмакратычнага руху. Паводле апытання 906 жанчын, праведзенага Фемгрупай Каардынацыйнай рады, беларускі выдаткоўваюць ад 2 да 8 гадзін у выходны дзень на пратэсную актыўнасць, перадусім на непасрэдны ўдзел у пратэстах і распаўсюджанне інфармацыі. Сёння сярод 190 палітычных зняволеных у Беларусі – 34 жанчыны, а яшчэ больш за дзясятак тысяч жанчын сутыкнуліся з адміністрацыйнай адказнасцю за праяўленне сваёй палітычнай пазіцыі. 

Аднак не ва ўсім варта вінаваціць рэжым. Апазіцыйныя палітыкі часта прытрымліваюцца кансерватыўных поглядаў, не змагаюцца за гендарную павестку, а нешматлікія жанчыны ў кіраўніцтве партый, хутчэй, прэзентуюць вобраз маці, а не моцных лідарак. 

Хоць некаторыя партыі і маюць жаночыя кааліцыі альбо працоўныя групы, праграмы беларускіх апазіцыйных партый не прапануюць сучасных крокаў па ўмацаванні ролі жанчыны ў беларускім грамадстве і палітыцы. У праграмах некаторых палітычных партый (Зялёныя, “Справядлівы свет”, БНФ) нават не выкарыстоўваецца слова “жанчына”, аднак неаднаразова ўзгадваецца канцэпт “маці” ў прывязцы да традыцыйных гендарных роляў (тут толькі выключэнне – даволі ліберальныя праграмы партый АГП і БСДП- Грамада).

Чаму беларускаму топ-менеджменту патрэбныя жанчыны?

Павышэнне ўплыву жанчын на беларускую эканоміку патрэбна для перабудовы сілавой мадэлі кіравання. Жаночы бізнес – крыніца ўстойлівага эканамічнага развіцця, капіталу, інвестыцый і канкурэнцыі. Колькасць жанчын у кампаніях наўпрост не ўплывае на фінансавыя паказнікі і паспяховасць кампаніі. Аднак сярод беларускіх кампаній, дзе жанчыны займаюць кіроўныя пасады, фінансавыя паказнікі бізнесу растуць.

Хоць беларускія кампаніі і забяспечваюць пэўную гендарную роўнасць, кампаній, якімі валодаюць жанчыны, у Беларусі ўсяго 30 %. У 2018-ым годзе адна беларуска трапіла ў рэйтынг 50 самых паспяховых прадпрымальніц Еўропы. Але такіх паспяховых выпадкаў няшмат, і гэта тлумачыцца бар’ерамі, з якімі сутыкаюцца жанчыны на шляху прадпрымальніцтва. 

БАР’ЕРЫ Ў БІЗНЕСЕ

Нядаўняе даследаванне BEROC паказвае, што для 49 % апытаных жанчын-прадпрымальніц сур’ёзным бар’ерам у бізнесе з’яўляецца карупцыя (у мужчынскай аўдыторыі гэты паказнік склаў усяго 11 %). Жанчыны менш ахвотна ідуць на рызыкі, звязаныя з вядзеннем бізнесу і менш адаптаваныя да беларускага бізнес-асяроддзя. Патэнцыйны ўдзел у малой карупцыі можа перашкаджаць прыцягненню жанчын да вядзення бізнесу.

Яшчэ адной перашкодай для вядзення бізнесу жанчынамі становіцца сістэма крэдытавання. Верагоднасць атрымаць крэдыт на свой бізнес у жанчын на 45 % ніжэйшая, чым у мужчын. Відавочна, гэта не адзіная праблема беларускай сістэмы крэдытавання. Але падтрымка жаночага бізнесу прыватнымі банкамі можа стаць прыбытковай крыніцай як для дзяржаўнай эканомікі, так і для саміх банкаў.

БІЗНЕС-МАГЧЫМАСЦІ
Даследаванне BEROC дэманструе, што 52,2 % жанчын у Мінску пачынаюць займацца прадпрымальніцтвам, бо ўзнікае бізнес-магчымасць. У рэгіёнах гэты паказнік ніжэйшы – 39,1 %, але ўсё роўна вышэйшы за іншыя матывацыі. Гэты трэнд сведчыць, што стварэнне больш спрыяльных умоваў для развіцця малога ці сярэдняга бізнесу дазволіць большай колькасці жанчын зацікавіцца эканамічным прыватным сектарам. І тут, відавочна, не хапае стымулявання жаночага прадпрымальніцтва з боку дзяржавы. 
ЗАРОБАК

Дагэтуль заробак жанчын у Беларусі складае 72,7 % ад сярэдняга заробку мужчынаў. Больш за тое, розніца ў заробках мужчын і жанчын павялічылася з 19% у 2001-ым годзе да амаль 27 % у 2020-ым. Пры гэтым, па дадзеных даследавання Chatham House, 37 % беларусаў лічаць, што праблема няроўнасці заробкаў паміж жанчынамі і мужчынамі, хутчэй, неактуальная для Беларусі.

Гэта тлумачыцца як гендарнай дыскрымінацый на працоўным месцы, так і выбарам жанчынамі нізкааплатнай працы або працы з няпоўным графікам. За 37 % працы па даглядзе за дзецьмі жанчыны не атрымліваюць заробку – гэта як мінімум у паўтара раза больш за мужчын.

Хатнія абавязкі мужчын і жанчын-прадпрымальнікаў

Пасля доўгатэрміновага дагляду за дзецьмі жанчынам часта цяжка вяртацца на рынак працы. Дзяржава выдаткоўвае невялікія субсідыі на развіццё бізнесу для беспрацоўных жанчын (у 2018-ым годзе 44,3 % беспрацоўных беларусак скарысталіся такой магчымасцю). 

Разам з гэтым Беларусь імкліва старэе і стымуляванне нараджальнасці праз нязначную фінансавую падтрымку больш не дапамагае. Невялікая дапамога бацькам і жанчынам у дэкрэце ратуе толькі жыхароў сельскай мясцовасці, пакуль іншыя з’язджаюць у вялікія гарады ў пошуках лепшай працы, адкладаючы нараджэнне дзяцей.

Свет губляе як мінімум 10 % росту ВУП з-за гендарнай няроўнасці

З-за фармальных абмежаванняў удзелу жанчын у палітыцы цягам гісторыі жанчыны ўсё яшчэ не знаходзяцца ў роўных канкурэнтных умовах з мужчынамі. 

Толькі праз пабудову інклюзіўнай палітычнай і эканамічнай сістэмы магчыма ўплываць на змену грамадства. 

У развітых краінах свету бізнес базуецца на прынцыпах адказнага інвеставання. Адказныя інвестыцыі ўлічваюць і сацыяльныя фактары, у тым ліку гендарную роўнасць. Даследаванні сведчаць пра тое, што жанчыны ў прадпрымальніцтве лепш разумеюць патрэбы пакупнікоў і паляпшаюць камунікацыю ў кампаніях

У палітыцы жанчыны з большай верагоднасцю звяртаюць увагу на сацыяльныя пытанні, спрыяюць эфектыўнаму фінансаванню сістэмы адукацыі.

Таксама высокае прадстаўніцтва жанчын у парламенце вядзе да змены працоўнага заканадаўства на карысць жанчын і павышае верагоднасць большай увагі да эканамічных правоў жанчын.  

Жанчыны лічацца на 10 % больш эфектыўнымі заканадаўцамі. Акрамя таго, большая колькасць жанчын сярод палітычных лідараў вядзе да ўзмацнення дэмакратычнага працэсу. Дарэчы, даследаванне Chatham House паказвае, што 72% беларускіх гараджанаў гатовыя галасаваць за жанчыну, большасць з іх – прыхільнікі пратэснага руху. Канешне, гэта магчыма толькі пры ўмове рэальнага ўплыву парламента. 

Кансалтынгавае агенцтва McKinsey вызначае шэсць галоўных сфераў, на якіх трэба сканцэнтравацца дзеля выроўнівання гендарнага разрыву: фінансавая падтрымка, тэхналогіі і інфраструктура, эканамічныя магчымасці,  стварэнне новых магчымасцяў, адвакатаванне грамадскіх паводзінаў, законы і палітыка.

Паўнавартаснае ўключэнне жанчын у сусветную эканоміку прывядзе да 13 % росту сусветнага ВУП, і дадасць блізу 10 % ВУП у сярэднім для кожнай краіны. У краінах з высокім удзелам жанчын на рынку працы лепшага эканамічнага росту можна дасягнуць праз больш шырокае прадстаўніцтва жанчын у высокапрадуктыўных сектарах эканомікі. 

Пяць крокаў да ўзмацнення жаночага лідарства ў Беларусі

З вопыту іншых краінаў, па выніках шматлікіх даследаванняў, жаночае лідарства вядзе да пазітыўнай дынамікі ў топ-менеджменце. Гендарная павестка не з’яўляецца важнай для дзяржавы і беларускага грамадства, хоць і магла б стаць адной з бяспечных кампрамісных сфераў, у якой маглі б шукаць паразуменне і аўтарытарныя ўлады, і грамадзянская супольнасць. Для ўзмацнення ролі жанчын у беларускім грамадстве, іх уплывовага ўдзелу ў эканоміцы і палітыцы патрэбна зрабіць пяць асноўных крокаў, якія як дзейныя ўлады, так і дэмакратычныя сілы мусяць улічваць ужо цяпер.

#1

Стварэнне прыязнага бізнес-клімату для жанчын, а разам з гэтым стымуляванне жаночага прадпрымальніцтва, асабліва ў малых гарадах. Сістэма крэдытавання мусіць стаць інклюзіўнай і даступнай для жанчын-прадпрымальніц малога і сярэдняга бізнесу. Сістэмная барацьба з карупцыяй, якая адштурхоўвае многіх жанчын, дапаможа зменшыць рызыкі вядзення свайго бізнесу.

#2

Узмацненне і дэмакратызацыя палітычных інстытутаў праз прызначэнне жанчын на высокія пасады. Фармальнае павышэнне колькасці жанчын у парламенце дазваляе Беларусі лепей выглядаць у міжнародных рэйтынгах. Але гэтага недастаткова для надання рэальнай улады жанчынам. Сістэма павінна пачаць упускаць жанчын і дазваляць ім уплываць на прыняцце рашэнняў на высокім узроўні. 

#3

Заканадаўства Беларусі мусіць улічваць гендарныя аспекты і змяншаць адміністрацыйныя перашкоды для жаночага лідарства ў краіне. Неабходна патрабаваць ад прыватных і дзяржаўных установаў выплачваць роўныя заробкі жанчынам і мужчынам на аднолькавых пасадах. Беларусі таксама трэба аднавіць працу па прыняцці заканадаўства па супрацьдзеянні хатняму гвалту, ахвярамі якога найчасцей становяцца жанчыны.

#4

Збіраць статыстыку ў сферы бізнесу і ўлічваць пры гэтым гендарныя паказнікі, рабіць якасную ацэнку рызыкі і матываў удзелу жанчын у бізнесе. Гэта патрэбна для эфектыўнага фармавання праграм па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Дзяржава мусіць адкрыта інфармаваць аб гендарным бюджэце і абмяркоўваць яго з грамадзянскай супольнасцю ды бізнес-супольнасцю.

#5

Рэалізацыя распрацаванай з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці маштабнай дзяржаўнай кампаніі, скіраванай на тлумачэнне пераваг гендарнай роўнасці. Арганізацыя шырокай медыйнай кампаніі па стымуляванні больш актыўнага і раўнапраўнага ўдзелу жанчын у палітычным і эканамічным жыцці краіны, адукацыя журналістаў па гендарных пытаннях. Дзяржава можа і мусіць забяспечыць падтрымку праектаў па сацыяльнай актывізацыі, грамадзянскай адукацыі і прафесіяналізацыі дзяўчынак-падлеткаў. Важную ролю ў адукацыі грамадства займае ўдасканальванне дашкольнай, школьнай і вышэйшай адукацыі па пытаннях, якія тычацца гендарнай роўнасці, гендарных роляў.