• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму так мала турыстаў наведвае Беларусь?

    Беларусь застаецца белай плямай на мапе для многіх іншаземцаў.

    Толькі 137 тыс. турыстаў наведалі краіну ў 2013-ым – у 21 раз менш, чым Эстонію. Складаныя візавыя патрабаванні ў спалучэнні са слабаразвітай сферай паслуг падрываюць намаганні краіны прыцягнуць замежных наведвальнікаў.

    Найбуйнейшая турыстычная кампанія ў свеце “Lonely Planet” папярэджвае вандроўнікаў, што “віза патрэбная амаль кожнаму” і што “гамафобія квітнее”. “VirtualTourist” звяртае ўвагу на кепскае абслугоўванне спажыўцоў, параною мясцовых жыхароў і “прэзідэнта-вар’ята” Аляксандра Лукашэнку.

    Беларусь можа мець безліч вабнотаў, але шмат што мусіць змяніцца, перш чым краіна пачне прыцягваць натоўпы турыстаў з Еўропы.

    Улічваючы геаграфічнае становішча Беларусі ў сэрцы Еўропы, турызм мог стацца важнай крыніцай прыбытку. Суседняя Расія з 28,4 млн. турыстаў заняла 9-ае месца сярод найбольш наведвальных краін свету ў 2013-ым, адразу пасля Вялікабрытаніі.

    Нават сярод іншых постсавецкіх краін Беларусь пляцецца ў хвасце турыстычных рэйтынгаў. Толькі Малдову, краіну з насельніцтвам у 2,5 разы меншым, чым у Беларусі, наведала менш турыстаў у 2013-ым. Паводле Сусветнай Турысцкай Арганізацыі (UNWTO), $ 722 млн. прыбытку Беларусі ад замежнага турызму – гэта дробязь у параўнанні з Украінай ($ 5 083 млн.) і Польшчай ($ 10 938 млн.).

    Шматаблічны беларускі турызм

    Сайт беларускага Міністэрства турызму хваліць чыстую прыроду і багаты жывёльны і раслінны свет краіны. У лістападзе 2014-га года на турыстычнай выставе “Tour&Travel” у Варшаве былі прадстаўленыя магчымасці агратурызму ў Брэсцкай і Гродзенскай вобласцях на паўднёвым захадзе Беларусі. Паляванне ў беларускіх лясах таксама робіцца трэндам.

    Аднак, у наведвальнікаў Беларусі больш разнастайныя інтарэсы.

    Пасля ўвядзення абмежаванняў на азартныя гульні ў Расіі ў 2009-ым годзе мінскія казіно пачалі арганізоўваць так званыя “забаўляльныя турнэ” для расіянаў. Паслуга ўключае бронь гатэля, сустрэчу ў аэрапорце ці на чыгуначным вакзале і праграму прагляду славутасцяў у спалучэнні з азартнымі гульнямі.

    Рэпутацыя “апошняй савецкай рэспублікі” таксама надае Беларусі пэўны шарм у вачах некаторых турыстаў. Краіна прадстаўлена на веб-сайтах, якія спецыялізуюцца на вандроўках у месцы трагічнай гібелі ці катастрофы, кшталту “Dark Tourism”. Паводле дадзенага сайта, “гэтая краіна мае статус парыі, што надае ёй адметнасць”.

     

    Праваабарончая арганізацыя “Беларусы ў выгнанні”, наадварот, выкарыстоўвае дыктатарскую рэпутацыю краіны, каб падарваць турызм. У 2013-ым арганізацыя  апублікавала карыкатуру, дзе прэзідэнт Лукашэнка вітае гасцей, а за яго плячыма паліцыя збівае людзей. Арганізацыя заклікала турыстаў “выпрабаваць дыктатуру на сабе”.

    Аднак, некаторыя турысты лічаць, што супярэчнасці Беларусі інтрыгуюць. “Для брытанскага турыста Беларусь – гэта захапляльны накірунак для вандроўкі ў “іншы свет”, – адзначае Джэк Сімэн, 29 год, Лондан, Вялікабрытанія. Сімэн кажа, што з радасцю б даведаўся, “наколькі жыццё ў Беларусі адрозніваецца не толькі ад Захаду, але і ад краінаў кшталту Польшчы, Украіны і насамрэч ад Расіі”.

    Рай для расійскіх турыстаў?

    Большасць турыстаў прыязджаюць у Беларусь з Расіі, чацвёртага па велічыні рынку замежных вандровак у свеце. У 2013-ым Беларусь наведалі 94,187 расейцаў, што ў 31 раз перавышае колькасць гасцей-брытанцаў, а гэта другая па велічыні група наведвальнікаў Беларусі. Паводле Белстату, унёсак расійскіх турыстаў складае больш чым палову ўсяго прыбытку Беларусі ад турызму.

    31-гадовая масквічка Анастасія Панкратава наведвала Беларусь шмат разоў з турыстычнымі і дзелавымі мэтамі. Яна звяртае ўвагу на беларускі “спакой, вольную прастору і парадак”. Паводле Панкратавай, фінансавая даступнасць Беларусі таксама робіць яе прывабным накірункам.

    Тым не менш, краіне яшчэ ёсць куды расці. “Сфера абслугоўвання надзвычай слаба развіта,” – кажа Алена Бабаева, 35, масквічка, якая наведвала Беларусь летам 2014-га. “Мы былі ў шоку, калі даведаліся, што некаторыя кавярні і рэстараны зачыняюцца на абед.” Бабаева з расчараваннем узгадвае, як ёй давялося праехаць 150 км з Браслава да Полацка, каб замяніць пашкоджаную кантактную лінзу.

    Візавыя перашкоды адштурхоўваюць еўрапейскіх турыстаў

    На дадзены момант толькі грамадзяне краінаў СНД, Кубы, Македоніі, Чарнагорыі, Катара, Сербіі, Турцыі і Венесуэлы могуць завітаць у Беларусь без візы. Заходнія турысты, якія вандруюць па постсавецкай прасторы, зрэдку турбуюцца аб афармленні асобнай візы для Беларусі. Каб атрымаць візу непасрэдна ў аэрапорце Мінска, прыйдзецца заплаціць да $ 420 (для грамадзянаў ЗША), а гэта больш, чым зваротны квіток на самалёт у шмат якія еўрапейскія краіны.

    Якаб Кох-Вэсер, 32-гадовы жыхар Вашынгтона, наведваў Беларусь па асабістых прычынах некалькі разоў. У 2011-ым ён адстаяў даўгую чаргу ў “візавым аддзеле з недастатковай колькасцю персаналу і кепскім кіраваннем” ва ўсходнім Берліне. У наступныя гады ён падаваў дакументы на візу ў беларускім пасольстве ў Вашынгтоне, дзе, з яго назіранняў, наведвальнікаў і заяўнікаў было нашмат менш. Ён заўважыў, што візавы чыноўнік быў “прыязным маладым чалавекам, схільным дараваць лёгкія недакладнасці ў афармленні дакументаў пры адсутнасці сур’ёзных памылак”.

    “Існуе дзіўны кантраст паміж яркімі буклетамі, што пералічваюць турыстычныя вабноты Беларусі з аднаго боку, і складаным спісам патрабаванняў для атрымання візы, пачынаючы ад запрашэння да медыцынскай страхоўкі і непрыемна высокай пошліны, з іншага боку, – кажа Кох-Вэсер. – Яны хочуць, каб людзі наведвалі краіну ці не?”

    Яшчэ адна праблема тычыцца тых турыстаў, чыё перабыванне ў Беларусі перавышае тры дні – ім трэба рэгістравацца ў Беларускім міністэрстве міграцыі. Адміністратыўныя прычыны ўводзінаў такога незвычайнага дадатковага патрабавання невядомыя, бо турысты і так запаўняюць міграцыйную форму пры ўездзе ў краіну.

    У той жа час турыстычная інфраструктура развіта слаба. “Было б добра зрабіць больш англамоўных лацінскіх шыльдаў на вуліцах і ў грамадскіх месцах,” – кажа Сімэн, які быў у Мінску ў снежні 2014-га. Ён узгадвае, што супрацоўнікі пункта турыстычнай інфармацыі былі здзіўленыя, калі ён звярнуўся да іх па рэкамендацыі. “Хоць яны і прадставілі мне багата карыснай інфармацыі, гэта каштавала вялікай цярплівасці і шматлікіх пытанняў з майго боку”.

    Вялікі выбар іншых накірункаў

    У красавіку-маі 2014-га года Мінск адмовіўся ад візавых патрабаванняў падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Некаторыя турысты набылі квіткі на хакей, выканаўшы ўмову бязвізавага ўезду, але вырашылі заняцца чымсьці іншым. Адна з іх Катажына Рэмбеза, 27 год, аналітык рынку з Варшавы. Яна абрала велавандроўку замест хакею.

    “[Мы] узялі з сабою намёты, але так і не карысталіся імі, бо начавалі ў дамах людзей […] Упершыню ў жыцці я ўбачыла такую гасціннасць!” – кажа яна.

    Паводле Рэмбезы, хоць віза і даступная па кошце (€ 25 для грамадзянаў Польшчы), збор дакументаў і стаянне ў чарзе паменшылі яе цікавасць да падарожжаў па Беларусі. “Большасць палякаў скажуць вам, навошта нам падарожнічаць у краіны з візавымі патрабаваннямі, калі існуе велізарная колькасць краінаў з бязвізавым уездам, толькі выбірай?” – тлумачыць яна.

    Беларусь не толькі ўсталявала самыя жорсткія візавыя патрабаванні, але і наўмысна занядбала ініцыятывы, якія маглі б паспрыяць візітам замежнікаў. Напрыклад, у 2010-ым з’явілася пагадненне паміж Беларуссю і Польшчай датычна палёгкі ў перасячэнні мяжы для людзей, якія жывуць на адлегласці меншай за 30 км у абодва бакі ад агульнай мяжы. Пагадненне было падпісана і ратыфікавана двума парламентамі, і невытлумачальна знікла ў шуфлядзе стала Лукашэнкі.

    Для беларусаў атрыманне візы – гэта ўмова паездкі ва ўсе краіны свету, апрача 22. Нягледзячы на высокія кошты на візы і зневажальныя працэдуры ў еўрапейскіх консульствах беларусы з’яўляюцца лідэрамі па колькасці атрыманых шэнгенскіх віз на душу насельніцтва. Яны вымушаныя падаваць дакументы на візу шмат разоў цягам году, бо многія еўрапейскія краіны выдаюць толькі аднаразовыя кароткатэрміновыя візы грамадзянам Беларусі. На кожнага турыста, які прыязджае ў Беларусь, прыходзіцца чатыры беларусы, якія павандравалі за мяжу.

    Паколькі існуе безліч краінаў з бязвізавым уездам, турысты з Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі будуць абіраць іншыя маршруты, калі Беларусь не спросціць візавыя працэдуры, не мадэрнізуе турыстычную інфраструктуру і не палепшыць уласную рэпутацыю на міжнароднай арэне.

    ПаказацьСхаваць каментары