• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці можа галандскі рэферэндум заблакаваць еўраінтэграцыю Украіны?

    FAQ па Дамове аб асацыяцыі ЕС з Украінай і што для яе азначае галандскі рэферэндум.

    6-га красавіка ў Галандыі адбыўся рэферэндум, на якім паводле папярэдніх звестак каля 61 % выбарнікаў прагаласавалі супраць асацыяцыі ЕС з Украінай. Хоць Дамова аб асацыяцыі дзейнічае ў рэжыме часовага выкарыстання ўжо з 1-га студзеня 2016-га, рэферэндум паказвае, што перыпетыі Украіны дагэтуль працягваюцца.

    У чым значнасць Дагавора аб асацыяцыі з Украінай?

    Дагавор аб асацыяцыі з Украінай – гэта абсалютна новы, комплексны тып дамовы, які налічвае больш за тысячу старонак.

    Па-першае, Дамова аб асацыяцыі стварае беспрэцэдэнтныя ўмовы для палітычнага ўзаемадзеяння, бо прадугледжвае рэгулярныя сустрэчы на ​​найвышэйшым узроўні і стварэнне пляцовак для ўзаемадзеяння паміж еўрапейскімі ды ўкраінскімі парламентарыямі, а таксама прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

    Па-другое, у аснову дамовы лёг прынцып «рынкавай абумоўленасці». Пры выкананні Украінай яе абавязальніцтваў у рамках дагавора ЕС можа прыняць захады па поўным адкрыцці свайго рынку.

    Юрыдычныя асобы з Украіны змогуць карыстацца тымі ж правамі, што іх еўрапейскія калегі.

    Па-трэцяе, будзе створаны спецыяльны орган для вырашэння спрэчак. А ў выпадках непаразумення паміж еўрапейскімі і ўкраінскімі партнёрамі па тлумачэнні Дамовы можна звяртацца ў суд ЕС. Варта адзначыць, што такая практыка ўводзіцца ўпершыню, што ў чарговы раз пацвярджае ўсёабдымную прыроду дамовы і яе навізну для ЕС.

    Прычым тут Галандыя і яе рэферэндум, калі бакамі Дамовы аб асацыяцыі з’яўляюцца Украіна і ЕС?

    Дамова аб асацыяцыі з’яўляецца пагадненнем змешанага тыпу. Гэта значыць, што дакумент падпісвае і ратыфікуе не толькі ЕС, але і ўсе краіны-чальцы ЕС. Змешаны тып дамоваў не раз падвяргаўся крытыцы ў ЕС праз працягласць працэдуры ратыфікацыі.

    Рэферэндум мае месца ў Галандыі, бо ўнутранае заканадаўства гэтай краіны прадугледжвае такую ​​працэдуру. З 1-га ліпеня 2015-га года ў Галандыі ўступіў у сілу закон, згодна з якім на рэферэндум могуць выносіцца асабліва важныя пытанні нават пасля іх адабрэння дзвюма палатамі парламента. У іншых краінах ЕС згоды парламента можа быць дастаткова.

    Ці могуць галандскія ўлады праігнараваць рэферэндум?

    Рэферэндум носіць кансультатыўны характар, але пры зафіксаванай яўцы больш за 32 адсоткі «не» галандскага народа ўрад і парламент не змогуць праігнараваць. Падобны прэцэдэнт ужо меў месца ў 2005 годзе, калі Галандыя прагаласавала супраць праекта еўрапейскай канстытуцыі.

    Якое выйсце, калі галандцы прагаласавалі супраць?

    Было б цынічна, калі б адна краіна як Галандыя магла б заблакаваць уступленне ў сілу цэлай дамовы, якая ўжо часова ўжываецца. ЕС прыйдзецца шукаць выйсце, якім можа стаць Пратакол карэкціроўкі. Паводле гэтага пратакола, Галандыя выйдзе з Дамовы аб асацыяцыі, і на яе тэрыторыі артыкулы дакумента не будуць дзейнічаць.

    Але не ўсё гэтак проста. Дамова ўжо атрымала згоду парламента ЕС, засталася толькі Рада ЕС, якая мусіць галасаваць адзінагалосна. І Галандыя павінна будзе прыняць у ім удзел. Застаецца пажадаць Галандыі ўстрымацца, бо калі краіна не галасуе супраць, кансэнсус можа лічыцца дасягнутым.

    Дамова цяпер не ратыфікаваная, а значыць не ўжываецца на практыцы?

    Не зусім так. Улічваючы, што Дамова аб асацыяцыі з’яўляецца пагадненнем змешанага тыпу, а ўступленне ў сілу такіх дамоваў можа доўжыцца гадамі праз ратыфікацыю кожнай асобнай краінай ЕС, былі знойдзеныя цэлыя два юрыдычныя рашэнні.

    Па-першае, артыкул аб часовым прымяненні Дамовы аб асацыяцыі. Гэта значыць, у сілу ўступілі некаторыя пункты дакумента. У выпадку Украіны Дамова аб асацыяцыі мае значную палітычную падаплёку.

    Таму ўпершыню ЕС даў згоду на выключна шырокае часовае выкарыстанне.

    Яно закранула як эканамічную супрацу, гэтак і вяршэнства права.

    Па-другое, заключэнне часовай Дамовы аб гандлі, а эканамічныя інтарэсы ніхто не адмяняў. Варта ўзгадаць, што Дамова аб партнёрстве і асацыяцыі з Беларуссю таксама суправаджалася часовым Дагаворам аб гандлі. Аднак пазней абодва пагадненні былі замарожаныя праз палітычную сітуацыю ў краіне.

    Ці распаўсюджваецца прэферэнцыйны гандлёвы рэжым на Крым і Данбас?

    Дамова аб асацыяцыі распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Украіны ў адпаведнасці з міжнародным правам. Украіна і ЕС лічаць анексію Крыма нелегальнай. Таму юрыдычна Крым таксама можа карыстацца прэферэнцыйным гандлёвым рэжымам. Але на практыцы ўсё складаней, бо расійскія ўлады, па-першае, не могуць выдаваць пацвярджэнні аб украінскім паходжанні. Па-другое, Рада ЕС прыняла рэгламент, у якім  забараніла імпарт тавараў з Крыма або Севастопаля ў ЕС.

    Наконт Данбаса адмысловых захадаў прынята не было. Але не выключана, што Данбас, падобна як Паўднёвая Асеція і Прыднястроўе, можа разглядацца ў якасці тэрыторыі, на якой дзяржаўныя ўлады не ажыццяўляюць поўнага кантролю і не могуць гарантаваць выканання пунктаў Дамовы аб асацыяцыі. Адпаведна і прэферэнцыйны гандлёвы рэжым для іх уступіць у сілу, калі будуць вырашаныя ўсе тэрытарыяльныя спрэчкі.

    Падпісанне Дамовы аб асацыяцыі – шлях у Еўрапейскі Саюз для Украіны?

    Украіне вельмі хацелася б у гэта верыць, але ЕС з нагоды перспектываў Украіны выкарыстоўвае стандартныя нейтральныя выразы, як «імкненні да інтэграцыі заўважаныя і ацэненыя».

    Дамова аб асацыяцыі ў выпадку Украіны ніякім чынам не звязаная з уступленнем у ЕС. У гэтым яго істотная розніца з Дамовай аб стабілізацыі і асацыяцыі з Заходнімі Балканамі, які кажа пра іх як аб патэнцыйных кандыдатах на ўступленне ў ЕС. У гэтым жа яго розніца з Дагаворам аб асацыяцыі з Турцыяй, які закліканы палегчыць будучае ўступленне Турцыі ў ЕС.

    А на дэсерт правазнаўцам цікавы факт: у аснову Дамовы аб асацыяцыі лёг 217 артыкул Дамовы аб функцыянаванні ЕС.

    Хоць некаторыя выступалі за выкарыстанне 8-га артыкула Дамовы аб ЕС, які прадугледжвае проста добрасуседскія адносіны.

    Гэтыя артыкулы, падобныя з першага погляду, маюць рознае сімвалічнае значэнне. Калі б ЕС у якасці асновы для Дамовы з Украінай выкарыстаў бы 8 артыкул, то гэта сведчыла, што юрыдычна шлях для Украіны ў ЕС зачынены і ёй наканавана застацца проста добрым суседам.

    Еўрапейскія памкненні ўкраінскага народа, подзвіг украінцаў на Майдане і цяжкая сітуацыя ў краіне не пакінулі еўрапейскіх бюракратаў абыякавымі, і яны вырашылі не расчароўваць украінскага народа і выбраць артыкул 217 у якасці юрыдычнай базы, каб даць Украіне надзею і веру ў мару, еўрапейскую мару.

    ПаказацьСхаваць каментары