• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Постсавецкая Паўночная Карэя. як выглядае Туркменістан знутры





    АЛЯКСАНДР ГОЙШЫК
    ideaby.org

    Постсавецкая Паўночная Карэя. Як выглядае Туркменістан знутры

    Залатыя помнікі лідару нацыі і кнізе яго аўтарства, чацвёртыя ў свеце запасы прыроднага газу (пасля Расіі, Ірана і Катара), максімальная закрытасць для замежнікаў, другая па колькасці група замежных студэнтаў у беларускіх універсітэтах, знакамітыя дываны і вядомая парода коней – гэта і ёсць Туркменістан, згублены для свету дзесьці ў Каракумскай пустэльні.

    Не кожная краіна свету можа пахваліцца, што на працягу шасці гадоў там быў свой каляндар з унікальнымі назвамі месяцаў і дзён тыдня. Напрыклад, дзень духа і дзень адпачынку, месяц бацькі ўсіх туркменаў і месяц “Рухнамы”, – яго кнігі.


    Як трапіць у імперыю Туркменбашы

    Ідэю наведаць “Паўночную Карэю постсаўка” я выношваў дзевяць гадоў – з таго моманту, як пазнаёміўся ў польскім універсітэце з выхадцамі адтуль. Яны апавядалі, што ў іх бясплатна выдзяляецца 70 літраў бензіну на кожнае аўто ў месяц, усе павінны хадзіць у форме, а прэзідэнт забараніў маладым людзям насіць бараду, вусы, доўгія валасы і залатыя зубы. Яшчэ ў Туркменістане ліквідавалі Акадэмію навук, балет, оперу, цырк, а ў пустэльні ўлады хочуць пабудаваць лядовы палац. Ва ўсё гэтае верыцца з цяжкасцю, але нядаўна ўсё гэта было праўдай.

    У 2006-ым першы прэзідэнт краіны Сапармурат Ніязаў, якога яшчэ пры жыцці называлі “Туркменбашы” – “бацька ўсіх туркменаў”, адправіўся ў апошні шлях, і новым кіраўніком стаў Гурбангулы Бердымухамедаў. Ён, паводле некаторых медыяў, быў пазашлюбным сынам Ніязава. Новы прэзідэнт хутка адмяніў найбольш дзікунскія пастановы папярэдніка: правёў рэформу адукацыі, вярнуўшы пяцігадовую адукацыю ў ВНУ замест двухгадовай, аднавіў Акадэмію навук, вярнуў цырк, оперу ды балет і нават адчыніў першыя інтэрнэт-кавярні. Але не спрасціў правілы ўезду для замежнікаў – турыстычныя візы па-ранейшаму заставаліся недасяжнымі. Таму патрапіць у Туркменістан можна адзіным спосабам – транзітам.

    Самы лепшы і просты варыянт – з Узбекістана ў Іран ці наадварот. Іран – наш “стратэгічны партнёр”, таму візу туды атрымаць лёгка. Пасля гэтага, каб атрымаць транзітную візу Туркменістана, яшчэ месяц прыйдзецца пазмагацца з туркменскай бюракратыяй, пачакаць, пакуль вашыя дакументы разгледзяць у Ашхабадзе доблесныя мясцовыя органы, вызначаючы, ці надзейны вы элемент.

    Гэта, напэўна, адзіная краіна ў свеце,
    у анкеце на візу якой трэба ўказваць
    канкрэтны дзень і КПП уезду/выезду.

    Вялікі брат сочыць за табой

    Ужо на мяжы можна пабачыць мноства партрэтаў “вялікага брата”, што трохі нагадвае кнігу “1984” Оруэла. Для іншых сярэднеазіяцкіх краінаў партрэты, а тым больш помнікі прэзідэнтаў амаль не ўласцівыя. На месцы мы сутыкнуліся з туркменскай бюракратыяй, калі чыноўнік мае поўную ўладу пускаць ці разварочваць. Прычым самастойна прымаць рашэнне ён не хоча, а адпраўляе ўсе дадзеныя ў сталіцу і чакае рашэння, якое прыме цэнтр.

    Пасля трохгадзіннага чакання мы ўсё ж атрымалі ўязныя пячаткі, але аказалася, што замежнікам нельга быць на вуліцы пасля 23:00. Для іх дзейнічае каменданцкая гадзіна, і мясцовыя органы могуць правяраць прысутнасць замежнікаў у гатэлі.

    Першы буйны горад на нашым шляху – Туркменабат – адразу ж здзівіў колькасцю выяваў “вялікага брата”, мудрага кіраўніка і правадыра нацыі на квадратны метр. Усё астатняе ў горадзе было як і ў іншых падобных гарадах па ўсёй Сярэдняй Азіі.


    Таксоўнік Ходжа, этнічны ўзбек, апавядае, што з працай у горадзе праблемы: каб знайсці больш-менш добрае месца, трэба даць вялікі хабар, які пасля давядзецца доўга адпрацоўваць. Але гэта не зберажэ перад магчымым скарачэннем.

    Ходжа прапанаваў вывезці нас з горада на шашу ў бок Мары, прычым давезці да паста ДАІ, дзе працуе яго знаёмы, які лёгка нас пасадзіць у спадарожную машыну. У любой азіяцкай краіне так бы і было, але не ў Туркменістане: ДАІшнік, даведаўшыся, што нам патрэбна, пачаў крычаць на таксоўніка, што гэта незаконна, што вакол камеры і за намі назіраюць, што яго за гэта могуць звольніць з паліцыі, а ў самога Ходжы будуць сур’ёзныя праблемы, і што нам лепш вяртацца ў горад і сядаць у маршрутку.

    Як жыць у самай малавядомай
    постсавецкай краіне

    У маршрутцы (так у іх называецца звычайная таксоўка, у якой едуць некалькі чалавек), пасажыры, пабачыўшы турыстаў, дзяжурна расхвальваць Туркменбашы і суверэнна абраную ім унікальную сацыяльна-эканамічную мадэль. Але пры гэтым заробкі ў іх “не ахці”. Затое шмат што бясплатна: свет, вада, газ і соль, камуналка за дзяржаўную трохпакаёвую кватэру выходзіць каля $ 4 за год.

    Большасць грамадзянаў далей за Туркменістан не выязджалі, бо паўсюль, нават у суседнім Узбекістане, патрабуюць візы. Але, па іх словах, яны ведаюць, як жывуць людзі ў свеце, бо глядзяць тэлевізар са спадарожнікавай талеркай, якімі шчыльна пакрытыя дахі ўсіх туркменскіх дамоў.


    У асноўным насельніцтва выбірае турэцкія і расійскія каналы, бо разумее мовы, на якіх ідуць перадачы.

    Вялікая колькасць туркменскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ тлумачыцца тым, што вучыцца ў нас танней, чым у Туркменістане. Якасць беларускай адукацыі, па словах бацькоў, што адпраўляюць сваіх дзяцей вучыцца да нас, засталася на вельмі высокім узроўні, чаго нельга сказаць пра Расію і Украіну. Адсутнасць скінхэдаў і ільготы пры засяленні ў інтэрнаты таксама спрыяюць выбару Беларусі. Студэнты шмат у чым і абумоўліваюць паляпшэнне беларуска-туркменскіх дачыненняў.

    У туркменскіх ВНУ, па словах студэнтаў, трэба аплаціць адразу поўны кошт навучання за 5 гадоў. А калі студэнта адлічваюць, грошы не вяртаюцца. У найлепшых савецкіх традыцыях студэнтаў разам з выкладчыкамі ганяюць на збор бавоўны, якая разам з нафтай і газам з’яўляецца адной з галоўных экспартных пазіцыяў, а таксама на прымусовыя дэманстрацыі, прысвечаныя розным дзяржаўным святам.

    Дарогі ў краіне, якая валодае велізарным багаццем прыродных рэсурсаў, не надта адрозніваюцца ад дарог у суседніх бяднейшых сярэднеазіяцкіх рэспубліках, пакідаючы чакаць лепшага. Каля 80% аўтапарку – белыя “Таёты”, якія прыганяюць з Катара, Бахрэйна і ААЭ, прычым мясцовыя так і не змаглі ўцямна патлумачыць, чаму менавіта гэтая марка карыстаецца такім попытам. Белы ж колер пасуе для спякотнага надвор’я, машына менш награецца пад сонцам. Чыгуначныя перавозкі ў краіне ў асноўным ажыццяўляюцца новымі кітайскімі цягнікамі, вагоны з кандыцыянерамі, а праезд з Мары ў Ашхабад (гэта каля 400 км) у купэ каштуе трошкі больш за $ 3, уключна з бялізнай.


    Сталіца Ашхабад уражвае сваёй пампезнасцю і кантрастам паміж новым беламармуровым цэнтрам і старой савецкай яго часткай. У 1948-ым адзін з самых магутных землятрусаў у гісторыі зруйнаваў горад, пад заваламі загінула ад паловы да дзвюх трацінаў насельніцтва.

    Пасля атрымання незалежнасці туркменскія ўлады актыўна пачалі забудоўваць цэнтр горада высотнымі будынкамі з абліцоўкай з белага мармуру. На дадзены момант Ашхабад уваходзіць у Кнігу рэкордаў Гінэса як самы беламармуровы горад свету. Пры гэтым цэнтр пакідае ўражанне абсалютна бязлюднага месца – сустрэць там чалавека даволі цяжка. Чаго не скажаш пра ўскраіны, забудаваныя звычайнымі шэрымі хрушчоўкамі, у дварах якіх віруе жыццё простых людзей.

    Туркмены – вельмі адкрытыя і гасцінныя людзі. Адчуваецца, што, жывучы ў закрытай краіне, яны маюць мала нагодаў, каб пабачыць турыста. Таму яны заўжды распытваюць, як там у нас жывецца. У кожнага з іх ёсць знаёмы, у якога дзіця вучыцца ў Беларусі, і ён чуў, што ў нас вельмі добра.


    Абавязкова цікавяцца, як нам падабаецца ў іх, што больш за ўсё ўражвае. Аднойчы ў Ашхабадзе мы разгаварыліся з цётачкамі славянскай знешнасці (паводле апошняга перапісу, у краіне пражывае каля 170 тыс. рускіх, за апошнія 15 год колькасць рускіх скарацілася амаль удвая). Праз пару хвілінаў адна з кабет перарвала гутарку словамі: “Вы поменьше болтайте здесь лучше”. Мы ж толькі распытвалі, у якой чайхане найлепш павячэраць. Настолькі людзі запужаныя.

    Дарэчы, пра правы рускага насельніцтва ў Туркменістане. У 2001-ым Пуцін у абмен на танны туркменскі газ фактычна “кінуў” некалькі сот тысячаў этнічных рускіх у абдымкі рэжыму Ніязава. Усім уладальнікам двух пашпартоў, расійскага і туркменскага, быў дадзены выбар: грамадзянамі якой краіны яны хочуць быць. У выніку значная колькасць рускага насельніцтва пакінула краіну. Тыя ж, хто застаўся, сталі грамадзянамі адной з самых жорсткіх дыктатур былога СССР.

    Туркменская палітыка: газ тут вырашае ўсё

    Палітычная сістэма краіны прадстаўлена трыма партыямі: Дэмакратычнай, Прамыслоўцаў ды прадпрымальнікаў і Аграрнай, прычым апошнія дзве з’явіліся на палітычнай арэне Туркменістана некалькі год таму. Партыя ўлады, Дэмакратычная партыя Туркменістана (пераемніца Кампартыі Туркменскай ССР), на працягу 22 гадоў была адзінай легальнай палітычнай партыі ў краіне. Усе галіны ўлады, як і палітычныя партыі, знаходзяцца пад поўным кантролем кіраўніка краіны і рэальнага значэння не маюць. Нягледзячы на гэта, у краіне назіраецца пэўная “лібералізацыя”. З 1 ліпеня 2015-га Турменістан дазволіць мітынгі, дэманстрацыі і нават адзіночныя пікеты. Адмыслоўцы звязваюць гэты дэмакратычны прарыў з разваротам у знешнепалітычным курсе краіны.

    Галоўным знешнепалітычным курсам Туркменістана ад самага пачатку атрымання незалежнасці стаў прынцып нейтралітэту.

    Былы прэзідэнт краіны Сапармурат Ніязаў тлумачыў гэты прынцып наступным чынам: “З усімі без выключэння краінамі Туркменістан будзе развіваць цывілізацыйныя сувязі, з ніводнай краінай ён не мае варожых стасункаў, нікому не прад’яўляе тэрытарыяльных прэтэнзіяў і ніхто не прад’яўляе тэрытарыяльных прэтэнзіяў Туркменістану”. 12 снежня 1995-га была прынятая рэзалюцыя ААН, якая прызнавала і падтрымлівала статус сталага нейтралітэту. Гэта стала ўнікальнай для ААН з’явай – паважаць і падтрымліваць нейтралітэт Туркменістана пагадзіліся 185 краінаў свету.


    Нейтралітэт знешняй палітыкі займае важнае месца як у Канстытуцыі краіны, так і ў паўсядзённым бытавым жыцці. Другім па значнасці пасля Дня Незалежнасці нацыянальным святам у Туркменістане з’яўляецца Дзень нейтралітэту. Галоўнай газетай у краіне з’яўляецца “Нейтральны Туркменістан”, прычым выходзіць яна на дзвюх мовах – туркменскай і рускай.

    У Ашхабадзе асноўны праспект носіць назву “праспект Нейтралітэту”, а пачынаецца ён ад манумента Нейтралітэту. Манумент гэты, больш вядомы сярод жыхароў сталіцы як “трохножка”, раней стаяў на цэнтральнай плошчы горада і быў адным з самых вядомых сімвалаў праўлення Сапармурата Туркменбашы. Ён уяўляе сабою 12-метровую пазалочаную скульптуру “бацькі ўсіх туркменаў” на вышыні 83 метраў.


    Да 2010-га скульптура рухалася разам з сонцам і за суткі рабіла поўны абарот вакол сваёй восі.

    Пасля змены кіраўніка краіны манумент быў перанесены на ўскраіну горада і пасля мантажу на новым месцы круціцца перастаў.

    Чаго цяпер хочуць улады Туркменістана, дык гэта вываду сваіх газавых рэсурсаў на новыя, еўрапейскія рынкі. Цяпер галоўным пакупніком туркменскага блакітнага паліва з’яўляецца Кітай, які будуе ўжо чацвёртую нітку газаправода, а агульны аб’ём газу, які пастаўляецца ў Кітай паводле заключаных кантрактаў, дасягае 95 млрд кубаметраў.

    Праз вайну ва Украіне Брусель шукае магчымасці дыверсіфікаваць пастаўкі газу ў ЕС, каб звесці да мінімуму залежнасць ад расійскага “Газпрома”. І мяркуючы па ўсім, туркменскае блакітнае паліва можа заняць сваё месца ў гэтых планах. Але для гэтага Ашхабаду прыйдзецца хоць нешта зрабіць на шляху лібералізацыі і дэмакратызацыі. Дазвол мітынгаў і дэманстрацыяў – адзін з першых крокаў.

    Алах і Туркменбашы

    Паводле афіцыйнай статыстыкі, 89 % насельніцтва краіны – мусульмане-суніты. Праўда, назваць туркменаў надта рэлігійнымі не выпадае, хутчэй пераважная большасць насельніцтва падобная да нашых “праваслаўных”, што бываюць у царкве раз на пару год.

    Каля мячэцяў часта можна пабачыць білборды з мудрым правадыром нацыі, які робіць намаз. Напрыклад, галоўная мячэць абласнога цэнтра Мары названа ў гонар Бердымухамедава, а галоўная мячэць краіны, самая буйная ў Сярэдняй Азіі і найвялікшая сярод аднакупальных мячэцяў у свеце – у гонар Сапармурата Туркменбашы.


    Людзі кажуць, што шмат што змянілася паміж дзяржавай і ісламам пасля смерці Ніязава. Падчас ягонага праўлення ў афіцыйных медыях яго называлі прарокам, што абсалютна супярэчыць мусульманскаму веравучэнню. На мурах многіх мячэцяў былі выразаныя цытаты з “Рухнамы”, а імамаў абавязалі захоўваць не менш за два асобнікі гэтай кнігі.

    У 2000-ым улады спалілі 40-тысячны наклад Карана на туркменскай мове, што таксама недапушчальна ў ісламе. Прычынай такога рашэння паслужыла рэзкая крытыка афіцыйнай улады з боку перакладчыка, вядомага рэлігійнага дзеяча Хаджаахмета Аразклычава, які выступіў у перадачы туркменскай службы радыё “Свабода”.

    У 2003-ым 22 гады турмы атрымаў муфцій Туркменістана Насрула ібн Абадула, які адмовіўся прызнаць Ніязава Божым намеснікам і даць загад распісваць мячэці цытатамі з “Рухнамы”.


    Уязджаючы ў Туркменістан, мы пачулі багата гісторыяў, што на выездзе ў нас могуць праверыць флэшкі і павыдаляць тое, што не спадабаецца супрацоўнікам, чыя служба “и опасна, и трудна”. Нам расказвалі, што будуць дакладна правяраць рэгістрацыі ў гатэлях, дзе мы спалі, а калі адну ноч спалі ў дарозе ў цягніку – то і квіткі на цягнік мець пры сабе абавязкова. Маючы непрыемны досвед на мяжы пры ўездзе, на выезд мы падрыхтаваліся напоўніцу, усе дакументы былі сабраныя ў адмысловую папку, а ў фотаапараце стаяла запасная флэшка, на якой была парачка афіцыйных фотак беламармуровай сталіцы.

    Мяжа сустрэла агромістай азіяцкай чаргой, у якой усе лезуць па галовах, піхаюцца, крычаць і лаяцца. Калі не прымаць актыўных дзеянняў, то ў ёй можна прастаяць увесь дзень. Таму мы пачалі спрабаваць прабіцца, кажучы, што мы госці, што нам тэрмінова трэба, што турысты не павінны тут стаяць. Не надта паспяхова. Тут нас заўважыў чалавек славянскай знешнасці, які вырашыў усё за 5 хвілін са словамі: “Не правільна вы чаргу праходзіце”.

    Мяжа паміж Туркменістанам і Іранам праходзіць па вяршыні горнага ланцуга. Шлагбаум, які мы мінулі, знаходзіцца ў даліне перад гэтым ланцугом.

    Адлегласць паміж шлагбаумам і КПП – каля 30 км.

    Яе можна пераадолець толькі на маршрутцы, афіцыйны кошт якой каля $ 1,5, але ўсе плоцяць $ 10, бо маршрутнікі ў долі з памежнікамі. Гэта да слова пра карупцыю.

    Саму мяжу мы прайшлі, на дзіва, хутка. У нас увогуле нічога не правяралі і не пыталі, апроч даволі дзяжурнага: “Ці спадабалася вам у нас?”. Мы жа дзяжурна адказалі: “Канешне, Туркменістан – цудоўная краіна!”. Апошні раз на нас паглядзеў сваім хітрым позіркам “вялікі брат” у форме галоўнакамандуючага на плакаце – і ўсё, бывай Туркменістан!


    ПаказацьСхаваць каментары