• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Грошы, якія смярдзяць. Як Беларусі зарабіць на смецці

    Пакуль Беларусь перапрацоўвае толькі 12 % бытавых адходаў, Швецыя перарабляе 96 % і імпартуе смецце з іншых краін.

    Беларусь адстае ў галіне перапрацоўкі адкідаў ад Заходняй Еўропы прыкладна на 25-40 год. Там другаснае выкарыстанне вырашае адразу дзве праблемы: пазбаўляе ад смецця і спрыяе эканоміі першасных рэсурсаў (каля 40 %), неабходных для прамысловасці.

    Сёння ў свеце існуе мноства тэхналогій па перапрацоўцы адкідаў, але прымяненне большасці з іх вядзе да назапашвання небяспечных кампанентаў, якія незваротна ўплываюць на навакольнае асяроддзе. Таму варта імкнуцца да перапрацоўкі, якая дасць практычна поўнае вяртанне кампанентаў адкідаў у прамысловую і сельскагаспадарчую вытворчасць. Яшчэ адным станоўчым вынікам перапрацоўкі можа быць стварэнне каштоўных прадуктаў, якія цалкам кампенсавалі б выдаткі на вытворчасць.

    Першасная праблема Беларусі – гэта сартаванне цвёрдых бытавых адходаў, якія не ўтылізуюцца ў побыце. Каб перапрацаваць смецце ў нешта іншае, чым таксічны попел, варта звяртаць увагу на раздзельны збор – каб «праца» з гэтымі адходамі ўвогуле была магчымай. Беларусам неабходна разумець, што сёння рэцыклінг – адзіная форма адносінаў да смецця, якая дазваляе сучаснаму грамадству не ператварыць месца для жыцця ў звалку.

    Infografika-1 новае

    Сартаванне грамадзянскай свядомасці

    Раздзельны збор смецця ў Беларусі пачаўся ў 2002-ым годзе, але за 13 гадоў прывучыць грамадзян да сартавання бытавых адходаў так цалкам і не атрымалася. Штогод у краіне збіраецца прыкладна 4,5 млн тон камунальных адходаў. З іх больш за палову – бытавыя адходы, якія мы выкідваем кожны дзень.

    Як кажуць чыноўнікі, Беларусь магла б перапрацоўваць да 85 % бытавога смецця, калі б насельніцтва актыўна брала ўдзел у працэсе сартавання. Але сёння перарабляецца толькі 12 %.

    У лютым 2015-га Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства прыроды пры дапамозе экалагічных арганізацый запусцілі праект «Мэта 99». Мэта кампаніі – дамагчыся перапрацоўкі 99 % бытавога смецця дзякуючы сегрэгацыі. А галоўнае пасланне грамадству: збіраць і сартаваць другасныя матэрыялы – гэта крута і правільна. «Мэта 99» мае свой сайт і паблікі ў сацыяльных сетках, дзе магчыма ідэйна далучыцца да кампаніі. https://vk.com/target99by

    Раней у Беларусі былі запушчаныя пра падтрымцы Еўрасаюза некалькі праектаў, накіраваных на абарону навакольнага асяроддзя. Адзін з іх – адкрыццё новай станцыі па перапрацоўцы адкідаў у Мастах.

    Infografika-2 новае

    У Беларусі працуе шэсць смеццесартавальных заводаў, а на сёмы вылучыў крэдыт сумаю $ 43,5 млн Сусветны банк. Такім чынам, усё не так і дрэнна. За 2014 год колькасць асобна сабраных другасных матэрыялаў павялічылася на 45 % у параўнанні з узроўнем 2012 года.

    Што перашкаджае зарабляць на адходах?

    Пры невялікіх фінансавых укладаннях перапрацоўка бытавых адходаў дазваляе атрымліваць стабільны прыбытак. Пры ўмове аднак, што ёсць развітая заканадаўчая база і ў кожны этап пазбаўлення ад смецця заангажаванае грамадства.

    Гэтай заангажаванасці ў Беларусі пакуль няма. Праз адсутнасць экалагічнай культуры з кожным годам у Беларусі ўтвараецца ўсе больш смецця, але збор яго расце не такімі буйнымі тэмпамі. Навакольнае асяроддзе імкліва забруджваецца, а часу, каб чакаць на фармаванне развітай свядомасці, – няма.

    У выніку, паводле афіцыйных дадзеных, магілёўскае прадпрыемства ЗП «РеПлас-М» імпартуе сыравіну, перапрацоўчы завод у Брэсце загружаны толькі на 7-8 %, буйны завод «Белрэсурсы» па сартаванні шклабою загружаны толькі на 20 %.

    Відавочна, што перапрацоўка другаснай сыравіны ў Беларусі неэфектыўная і не прыносіць прыбытку, хоць усё магло б быць наадварот.

    Беларусі неабходна стварэнне новай сістэмы збору і перапрацоўкі адкідаў, бо штогод пад звалкі і палігоны для пахавання смецця выдзяляюцца новыя гектары зямлі. Новая сістэма паўторнага выкарыстання смецця павінна нараджацца паслядоўна. Спачатку ўяўленне пра кола рэцыклінгу павінна з’явіцца ў свядомасці людзей, а толькі потым сістэма запрацуе.

    ПаказацьСхаваць каментары