centr_novih_idey_logo-07
Галоўная
Пра Цэнтр новых ідэй

Як падтрымаць грамадства падчас рэформ

Два крокі, якія дапамогуць абараніць уразлівыя групы, патрэбныя ўжо цяпер.
Алесь Аляхновіч
ВЫКЛІК

Памеры і крытэры падтрымкі насельніцтва – асабліва беспрацоўных і малазабяспечаных – не адпавядаюць сучасным выклікам беларускай эканомікі.

РАШЭННЕ

Павялічыць выдаткі на сацыяльную палітыку коштам скарачэння субсідыяў для дзяржпрадпрыемстваў і зрабіць націск на адрасную дапамогу замест усеагульнай.

Стагнацыю беларускай эканомікі не атрымаецца перачакаць па-партызанску, бо яе праблемы структурныя, а не цыклічныя ці выпадковыя. З 2015-га па 2019-ты ўлады падрыхтавалі глебу пад структурныя рэформы – правялі макраэканамічную стабілізацыю, але забыліся на апорныя сцены – сацыяльную палітыку. Таму, калі б раптам улады наважыліся прыспешыць рынкавыя рэформы (напрыклад, рэструктурызацыю дзяржпрадпрыемстваў), гэта магло б скончыцца вельмі балюча для многіх людзей. Дах над іх галавой мог бы заваліцца.

Але яшчэ не позна гэта выправіць. Нагадаю, што адной з умоваў паспяховай трансфармацыі ёсць ператок працоўнай сілы ад менш да больш прадуктыўных сектараў эканомікі, а фінансавых рэсурсаў (у тым ліку дзяржаўных) ад менш эфектыўных да больш эфектыўных прадпрыемстваў і арганізацый. А гэта не можа адбыцца без прынамсі часовага павелічэння беспрацоўя і пагаршэння ўзроўню жыцця некаторых людзей.

Таму пачаць можна з сацыяльнай абароны для беспрацоўных, якая практычна цалкам адсутнічае сёння.

У Беларусі той, хто губляе працу, і яго сям’я рызыкуюць адразу трапіць за рысу беднасці. Адначасова з гэтым варта павялічыць адраснасць сацыяльнай дапамогі, каб яна сапраўды трапляла да тых, хто найменьш забяспечаны.

Як у Беларусі
зноў з’явіліся
сацыяльныя праблемы

Нягледзячы на рыторыку ўладаў пра сацыяльна-арыентаваную эканоміку, Беларусь сёння недастаткова падтрымлівае найбольш уразлівыя групы грамадства.

Трэба прызнаць, што ў нулявыя Беларусь паспяхова вырашала праблему беднасці. Імклівы эканамічны рост з 2000-га да 2008-га спрыяў павелічэнню даходаў усіх слаёў насельніцтва прыкладна ў роўнай меры. Таму адсотак малазабяспечаных людзей паслядоўна скарачаўся, чым беларускія ўлады маглі смела ганарыцца.

Аднак за апошнія 10 гадоў патэнцыял росту беларускай эканомікі ўпаў амаль да нуля. Праз мізэрны эканамічны рост сацыяльная дамова (то бок рост дабрабыту ўзамен на лаяльнасць) апошніх 25 гадоў паміж уладай і грамадствам паступова разбураецца. Эканамічныя праблемы пачалі закранаць большую колькасць людзей – асабліва ў рэгіёнах, а няроўнасць даходаў – у тым ліку ў тэрытарыяльным разрэзе – пачала расці.

У некаторых раёнах ужо цяпер эканамічныя праблемы выклікаюць сацыяльнае напружанне і ствараюць рызыку для многіх аказацца ў пастцы беднасці. Напрыклад, у Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах медыянныя заробкі да выплаты падаткаў складаюць ад 500 да 600 руб., альбо ад 430 да 516 руб. на рукі. Гэта значыць, што палова людзей у гэтых раёнах атрымлівае яшчэ менш. А такіх раёнаў у нас кожны чацвёрты. Адсутнасць стабільнага ды прымальнага заробку вядзе да эміграцыі працаздольнага насельніцтва з такога раёна, што яшчэ больш памяншае магчымасці яго развіцця. Атрымліваецца замкнёнае кола, з якога цяжка вырвацца.

Каб перадухіліць негатыўны сцэнар для краіны, трэба праводзіць рэформы, але папярэдне трэба забяспечыць падтрымку для найбольш неабароненых груп насельніцтва. Па-першае, таму што грошы на гэта ёсць (між іншым ад скарачэння субсідый для дзяржпрадпрыемстваў і падтрымкі міжнародных фінансавых арганізацый). Па-другое, таму што без гэтай падтрымкі страчваецца давер да рэформ. Па-трэцяе, таму што рост беднасці і неэфектыўнае размеркаванне працоўных рэсурсаў марнуе патэнцыял эканомікі. Напрыклад, у выніку адсутнасці адэкватнай падтрымкі беспрацоўных некаторыя працаўнікі гатовыя ісці на ўсё, каб утрымаць працу (няпоўны працоўны тыдзень, скарачэнне ці нявыплата заробку, дрэнныя ўмовы працы). Калі б яны маглі разлічваць на падтрымку дзяржавы ў цяжкі перыяд, яны б мелі магчымасць перакваліфікавацца і лепш выкарыстаць свае магчымасці.

Павялічыць падтрымку
для беспрацоўных

МВФ, Сусветны банк і іншыя міжнародныя ўстановы рэкамендуюць беларускім уладам рэфармаваць сацыяльную палітыку, у тым ліку павялічыць выдаткі на яе.

Сёння падтрымка беспрацоўных у Беларусі неабгрунтавана нізкая і не адпавядае міжнародным стандартам. Напрыклад, у нашых суседзяў дапамога звычайна залежыць ад узроўню заробкаў перад стратай працы і стажу працы. Заўсёды вызначаны мінімальны і максімальны ўзровень дапамогі. У 2019-ым годзе мінімальная месячная дапамога па беспрацоўі ў Беларусі складала $ 12, тады як у Расіі і ва Украіне яна была амаль у два разы большая, а ў Літве і Польшчы – у 15 разоў большая. Максімальны ліміт такой дапамогі ў Беларусі складае ўсяго $ 22, а вось у нашых паўднёвых суседзяў ён у 11 разоў большы. І ўжо не запярэчыш, што ў нас грошай няма, калі ў бяднейшай Украіне яны ёсць. Што горш, выплаты па беспрацоўі могуць у Беларусі ажыццяўляцца на працягу максімальна 26 тыдняў. Гэта самы кароткі тэрмін у параўнанні з нашымі суседзямі. Ён можа быць недастатковым, каб працаўнікі, якія будуць звальняцца з прамысловых дзяржпрадпрыемстваў ці калгасаў, паспелі перакваліфікавацца.


Натуральна, што ні за $ 12, ні за $ 24 немагчыма пракарміць сябе ці сваю сям’ю. Немагчыма дазволіць сабе заняцца павышэннем кваліфікацыі альбо пошукам працы (у тым ліку дазволіць паездкі па краіне для суразмоўяў), якая адпавядае тваім кваліфікацыям і чаканням. Пры гэтым цябе яшчэ могуць пакараць павышэннем квартплаты. Таму трэба хапацца за любую працу, часам сыходзіць у ценявы сектар эканомікі альбо наагул з’язджаць па працу за мяжу. З іншага боку, тыя, хто яшчэ заняты, але незадаволены ўзроўнем заробку альбо стасункамі на працы, баяцца звольніцца, бо не могуць разлічваць на адэкватную сацыяльную падтрымку. Такім чынам губляецца чалавечы патэнцыял і ў выніку патэнцыял для эканамічнага росту.

Трэба пра гэта памятаць у выпадку правядзення структурных рэформ. Беларускія ўлады не змогуць да бясконцасці адкладаць вырашэнне праблемы неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў – асабліва ў выпадку адсутнасці кампенсацыі з боку Расіі за “падатковы манеўр” у нафтаперапрацоўчай галіне. Рэструктурызацыя дзяржпрадпрыемстваў можа часова павялічыць яўнае беспрацоўе і прывесці да выяўлення схаваных сацыяльных праблем, бо да нядаўняга часу дзяржпрадпрыемствы ў сваёй дзейнасці кіраваліся не толькі эканамічнымі, але таксама сацыяльнымі мэтамі. Яны забяспечвалі сярод іншага поўную занятасць, пасрэдны кантроль за цэнамі і розныя сацыяльныя бонусы для сем’яў працаўнікоў (напрыклад, летнікі для дзяцей, фінансаванне адукацыйных, спартыўных і медыцынскіх паслуг у раёне).

Перад тым як праводзіць рэструктурызацыю дзяржпрадпрыемстваў, сацыяльныя абавязкі гэтых прадпрыемстваў павінна пераняць дзяржава. Змены ў сацыяльнай палітыцы з’яўляюцца адным з асноўных пунктаў “дарожнай карты” рэформ, якую беларускія эканамічныя ўлады прапрацоўваюць сёлета сумесна з Сусветным банкам. Сярод прапанаваных дзеянняў: павелічэнне дапамогі па беспрацоўі і пашырэнне праграмы актывізацыі беспрацоўных.

Што цікава, штучнае захаванне занятасці на дзяржпрадпрыемствах каштуе значна больш, чым падтрымка беспрацоўных на прымальным для людзей узроўні. У рэкордным 2015-ым годзе выдаткі дзяржавы на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў склалі 9,5 % ВУП, паводле МВФ. Гэта ў паўтары тысячы разоў больш, чым выдаткі на дапамогу па беспрацоўі ў 2018-ым (0,006 % ВУП). Таму нядзіва, што афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі прыкладна ў 13 разоў менш, чым фактычных беспрацоўных (18 тыс. і 245 тыс. у 2018-ым, адпаведна, паводле Белстату).

Пераразмеркаваць рэсурсы
на карысць адраснай
сацыяльнай дапамогі

Беларусь неэфектыўна размяркоўвае рэсурсы на сацыяльную падтрымку.

Апошняя запіска Сусветнага банка, якая тычыцца сацыяльнай палітыкі ў Беларусі, мае дзве высновы. Па-першае, існая сістэма сацыяльнай падтрымкі не можа эфектыўна змякчаць наступствы эканамічных шокаў (напрыклад, скарачэння занятасці на беларускіх прадпрыемствах у выніку пагаршэнне глабальнай кан’юнктуры). Па-другое, трэба павялічыць выдаткі на праграмы адраснай сацыяльнай дапамогі, каб перадухіліць рост беднасці.

Паводле выканання кансалідаванага бюджэту ў 2018-ым, выдаткі дзяржавы на сацыяльную дапамогу склалі 2,2 % ВУП. З аднаго боку, паводле Сусветнага банка, гэта адпавядае сярэдняму паказніку для краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. З іншага боку, структура сацыяльных выдаткаў у Беларусі даволі спецыфічная: 70 % ідзе на дапамогу сем’ям з дзецьмі (у т.л. на мацярынскі капітал), яшчэ чвэрць – на дапамогу для інвалідаў і на сацыяльныя пенсіі, тады як на адрасную дапамогу малазабяспечаным грамадзянам – 3%, а на дапамогу па беспрацоўі яшчэ на парадак менш.

Калі ўлічваць дэмаграфічныя трэнды ў Беларусі, то насамрэч добра, што дзяржава дапамагае шматдзетным сем’ям, але дрэнна, што забывае пра ўсіх астатніх слаба абароненых людзей. У выніку ў вёсках і малых гарадах – праз адсутнасць працы і годных заробкаў – нярэдка жанчыны нараджаюць дзяцей, каб хоць неяк пратрымацца. А калі дапамога на дзяцей заканчваецца, сям’я трапляе ў яшчэ горшую сітуацыю, бо пасля працяглага працоўнага перапынку магчымасцяў уладкавацца на працу для шматдзетных маці становіцца яшчэ менш (але пры гэтым яны ўжо маюць процьму дзяцей, якіх трэба карміць і выхоўваць). На гэту праблему ўжо звяртаў увагу даследчыцкі цэнтр ІПМ.

Іншым прыкладам неэфектыўнасці размеркавання рэсурсаў у беларускай эканоміцы з’яўляюцца субсідыі на жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП). Дзеля таго, каб грамадзяне маглі плаціць за ЖКП меней, чымся складае сабекошт, прадпрыемствы вымушаныя пераплочваць за ЖКП (дарэчы, у рынкавых эканоміках наадварот). Пытанне: хто ў такім выпадку атрымлівае найбольш субсідый? Тыя, хто мае найбольшую кватэру, карыстаецца часцей электрычнасцю, лье больш вады і гэтак далей. BEROC падлічыў, што ў абсалютным вымярэнні (розніца паміж платай і сабекоштам паслуг) багатыя атрымліваюць з субсідый у два разы больш, чым бедныя.

Паступовая ліквідацыя субсідыявання коштаў ЖКП рэальным сектарам пачалася з канца 2016-га – шляхам павелічэння тарыфаў для насельніцтва і адначасова ўвядзення безнаяўных адрасных жыллёва-камунальных субсідый для найбяднейшых. Субсідыі атрымліваюць сем’і, калі іх выдаткі на ЖКП перавышаюць: у выпадку вясковага насельніцтва 15 % даходаў альбо ў выпадку гарадскога насельніцтва – 20 %. Гэта даволі высокае патрабаванне – нефармальна прынята лічыць “энергетычна беднымі” сем’і, якія выдаткоўваюць на ЖКП больш за 10 % сваіх даходаў (такіх у Беларусі 27 %, паводле Сусветнага банка). Таму невыпадкова, што колькасць сем’яў, якія атрымліваюць безнаяўныя субсідыі, вельмі малая – каля 30 тыс. (менш за 0,8% ад колькасці ўсіх сем’яў). Тады як субсідыі наадварот вельмі нізкія – 1,15 млн руб. у 2018-ым. Па тры рублі на сям’ю на месяц – небывалая шчодрасць!

Не трэба быць экспертам, каб звярнуць увагу, што бедных сем’яў у нашай краіне на парадак больш і тры рублі для іх – невялікая падтрымка ў аплаце ЖКП. Трэба дадаць, што ў 2018-ым насельніцтва надалей аплочвала ў сярэднім каля 75 % сабекошту ўсіх ЖКП, паводле МАРТ. Значыць, патэнцыял да пераразмеркавання рэсурсаў “ад усіх” да найбяднейшых – то бок адрасная дапамога, а не ўсеагульная – застаецца. Гэта між іншым адна з рэкамендацый МВФ. Зніжкі ці субсідыі на некаторыя ЖКП для малазабяспечаных – нармальная практыка для краін з рынкавай эканомікай.

Далей спрыяць
развіццю прыватнага сектара

У Беларусі ёсць яшчэ вялікі патэнцыял для паляпшэння сацыяльнай палітыкі і супрацьдзеяння эканамічнай маргіналізацыі насельніцтва.

Акрамя апісаных вышэй прыкладаў, гэта тычыцца таксама:

#1
павелічэння ахопу людзей, якім патрэбна сацыяльная дапамога (у тым ліку “працоўныя бедныя” сем’і),

#2
актыўнай палітыкі на рынку працы (дапамога беспрацоўным у перакваліфікаванні і пошуку працы),

#3
павелічэння памеру сацыяльнай дапамогі,

#4
актыўнай палітыкі на рынку працы (дапамога беспрацоўным у перакваліфікаванні і пошуку працы),

#5
павышэння эканамічнай актыўнасці сярод розных катэгорый людзей (перадусім маладых людзей, людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту, а таксама агулам сярод жанчын).

Прапановы, якія тычацца сацыяльнай палітыкі і палітыкі рынку працы, у большай ці меншай ступені звязаныя з пераразмеркаваннем сродкаў ад больш паспяховых да менш паспяховых – праз дзяржаўны бюджэт (напрыклад, у форме субсідый ці падатковых ільгот). Тады як, бадай, галоўны спосаб выйсці з беднасці – павялічыць агульнае багацце краіны. Насамрэч менавіта капіталізм выцягнуў з беднасці больш людзей, чым сацыялізм. З 1990-га да 2015-га больш за 1,1 млрд чалавек “выраслі” з беднасці, паводле Сусветнага банка (больш за ўсё да гэтага спрычынілася рынкавая трансфармацыя кітайскай эканомікі). Без развіцця прыватнага сектара ў Беларусі немагчыма палепшыць дабрабыт людзей (прынамсі, не да ўстойлівага стану). Дзеля гэтага патрэбныя рэформы, падтрыманыя больш эфектыўнай сацыяльнай палітыкай.

Беларускія ўлады ўжо стварылі для гэтага фундамент – цяпер час ставіць сцены.