• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Skyscraper Index: ці будаўніцтва хмарачосаў выклікае крызіс?

    Параноя, але факт: як толькі дзесьці будуецца самы высокі хмарачос, то ў хуткім часе адбываецца крызіс, рэцэсія, альбо якая-небудзь іншая непрыемнасць. Піша Яўген Ціхановіч.

    Żagiel (у цэнтры), Варшава – пачатак будовы 2007 г., агульная вышыня 192 м.

    Прайшло ўжо больш чым два месяцы з таго моманту, як у суседняй Варшаве паўстаў Żagiel (бел. Ветразь) – самы высокі ў Еўрапейскім Саюзе хмарачос жылога тыпу. Паўтараючы словы галоўнага архітэктара Даніэля Лібескінда, польскія медыі назвалі небасяг сімвалам новай Варшавы і новай Польшчы. Пытанне ў тым, ці не стане хмарачос сімвалам новых эканамічных праблемаў краіны.

    Пачалося ўсё з гісторыі Вавілонскай вежы, аднак больш сучасным і прагматычным пацверджаннем узгаданай тэорыі з’яўляецца Skyscraper Index.

    Індэкс хмарачосаў прыдумаў Эндру Лоўрэнц, супрацоўнік ганконгскага падраздзялення міжнароднага інвестыцыйнага банка Dresdner Kleinwort Benson, у 1999 годзе. Дакладнае апісанне гэтай канцэпцыі можна знайсці ў ягонай кнізе “The Skyscraper Index: Faulty Towers”.

    Свае назіранні Лоўрэнц пачаў з 1907 года, калі ў Нью-Ёрку рэалізоўваліся два неверагодныя праекты па ўзвядзенні хмарачосаў Met Life Tower і Singer Building. У тым жа годзе на Нью-Ёркскай біржы ўзнікла легендарная паніка. Вынікам выйсця з яе стала стварэнне цэнтральнага банку ЗША, вядомага як Федэральная Рэзервовая Сістэма.

    Чарговыя славутыя гмахі, на якія звярнуў увагу Лоўрэнц,  Chrysler Building і 40 Wall Street былі закладзеныя ў 1928 годзе. У гэтым жа годзе быў створаны праект самага вядомага амерыканскага небасяга, сімвала капіталізму – Empire State Building на Манхэтэне. Годам пазней адбылася ўсім вядомая катастрофа. Чорны чацвер на Уол-стрыт 24 кастрычніка 1929 года прынёс ЗША і Заходняй Еўропе Вялікую Дэпрэсію, з паследствамі якой краіны змагаліся напрацягу ўсіх 30-х гадоў.

    Empire State Building, Нью-Ёрк, 1936 год – будаваўся ў 1929-1931 гг., агульная вышыня 443,2 м.

    Праз некалькі дзесяцігоддзяў у Нью-Ёрку паўсталі сумна вядомыя вежы-блізняты Сусветнага Гандлёвага Цэнтру, а ў Чыкага быў пабудаваны Willis Tower. У тым жа 1973 годзе пачаўся нафтавы крызіс, працягам якога сталі патрасенні на сусветных біржах.

    Чарговыя і апошнія ў назіраннях Лоўрэнца рэкардсмены Petronas Towers узняліся над сталіцай Малайзіі Куала-Лумпурам на фоне Азіяцкага фінансавага краху 1997-1998 гадоў. Гэтая фінансавая катастрофа паспрыяла ўзнікненню расійскага эканамічнага крызісу ў 1998 годзе, а апошнім яе рэхам стаў дэфолт Аргенціны ў 2001.

    Прадаўжальнікі даследванняў Эндру Лоўрэнца, якія працуюць у аддзяленні Barclays Capital у Ганконгу, штогод публікуюць рапарт прысвечаны Skyscraper Index. Такім чынам далейшым пацверджаннем заканамернасці стала ўзвядзенне амаль 830-метровага Бурдж-Халіфа у Дубаі. Будаўніцтва вядомага хмарачаса было скончана ў апагеі апошняга фінансавага крызісу.

    Burj Khalifa, Дубай, ААЭ – будаваўся ў 2004-2010 гг., агульная вышыня 828 м.

    Тэорыя “пракляцця” хмарачосаў падаецца вельмі прывабнай. Аднак усе вышэйузгаданыя з’явы не адбываліся выпадкова і не мелі ў сабе ніякага містыцызму. Узвядзенне велізарных будынкаў і эканамічныя крызісы – ні што іншае, як следства звычайнай цыклічнасці развіцця эканомікі.

    Згодна з тэорыяй цыклу, найбольшая колькасць інвестыцый прыпадае на пік, альбо непасрэдна на момант перад дасягненнем каньюктурай найвышэйшай кропкі росту. Для бізнэсу ў гэты час справы ідуць вельмі добра, узнікае патрэба новых офісаў. Хмарачосы ў сваю чаргу з’яўляюцца вельмі добрым вырашэннем гэтай праблемы з фінансавага і лагістычнага пункту гледжання. Да гэтага дадаюцца звычайныя амбіцыі і жаданне быць самым-самым. Падрыхтоўка і непасрэдна само будаўніцтва пачынаецца на піку эканамічнага аптымізму, а канчаецца ў час характэрнага спаду.

    У дадзены момант тысячы песімістычна настроенных аналітыкаў і бізнэсоўцаў ва ўсім свеце з жудасцю чакаюць заканчэння будаўніцта 840-метровага Sky City One. Небасяг з паўгадавым спазненнем паўстае ў кітайскім горадзе Чанша і павінен стаць самым высокім будынкам на свеце. У сваю чаргу польскія журналісты ўзгадваюць будаўніцтва “Ветразя”, пішучы аб звальненнях у банках і фабрыцы “Фіата”, альбо слабейшым ад праганазаванага росце гаспадаркі.

    Усё ж ці варта спадзявацца новых эканамічных патрасенняў пасля заканчэння будовы чарговага гіганта? Калі ўзяць пад увагу рэцэсію ў Еўразоне, праблемы ў гаспадарках Японіі і ЗША ды спад эканамічнага росту Кітая, падаецца, што так.

    Аўтар: Яўген Ціхановіч

    ПаказацьСхаваць каментары