• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Сем смяротных грахоў вышэйшай адукацыі Беларусі

    Ад савецкай ганарыстасці да несексуальнай юрлівасці: за што варта пакаяцца беларускім універсітэтам.

    За абмеркаваннем такіх цікавінак, як стварэнне алюмні ці пераезд універсітэтаў у рэгіёны, не варта забывацца пра будзённыя, але фундаментальныя праблемы ВНУ Беларусі. Калі не разабрацца з гэтымі базавымі недахопамі, смяротнымі грахамі беларускай адукацыі, то райская будучыня нам не свеціць.

    Ганарыстасць / Размеркаванне

    Дзяржава ганарліва мяркуе, што лепей за рынак працы ведае, як трэба працаўладкаваць маладыя кадры. У выніку ў нас існуюць усе мінусы нягнуткай цэнтралізаванай савецкай сістэмы. Фактычна для ўніверсітэтаў цікавыя не аптымальныя лёсы маладых спецыялістаў, а колькасныя паказнікі – высокі адсотак размеркаваных выпускнікоў.

    Сёння ўлады разглядаюць размеркаванне як інструмент барацьбы з сацыяльна небяспечным беспрацоў’ем ды як крыніцу для запаўнення непрывабных вакансій у рэгіёнах.

    Аднак размеркаванне не выконвае ніводнае з гэтых заданняў.

    Праца па размеркаванні часцей за ўсё нізкааплатная, з жыллём у рэгіёнах могуць і не дапамагчы, у выніку моладзь на два гады трапляе наўпрост у галечу. Сацыяльную напружанасць гэта толькі падымае, што добра было заўважна падчас “дармаедскіх пратэстаў” – найбольш актыўных, дарэчы, акурат у рэгіёнах.

    Запоўніць пустыя вакансіі размеркаванне таксама не дапамагае. Адмыслоўцы прыводзяць прыклад медыкаў: умовы размеркавання самыя жорсткія, выпуск лекараў-спецыялістаў за 10 год падвоіўся, а тысяч медсясцёр ды дактароў усё роўна хранічна бракуе.

    Зайздрасць / Акадэмічная свабода і культура

    Выкладчыкі беларускіх універсітэтаў фармальна не з’яўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі, аднак адміністрацыя і Мінадукацыі часцяком успрымаюць іх менавіта як жаўнераў на службе дзяржаўных інтарэсаў. Чыноўнікі зайздросцяць вольнаму крытычнаму мысленню, якое заўсёды было ўласціва прафесарам ды даследчыкам. Таму чынавенства і абмяжоўвае з усіх сілаў вольнасці акадэмічных працаўнікоў.

    Прыклад звольненых гарадзенскіх гісторыкаў, бадай, самы вядомы, аднак далёка не адзінкавы.

    За крытыку дзяржаўнага ладу выкладчыкаў выклікаюць “на дыван”, чытаюць натацыі, а то і наўпрост пагражаюць непрыемнасцямі. Ва ўмовах скарачэння нагрузкі страціць працу лёгка, але і без гэтага ў адміністрацыі хапае інструментаў пакараць непажаданага супрацоўніка. Яго могуць, напрыклад, накіраваць выкладаць цяжкія і непрэстыжныя курсы, а лёгкую праверку курсавых даручыць ідэалагічна свядомым.

    У такіх умовах акадэмічная культура існуе ў знявечаным выглядзе. Знікае павага як да прафесара, гэтак і да ведаў агулам. Плагіят у студэнцкіх працах (а часам і ў акадэмічных) ператвараецца ў норму, якасць кваліфікацыі выпускнікоў выклікае абгрунтаваныя сумневы.

    Гнеў / Рэпрэсіі

    Кіраўніцтва сістэмы адукацыі Беларусі хуткае на гнеў, калі нехта яго раздражняе. Пра звольненых выкладчыкаў ужо ўзгадвалі, аднак яшчэ часцей пад махавік рэпрэсій трапляюць бунтаўнікі-студэнты. “Мы мусім быць больш агрэсіўнымі”, – рэагуе міністр адукацыі на пратэсты моладзі БДУ.

    Найбольш актыўна студэнтаў выганялі пасля “Плошчы-2006”, у выніку чаго ўзнікла цэлая Стыпендыяльная праграма імя Каліноўскага для рэпрэсаваных. З тых часоў выключаюць не так шмат, але і такіх выпадкаў хапае: Глеб Вайкуль удзельнічаў у “Маршы студэнтаў”, Марат Абрамоўскі балатаваўся ў дэпутаты, паэт Сямён Ісаеў чытаў на дзяржаўным іспыце палымяную прамову з крытыкай беларускай сістэмы адукацыі.

    Бясспрэчных выпадкаў няма – амаль у кожнага з выключаных студэнтаў хапае прагулаў, ды і старанная вучоба рэдка сумяшчаецца з грамадска-палітычнай актыўнасцю. Аднак рэпрэсіі падазрона абмінаюць тых жа замежных студэнтаў, у якіх з наведваннем і ведамі ўсё звычайна кепска, і трапна б’юць у нязручных актывістаў.

    Маркота / Кансерватызм

    Хіба толькі лянівы не крытыкаваў беларускія ВНУ за адарванасць ад рынку працы ды замшэлых выкладчыкаў, якія па 20 год не выходзяць з-за кафедры ў рэальны свет і чытаюць лекцыі з пажоўклых канспектаў, надрукаваных яшчэ на пішучай машынцы.

    Універсітэтам на атэстацыях патрэбныя кадры з навуковымі ступенямі, а моладзь прывабіць у навуку складана. З гэтай прычыны сівым прафесарам часам прабачаюць і неактуальнасць ведаў, і нават склероз. Аднак і моладзь – не панацэя. Учорашні выпускнік, які плануе замацавацца на кафедры, хутка прымае правілы гульні. Калі ж ісці супраць плыні і, напрыклад, змагацца з плагіятам, то часцяком можна дамагчыся, бадай, толькі галаўнога болю.

    Спробы БНТУ навучаць крыптавалютам выглядаюць смешна, пакуль іншыя студэнты на інфарматыцы засвойваюць Microsoft Access.

    Срэбралюбства / Замежныя студэнты

    Прага валюты ад замежных студэнтаў – біч беларускай адукацыі. У пагоні за хуткімі грашыма ўніверсітэты забываюць і пра акадэмічную этыку, і пра рэпутацыю беларускіх дыпломаў. Студэнт з Туркменістана ці Кітая можа не ведаць ні прадмета, ні мовы навучання –  яго і так хутчэй за ўсё не выключаць. Выкладчык цудоўна разумее, што адміністрацыя будзе цягнуць замежніка да апошняга, а за фіктыўную адзнаку ніхто і не падумае караць. Таму самы рацыянальны (хоць і далёка не самы этычны) падыход да іншаземнага невука: “На табе чацвёрку ў залікоўку і сыдзі з маіх вачэй”.

    Цудоўна разумеюць гэты стан і самі замежныя студэнты. У выніку яны адчуваюць сваю недатыкальнасць і не надта напружваюцца ў навучанні, нахабна паводзячы сябе з выкладчыкамі.

    Ад майго калегі кітайцы патрабавалі, каб ён пісаў на дошцы ўсё, што кажа, бо яны дрэнна ведаюць мову і не разумеюць яго.

    Прэферэнцыі для замежных студэнтаў могуць быць і афіцыйнымі, напрыклад, прыярытэт пра засяленні ў інтэрнат. А хлопчык з умоўных Докшыцаў мусіць шукаць дарагую здымную кватэру.

    Абжорства / Чалавечы капітал

    Навучальны працэс у Беларусі – кансерватыўны, акадэмічнай этыкі – вобмаль. За непажаданую актыўнасць ды ініцыятыву рэпрэсуюць. Па размеркаванні самыя разумныя кадры (то бок тыя, хто ў свой час змог паступіць на бюджэт) едуць у мядзведжыя куты на непрывабную для іншых працу.

    З Беларусі і так уцякаюць мазгі, а сістэма адукацыі жарэ тыя, што застаюцца.

    Не дзіва, што ў такіх умовах Беларусь мае сур’ёзныя праблемы з якасцю, развіццём і выкарыстаннем чалавечага капіталу. Як адзначаюць адмыслоўцы, цяперашнія інвестыцыі ў яго неэфектыўныя; патрабуюцца значныя рэформы, у тым ліку непасрэдна ў сістэме адукацыі.

    Юрлівасць / Акадэмія як частка вертыкалі

    Беларуская адукацыя спрабуе не толькі надаць моладзі кваліфікацыю, але і выхаваць яе ў афіцыйным палітычным рэчышчы. Абавязковыя курсы па ідэалогіі беларускай дзяржавы, пагроза рэпрэсій пры канфлікце з адміністрацыяй, кансерватызм ды абмежаванне вольнасцяў – усё гэта можна назваць трэніроўкай да дарослага жыцця ў беларускай рэчаіснасці.

    Універсітэты забываюцца пра сваю высокую гістарычную місію і замест таго, каб несці веды, часам толькі “аказваюць адукацыйныя паслугі”. Хто нязгодны з гэтым і актыўна дэманструе сваю пазіцыю – кандыдат для нагляднай праверкі сілы, якой валодае сістэма, і прыклад для застрашвання іншых.

    У выніку ў Беларусі мы маем зусім несексуальную юрлівасць вышэйшай адукацыі: разбэшчванне сэрца, якое цягне да зла і граху.

    ПаказацьСхаваць каментары