• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • “Круглы стол” у Беларусі. Міфы і рэальнасць

    Ці магчымая трансфармацыя па-польску ў нашай краіне.

    Наўрад ці Аляксандр Лукашэнка гэта планаваў, але пасля яго “Вялікай размовы” і візіту Іосіфа Сярэдзіча ідэя “круглага стала” пачала шырока абмяркоўваецца незалежнымі СМІ, палітыкамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

    Адныя, поўныя аптымізму, кажуць аб мірным транзіце ўлады і прапануюць розныя фарматы правядзення дадзенага мерапрыемства. Польшча нават выказала сваё жаданне здаць у арэнду той самы стол, пры якім у 1989 годзе адбыліся перамовы польскай дэмакратычнай апазіцыі і камуністычных уладаў. Іншыя ж у Беларусі больш стрыманыя ў сваіх чаканнях.

    Што цікава, улады нашай краіны маўчаць на гэты конт. І няма ніводнай прыкметы таго, што варыянт “круглага стала” ў якім-небудзь фармаце імі наагул разглядаецца.

    Актуальнасць “круглага стала” ў Беларусі

    Канешне, у Беларусі існуюць даволі важкія прычыны для правядзення шырокага дыялогу паміж уладамі, незалежнымі экспертамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ды інтэлігенцыяй. Сённяшняя Беларусь у пэўным сэнсе нагадвае Польшчу часоў “Салідарнасці”.

    Натуральна, што ў Беларусі не назіраецца дэфіцыту тавараў першай неабходнасці, як гэта было ў Польшчы ў 1980-ых, дзе людзям выдаваліся купоны на набыццё тавараў і была праблема купіць нават туалетную паперу. Аднак у апошнія гады мы з’яўляемся сведкамі сур’ёзных эканамічных праблем. І справа не толькі ў падзенні ВУП і інфляцыі, якая імкліва расце.

    Самае галоўнае, што ўзровень жыцця няўхільна падае і расце беднасць.

    Гэта стварае сацыяльнае напружанне і недавер да ўладаў. Ці гістарычны паводле колькасці ўдзельнікаў марш пратэсту ў Гомелі не сведчыць пра гэта? Эканамічны крызіс спараджае крызіс палітычны, выклікаючы ў людзей сумневы ў кампетэнтнасці ўладаў і кіраўніка краіны. І пакуль дзяржаўны апарат пракрастынуе, ідэя “круглага стала” выглядае для грамадства правільнай і своечасовай.

    Фактар сілы

    Аднак наяўнасці палітычнага і эканамічнага крызісу недастаткова для таго, каб беларускі “круглы стол” адбыўся. Польская “Салідарнасць” была магутнай сілай, за якой стаялі мільёны людзей. Яны прагнулі пераменаў, аказваючы каласальны ціск на ўлады. І гэтае імкненне адлюстроўвалася ў актыўных сацыяльных пратэстах, якія ў выніку вымусілі дзяржаўную эліту пайсці на саступкі і палітычны дыялог.

    Чаго нельга, на жаль, сказаць пра сучасную Беларусь. У краіне не існуе сур’ёзнай палітычнай процівагі Аляксандру Лукашэнку & Co. Можна доўга спрачацца пра прычыны гэтага, але факт застаецца фактам: у параўнанні з Польшчай уладам Беларусі не супрацьстаіць сіла, з якой трэба лічыцца.

    А калі такой сілы няма, які сэнс уладам весці хоць нейкі дыялог?

    І галоўнае пытанне: з кім?

    “Круглы стол” і мірны транзіт улады

    Яшчэ больш ілюзорным бачыцца пытанне мірнага транзіту ўлады ў рамках т. зв. “круглага стала”. На гэта ёсць тры прычыны.

    Па-першае, Лукашэнка павінен мець гарантыі бяспекі і спакойнай постпрэзідэнцкай будучыні. Хутчэй за ўсё, з яго пункту гледжання падобныя гарантыі можа даць толькі Віктар Лукашэнка і ніхто больш. Транзіт улады праз дэмакратычныя выбары для Лукашэнкі яшчэ больш небяспечны. Таму што ў дэмакратычных (г. зн. сумленных) выбарах вынік можа быць непрадказальны. Праз гэта надзвычай рызыкоўнай можа быць і будучыня Лукашэнкі.

    Другі аспект больш тычацца асобы кіраўніка краіны. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка шчыра верыць, што ніхто, акрамя яго, не зможа лепш кіраваць краінай. Ён даўно прымераў на сябе ролю збавіцеля Беларусі. І ў такі цяжкі час, як сёння, ён тым больш не мае права пакінуць гэтую “хрустальную пасудзіну” на волю лёсу.

    Трэцяя прычына даволі банальная. Лукашэнка мае 62 гады. Для палітыка гэта не ўзрост (прывітанне 93-гадоваму Мугабэ). Тым больш калі паглядзець, як старанна кіраўнік краіны сочыць за сваім здароўем: штодзённа займаецца спортам і цяжка працуе на агародзе.

    Магчымыя фарматы правядзення дыялогу

    Пакуль што “круглы стол” у Беларусі ў польскім фармаце – гэта тое пажаданае, якое з рэчаіснасцю пакуль не мае нічога агульнага. Таму фармат сённяшняга дыялогу трэба перадусім шукаць у правядзенні тэматычных сустрэч і дыскусіяў экспертаў па выпрацоўцы стратэгіі сацыяльнага развіцця і пошуку вырашэння актуальных праблем.

    Можна ўзгадаць пра некалькі леташніх канферэнцыяў па правах чалавека, на якіх прысутнічалі як незалежныя эксперты, так і прадстаўнікі ўладаў, а таксама ўдзел структур грамадзянскай супольнасці ў двухбаковых сектарных дыялогах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

    З улікам слабасці апанента ўлады могуць і павінны ініцыяваць правядзенне падобных мерапрыемстваў. Трэба праявіць мудрасць і ўмець паставіцца да сябе крытычна, пачуўшы альтэрнатыўнае меркаванне (няхай і менш арганізаванага ды палітычна ўплывовага партнёра), а таксама прызнаць яго рацыю, калі для гэтага ёсць падставы.

    У сваю чаргу беларускай грамадзянскай супольнасці ёсць што прапанаваць для вырашэння актуальных праблем. І яна цалкам выспела для гэтай місіі.

    ПаказацьСхаваць каментары