• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Якая будучыня чакае беларускую дыпламатыю? Канспект чацвёртага дня “Reshape”

    Тэмай чацвёртай дыскусіі канферэнцыі “Reshape. Volume Two” стала будучыня беларускай дыпламатыі.

    Мы падрыхтавалі канспект гутаркі палітычнага аглядальніка, заснавальніка агенцтва “Sense Analytics” Арцёма Шрайбмана і юрысткі-міжнародніцы, кандыдаткі юрыдычных навук, дацэнткі, экс-загадчыцы кафедры міжнароднага права ФМА БДУ Кацярыны Дзяйкала са старшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй Паўлам Мацукевічам, які мае 15-гадовы досвед дыпламатычнай працы.

    Пра дасягненні беларускай дыпламатыі, вокны магчымасцяў і маразм

    Ці ёсць нешта, чым можа ганарыцца беларуская дыпламатыя за гады незалежнасці? На думку Арцёма Шрайбмана, за перыяд ад 2015-га да 2019-га адбылася трансфармацыя беларускага іміджу з “апошняй дыктатуры” ў нейкі “аазіс стабільнасці” ва Усходняй Еўропе. Калі ўлічваць тое, што сістэма засталася нязменнай, гэта можна назваць дасягненнем. З гістарычнага пункту гледжання (і да 2010-га, і пасля 2014-2015-га), гэта дазволіла стварыць вокны магчымасцяў, з якіх вырасла грамадзянская супольнасць. 

    Агулам жа складана ацэньваць паспяховасць механізма ўнутры беспаспяховага курса. Нават у саміх супрацоўнікаў МЗС ёсць расчараванне ад таго, што іх праца цяпер не толькі не запатрабаваная, але і абнуленая.

    Маразм мацнеў паступова. Разуменне няздольнасці сістэмы ў цэлым прэвалявала над ружовай радасцю ад нейкіх падзеяў, якія былі паспяховымі. Магчыма, галоўным дасягненнем беларускай дыпламатыі з’яўляецца тое, што рэжым 27 гадоў застаецца ва ўладзе, – лічаць Кацярына Дзяйкала і Павел Мацукевіч.

    Пра савецкую спадчыну і ФМА як астравок свабоды

    На думку Арцёма Шрайбмана, сама па сабе савецкая школа не з’яўлялася б для МЗС якарам, калі б Беларусь была дэмакратычнай, а не пайшла б па шляху пабудовы неасавецкай дзяржавы. МЗС існаваў і існуе ў рамках сістэмы БССР 2.0: кадравая селекцыя, прасоўванне кадраў наверх, адсейванне занадта свабодамысных, – такое МЗС асуджана вывяргаць з сябе людзей, якія хацелі б павярнуць яго ў іншы бок. 

    “Наша сістэма – пра суб’ектыўны фактар. Усе залежыць ад поглядаў таго, хто прымае рашэнні…”

    Што тычыцца факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: ФМА сфармаваўся ў 1995-ым годзе як вытворнае з трох кафедраў. Менавіта ў адказ на незалежнасць з’явіліся кафедры міжнароднага права, міжнародных адносін і сусветнай эканомікі. Па словах Кацярыны Дзяйкала, ФМА заўсёды быў аазісам прагрэсіўнай думкі. Нельга змяншаць, напрыклад, унёску Віктара Шадурскага (дэкан ФМА ад 2008-га да 2021-га) у развіццё і атмасферу свабодамыснасці на факультэце. Але наша сістэма – пра суб’ектыўны фактар. Усе залежыць ад поглядаў таго, хто прымае рашэнні: загадчыка, выкладчыкаў. 

    Калі да сукенкі, пашытай у “Сахлеўпроме”, прышыць рукаў ад “Versace”, яна не стане сукенкай ад “Versace”. І чым далей, тым больш сістэма хоча проста адрэзаць гэты “рукаў”, – падсумоўвае Кацярына Дзяйкала.

    Пра праграмы абмену і МДІМА

    У Беларусі існуе праграма, згодна з якой студэнты ФМА, якія вучацца ў МДІМА (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін) па абмене, аўтаматычна працаўладкоўваюцца ў МЗС. Гэта не толькі несправядліва, але і нонсэнс. Усе разумеюць расійскую знешнепалітычную дактрыну і гісторыю. ВНУ пры знешнепалітычным ведамстве адной дзяржавы рыхтуе чалавека, які потым вяртаецца і працуе ў знешнепалітычным ведамстве іншай дзяржавы. 

    Аптымальным варыянтам было б мець магчымасць павучыцца ў розных краінах (ЗША, Еўропа, Азія, Расія) 1 год, а не 4-5 гадоў. Гэта не медыцына, не IT. Дыпламатыя  – нацыянальная з пункту гледжання падрыхтоўкі.

    Рэдкія спецыялісты ў нас ёсць. Але яны не ў МЗС і не ў Мінску

    Відавочна, што на ФМА ідуць не толькі, каб стаць дыпламатам і працаваць у МЗС. Ці з’явіліся ў нас рэдкія спецыялісты ў міжнародным касмічным, марскім, паветраным праве? Так, але яны не ў МЗС, і не ў Мінску. З іншага боку, па факце свайго прахаднога бала ФМА заўсёды збірае самых амбітных. Такія людзі не гатовыя доўга працаваць за сярэднюю зарплату, а ў нашым МЗС заробак невялікі. Ім патрэбныя сацыяльныя гарантыі. 

    Пра існую сістэму і функцыю дзяржавы

    “Як толькі я стаў нешта разумець у беларускай палітыцы, мне адразу расхацелася мець з ёй хоць-нешта агульнае”

    “У многіх беларускіх чыноўнікаў, умоўна прагрэсіўных да 2020-га года, ёсць такая здольнасць бачыць свой унёсак у нейкую гуманізацыю, ратаванне сістэмы з сярэдзіны. Калі б я быў на дзяржаўнай службе, я б кожны дзень адчуваў адказнасць за кожны сфабрыкаваны прысуд і г.д. Таму я ніколі не разглядаў магчымасці ісці туды працаваць”, – распавядае пра свой выбар Арцём Шрайбман.

    Інтарэсам любой дзяржавы павінна быць грамадства. Дзяржава – гэта механізм, які павінен абслугоўваць інтарэсы грамадства. Калі ўлада перастае адлюстроўваць народны запыт, тыя, хто застаецца ў сістэме, працягваюць пераконваць сябе, што ўсё яшчэ служаць інтарэсам грамадства.

    Беларускае МЗС заўсёды абслугоўвала ўладу, проста раней інтарэсы ў яе былі шырэйшыя, чым цяпер. Усе інтарэсы дзяржавы сціскаюцца да ўтрымання ўлады. У дэмакратычных краінах дыпламаты не пастаўленыя ў сітуацыю пастаяннага маральнага выбару: абслугоўваць інтарэсы кучкі палітыкаў ці краіны. 

    Рост экспарту як ключавая задача МЗС ды шматвектарнасць

    Арцём Шрайбман тлумачыць: “Шматвектарнасць – не навуковы тэрмін. Знешняя палітыка любой краіны, нават Паўночнай Карэі, – шматвектарная, калі проста паглядзець на яе гандлёвыя патокі. Шматвектарнасць – занадта абстрактнае паняцце, каб яго вызначыць. Гэты тэрмін вельмі зручны для розных інтэрпрэтацый, палітычна прыгожага гучання”. 

    “Галоўная задача беларускай дыпламатыі зводзіцца да росту экспарту пры любым надвор’і”

    На думку Паўла Мацукевіча, галоўная задача беларускай дыпламатыі зводзіцца да росту экспарту пры любым надвор’і. “Калі асноўная характарыстыка кіраўніка ў любой галіне – моцны гаспадарнік, рана ці позна дыпламаты таксама павінны такімі стаць”,  – дадае Кацярына Дзяйкала. 

    Да ўнутрыпалітычнага крызісу МЗС працавала па ўсіх напрамках знешняй палітыкі. Адносіны з Расіяй адміністраваліся з урада, Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства абароны, наўпрост паміж рэгіёнамі, – ролі МЗС там было няшмат, вырашаліся, хутчэй, пратакольныя, чым палітычныя ды эканамічныя пытанні. Цяпер па факце ў працы МЗС адсутнічае еўрапейскі, амерыканскі, украінскі напрамак. Кітай, Афрыка і далёкія краіны Азіі, – тыя напрамкі, па якіх дыпламаты яшчэ могуць неяк працаваць, дзе яшчэ ёсць нейкія эканамічныя інтарэсы. Засталося таксама прадстаўніцтва ў міжнародных арганізацыях (АБСЕ, ААН ды іншыя). Гэта значна ўрэзаны функцыянал. 

    Калісьці Сяргей Мікалаевіч Мартынаў (міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь ад 2003-га да 2012-га года) сказаў, што галоўная задача МЗС Беларусі – канверсаваць усе нашыя недахопы, павязаныя ў тым ліку з геапалітычным становішчам, у магчымасці. Базавай задачай беларускай дыпламатыі пры любым рэжыме павінна быць умацаванне беларускай незалежнасці. Беларусь знаходзіцца на геапалітычным зломе, дзе пастаянна ўзнікаюць палітычная ды ваенныя канфлікты.

    Дыпламатыя мае быць тым дэмпферам, які будзе змякчаць сілы ды імпульсы, якія расцягваюць Беларусь у розныя бакі. МЗС не павінна быць калектыўным аддзелам збыту для дзяржаўных прадпрыемстваў.

    Арцём Шрайбман тлумачыць, што такое дыверсіфікацыя: дыпламатыя мае быць тым дэмпферам, які будзе змякчаць сілы ды імпульсы, якія расцягваюць Беларусь у розныя бакі. МЗС не павінна быць калектыўным аддзелам збыту для дзяржаўных прадпрыемстваў. Галоўнай задачай павінна быць усё, што садзейнічае расшырэнню поля магчымасцяў і паніжае рызыкі моназалежнасцяў. 

    Куды дзьме вецер перамен і хто вызначыць наступнага міністра замежных спраў

    Эксперты не вераць, што рэжым падзе заўтра. “Думаю, што пэўны час Аляксандр Лукашэнка будзе здольным праводзіць сваю кадравую палітыку, – кажа Арцём Шрайбман. Мне падаецца, што [калі Лукашэнка вырашыць рэалізаваць варыянт з пераемнікам] у цяперашняга міністра замежных спраў ледзь не найлепшыя шанцы самому прызначыць наступнага міністра замежных спраў. Самай галоўнай якасцю для пераемніка будзе правераная часам і вопытам лаяльнасць. Ніхто не даказаў Лукашэнку сваю адданасць так, як Уладзімір Макей”. 

    Зразумела, што толькі абуджэння грамадзянскай супольнасці, маральнага паўстання не дастаткова для зменаў у краіне. Трансфармацыя ў беларускім грамадстве павінна адбывацца на ўзроўнях эканомікі, дзяржавы, адукацыі і г.д. Як толькі грамадзянская супольнасць будзе падтрыманая большасцю, далей – гэта пытанне часу. Пасля таго, як старая сістэма больш не будзе адпавядаць запытам грамадства і функцыянаваць, яна будзе абноўлена. 

    ПаказацьСхаваць каментары