• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму вучыць няўдача пілотных праектаў нацыянальнай прыватызацыі

    Каб Беларусь удала прадала непатрэбную дзяржмаёмасць, улады мусяць зрабіць прыватызацыю празрыстай, а таксама знайсці дадатковыя сродкі і партнёраў. МВФ і Сусветны банк выглядаюць натуральнымі саюзнікамі ў гэтым працэсе.

    Пытанне прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў актуальнае для эканомікі Беларусі ўжо даўно. Нядаўнія перамовы аб міжнародных крэдытах і працяглыя дыскусіі аб структурных рэформах у чарговы раз падкрэслілі важнасць гэтага працэсу. Напрыканцы снежня Дзяржаўны камітэт па маёмасці абвесціў аб гатоўнасці прадаць акцыі 56 прадпрыемстваў у 2016-ым годзе. Афіцыйнай публікацыі леташніх вынікаў яшчэ няма, а ў 2014-ым з запланаваных $ 2 млрд ад прыватызацыі дзяржаўны бюджэт атрымаў толькі $ 42 млн.

    Праеўрапейскі пачатак і беларускае завяршэнне пілотнай праграмы

    Істотную частку паступленняў павінна была прынесці рэалізацыя пілотнай праграмы, створанай у 2009-ым годзе падчас супрацоўніцтва беларускіх уладаў з Міжнародным валютным фондам у межах падрыхтоўкі крэдытнага пагаднення. МВФ настойваў на структурных рэформах і імкнуўся дапамагчы арганізаваць працэс прыватызацыі згодна з міжнароднымі стандартамі. З улікам таго, што на той момант раздзяржаўленне маёмасці ў Беларусі амаль адсутнічала, праект назвалі «пілотнай прыватызацыяй».

    Год пазней кіраўніцтва краіны вызначыла пяць прадпрыемстваў, конкурсы па якіх праводзіла двойчы, аднак інвестараў не знайшлося. Няўдача, між іншым, тлумачыцца тым, што, імкнучыся да максімальнай выгады, дзяржава вырашыла не выдаткоўваць сродкаў на фінансавых агентаў, а таксама ўсталявала завышаныя кошты на актывы.

    Восенню 2011-га года аўстрыйскія ўлады далі Беларусі грант памерам у $ 4 млн для далейшай рэалізацыі праекту. На новым этапе пошук інвестараў для 8 беларускіх прадпрыемстваў адбываўся пры падтрымцы Сусветнага банку і замежных фінансавых кансультантаў. Між іншым, у 2013-ым годзе Міністэрства фінансаў падпісала кантракт з венгерскім філіялам фірмы KPMG дзеля працы над паловай праектаў. Акцыі ніводнага з задзейнічаных у праграме прадпрыемстваў не дачакаліся продажу, хаця была магчымасць прыватызаваць магілёўскую «Конфу» і Мінскі маргарынавы завод.

    Афіцыйнай інфармацыі аб далейшым лёсе альбо выніках рэалізацыі праграмы пілотнай прыватызацыі няма ад пачатку 2015-га года, але заяўленыя ў ёй прадпрыемствы не ўзгадваліся ў новых спісах прыватызацыі Дзяржкаммаёмасці.

    Эксперты лічаць, што пілотная прыватызацыя скончылася, бо скончыўся грант.

    Паводле словаў дырэктара Нацыянальнага агенцтва інвестыцыяў і прыватызацыі Наталлі Нікандравай, галоўнай задачай праекта была не прыватызацыя, а праверка новых метадаў і іх дастасаванне да беларускіх рэаліяў. Навошта тады было ствараць цэлую арганізацыю?

    Хто ёсць хто ў сістэме дзяржаўнай прыватызацыі

    Эксперты МВФ у 2009-ым годзе прапанавалі беларускім уладам стварыць асобны дзяржаўны орган, надзяліць яго адпаведнымі паўнамоцтвамі і зрабіць цалкам адказным за раздзяржаўленне прадпрыемстваў. Такім чынам паўстала Нацыянальнае агенцтва інвестыцыяў і прыватызацыі, якое, між іншым, павінна было супрацоўнічаць з замежнымі інвестарамі ў рамках пілотнай прыватызацыі.

    Новую ўстанову кіраўніцтва краіны вельмі хутка падпарадкавала Міністэрству эканомікі і абмежавала ў паўнамоцтвах.

    Цяпер агенцтва можа працаваць над праектамі прыватызацыі толькі тых прадпрыемстваў, якія для яго абралі ўлады.

    Афіцыйна амаль усімі відамі прыватызацыі ў Беларусі займаецца Дзяржаўны камітэт па маёмасці, але таксама без права прымаць самастойныя рашэнні.

    У суседніх еўрапейскіх краінах структура прыватызацыйных органаў выглядае іначай. Вялікімі прадпрыемствамі займаюцца надзеленыя адпаведнымі паўнамоцтвамі фонды кшталту Нацыянальнага агенцтва. За прыватызацыю паслуг і меншай нерухомасці адказваюць мясцовыя муніцыпалітэты.

    Работа над памылкамі – што неабходна змяніць у першую чаргу

    Безумоўна, пытанне прыватызацыі з’яўляецца істотнай часткай структурных рэформ, якіх патрабуе эканоміка Беларусі. Для яе паспяховага правядзення ўладам патрэбна адмовіцца ад поўнага кантролю над працэсам і рэфармаваць адпаведныя органы. Профільнае агенцтва мусіць атрымаць магчымасць выбару прадпрыемстваў і падрыхтоўкі плану іх прыватызацыі, стаць надзейным дарадцам і пасярэднікам паміж дзяржавай ды інвестарам, а не заставацца фармальнасцю крэдытнага пагаднення.

    Не да канца зразумелым застаецца тое, на якой падставе ўлады Беларусі прымаюць альбо адхіляюць прапановы Нацыянальнага агенцтва і Дзяржкаммаёмасці.

    Адсутнічае афіцыйныя інфармацыя адносна таго, чаму канкрэтныя інвестары атрымліваюць негатыўны адказ ад кіраўніцтва дзяржавы, альбо не пагаджаюцца на далейшае супрацоўніцтва самі. Стварэнне інфармацыйнай базы, якая б тлумачыла, чаму адзін прает быў прыняты да рэалізацыі, а іншы не, было б паспяховым крокамі да адкрытасці і прывабнасці беларускай сістэмы прыватызацыі.    

    Любая праца з вялікімі інвестыцыямі патрабуе прыцягнення належных адмыслоўцаў.

    Такія асобы павінна добра ведаць сферу фінансаў, размаўляць на замежных мовах, разбірацца ў дзяржаўных працэдурах і разумець менталітэт заходняга бізнесу. Установы, якія займаюцца прыватызацыяй у Беларусі, не маюць адпаведных сродкаў для ўтрымання такога персаналу. Дзяржава, маючы фінансавыя цяжкасці, таксама не можа ў поўнай меры вырашыць гэтай праблемы. Беларусі варта скарыстацца дапамогай МВФ і Сусветнага банка. Новы план „новай пілотнай прыватызацыі” можа быць часткай дарожнай карты.

    Найбольшай праблемай з’яўляецца тое, што ўлады глядзяць на прыватызацыю як на спосаб атрымання фінансавых сродкаў пры адначасовым спаўненні сваіх папулісцкіх абяцанняў. Працэс не разглядаецца як крок у бок змены эканамічнай мадэлі краіны.  А без гэтага сапраўдная прыватызацыя застаецца маларэальнай.

    ПаказацьСхаваць каментары