• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму Віктар Орбан насуперак усяму выйграе выбары

    Найбольш супярэчлівы прэм'ер Еўропы застаецца палітычным геніям нават будучы эканамічна слабым.

    6 красавіка партыя Віктара Орбана атрымала другую буйную перамогу запар. Папярэднія вынікі паказваюць, што правацэнтрысцкі Фідэш можа захаваць дзве траціны месцаў у венгерскім парламенце і далей будзе мець магчымасць самастойна змяняць канстытуцыю. Дакладныя вынікі будуць вядомыя бліжэй да вечару панядзелку.

    Некаторыя называюць Віктара Орбана другой найбольш уплывовай асобай пасля Ангелы Мэркель, іншыя ж параўноўваюць яго да Лукашэнкі і Пуціна. Орбан не мае вялікіх эканамічных поспехаў, фінансавыя рынкі яго ненавідзяць, ён сварыцца з заходнімі лідэрамі, а ягоныя спробы наладжваць стасункі з Кітаем ці Расіяй пакуль не прынеслі пажаданых вынікаў. Аднак, венгерскі прэм’ер паказвае выбарчыя вынікі неверагодныя для большасці палітыкаў, а ягоны праект дзяржаўнага будаўніцтва значна адрозніваецца ад таго, да чаго прызвычаілася Еўропа. У чым жа ягоны сакрэт?

    Працацэнтрысцкі Фідэш за сваю перамогу мусіць быць удзячны левым і лібералам Венгрыі. За часы свайго кіравання ў 2002-2010 гг. левацэнтрысцкая кааліцыя нанесла значны ўрон сістэме публічных фінансаў і ўвагнала краіну ў рэцэсію з вынікам у 6,8 % за 2009 год. Орбан жа пасля перамогі ў 2010 годзе здолеў палепшыць бюджэтную дысцыпліну і зменшыць публічную запазычанасць краіны.

    Дзякуючы таму, што Фідэш атрымаў канстытуцыйную большасць у парламенце, Орбан ледзь не цалкам перафарматаваў краіну. Першае, што ён зрабіў – гэта ўвёў магчымасць хутчэйшага атрымання венгерскага грамадзянства для венграў суседніх краінаў. Магчымасцю ўжо скарысталася больш за паўмільёны венграў замежжа.

    Фідэш арганізаваў кадравую чыстку чыноўнікаў і перабудаваў сістэму дзяржаўных органаў. Зараз у Венгрыі ўсяго 8 міністэрстваў (у Беларусі – 24). Орбан кансалідаваў энергетычны сектар у руках дзяржавы і плануе ўзмацніць нацыянальны банкаўскі сектар, бо пакуль 90 % банкаў належыць замежным інвестарам.

    Другая прычына ўпэўненай перамогі Фідэшу ў тым, што ягоная палітыка не нанесла шкоду інтарэсам ніводнай часткі грамадства. Пакуль Орбан накладваў дадатковыя падаткі на замежныя карпарацыі і выганяў МВФ з Венгрыі, ён абніжаў падаткі для малога і сярэдняга бізнэсу, падымаў мінімальны заробак і пенсіі. У 2013 годзе Фідэш вымусіў энергетычныя канцэрны знізіць цэны на газ, электрычнасць і цэнтральнае ацяпленне на 20 %. Прынятая Фідэшам канстытуцыя хоць і кажа аб абароне сям’і, як саюзу мужчыны і жанчыны, але дазваляе аднаполыя партнёрскія саюзы. Ён увёў фіксаваны курс абмену фарынту, венгерскай валюты, на швейцарскія франкі, за што быў часта крытыкаваны фінансавым сектарам. Многія венгры, якія раней узялі крэдыты ў швейцарскіх франках і еўра, пасля аслаблення фарынта мелі праблемы з выплатай крэдытаў. Орбан умее рабіць рэчы, якія ад яго хочуць венгры.

    Адначасова ён не забывае разбудоўваць свой лагер. Ён удала кантралюе СМІ, падкармлівае блізкіх да сябе бізнэсоўцаў (ягоны сусед па студэнцкіх часах толькі за 2013 год выйграў публічных тэндераў на $ 2 млрд.) і прызначае дзяржаўныя грошы для агітацыі ўласнай партыі.

    Замежная палітыка ніколі не з’яўляецца важнай тэмай для выбарцаў, таму пагаршэнне іміджу Венгрыі на міжнароднай арэне наўрад ці паўплывала на вынік галасавання. Тым болей, што Фідэш не быў настолькі варожым у стасунках з Захадам, як пра гэта прынята казаць. Хоць фінансавыя рынкі, Берлін ды Брусэль часта крытыкавалі Орбана, ён не забываўся падтрымліваць паглыбленне еўраінтэграцыі і злагоджваць некаторыя свае не зусім дэмакратычныя рашэнні пад ціскам Еўрапейскай камісіі.

    Орбан наладзіў супрацоўніцтва з Усходам, у прыватнасці Расія атрымала кантракт на мадэрнізацыю ядзернай станцыі ў Венгрыі. Пры тым, што раней венгерскі прэм’ер ніколі не хаваў, што лічыць Расію агрэсіўнай дзяржавай і дамагаўся вываду савецкіх войскаў з Венгрыі яшчэ ў 1989 годзе. Краіна Орбана доўгі час лічылася лідэрам Усходняй Еўропы ў стасунках з Кітаем, хоць яна ўжо пэўна спазнала тую ж бяду, што і Беларусь. Кітай застаецца неахвотным інвеставаць грошы ў сумнеўныя праекты.

    Яшчэ адна з прычынаў поспеху Орбана гэта адсутнасць канкурэнцыі ўнутры партыі і па-за ёй. Левыя і ліберальныя партыі доўгі час былі падзеленыя. Унутры ж Фідэшу ніхто не хоча кідаць выклік прэм’еру. Пры тым, што Орбан збудаваў сваё атачэнне будуе на трыццаці і саракагадовых людзях, якія пакуль не спяшаюцца займаць галоўны пост у краіне.

    Апошняе, але не менш важнае, Орбан выдатна адчувае палітыку. Ён адчувае людзей і іх інтарэсы, таму і ўмее выйграваць выбары без вялікіх эканамічных поспехаў.

    ПаказацьСхаваць каментары