• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Новая “Ідэя”. Наш сайт абнаўляе канцэпцыю і асвяжае дызайн

    Чаму і як мы змяняемся.


    Ужо амаль тры гады, як “Ідэя” імкнецца паляпшаць беларускае медыя-асяроддзе. Мы бадай што адзіныя, хто так шмат піша пра свет навокал – як ён змяняецца, хто стварае новыя трэнды і да чаго яны вядуць. Пры гэтым, мы заўсёды думалі, як сусветныя падзеі будуць змяняць жыццё Беларусі, дзе хаваюцца новыя магчымасці для краіны. Але настаў час скарэктаваць нашую місію.

    Наш эканамічны крызіс і вайна ва Украіне ўзмацнілі патрэбу ў разумных рэформах. Але адначасова мы пабачылі, наколькі мала беларусаў маюць ясны вобраз будучыні. Таму мы змяняем прыярытэт.

    Цяпер мы будзем надзяляць болей увагі зменам, якія ўжо адбываюцца ў Беларусі, і шукаць шляхі рэфармавання краіны.

    Дзеля гэтага мы ў “Ідэі” аб’яднаем беларускую інтэлектуальную моладзь. З гэтага дня на нашых старонках усё часцей будуць з’яўляцца артыкулы запрошаных адмыслоўцаў, а не толькі сталых аўтараў сайта. Калі маеш ідэю, якой павінна быць новая Беларусь, мы гатовыя ёй падзяліцца з тысячамі нашых чытачоў.

    Пакуль змены ў фармаце будуць адбывацца пакрысе, радасці новага дызайну даступныя тут і цяпер.

    Па-першае, у нас  з’явіліся “Дасье” – гэта падборка нашых апошніх артыкулаў на пэўную тэматыку. Цяпер адны з самых дынамічных тэмаў – фундаментальныя змены рынку энерганосьбітаў, беларускі ІТ-сектар, урбанізацыя ды праеўрапейскі кірунак постсавецкіх краінаў. Гэта першы камень у падмурак, новыя дасье будуць з’яўляцца рэгулярна.

    Па-другое, мы хацелі вас пабавіць і вось як. Цяпер на галоўнай старонцы стаіць рандамайзер, які прапаноўвае выпадковыя артыкулы – як вельмі старыя, гэтак і новыя. Звычайна нашыя матэрыялы доўга не губляюць актуальнасці, таму вас могуць спаткаць нечаканыя адкрыцці з гэтай “машыны часу”.

    Яшчэ мы заўважылі, што часам нашы самыя грунтоўныя матэрыялы маюць зусім няшмат праглядаў (то назва складаная, то памеры пужаюць, то тэма спецыфічная). Нас такая сітуацыя не задавальняе, таму ў нізе кожнай старонкі, у раздзеле “Самае папулярнае”, з’явіўся адпаведны тумблер, які пераключае ўвесь блок на “Самае непапулярнае”. Гарантуем, што ён будзе не менш цікавым.

    Гэта не ўсё. Мы дадалі зручныя тэгі і пошук, абнавілі лога, шрыфты, раздзелы і процьму ўсяго. Болей за тое, мы працягваем працаваць над сайтам і будзем паляпшаць яго ў рэжыме real-time, а не ад рэдызайну да рэдызайну.

    Не пазней, чым праз месяц, мы запускаем мабільную версію сайту.

    Гэта толькі першыя крокі і нам важна атрымаць фідбэк. Уражаннямі дзяліцеся ў каментарыях, сацыяльных сетках ці пішыце на нашую электронную пошту – ideaby.org@gmail.com

    ПаказацьСхаваць каментары