• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Што такое медыяцыя і навошта яна патрэбная Беларусі

    Ужо больш за 40 гадоў у свеце існуе такая з’ява, як медыяцыя, якая разгружае суды і дазваляе мірна і без суда вырашыць каля 80 % справаў, у тым ліку і крымінальных. У Беларусі яна з’явілася ў 2013-ым годзе.

    Разам з Кацярынай Гамзуновай — адвакатам, які ажыццяўляе індывідуальную адвакацкую дзейнасць і з’яўляецца медыятарам, “Ідэя” падрыхтавала карткі, якія ў некалькіх пунктах тлумачаць медыяцыю ў Беларусі.

    Што такое “медыяцыя”?

    Медыяцыя (ад лац. medius — сярэдзіна) — гэта канфідэнцыйныя перамовы паміж бакамі, якія знаходзяцца ў канфлікце, пры ўдзеле нейтральнай асобы — медыятара. Медыятар спрыяе наладжванню дыялогу паміж бакамі і пошуку ўзаемавыгаднага варыянта вырашэння канфлікту.

    Медыяцыя — добры сродак альтэрнатыўнага вырашэння спрэчак, скіраваны на дасудовае ўрэгуляванне канфліктаў. У цяперашні час медыяцыя — самы запатрабаваны альтэрнатыўны спосаб замірэння ў свеце.

    Бакі, якія звяртаюцца да медыяцыі,  у 80% выпадках  вырашаюць свае канфлікты без звароту ў суд.

    І што, у Беларусі ёсць медыяцыя і ёй нават карыстаюцца?

    На сённяшні дзень беларуская медыяцыя — гэта цэлая сістэма, якая складаецца з 225 падрыхтаваных медыятараў (на люты 2016 года), трох арганізацыяў, якія маюць права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць у гэтай сферы і трох арганізацыяў, якія забяспечваюць правядзенне медыяцыі.

    На сёння праведзена больш за 350 медыяцыяў. Так, і ёсць чым ганарыцца: добраахвотнае выкананне дамоўленасцяў складае 72 %. Вельмі шмат пра медыяцыю можна прачытаць тут.

    А ў якіх выпадках можна звяртацца да медыяцыі?

    Пакуль гэта працоўныя, гаспадарчыя і эканамічныя спрэчкі, сямейныя, карпаратыўныя і грамадзянскія канфлікты. У сусветнай практыцы пры дапамозе медыяцыі вырашаюць і крымінальныя справы.

    А якая ад яе карысць?

    Колькасць спрэчак, якія маглі б вырашацца з дапамогай медыятараў, у нас складае значную долю ад усіх працэсаў. Сёння суды перагружаныя, бюракратызаваныя, і звычайным грамадзянам, вядома, нашмат прасцей, хутчэй і танней вырашыць пытанні з дапамогай аднаго пасярэдніка, чым праходзіць усе судовыя працэдуры. І самім судам гэта таксама вялікая дапамога: праз пару гадоў, калі медыяцыя стане папулярнай з’явай, нагрузка на суды можа знізіцца на 20 %, а то і на 30 %.

    Разгрузіць суды — гэта велізарны аб’ём працы, але гэта не асноўная мэта медыяцыі. Галоўны яе плюс у тым, што вы законным шляхам вырашаеце канфлікты практычна ў любой сферы і пры гэтым застаяцеся ў добрых адносінах з іншым бокам канфлікту. Медыяцыя здымае псіхалагічную і эмацыйную нагрузку, дазваляе захаваць чалавечыя і дзелавыя адносіны.  

    Як праходзіць медыяцыя?

    Калі вы вырашылі ўрэгуляваць канфлікт без звароту ў суд, Цэнтр медыяцыі і перамоваў дапаможа вам арганізаваць працэдуру медыяцыі. Яна складаецца з сямі этапаў.

    1. Заяўка на правядзенне медыяцыі.

    2. Кансультацыі, дакументы, выбар медыятара. Бакам спрэчкі дапамагаюць з дакументамі, выбарам медыятара і нават памяшканнем.

    3. Падпісанне пагаднення і пачатак медыяцыі. На гэтым этапе агаворваецца кошт працэдуры. Узгадняецца месца і час.

    4. Перамовы. Калі разумнымі словамі — медыятыўныя сесіі. Усю адказнасць за арганізацыю працэсу перамоваў нясе медыятар. Працягласць адной медыяцыі — у сярэднім 2,5-3 гадзіны. Колькасць сесіяў залежыць ад складанасці канфлікту. Звычайна агульная працягласць перамоваў не перавышае 6 месяцаў.

    5. Выпрацоўка ўзаемапрымальнага варыянта вырашэння канфлікту.

    6. Падпісанне медыятыўнага пагаднення.

    7. Выкананне пунктаў паразумення.base_f6d148ca88 (1)

    Хто можа быць медыятарам?

    Медыятарам можа стаць любы ахвотны пры ўмове, што ён не мае судзімасці і атрымаў вышэйшую адукацыю, можна нават не юрыдычную. Галоўнае — прайсці курсы медыятара, зарэгістравацца ў адпаведным парадку і можна пачынаць працу.

    Медыятар — перадусім псіхолаг, які кіруе працэсам абмеркавання спрэчкі і канфлікту, арыентуецца ў заканадаўстве ды імкнецца, каб бакі захавалі свае нервы.

    Медыятары —  гэта прадпрымальнікі?

    Не, медыятары ажыццяўляюць дзейнасць самастойна на падставе выдадзенага Міністэрствам юстыцыі пасведчання медыятара. Яны маюць дакументы падобныя да пасведчанняў натарыуса.

    Ці ёсць статыстыка эфектыўнасці ўжывання медыяцыі?

    Па выніках 2015 года сярэдні паказнік паспяховасці медыяцыі — дасягненне дамоўленасцяў — у судзе склаў 72 %. Гэта значыць, што суд пачаў рэкамендаваць бакам сысці ў медыяцыю (з позвай у суд бакам накіроўвалі паперку ​​з інфармацыяй аб магчымасці ўрэгуляваць спрэчку самастойна — у медыяцыі). Паколькі медыяцыя ў судзе магчымая толькі ў рамках прымірэнчай працэдуры, то канчатковы вынік — медыятыўнае пагадненне — мусіць быць зацверджана судом.

    У 2015 годзе медыятары Цэнтра медыяцыі і перамоваў правялі каля 80 медыяцыяў — 60 % з іх склалі судовыя медыяцыі, у астатніх выпадках бакі самі звярталіся да медыятара.

    У Канадзе дзейнічае абавязковая медыяцыя для разбору грамадзянскіх справаў, а як у Беларусі?

    Сапраўды, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі ды іншых краінах суды маюць права накіроўваць бакі ў медыяцыю дзеля вырашэння спрэчак. Статыстычныя дадзеныя пацвярджаюць гэтую эфектыўнасць. У гэтых краінах ад 70 да 90 % грамадзянскіх спрэчак вырашаюцца праз медыяцыю.

    Нягледзячы на ​​тое, што адным з прынцыпаў медыяцыі з’яўляецца добраахвотнасць, медыяцыя пачынае працаваць тады, калі да яе звяртаюцца і пад прымусам. Напрыклад, у ЗША існуе абавязковая дасудовая медыяцыя па некаторых катэгорыях спрэчак, але пры жаданні людзі маюць права яе спыніць.

    У цяперашні час у Беларусі суды не маюць права абавязаць бакі праходзіць медыяцыю, аднак на практыцы ад суддзяў паступаюць настойлівыя рэкамендацыі і бакі часам нават прыслухоўваюцца.

    На сённяшні дзень актыўна разглядаецца пытанне пра тое, каб надзяліць суды правам накіроўваць справы медыятару з уласнай ініцыятывы.

    Якія існуюць асноўныя праблемы, якія перашкаджаюць распаўсюду медыяцыі?

    У цяперашні час агульны ўзровень прававых ведаў і аб’ектыўнага стаўлення нашых грамадзянаў да новых тэндэнцыяў заканадаўства мае патрэбу ва ўдасканаленні. У медыяцыю людзі не вераць, не ведаюць, ды і само слова “медыяцыя” з’яўляецца вельмі незразумелым.

    Якія перспектывы далейшага развіцця медыяцыі ў Беларусі?

    Медыяцыя даказала сваю эфектыўнасць у шмат якіх развітых краінах.

    Прыняцце ў Беларусі ў 2013-ым годзе (уступленне ў сілу — 2014-ы год) закона “Аб медыяцыі” стала важным крокам да развіцця. Аднак ужыванне медыяцыі на практыцы паказала наяўнасць шэрагу пытанняў, якія маюць патрэбу ў прававым рэгуляванні.

    У Беларусі была сфармаваная ініцыятыўная працоўная група для распрацоўкі прапаноў па ўдасканаленні дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб медыяцыі. Па выніках працы быў падрыхтаваны праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», які быў адпраўлены ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.

    Напрыклад, у ім ёсць прапанова ўніфікаваць правілы ўжывання працэдуры медыяцыі ў грамадзянскім і гаспадарчым працэсах; надзяліць медыятыўнае пагадненне самастойнай юрыдычнай сілай; усталяваць пералік спраў, па якіх медыяцыя будзе абавязковай дасудовай формай урэгулявання спрэчкі, і надзяліць суд правам з уласнай ініцыятывы накіроўваць справы да медыятара.

    ПаказацьСхаваць каментары