• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Беларуская кіраўнічая культура як пракляцце для рэформ

    Вызначаем неабходныя культурныя складнікі неабходныя для нашай рэфарматарскай success story.

    Беларусь – краіна міні-лукашэнак, шматлікіх кіраўнікоў, якія ў паводзінах са сваймі падначаленымі капіруюць стыль кіравання Лукашэнкі. Напрыклад, кіраўнік Брэсцкай вобласці, які раскрытыкаваў дырэктара дома-музея Міцкевіча за тое, што ў яго згарэў будынак і ўсё травой зарасло. Іронія ў тым, што ніякі будынак не згарэў і травой нічога не зарасло.

    За падобным стылем кіравання хаваюцца непрыкметныя для вока наступствы, якія непасрэдна ўплываюць на развіццё краіны. Савецкі, аўтарытарны і проста бескультурны стыль кіравання вядзе да непазбежных крыўдаў, непаразуменняў, адсутнасці дыялогу, страху. Болей за тое, ён аддаляе краіну ад поспеху.

    Каб лягчэй зразумець праблему, можна параўнаць Беларусь з вялікім прадпрыемствам, на якім Лукашэнка з’яўляецца дырэктарам, а міністры – начальнікамі цэхаў (аддзелаў).

    Уявім, што дырэктар трымае ўсіх у страху, што абмяжоўвае ініцыятыву персаналу. А іншыя начальнікі паўтараюць гэтую мадэль са сваімі падначаленымі. Дыялог на прадпрыемстве паміж рознымі звёнамі практычна адсутнічае.

    І самае галоўнае, дырэктар усімі сіламі трымаецца за сваё крэсла, не грэбуючы ніякімі сродкамі. Зразумела, гэта не толькі згубна ўплывае на маральную атмасферу на прадпрыемстве, але і разбурае матывацыю працаўнікоў. Зусім ужо сумная карціна паўстае ў сітуацыі, калі дырэктар прытрымліваецца састарэлых прынцыпаў кіравання і не разумее правілаў функцыянавання сучаснага рынку для рэалізацыі часта ўжо састарэлай прадукцыі.

    Наўрад ці такое прадпрыемства будзе паспяховым і канкурэнтаздольным.

    Нават калі б усе яго работнікі валодалі прафесійнымі навыкамі і ведамі.

    У сферы палітыкі Беларусь з’яўляецца як раз такім прадпрыемствам. Культура кіраўніцтва акурат з’яўляецца ключавым тормазам развіцця краіны.

    Пяць складнікаў палітычнай культуры

    • Давер.

    Амерыканскі палітолаг і філосаф Фрэнсіс Фукуяма ў сваёй кнізе “Давер: сацыяльныя цноты і шлях да росквіту” звязвае культурныя фактары з фінансавым дабрабытам грамадства і росквітам краіны. Давер і маральнасць з’яўляюцца найбольш важнымі фактарамі паспяховасці дзяржаў. Адсутнасць даверу негатыўна адбіваецца на функцыянаванні дзяржавы, а таксама можа прывесці да больш радыкальных наступстваў, як рэвалюцыі ці войны.

    Згодна з Фукуямам узаемны давер і ўспрыманне апанента як партнёра, а не як ворага, вядзе да спрыяльнай атмасферы як унутры краіны, так і ў любой арганізацыі. Яскравым прыкладам для яго з’яўляюцца нямецкія і японскія прадпрыемствы, якія падчас крызісаў выжывалі толькі дзякуючы ўзаемнаму даверу паміж працаўнікамі, менеджментам, а таксама банкамі.

    • Маральнасць.

    Фукуяма сцвярджае, што ўзровень карупцыі з’яўляецца адным з паказнікаў маральнасці палітычнай сістэмы і грамадства. Маральнасць жа, у прыватнасці, азначае сумленнае і кампетэнтнае чынавенства.

    Тая ж Японія, паводле палітолага, з’яўляецца добрым прыкладам. І сапраўды, у рэйтынгу Transparency International гэтая краіна знаходзіцца на досыць высокім 20-ым месцы. Беларусі жа займае 79-ае месца з 176.

    • Права на памылку.

    Адказнасць за здзяйсненне сур’ёзных парушэнняў, безумоўна, мусіць быць. Аднак людзі (не толькі чыноўнікі), якія шчыра робяць сваю справу і трымаюцца правілаў і законаў павінны быць упэўненыя, што ў іх ёсць права на памылку. Урэшце сістэму вызначае не памылка, а рэакцыя на яе.

    • Дыялог.

    Як унутры самой улады, так і з грамадзянамі краіны павінен быць наладжаны дыялог. Натуральна, не паказушны, як гэта рэгулярна бывае (успомнім нядаўні педсавет), а рэальны, дзе бакі будуць слухаць і чуць адно аднаго.

    А для гэтага неабходна перастаць успрымаць адно аднаго ў чорна-белым вымярэнні.

    Добрымі прыкладамі тут могуць быць краіны Заходняй Еўропы, у якіх працуе не толькі прынцып раўнавагі ўлады, але і добра наладжаныя каналы камунікацыі паміж дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскасцю.

    • Проста больш свабоды.

    Экс-дырэктарка Нацыянальнага агенцтва інвестыцыяў  і прыватызацыі (НАІП) Наталля Нікандрава адзначае, што людзям у дзяржструктурах неабходна даваць больш свабоды дзеянняў і ствараць магчымасці для асабістай і прафесійнай самарэалізацыі.

    Тады чалавек будзе імкнуцца максімальна выкладвацца на працы, якая будзе выконвацца на найвышэйшым узроўні. І гэта сапраўды так. Бо калі змясціць чалавека ў пэўныя жорсткія рамкі, па яго крэатыўнасці і творчым патэнцыяле наносіцца знішчальны ўдар.

    Таму міні-лукашэнкам у Беларусі трэба мяняцца. Альбо іх трэба мяняць.

    ПаказацьСхаваць каментары