• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Кветкі пасярод асфальту: як каток рэпрэсій паўплываў на спажыванне інфармацыі ў рэгіёнах

    Цэнтр новых ідэй паразмаўляў з прадстаўнікамі беларускай медыясупольнасці і рэгіянальнымі СМІ ды разабраўся ў галоўных трэндах, якія нават у такой цяжкай сітуацыі могуць дадаць надзеі.

    Нягледзячы на надзвычайны ўзровень рэпрэсій, з якім сутыкнуліся незалежныя СМІ ў Беларусі, яны працягваюць сваю няпростую працу. Яшчэ цяжэй гэта даецца выданням з рэгіёнаў. Прызвычаеныя да існавання ў няпростых умовах, яны разам са сваёй аўдыторыяй змяняюцца, каб палепшыць распаўсюд і атрыманне звестак аб рэальным стане спраў у родным краі.

    Няма росту ўплыву прарасійскіх выданняў. Нягледзячы на прагнозы некаторых экспертаў на аслабленым рынку рэгіянальных выданняў не з’явілася новых гульцоў.

    Не вырасла спажыванне інфармацыі і з боку расійскіх выданняў. У беларускай версіі расійскага медыявыдання «‎Спутнік‎» колькасць наведванняў пасля «‎зачысткі» інфармацыйнага поля ад канкурэнтаў нават знізілася.

    Дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму плятуцца ў хвасце. Ва ўмовах блакіровак і пераследу шматлікіх незалежных выданняў дзяржСМІ ў рэгіёнах не сталі першай крыніцай атрымання інфармацыі і па-ранейшаму застаюцца выданнямі «‎другога эшэлону», не здольным навязваць уласнай павесткі.

    Іх трафік, як і раней, з большага фармуецца за кошт абвестак пра рамонт мясцовых дарог, правядзенні прамых тэлефонных ліній з кіраўніцтвам. Дапаўняюць гэта прагнозы надвор’я ды артыкулы з сумніўным зместам. Апошнія даюць неабходную статыстыку, якой можна потым хваліцца ў мясцовых аддзелах ідэалогіі. Надзьмуванне мыльнай бурбалкі ды гульня ў лічбы для кіраўніцтва прыводзяць да таго, што ў выніку сайты некаторых дзяржаўных выданняў выглядаюць як дзіўная сумесь усяго на свеце, дзе словы старшыні райвыканкама з нейкай нагоды будуць суседнічаць з графікам пасадкі агуркоў, астралагічнымі прагнозамі ды навінамі з асабістага жыцця Газманава ці Кіркорава.

    Размеркаваная рэдакцыя становіцца трэндам. Пандэмія каронавіруса, а пазней і грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне вывелі на новы ўзровень эфектыўнасць узаемадзеяння рэдакцый СМІ ў рэгіёнах. Фізічная прысутнасць у офісе ці нават адным горадзе перасталі быць абавязковай умовай для паспяховай дзейнасці. Дзякуючы сучасным тэхналогіям журналісты нават па-за межамі краіны здольныя запісваць актуальныя інтэрв’ю з жыхарамі родных мясцінаў, а рэдактарам не даводзіцца пераймацца за шматлікія лагістычныя пытанні. Некаторыя выданні адзначаюць, што эфектыўнасць працы ў калектыве пры такім падыходзе нават узрасла.

    Чытачы і выданні навучыліся абыходзіць блакіроўкі. У сітуацыі, калі адзіныя крыніцы незалежнай інфармацыі становяцца недасяжнымі, узрастае і абазнанасць аўдыторыі ў шляхах пераадолення перашкод. У выніку карыстальнікі з рэгіёнаў актыўна карыстаюцца VPN, анлайн-ананімайзэрамі, а рэдакцыі засвоілі новыя вэб-сэрвісы дастаўкі кантэнта пры блакіроўцы іх сайтаў, кшталту CloudFront ад Amazon ці Azure ад Microsoft.

    У замежжы ўзнікаюць новыя рэгіянальныя выданні. Гомельскі інфармацыйны рэсурс «‎Флагшток» паўстаў у 2020 годзе за мяжою краіны. Неабмежаванае цэнзураю і пагрозамі для сваіх журналістаў выданне цяпер «‎без купюр» асвятляе разнастайныя праблемы абласнога цэнтра. У выніку кожны крок чыноўнікаў, сумніўныя тэндэры ды горадабудаўнічыя праекты а таксама шмат цікавостак з жыцця Гомеля не застаюцца без увагі. Публікацыі «‎Флагштока» карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод гараджан: мясцовыя дзяржаўныя СМІ ды сайты выканкамаў рэгулярна вымушаны хоцькі-няхоцькі рэагаваць на апублікаваную на незалежным рэсурсе інфармацыю.

    Па інфармацыі медыяэкспертаў у бліжэйшы час могуць быць запушчаны і яшчэ некалькі незалежных рэсурсаў, што будуць асвятляць жыццё у рэгіёнах з-за мяжы.

    Жыхары рэгіёнаў актыўна інфармуюць СМІ пра свае праблемы і здарэнні. Падвышэнне палітызацыі грамадства прывяло да росту інфармавання незалежных выданняў пра актуальныя падзеі па-за сталіцай. Аварыі на дзяржаўных заводах, ДТЗ з удзелам прадстаўнікоў улады, карупцыйныя схемы ды шмат іншых фактаў, якія гадамі заставаліся па-за ўвагаю СМІ ўмомант разносяцца па незалежных выданнях і пабліках у сацсетках. Зручныя чат-боты дазваляюць застацца ананімным і аператыўна паведаміць пра што заўгодна, суправадзіўшы гэта фота- і відэаматэрыяламі. Рост падобных публікацый часам нагадвае апакаліпсіс, калі ні дня не праходзіць без пажару або чарговых забітых нядбайнымі гаспадарамі калгасных кароваў. Магчыма колькасць падобных здарэнняў была такой высокай і раней, але цяпер пра кожны выпадак відавочцы дакладна імкнуцца часцей інфармаваць СМІ. Праз гэта павялічваецца ўцягванне аўдыторыі ў мясцовую павестку, калі здарэнні на айчынных заводах хвалююць людзей больш, чым праблемы жыхароў нейкага дома ў расійскім Уладзівастоку.

    Фота: Радыё Свабода

    ПаказацьСхаваць каментары